21186 0

Светлагорск

Дабраліся да Светлагорска! У новым гайдзе развейваем міфы пра вечна малады горад у Гомельскай вобласці, дзелімся паданнямі сівой даўніны, гуляем па самай савецкай вуліцы горада, знаходзім на мапе стадыён «Бумажник» і нават робім сэлфі ля адзінага ў краіне помніка Леніну ў выглядзе звона.

 

Раней гэтае мястэчка называлася Шацілкі, але савецкія чыноўнікі добра змагаліся за прыгожасць гучання беларускай тапанімікі. З арыгінальнасцю ды веданнем мясцовай геаграфіі ў іх было не вельмі, бо аніводнай гары ў Светлагорску яшчэ ніхто не знайшоў, ды і са святлом на большасці вуліц вечарам бываюць праблемы. Але хто ж ведаў пра гэта ў тым шчаслівым 1961 годзе, калі горад быў заснаваны?

Са Светлагорскам звязаны жыццёвы шлях такіх выбітных асобаў, як праваабаронца Алесь Бяляцкі, былы міністр абароны Юрый Захаранка, футбаліст Генадзь Блізнюк, баскетбольная суперзорка 1990-х Валерый Дайнэка і нават гурт Re1ikt.

Светлагорскі раён, да таго ж, адзін з нешматлікіх рэгіёнаў Беларусі, дзе здабываецца нафта: крыху ад’ехаўшы ад горада, можна пабачыць сапраўдныя нафтавыя вышкі, якія пампуюць рэальную нафту проста пасярод калгаснага поля. Яшчэ госця горада, пэўна, уразіць лес, які тут расце паўсюль. То-бок не горад стаіць пасярод лесу, а лес расце пасярод горада. І раніцай цябе можа абудзіць тут не гул машын, а дзяцел, які дзяўбе сасну пад вакном.

Ну і яшчэ адно: мясцовыя завуць родны горад па-простаму Светлым. Запомні гэты факт, каб нарэшце навучыцца не блытаць Светлагорск і Салігорск – даем 100% гарантыю, гэта два розныя гарады!

 

 

Ад Менска да Светлагорска – 220 км адлегласці. Аўтобусы ходзяць са сталічнага вакзала «Усходні». Ёсць рэйсы а 7:00, 10:00, 12:20, 14:00 і ў 19:20 за € 5–7. Існуе варыянт з маршруткай, што ходзіць тройчы на дзень (8:00, 12:00 і 15:00).

Але самы танны шлях – цягнікі, якія ідуць з Менска ў Гомель (звярні ўвагу на тое, што не ўсе спыняюцца ў Светлым). Самы камфортны адыходзіць са сталіцы ў 17:11. Правярай расклад на rw.by.

 

З гатэлямі ў Светлагорску бяда. Галоўная гасцініца горада, што месціцца на Цэнтральнай плошчы, ужо некалькі разоў за апошнія гады мяняла ўладальніка, знешні выгляд, але так толкам і не адкрылася.

Таму вось яшчэ некалькі варыянтаў. Гасцініца «Светач» (вул. Сацыялістычная, 53) чакае цябе на другім паверсе шматпавярховага жылога дома і зусім недалёка ад гарадскога пляжа. Танны нумар на аднаго – амаль € 10, на двух асоб – ужо € 28.

Яшчэ можна засяліцца ў гасцініцу прадпрыемства «Хімвалакно», якая месціцца на другім паверсе інтэрната ліцэя хімікаў (вул. Леніна, 47в). Гэтая радасць абыдзецца табе ў € 22, а калі стане сумна, можаш падняцца на пару паверхаў і затусіць з ліцэістамі.

Не горшым варыянтам будзе ад’ехаць крыху ад цэнтра ў прыгарад, а дакладней – у вёску Чыркавічы, у гасцініцу «Маёнтак». Не пужайся, туды ходзяць гарадскія аўтобусы. Дарэчы, ад цэнтра Светлагорска да «Маёнтка» бліжэй, чым ад цэнтра Менска, скажам, да метро «Каменная Горка». Затое ў «Маёнтку» ад ракі Бярэзіны з яе пясчанымі пляжамі і ляснымі краявідамі цябе будзе аддзяляць усяго 50 метраў. Акрамя таго, у адным будынку з гасцініцай месціцца і кавярня з барам, дзе можна танна накідацца перад сном і смачна паснедаць раніцай. Можаш нават патрапіць на якую тэматычную вечарыну – светлагорская моладзь раз-пораз заязджае сюды пагудзець. Аднамесны нумар і ўся вышэй апісаная радасць будзе каштаваць усяго € 13.

