24805 0

Самакат Геракла

З 14 па 22 сакавіка ў Лідзе ўжо ў чацвёрты раз праходзіць фестываль сучаснага мастацтва «Самакат Геракла». Гэта адзін з нешматлікіх альтэрнатыўных івентаў у Лідзе, з тых, што праходзяць цягам году, і дакладна адзіная выстава сучаснага мастацтва па-за межамі МКАД. Мы зганялі на адкрыццё фэсту па натхненне і каб зразумець, як зрабіць свята жыцця сваімі рукамі.

 

Раніца

Унікальная для Ліды выстава месціцца ў будынку гісторыка-мастацкага музея ў цэнтры горада. Здаецца, у стотысячным горадзе існуе жорсткая барацьба за гледача: ля будынка музея можна ўбачыць будачку 7D-кінатэатра, размаляванага ў тыраназаўраў. На фоне дагістарычных выкапняў сядзяць бабулькі, які прапануюць свае закаткі. Сёння неспакойны для гандлю дзень: цюлевыя фіранкі на першым паверсе музея ўжо гойдаюцца ад шквалу гуку – гэта рэпетуюць першыя бэнды. Бабулькі нервова азіраюцца і на ўсялякі выпадак перасоўваюць свае закаткі з месца на месца.

Мы прыязджаем а дзясятай раніцы, да пачатку фестывалю яшчэ дзве з нечым гадзіны. Пачынаем аглядацца. Музей заклікае наведаць экспазіцыі «Хрушчоўка 60-х», «Прырода Лідчыны» ды чамусьці на выставу кітайскай каліграфіі. Спрабую прайсці на другі паверх музея, але мяне спыняе акуратная ахоўніца. Пачынаю чэкаць, чым жыве Ліда: «А якія выставы ў вас карыстаюцца попытам?». «Ну, калі мёд, тады прыходзяць», – крыху павагаўшыся, адказвае жанчына.

Выстава «Самакат Геракла» праходзіць ужо ў чацвёрты раз. Першы івент адбыўся ў 2009 годзе ў памяшканні дзіцячай музычнай школы, але хутка мясцовы музей сам запрасіў энтузіястаў у свае сцены. Зараз пад патрэбы фэсту аддадзены цэнтральны зал на першым паверсе. Па жоўтых сценах развешаны працы прыкладна трыццаці мастакоў, збольшага сяброў і сяброў знаёмых арганізатараў выставы. Ліміту для палёту фантазіі альбо якіх-небудзь іншых крытэрыяў адбору няма. Тут прадстаўлена ўсё: ад графічных замалёвак на лістах са сшытка да стрыт-арт скетчаў і змрочных абстракцыяў.

Па зале носіцца галоўны арганізатар выставы Жэня Клёцкін − ідуць апошнія штрыхі падрыхтоўкі. Адкрыццё пройдзе ў фармаце музычна-паэтычнага марафону на дзесяць гадзін, падчас якога чакаюцца выступы дзясятка гуртоў і некалькіх літаратараў. У прыватнасці, адбудзецца першы live Вовы Броўкіна, гэтая лідская поп-зорка відавочна хвалюецца. Я падыходжу павітацца: «А ты ведаеш, хто я такі?» – так пачынае размову Вова. Папярхнуўшыся паветрам, адыходжу на пошукі невядомых зорак. Публіка паступова прыбывае, падцягваецца мясцовая прэса. Дзея пачынаецца.

 

 

Поўдзень

Пасля ў меру ўрачыстага адкрыцця пачынаюцца музычныя выступы, а я выходжу на паляванне: падслухоўваць размовы наведнікаў выставы. Вось мастачка, аўтарка алейных малюнкаў сіне-жоўтых жанчын з доўгімі тварамі, тлумачыць рэпарцёрцы мясцовай газеты сутнасць сваіх твораў. «Малюнкі навеяны падсвядомасцю», – упэўнена сцвярджае яна. «Увогуле гэта постмадэрнізм», – дадае, крыху павагаўшыся.

Вычэпліваю з натоўпу мастака з Воршы, невысокага лысага мужчыну ва ўсім чорным, і пытаю, чым навеяны яго графічныя чорна-белыя працы? Ён задуменна паціскае плячыма. Наступныя хвіліны будуць заняты абмеркаваннем аршанскай мастацкай сцэны і асаблівасцяў працы начнога вартаўніка − гэта асноўная прафесія майго суразмоўцы. Потым вырашаю паспытаць удачы з калегай па пяры, пытаюся ў журналісткі мясцовага ТБ-канала пра яе ўражанні ад выставы: «Шмат чорнага колеру і мала твараў, якія смяюцца». «Мабыць, жыццё такое?» − удакладняю я. «Мабыць», – з прыемнай усмешкай пагаджаецца жанчына.

Раз-пораз у залу спрабуюць прарвацца «зайцы», на што ветлівая супрацоўніца музея просіць набыць квіток, які каштуе сімвалічныя пяць тысяч рублёў. Увогуле супрацоўніцы музея хвалююцца не менш за куратараў выставы і з гатоўнасцю вырашаюць любыя пытанні. Я назіраю, як прыбіральшчыца настойліва адмаўляецца ад дапамогі і сама змятае ў савок валасы, якія састрыг з іракеза аднаго з арганізатараў яго сябра. Праглядзеўшы працы некалькі разоў, я іду паслухаць музыку.

