Вакол Беларусі на роварах з маторамі. Эпізод 1.
Два сябры, два ровары, 47 дзён, 45 паломак і адна дарога. Сёння ў «Правінцыі» – прэм’ера першай серыі дакументальнага роўдмуві, знятага мінулым летам журналістамі і вандроўнікамі Барысам Нікалайчыкам і Ромам Свечнікавым.
Рома і Барыс пасябравалі падчас стварэння гісторыі кругасветнага падарожжа «Рома едзе». Рома тады ехаў і ствараў гісторыю, Барыс – яе рэдагаваў. Але ж пыл дарог, вольнае паветра і казытанне невядомасці назаўсёды змяняюць людзей. Таму спакойнага жыцця па вяртанні ў Беларусь не атрымалася ні ў Ромы, ні ў Барыса. «Пасля заканчэння “Рома едзе” нам захацелася зразумець, дзе мы нарадзіліся і з якімі людзьмі жывем побач усё жыццё. Беларусь для нас – terra incognita. Нам здаецца, што наша радзіма ў апошнія 20 гадоў нібы замерла на парозе гісторыі, але неўзабаве час тут пацячэ так хутка, што за ім ужо будзе не ўсачыць», – кажуць аўтары.
Таму мінулым летам Рома і Барыс купілі два айчынныя ровары «Аист», паставілі на іх кітайскія бензінавыя роварныя маторы і на гэтым харызматычным, але вельмі ненадзейным транспарце праехалі 3000 км вакол Беларусі. Сваю каманду яны назвалі Risky guys і падчас усяго падарожжа вялі Instagram-блог, дзе занатоўвалі свае прыгоды ў рэжыме рэальнага часу.
Рома і Барыс ехалі, ламаліся, чыніліся, сустракалі на шляху простых землякоў, гутарылі з імі за жыццё, радаваліся, гаравалі ды выпівалі. Начавалі ў закінутых цэрквах, праязджалі зону адчужэння, фарсіравалі рэкі, атрымлівалі асалоду ад жыцця і свабоды. Усё, што з імі адбывалася, яны здымалі на камеру. З паездкі хлопцы прывезлі 120 гадзінаў відэаматэрыялаў, якія з часам канвертаваліся ў дакументальны фільм, што цягам месяца будзе серыямі прэзентаваны ў «Правінцыі» і ў сацыяльных сетках Risky guys.
У першай серыі – знаёмства з героямі, тэхнічная падрыхтоўка жалезных коней ў гаражах на ўскраіне Менска і тое прадчування вялікай авантуры, якое з пачатку часоў выкідала двуногіх на дарогу. Паехалі!

Увага! Пабачыць першую частку фільму раней за іншых змогуць наведнікі імпрэзаў у Віцебску, Магілёве і Гомелі, якія адбудуцца 28, 29 і 30 чэрвеня адпаведна. Усе падрабязнасці чытай тут і тут.
Пакуль няма ніводнага каментара