19800 1

Валдзіс Фугаш

Гутарым з заснавальнікам ініцыятывы «Праўныя дарэктары» і кінаклубу «Цымус» Валдзісам Фугашам з Магілёва пра тое, чаму смяротнае пакаранне – гэта мінулае стагоддзе, навошта неабходна ведаць свае правы, праблемы ў сучаснай сістэме адукацыі ды спосабы барацьбы з апошнімі.

 

Чым займаюцца: правядзенне бясплатных адукацыйных імпрэзаў у галіне правоў чалавека.

Дата заснавання: 2013 год.

Структура: 2 асобы
.

Факты: у мерапрыемствах ініцыятывы ўзялі ўдзел каля 200 чалавек.

Кантакты:

FB   |   Twitter

З кім гутарым: Валдзіс Фугаш, 25 гадоў, грамадскі актывіст, займаецца асветаю ў галіне правоў чалавека і гуманізму, антымілітарызму, антытаталітарызму, антырасізму. Стваральнік адукацыйна-аветніцкай ініцыятывы «Праўныя дарэктары» і кінаклубу «Цымус».

 


Гісторыя Валдзіса

– Я нарадзіўся ў Екацярынбургу. У Беларусі мы з бацькамі аселі, калі мне было 11 гадоў. У мяне было звычайнае дзяцінства, і я не вельмі адрозніваўся ад сяброў са двара. Любіў паганяць у футбол і не разумеў, навошта ў школе прымушаюць вывучаць не зразумелую мне беларускую мову ды літаратуру. Здаецца, мой першы крок да сталення адбыўся ў падлеткавым узросце, калі я, пасля вывучэння гісторыі Беларусі, зразумеў, што на тэрыторыі гэтай краіны адбылося шмат неверагодных несправядлівасцяў.

Надышла пара паступлення ва ўніверсітэт, на той момант у мяне ўжо досыць выразна сфармавалася перакананне, што ў грамадстве і дагэтуль дастаткова рознага роду несправядлівасці ды трэба штосьці з гэтым рабіць.

Я накіраваўся ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова на правазнаўчы факультэт. У групе знайшоў некалькі аднадумцаў, з якімі рады быў пагрузіцца ў навуку, дыскутаваць, развівацца і прафесійна расці. Але хутка мне стала бракаваць крытычнага погляду на юрыспрудэнцыю і дадатковай адукацыі ў галіне права, з’явіліся думкі пра заняпад у беларускіх навучальных установах.

«На момант паступлення ва ўнівер у мяне досыць выразна сфармавалася перакананне, што ў грамадстве і дагэтуль дастаткова рознага роду несправядлівасці ды трэба штосьці з гэтым рабіць»

Я вырашыў, што ўсё ж варта шукаць іншыя крыніцы развіцця, апроч «роднага» факультэту. Першым месцам, дзе я мог пагутарыць і падыскутаваць на розныя набалелыя тэмы, стаў «Дэбат-клуб» у гарадскім грамадскім цэнтры «Кола». Там я навучыўся слухаць людзей з рознымі думкамі, годна апеляваць і размаўляць з імі. Другім важным крокам стала стажыроўка ў Беларускай летняй праваабарончай школе ў 2009 годзе, дзе я даведаўся пра другі бок права (не толькі ў значэнні «law», але і «right») і канцэпцыю правоў чалавека, якая вельмі адпавядала маім каштоўнасным поглядам і ўяўленням пра механізмы пераменаў у грамадстве. З новымі ведамі я бачыў усё больш і больш праблемаў у грамадстве, якія трэба вырашаць. Бачыў, што пры цяперашнім палітычным стане ў краіне вельмі складана змяняць законы. Прыкладна ў гэты ж час зразумеў, што трэба змяняць культуру, а не толькі нормы, усталяваныя дзяржавай. І, сярод іншага, прававую культуру: менавіта яе нізкі ўзровень, няведанне людзьмі сваіх правоў у тых ці іншых сітуацыях, няўменне імі карыстацца, неразуменне каштоўнасці права як рэгулятара адносінаў – вось праблемныя зоны, дзе мы можам праз асвету спрыяць пераменам у грамадстве і асабістым жыцці людзей.

 


Першыя крокі

– Аднойчы мы з сябрамі з групы бралі ўдзел у стажыроўцы і пасля, на куражы, вырашылі падзяліцца новым, іншым поглядам на юрыспрудэнцыю з астатнімі аднагрупнікамі. З дапамогаю нашай выкладчыцы мы правялі ў alma mater свае першыя дэбаты на тэму смяротнага пакарання. Падчас іх мы пачулі шмат цікавага ад будучых (а на сёння некаторых ужо дзейных) юрыстаў, суддзяў, пракурораў. Спадзяюся, што дэбаты былі карысныя і дазволілі некаторым задумацца аб гэтай праблеме, бо ўдзел бралі не проста людзі з вуліцы, а тыя, хто нясе вялікую адказнасць за жыццё і лёсы людзей, тыя, хто павінен ставіцца да любога чалавека без неўпярэджана і разумець, што ніхто не нараджаецца злачынцам, а ім становіцца.

Мы паспрабавалі зладзіць яшчэ пару мерапрыемстваў у роднай ВНУ, але хутка зразумелі, што самой універскай аўдыторыі ды адміністрацыі пагатоў гэткія актыўнасці не надта патрэбныя.