У Светлагорску дарэмна шукаць хостэлы, а вось кватэру на суткі можна зняць тут, тут і тут. Цэны дакладна не напалохаюць.

 

Светлагорск хоць і лічыцца маладым горадам, але людзі ў гэтых мясцінах на берагах Бярэзіны сяліліся вельмі даўно: археолагі сцвярджаюць, што на месцы сучаснага горада існавала паселішча аж з VI ст. Першая гістарычная згадка пра Шацілкі адносіцца да 1560 года, калі памёр бяздзетны ўладальнік мястэчка шляхціч Раман Шаціла і кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст падарыў Шацілкі іншаму шляхцічу – Ждану Манкевічу – за ваенную службу. Таму і стаіць побач з Цэнтральнай плошчай горада помнік Шацілу, а не Леніну, як у большасці гарадоў Беларусі.

Калі ты прыедзеш сюды на цягніку, то адразу ўбачыш чыгуначную станцыю і воданапорную вежу – адзіныя сведкі дарэвалюцыйнага будаўніцтва. Звярні ўвагу на залу чакання – яе аснова не змянялася з пачатку пабудовы ў 1915 годзе. І станцыя раней таксама называлася «Шацілкі» (зараз «Светлагорск-на-Бярэзіне», каб не блытаць з цёзкай горада ў Калініградскай вобласці – там таксама ёсць Светлагорск). Калі не перадумаеш і не вернешся назад у цягнік, то пачні сваё знаёмства з горадам са шпацыру пешкі, бо Светлагорск невялікі, усяго 70 тысяч жыхароў. Да таго ж планіроўка сіці даволі кампактная.

Побач з Цэнтральнай плошчай – галоўным месцам правядзення гарадскіх святаў – убачыш светлагорскі 16-павярховы хмарачос, які любяць выкарыстоўваць на мясцовай сувенірнай прадукцыі. Пад ім можаш зрабіць сэлфі з помнікам Раману Шацілу – бацьку гэтых мясцінаў. Ад цэнтра горада спускайся да маляўнічай набярэжнай. Па дарозе ўбачыш арыгінальны помнік у гонар загінулых у Другой сусветнай вайне ў выглядзе вялікага паламанага звона (паводле мясцовай легенды, звон быў адліты з помніка Леніну, які заляжаўся на падворку аднаго з заводаў; напрыканцы 1980-х горад ужо сабраўся завесці ўласнага Леніна, але савок ляснуўся і лысаваты персанаж на пэўны час перастаў быць актуальным). У некалькіх дзясятках метраў ад яго – яшчэ адзін своеасаблівы помнік – светлагорцам, якія ваявалі і загінулі ў Афганістане. Канструкцыю скульптуры вянчае нешта, што нагадвае верталётную лопасць.

Як прыйдзеш на набярэжную Бярэзіны, дык узгадай, што тут у пачатку ХХ стагоддзя была суднабудаўнічая верф, дзе штампавалі рачныя парты – дэбаркадзеры. Нават Кіеў замаўляў іх сабе.

Галоўнае ўпрыгожанне набярэжнай – неагатычны касцёл Узвышэння Святога Крыжа (вул. Сацыялістычная, 76а), адбудаваны ў 1997-м. Як кажуць гісторыкі, раней Шацілкі былі пераважна каталіцка-юдэйскім мястэчкам, таму і першы драўляны касцёл пабудавалі тут аж у 1638 годзе. Касцёл некалькі разоў гарэў і перабудоўваўся, а ў 1939-м быў знішчаны.

Праз дарогу ад касцёла, на вуліцы Савецкай, сваёй зорнай усмешкай цябе павітае сам Леанарда Дзі Капрыё. Уладальнік аднаго з дамоў вырашыў нанесці на фасад кадр са знаёмай усім карціны «Вялікі Гэтсбі». Светлагорскі Дзі Капрыё добра разышоўся па беларускіх СМІ, «Анлайнер» нават выслаў не месца падзей журналістаў. Наогул Светлагорск даволі часта трапляе ў стужкі навін, але не таму, што тут жывуць дзіўныя людзі, а хутчэй таму, што іх жыццядзейнасць ёсць каму аглядаць (у Светлагорску працуюць мясцовая тэлекампанія «Ранак» ды газета «Ранак-плюс»). Адзін з апошніх хітоў – поўнае драматызму рэаліці-відэа пра «светлагорскага тэрарыста».

