26472 1

У Хрыста за пазухаю

У мінулую пятніцу, 6 траўня, у саляной сталіцы Беларусі – Салігорску – праводзіліся спаборніцтвы па гіравых кіданнях, прымеркаваныя да Вялікадня. 34mag не змог абмінуць такой урачыстай фізкультурна-рэлігійнай падзеі ды накіраваў свайго агента ў Салігорск.

 

На падыходзе да яшчэ недабудаванага, але ўжо дзейнага сабору Нараджэння Хрыста ў цэнтры гораду мяне ўжо чакае малады дыякан Дзімітрый, арганізатар і ўдзельнік спаборніцтваў. Ён з ходу пачынае расказваць, што спаборніцтвы прымеркаваныя да самага важнага свята для праваслаўнага чалавека – Вялікадня святога ўваскрашэння, і асноўная мэта – гэта не толькі дапамагчы сваёй душы, але і целу таксама. Бо, як кажа дыякан: «Гэты спорт, ён спрадвечна наш, рускі, яго прыдумалі воіны, а, як мы ведаем, кожны мужчына мае быць воінам, ды і ўвогуле кожны хрысціянін паводле сваёй прыроды воін Хрыстоў. Я пачаў займацца гіравымі кіданнямі 2 гады таму і працягваю дагэтуль». Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі мясцовы фізкультурна-аздараўляльны комплекс «Атлант» ды парафія салігорскага кафедральнага сабору.

Гэтыя спаборніцтвы праходзяць упершыню. Праз некаторы час на тэрыторыю сабору пачынаюць падцягвацца ўдзельнікі, і, пакуль Дзімітрый упрыгожвае прастору стужкамі са сцяжкамі ды постэрамі «Быть здоровым – здорово», суддзі з «Атланту» ўзважваюць 13 мясцовых волатаў і размяркоўваюць па катэгорыях. Кожнаму ўдзельніку даецца 10 хвілінаў, за якія яму трэба як мага больш разоў штурхнуць дзве гіры па 16 кг над галавой. Калі ўсе ўдзельнікі гатовыя да старту, протаіерэй Рыгор Бяляцкі кажа ўступнае слова і бласлаўляе на добрыя спаборніцтвы.

Наступныя тры гадзіны праходзяць пад лічэнне суддзяў: «Адзін, два, тры, чатыры... сто пяць, сто шэсць, яшчэ тры хвіліны». Волаты выдаюць жудасныя гукі ад такога цяжару, але штурхаюць гіры далей. Гледачы стаяць і хварэюць за сваіх знаёмых, мінакі хрысцяцца побач з саборам або, мабыць, ад убачанага. Калі апошні асілак дабівае свае 10 хвілінаў, суддзі падлічваюць вынікі ды ўзнагароджваць пераможцаў медалямі ды іконамі.

Дыякан Дзімітрый заняў ганаровае 2-ое месца ў сваёй катэгорыі. Ён перадаў, што спадзяецца, што такія адкрытыя спаборніцтвы стануць рэгулярнаю актыўнасцю ў горадзе. А мы спадзяемся, што ў беларускай правінцыі нас чакае яшчэ шмат пастаральных дзівосаў і экзатычных падзеяў.

Амінь.

 

 

Тэкст by Palosanto

Фота by Palosanto і soligorsk-news.by


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Andrei Novikau 11-05-2016, 22:14

Салігоршчына ты мая салігоршчына...

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.