«Я разумеў, што трэба змяняць культуру, а не толькі нормы, усталяваныя дзяржавай»

Таксама я ўжо добра разумеў, што мы выраслі і з «Дэбат-клубу» ды час ладзіць нешта сваё. Першыя сустрэчы прайшлі ў «Коле», збіралася тусоўка з «Дэбат-клубу», сябры, а таксама сябры сяброў. Нас не больш за дзесяць чалавек. Усё функцыянавала праз сарафаннае радыё. Апроч дыскусіяў, з’явілася магчымасць паказваць фільмы для тэматычных абмеркаванняў. Мы хутка пабачылі, што гэта даволі дзейна і добра дапамагае данесці нам, «выкладчыкам», свае думкі. Потым з гэтых сустрэчаў народзіцца ідэя зарганізаваць кінаклуб. З часам мы ўсё больш разумелі, што месца, дзе дапамагаюць людзям разабрацца з правамі чалавека, патрэбнае гораду. Апроч нас, аніякай альтэрнатывы на той момант не было.

 

 

Стварэнне «Праўных дарэктараў»

– «Праўныя дарэктары» з’явіліся на свет 1 верасня 2013 года. На той момант нас было чацвёра сяброў. Мы доўга думалі, якую абраць назву, і аднойчы згадалі, што калісьці ў Беларусі той, хто меў адукацыю ды распаўсюджваў веды, зваўся дарэктарам, і, раз мы вырашылі працаваць з правам, атрымалася такая назва. Дзякуючы шматлікім правазнаўчым стажыроўкам, мы ўжо мелі трошкі досведу і маглі самастойна нешта ладзіць.

«З дапамогаю нашай выкладчыцы мы правялі ў alma mater свае першыя дэбаты на тэму смяротнага пакарання»

Штомесяц мы рабілі івэнты паводле нейкай правазнаўчай тэмы, арганізоўвалі прагляд фільму. Гэтак з часам з’явіўся наш невялічкі кінаклуб «Цымус», куды можна прыйсці, паглядзець цікавыя дакументальныя ці мастацкія стужкі, а потым іх абмеркаваць. Вядома, паглядзець фільмы ды пагутарыць прыходзяць больш людзей, чымся на правазнаўчыя семінары. Аднойчы на «Дарэктараў» прыйшлі толькі тры чалавекі, але мы не згубіліся і змаглі добра разабраць тэму, папрацаваць з асабістымі пытаннямі ды праблемамі кожнага ўдзельніка.

 

 

«Праўныя дарэктары» 2.0

– Сёння «Праўныя дарэктары» – гэта асветніцкая ініцыятыва з двума актыўнымі ўдзельнікамі: мною і маёй паплечніцай Валерыяй. Мы праводзім у Магілёве імпрэзы, якія факусуюцца на пытаннях правоў чалавека, гуманізму, антымілітарызму, антытаталітарызму, антырасізму, грамадскіх дзеянняў і адказнага экалагічнага жыцця. Таксама бярэм беспасярэдні ўдзел у Тыднях асветніцкіх дзеянняў супраць расізму, фашызму і антысемітызму па ўсёй Беларусі. Ладзім тэматычныя імпрэзы для нашых калег, напрыклад, для праваабарончай ініцыятывы «Цукар», з якой мы вельмі сябруем і імкнемся дапамагаць адзін аднаму. Праца ў галіне правоў чалавека − амаль бясконцая, бо яны будуць парушацца ўсюды і заўсёды, дзе існуе дзяржава і яе прадстаўнікі. Мы хочам данесці да людзей іншы погляд на штодзённасць, мінулае і магчымую будучыню, звярнуць увагу на ўлучанасць Беларусі ў міжнародныя працэсы. Спрабуем рабіць усё магчымае, каб людзі ведалі свае правы, былі здольныя імі карыстацца, паважалі і абаранялі правы іншых, асэнсоўвалі такія каштоўнасці, як роўнасць, свабоду індывіда ад групы, адсутнасць гвалту.

Нашыя мерапрыемствы разлічаныя на моладзь, але падкрэслю важны момант: для нас маладосць − гэта не пра ўзрост, а пра здольнасць і жаданне вучыцца, марыць і любіць. Радасна, што адбываецца акумуляцыя вакол нас – ініцыятыўных, дзейных людзей, адкрытых да ўсяго новага.

«Нашыя мерапрыемствы разлічаныя на моладзь, але падкрэслю важны момант: для нас маладосць − гэта не пра ўзрост, а пра здольнасць і жаданне вучыцца, марыць і любіць»

Я лічу сябе чалавекам свету ды імкнуся дапамагаць усюды, дзе гэта магчыма, але адчуваю асобную адказнасць за Магілёў. Мяркую, што гэткая дзейнасць патрэбная тут, і спрабую паўсюдна «ўключаць магілёўскае лакальнае ў глабальнае», дзяліцца нашым рэгіянальным досведам, пераймаць і пераносіць досвед іншых у наш горад.

У нас ужо ёсць пэўныя дасягненні, але наперадзе яшчэ шмат працы. У перспектыве нам хацелася б стаць моцным гульцом у полі прававой культуры хоць бы ў Магілёўскім рэгіёне.

 


Тэкст і фота by Маша Васількова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Виталик Карабань 22-04-2016, 09:33

а дзе апошні здымак зроблены?

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.