 

 

Дзень

Атмасфера на выставе прыемная і разняволеная, як падчас генеральнага прагону перад школьным выпускным. Зараз адбудзецца выступ гурта «Тётя лошадь», які грае пераважна на «Самакатах», а яго ўдзельнікі жывуць у трох розных гарадах. Гурт пачынае валіць нечакана драйвовы гаражны панк. Публіка ўзбадзёрваецца, апладысменты робяцца гучней. «Наступная песня з нашага першага альбома…» − пачынае сваю прадмову Жэня, галоўны арганізатар і саліст гурта. «З якога з трох першых альбомаў?» − рагочуць з апошніх радоў фаны бэнду, музыкі весела адбрэхваюцца.

Тут усе свае, а калі нават хтосьці не свой, дык хутка такім стане. Апошні трэк гурта называецца «Я хачу, каб мяне пахавалі ў Лідзе». Наша фатограф, карэнная лідчанка, расчулена вырашае зрабіць гэтую фразу сваёй чарговай татухай.

Пасля выступу вылоўліваю Жэню, і ўрэшце ў нас атрымліваецца знайсці ціхае месца на другім паверсе, акурат пад суровымі позіркамі гіганцкіх драўляных выяваў нейкіх мясцовых багоў. Адразу ж высвятляецца, што пятага «Самаката» можа і не быць – бо арганізаваць такое мерапрыемства вельмі цяжка. Фестываль існуе на абсалютна бясплатных пачатках, і робяць яго энтузіясты ў свабодны ад асноўнай працы час. «Пасля першых двух выстаў мне было вельмі дзіўна, што народ да гэтага цягнецца. Да таго мне здавалася, што моладзь у Лідзе можна сабраць толькі на нейкі рок-панк канцэрт. Людзі проста просяць зрабіць чарговы івент – калі б не прасілі, я б гэтым не займаўся», – распавядае Жэня. Высвятляцца: з боку мясцовых уладаў арганізатары сустракаюць толькі дапамогу, што значна спрашчае іх працу.

Натхнёныя гісторыяй пра супрацоўніцтва ўлады з народам, мы вырашаем зрабіць невялікі перапынак і пайсці паабедаць. У зале пачынаецца чытанне вершаў эксцэнтрычнага паэта і галоўнага натхняльніка гэтага «Самаката» Віктара Лупасіна. Гучнае «Рррраз! Рррраз! Ррраз!» − гэта ўласна ўвесь верш – нясецца нам услед.

 

1

 

Вечар

Тым часам Ліда жыве сваім звычайным жыццём: каханкі замаўляюць на абед па кубачку піўка ў фірмовым рэстаране, юныя субкультуршчыкі п'юць каву з пірожкай на «Таргашы», то-бок у Доме Гандлю, галоўнай кропцы мясцовага тусача, а натоўпы жанчын разбіраюць свежы завоз у сэканд-хэндзе. А публіка падцягваецца ў эпіцэнтр культурнага жыцця.

Мы вяртаемся на змярканні, акурат на выступ лідскага паэта Дзмітрыя Сарокіна. Ён абяцае слухачам «суіцыдальны псіхоз з ноткамі эратызму» ды ўвогуле як мага хутчэй «перайсці да трэшу з семявывяржэннем». Пакуль высокі мужык сарамліва чытае свае вершы пра ўлонне і юрлівасць, знянацку на сцэну вырываецца мясцовы бунтар па мянушцы Ленін. Ён вырывае мікрафон ды жарсна зачытвае верш пра набалелае, то-бок пра геапалітычнае становішча Беларусі. Адразу пасля імправізацыі яго пад рукі выводзяць сябры ў спартовых трэніках і вастраносых туфлях. Увогуле пад вечар у музеі пачынаецца беспрэцэдэнтнае яднанне мастацтва з народам: падцягваюцца вучні старшых класаў, парачкі закаханых і некалькі рэальных пацаноў.

За вокнамі даўно сцямнела. Наступныя госці, хлопцы з зомбі-панк-бэнду «Алёша, гіў мі э чэнс», наладжваюць свае інструменты, тушаць святло ў залі ды пачынаюць валіць музло з глыбіняў змучанай падсвядомасці. Нечакана гэтыя ноткі чымсьці кранаюць рэальнага пацана, які гадзіну таму выводзіў буйнага Леніна з залы. Я зачаравана назіраю, як рэдкія пробліскі святла выхопліваюць белыя палоскі на штанах «Адыдас» і адбіваюцца ў бляску чорных туфляў. Невядомы герой танцполу пляскае ў ладкі і круціцца па зале ў неспадзяваным рэзанансе з «Алёшамі». Наступны выканаўца, Вова Броўкін, пачынае хвалявацца яшчэ больш, бо ўся гісторыя яго прыватнай барацьбы падказвае, што пад трэкі Вовы рэальныя пацаны не танцуюць.

Калі праз гадзіну змакрэлыя «Алёшы» сыходзяць са сцэны, настае зорны час галоўнай лідскай поп-зоркі. Частка публікі знікае з залы, але ж падцягваюцца і фанаты: падчас кароткага выступу на пяць кампазіцый я назіраю, як некалькі дзяўчынак падлеткавага ўзросту бесперапынна здымаюць Вову на мабілкі і падпяваюць усім ягоным трэкам. Відаць, попыт на паспяховую гісторыю барацьбы за сваё «Я» існуе паўсюль.

Дзясятая вечара. Фінал марафону, закрыццё адкрыцця. Стомленыя арганізатары ветліва выганяюць усіх з залы, але ўсе знаёмыя ўжо твары збіраюцца на ганку музея. Ноч абяцае быць працягам свята і ўмацаваннем сяброўскага фестывальнага духу. Я ж кажу, тут усе свае.

 

Фота by Poliakowa


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.