Даведайся і пра тое, што ўся вуліца Сацыялістычная, вуліца Лазо і частка вуліцы Савецкай, якія праходзяць паралельна Бярэзіне, некалі з’яўляліся Горвальскім трактам, адным з галоўных старадаўніх транспартных шляхоў нашай Радзімы, што звязваў Бабруйск ды Горваль.

Вуліца Леніна дагэтуль захоўвае дух і гісторыю некалі маладога савецкага горада. Тут 1960-я быццам спыніліся: домікі засталіся такімі, як і раней, калі іх будавалі адмыслова для працоўных з Васілевіцкай ГРЭС – найбуйнейшай цеплавой электрастанцыі ў Беларусі, якая замкнула вуліцу ў 1958 годзе.

Шпацыруючы па вуліцы Леніна, не прапусці Гісторыка-краязнаўчы музей (вул. Зялёная, 1), дзе табе падрабязна распавядуць пра гісторыю ды іншыя цікавосткі светлагорскага краю.

Недалёка ад музея знайдзі двухпавярховы домік (вул. Леніна, 15). Спыніцца ля яго варта праз маленькую шыльду, якая сведчыць, што гэта першы дом на вуліцы і менавіта з яго пачыналася савецкая забудова горада ў 1954-м.

Паглядзі звонку ды зайдзі ўнутр Дома культуры энергетыкаў (вул. Інтэрнацыянальная, 13) – аднаго з найстарэйшых і найпрыгажэйшых будынкаў Светлагорска. Перад уваходам цябе будзе сустракаць на калоне грэчаскі тытан Праметэй (ён імкнуўся даць людзям святло, горад называецца Светлагорск – сячэш?).

Нават калі ты не любіш мастацтва, усё роўна завітай у карцінную галерэю «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава (м-н Першамайскі, 65), яна не пакіне цябе без уражанняў. Па-першае, далёка не кожны горад Беларусі мае ўласную галерэю, па-другое, у «Традыцыі» захоўваецца даволі цікавая калекцыя беларускага мастацтва. Між іншым, светлагорская галерэя была ўзнагароджаная міжнароднай прэміяй іспанскага часопіса «Актуалідат ХХ стагоддзе».

Звярні таксама ўвагу на тое, што па ўсім Светлагорску ўсталяваныя розныя скульптуры і мастацкія аб’екты. На пачатку 2000-х некалькі гадоў запар у санаторыі «Серебряные ключи», побач з горадам, праходзіў пленэр маладых скульптараў. Вынікі працы мастакоў, як правіла, дарыліся Светлагорску. Нам больш за ўсё падабаецца дзяўчынка, што стаіць (дакладней, сядзіць) ля дзіцячай бібліятэкі па дарозе да набярэжнай.

Калі едзеш уласным аўто, наладзь свой GPS-навігатар і зганяй на хутар «Міколін востраў» (п. Мольча). Дарога ў 10 км праскочыць незаўважна, а вось удалае спалучэнне некранутай прыроды, сучаснага камфорту і ўнікальных гістарычных рэліквій гэтага месца, а таксама размешчанай там сядзібы, табе спадабаецца. Са славутасцяў – 300-гадовы млын, які цудам захаваўся ў першапачатковым выглядзе, і дуб, узрост якога – больш за 400 гадоў. Убачыш там нават і цэлы маленькі самалёт, унутры яго можна палазіць, ды яшчэ шмат розных цікавых рэчаў. Можаш нарабіць фотак у стылі кантры.

Светлагорск – даволі спартовы горад. Тут нават ёсць недабудаваная (мякка кажучы) лядовая арэна і стадыён з цудоўнай назвай «Бумажник». На ім некалі грымеў мясцовы футбал-клаб «Хімік» – нязменны старажыл першай лігі беларускага чэмпіянату. Зараз цікавасць да мясцовага футболу трошкі спала, таму каманда перабралася гуляць на меншую па памерах арэну «Хімік». Дадамо таксама, што міні-футбольная каманда са Светлагорска «ЦКК» калісьці нават выйграла чэмпіянат Беларусі.

