1843 0

Сяргей Бычкоў

Што будзе, калі пакінуць дзяцей на суполку маладых тат, а жонак адпусціць займацца ёгай і глядзець новую выставу, якая адкрылася ў горадзе? Гомельскі актывіст Сяргей Бычкоў распавядае пра тое, што такое «ТатаЗала», як спартыўныя заняткі могуць дапамагчы наладжванню адносін унутры сям’і і дзе мужчыну падрыхтавацца да бацькоўства.

 

Чым займаюцца: арганізуюць вольны час бацькоў і дзяцей у спартыўных залах горада.

Дата заснавання: 2016 год.

Структура: 15 чалавек.

Кантакты:

Сайт   VK  «Савет бацькаў Гомеля»

 

З кім гутарым: Сяргей Бычкоў, 39 гадоў, шматдзетны бацька, з адукацыі – настаўнік фізічнай культуры, цяпер – старшыня арганізацыі «Савет бацькаў Гомеля».

 


 

Гісторыя Сяргея

– Я шматдзетны бацька. Старэйшай дачцэ – 16 гадоў, малодшаму сыну – 3. Каля 7 гадоў таму стаў задавацца пытаннем: «Куды пайсці ў такую пару года, як цяпер?» На вуліцы дажджы, халодна, а дома надакучыла мазаікі складаць і ў машынкі гуляць. Так мы з дзецьмі прыйшлі ў спартзалу нашай школы.

«Ужо на першы занятак прыйшло 33 чалавекі!»


Пазней я падумаў, што з гульняў у спартзале можна стварыць паўнавартасны праект. Вырашылі «патэсціць» і запрасілi да нас бацькаў з дзецьмі, якім гэта таксама магло быць цікава. Ужо на першы занятак прыйшло 33 чалавекі! Потым інфармацыя пра нас распаўсюдзілася, і ўсё – у наступны раз нас было 80.

 

 

Пра развіццё дзяцей і сям’і

– Гэта не проста гульні – для дзяцей гэта стартавая пляцоўка для развіцця. Многія з іх яшчэ не ходзяць у садок, але ўжо на ўсю моц актыўнічаюць і балбочуць на нашых занятках. Дзеці развіваюцца фізічна, ім ёсць куды выплюхнуць сваю энергію, яны ўдасканальваюць свае камунікатыўныя навыкі, узаемадзейнічаючы адно з адным. Акрамя таго, дзіцё бачыць перад сабой станоўчы прыклад: у яго фармуецца нармальная мадэль мужчынскiх паводзінаў і здаровага ладу жыцця.

Заняткі праходзяць у свабодным рэжыме, і іх нельга прыраўноўваць да якіх-небудзь трэніровак. Кожны можа займацца тым, што яму падабаецца. Часам мы гуляем у «гусі-лебедзі» – дзеці пішчаць ад радасці. Ёсць іншая зала, у якой ляжаць маты, – дзеці могуць там папоўзаць, паскакаць.

Самае малодшае дзіця прынеслі на занятак у слінгу – паўгадовую Каралiнку. Абяцалі яшчэ 3-месячную прынесці, але пакуль не дайшлі да нас.

«Пакуль тата займае дзяцей і праводзіць час у мужчынскай кампаніі, жанчына можа расслабіцца, заняцца сабой або сваёй любiмай справай»


«Тата-заняткі» паляпшаюць узаемаадносіны паміж мужам і жонкай і хатнюю атмасферу. Пакуль тата займае дзяцей і праводзіць час у мужчынскай кампаніі, жанчына можа расслабіцца, заняцца сабой або сваёй любiмай справай. Неяк хлопец у першы раз да нас прыйшоў з дзіцем, пару гадзін пабыў, а яму жонка тэлефануе: «Я ўжо манікюр зрабіла, у ваннай паляжала, чаю папіла – не ведаю, што яшчэ зрабіць».

Мы прынцыпова не запрашаем мам. З бацькамі малыя становяцца зусім іншымі: таты дазваляюць ім больш у плане актыўнасці. Часам такое твораць – сам дзіву даюся. Ды і быў вопыт, калі на занятак зазірнула адна з матуль і ў дзяцей пайшла ланцуговая рэакцыя: «А дзе мая мама?», «Я таксама на ручкі хачу» – імгненнем іх як падмянілі. Потым мужчыны тэлефанавалі і казалі: «Не-не-не, больш ніякіх жанчын у спартзале».  

У нас добрая кампанія падабралася: мы ўсе вядзём здаровы лад жыцця, не п’ём і не палім. І па-за заламі праводзім час разам: выязджаем за горад, ладзім пікнікі, ходзім адзін да аднаго ў госці.

 

 

Курс наперад

– Спартзаламі ўсё не абмяжоўваецца. У скарбонцы нашых праектаў ёсць «ТатаСплаў»: у 2016-м бацькі сплаўлялася з больш дарослымі дзецьмі па рацэ Сож.

Яшчэ адзін праект – «ТатаШкола»: там мы займаемся падрыхтоўкай мужчын да з’яўлення дзіцяці ў сям’і. На занятках дзелімся практычным вопытам, які ў нас маецца. Вядучы – адзін з бацькоў, у якога ўжо ёсць пяць дачок і чакаецца шостае дзiця – сын. Я таксама вяду заняткі. Яны праходзяць цікава, таму што прыходзяць матываваныя хлопцы – ім праўда гэта важна, яны хочуць ведаць, як стаць лепей для сябе і сваёй сям’і.

«Потым мужчыны тэлефанавалі і казалі: “Не-не-не, больш ніякіх жанчын у спартзале”»


Цяпер мы развіваем новы праект – рух дваровых гульняў. Нашай камандзе цікава, каб дзеці з бацькамі адрываліся ад гаджэтаў, выходзілі з кватэр і гулялі «ўжывую» ў сваіх дварах.

Мы ўжо правялі дваровы турнір па міні-футболе: прыехалі хлопцы і з раёнаў нашага горада, і з навакольных вёсак. За паспяховую гульню ўручылі ім падарункі, узнагародзілі медалямі. Па вясне хочам зладзіць турнір па «выбівалах». Набіраем 16 каманд і будзем праводзіць у двары: збіраемся адраджаць такія гульні, як «выбівалы», «лапта», «шчупаковы хвост».

 

 

Пра Social Weekend

– 15 снежня ў Менску мы выйгралі конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, узялі гран-пры і атрымалі фінансаванне на распрацоўку праекта для Беларусі. Сутнасць заключаецца ў тым, каб як мага больш такіх спартыўных залаў працавала ў гарадах нашай краіны.

«Нашай камандзе цікава, каб дзеці з бацькамі адрываліся ад гаджэтаў, выходзілі з кватэр і гулялі “ўжывую” ў сваіх дварах»

 
Цяпер актыўна ажыццяўляем задуманае: адкрылі яшчэ некалькі залаў у Гомелі, першую «ТатаЗалу» ў Магілёве і зусім хутка адкрываем у Добрушы.

Дзяўчаты ўжо пытаюцца, калі будзе «МамаЗала». Я адразу кажу, што гэта не маё, але я магу падказаць, як зрабіць. Сам не бяруся, таму што нельга ахапіць неабсяжнае.

 

Тэкст і фота by Настасся Давыдзенка


Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.