Каб цалкам нырцануць у светлагорскую экзістэнцыю, аўтары гайда раяць табе здзяйсняць шпацыр па горадзе пад музыку прасветленага мясцовае групы «Органы сна». Лідар гурта Вадзім Данільчанка, на жаль, ужо сышоў з жыцця.

 

Рэстаран Ksart (вул. Савецкая, 78) прапануе табе самы пафасны ў горадзе перакус. Можаш пакаштаваць стравы еўрапейскай, азіяцкай і нацыянальнай беларускай кухні з 10.00 да 5.00. Чэк на аднаго абыдзецца ў € 8–10, а то і болей. Адна з фішак рэстарацыі – яго месцазнаходжанне: на гарадской набярэжнай. Так што калі выйдзеш папаліць, напрыклад, атрымаеш заадно і эстэтычнае задавальненне ад краявідаў. Па выходных можна патрапіць на тэматычную вечарыну (кшталту Octoberfest) ці нават на які заезджы стрыптыз.

Стравы, як у мамы, можаш пакаштаваць у кавярні «Нітачка» (вул. Завадская, 5), а смачна і танна паясі ў былой завадской сталоўцы, а сёння – у кавярні «Стары горад» (вул. Спартыўная, 11). Меню не адзначаецца вялікім выбарам. Дзіўная трансфармацыя тут адбываецца вечарам пятніцы: мясцовыя дыджэі ладзяць Madness Friday Night – з’яўляецца клубнае асвятленне і бар з шырокім выбарам недарагога алкаголю. Фішка кавярні ў тым, што ты сам можаш прыдумаць сабе кактэйль. Замаўляй усё, што бачыш на вітрыне, табе ўсё змяшаюць і пададуць з саломінкай, хай гэта будзе нешта кшталту 50 грам каньяку, 100 грам шампанскага, 150 грам піва і вішанька – абы ўставіла.

У Светлагорску мала ўстановаў з беларускімі назвамі, але адна з такіх – «Маладзік» (м-н Маладзёжны, 44). Стандартны набор страваў і напояў. Калі, напрыклад, прыедзеш на самоце, то ёсць тут бясспрэчны бонус: за сценкай знаходзіцца цэнтр вольнага часу, куды зазвычай ходзяць самотныя жанчына пасля саракету. Паспрабуй замуціць з адной з тамтэйшых кабет, патанчыць з ёй джыгу, накідаць у бары. Глядзіш, і не прыйдзецца шукаць, дзе б пераночыць.

Рэстаран, більярд і караоке – усім гэтым можна пацешыцца ў бары «Кантынент» (вул. Савецкая, 109), які працуе па буднях да 4:00 раніцы, а па выходных – да 6:00.

Неблагія дранікі з грыбамі прапаноўвае бар «Брыльянт» (вул. Свярдлова, непадалёк ад ГЦ «Бярозкі»). Тут больш-менш утульна, адносна танна, а навокал – лес.

Піцэрыя «Авацыя» (вул. Калініна, 25) – сярэдні чэк на дваіх разам з півам выйдзе € 10-12. А праз пару метраў ад піцэрыі знаходзіцца крыты тэнісны корт. Калі ўмееш трымаць ракетку – зайдзі пагуляй.

Хочаш проста папіць кавы? Завітай сюды: кавярня «КофеОК+» (м-н Кастрычніцкі, 33). Тут можаш пакаштаваць булачкі ад мясцовага хлебазавода.

Яшчэ адна кавярня – пад назвай Power Coffee – нядаўна адчынілася ў гандлёвым цэнтры «Бярозкі» (вул. Калініна, 6). Там жа літаральна пару тыдняў таму пачала працаваць сеткавая піцэрыя Pizza Smile.

Калі ноччу замест таго, каб спаць у цёплым ложку, ты хочаш танчыць і весяліцца, то абавязкова наведвай клуб «Ягуар» (вул. Батава, 1, 4 паверх). Працуе ён, праўда, толькі па суботах, затое да 5-й раніцы. І тут жа размешчаны адзіны ў горадзе бар, дзе ў алкагольнай карце – больш за 10 кактэйляў.

 

Тэкст – Дзяніс Марсэль і Віталь Абрамовіч

Фота – Дзяніс Марсэль

 


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.