2102 0

Салігорск − гэта вырай

Сёння вачыма мясцовых пакажам табе Салігорск – трэшавы, модны, постсавецкі, быдлаваты, вясёлы і п’яны. На выпадак, калі табе патрэбнае нешта большае, чым Зыбіцкая, і ты гатовы рвануць за 137 км ад Менску.


Прывітанне, Салігорск!

Мы з Салігорску, таму паглядзець на горад вачыма старонніх людзей не выйдзе. Дыджэй у клубе – наш знаёмы, уладальнік клубу – таксама, з цемры насустрач выходзяць былыя аднакласнікі, раніцай дадому адвозіць таксіст, які памятае, дзе мы жывем.

Падарожжа пачынаецца з менскага чыгуначнага вакзалу. Тут дзясяткі маршрутак у патрэбным кірунку, яны ад’язджаюць кожныя дзесяць хвілінаў. Музыка салігорскіх, як і музыка ўсіх маршрутак, збітая, але неўміручая тэма для жартаў у фэйсбуку. Людзі, якія спазналі снапчат і збіраюць калекцыю візаў у пашпарце, перабраліся ў сталіцу, а, можа, і далей, пачынаюць паездкі дадому з лірычнымі героямі расейскай рэчаіснасці.

За паўтары гадзіны напоўніцу можна сканцэнтравацца на музыцы: кіроўцы цяпер сталі ездзіць асцярожней, колькасць аварыяў зменшылася, а дарогу пашырылі. Гэта раней яе называлі «трасай смерці» (банальны нэймінг пацвярджаўся сумнаю статыстыкай).

Пад’язджаючы, з вокнаў бачым калійныя горы – яшчэ адная нагода для жартаў, маўляў, самае лепшае ў горадзе можна пабачыць толькі за яго межамі. Гэта, вядома, няпраўда – горы бачныя і з самога Салігорску.

 

 

Здароў, пятніца

Мы бярэм піва ў мясцовым гіпермаркеце і кіруемся на пероны. Нягледзячы на тое, што гэта вакзал, месца для спажывання алкаголю бяспечнае, трэба толькі адысці далей. Сядаем на лаву і глядзім на цягнікі, што прыязджаюць. Іх няшмат: Салігорск – канцавая кропка гэтай лініі чыгункі. Апроч цягнікоў, міма праходзяць кампаніі. У руках пакеты з «Кароны», там – алкаголь і сціплая ежа: паляну накрыць на перонах не атрымаецца.

Пятніца. Бліжэй да поўначы людзі пацягнуцца назад у горад.

 

 

А мы чакаем нашых таварышаў. У аднаго з іх кватэра ў суседнім доме, на апошнім паверсе. Там жа выхад на дах, на ім вісіць замок. Ён павешаны не ЖКГ – ключ у аднаго з чувакоў. Ужо колькі гадоў туды выносяць канапу і фатэлі, ставіцца стол і мангал, некалі тут быў басейн. Дабівае вай-фай з той самай кватэры, яна роўна пад намі.

Дах – крутое месца, яно дапамагае адарвацца шмат ад якіх праблемаў. Пакінуць іх унізе, ага. Тут прыгажэй выглядае захад, ты вышэй за людзей (пасля піва здаецца, што не толькі фізічна) і няма міліцыі. Ну і, вядома, паставіўшы тут канапу і мангал, ты становішся часткай элітарнага і недасяжнага для іншых.

Узыход сонца, верагодна, выглядае тут яшчэ круцей, але спажываць і датрываць да раніцы цяжка. Ды і надакучвае. Мы спускаемся па лесвіцы. Пару гадоў таму ўладальнік ключа замкнуў дзверы і скінуў яго ўніз. Давялося паўзці па даху суседняга дому (ён не пакаты) і выкарыстоўваць пажарную лесвіцу, скакаць з некалькіх метраў. Дзіўна, што вывіхнутая была толькі адная нага.

 

«Паставіўшы тут канапу і мангал, ты становішся часткай элітарнага і недасяжнага для іншых»

 

 

«Где лучшие тусовки»

У цэнтры, у будынку ДК, два клубы. На дварэ прадаюць піва, і неслабы такі дзвіж за пластыкавымі сталамі ды крэсламі, з такімі ж шклянкамі. Увечары тут яшчэ спяваюць караоке, але ўначы ўсё напаўняецца музыкаю з двух клубаў: на трэцім паверсе грае дыджэй, гэта «Скай». На другім Шнураў (не асабіста) − гэта «Рэтра».

Нам трэба выпіць і трапіць на вечарыну да Верта, ён той самы дыджэй. Зарганізаваў бясплатную праходку (уваход у любую начную ўстанову ў Салігорску платны). Мы размаўляем, і гэтыя размовы страшэнна рэжуць вуха. Аўтамабілі, сям’я і праца. Наш таварыш вярнуўся з Канараў. Але мы чамусьці абмяркоўваем рухавік ягонай старой машыны. Ён яе прадаў, big deal, і добра, што той, хто набыў, не чуе гэтага абмеркавання.

Узгадваем мінулыя тусоўкі. П’ем і абмяркоўваем, як пілі ды абмяркоўвалі. Рэкурсія. Такая ж, як у клубах, − заходзіш і не разумееш, чаму ўсе вакол такія залітыя, чаму ім так весела. Глядзіш і выпіваеш. Становішся п’яны, весела ўжо табе. А нехта ў гэты момант назірае за табой на бары.

Праўда, не ў гэтым. Клубная музыка сёлета, як і звычайна, не ў пашане, тут пуста. Нам трэба спусціцца ўніз, да Сяргея Шнурава. Я ведаю ўладальніка і зноў спрабую вымуціць бясплатны ўваход. Мы хочам гарачых кадраў («Пішам матэрыял з прыгожымі фота»), трэш («Апішам ваш клуб як вартае месца») і ўгар («Таксама будзе пра паслугі, кошты і меню»). Ён адчувае каверзу або не верыць у магчымасць апісаць свой клуб як вартае месца: «Не трэба здымаць, як адпачываюць гэтыя людзі».

«Нам трэба спусціцца ўніз, да Сяргея Шнурава»

Плоцім за ўваход і здымаем гэтых людзей. Як на вяселлі. Такая зала сталоўкі з еўрарамонтам, сталы з абрусамі ды крэсламі з жалезнымі прутамі на спінках. Толькі што старых менш, але яны ёсць. «На лабутэнах, нах» − і я сам не супраць танцаваць. Без сораму і думак, з алкаголем, гэтымі сталамі, віскамі ды размовамі пра жыццё падчас перакураў на вуліцы. Ах, шкада, што надзеў шорты, у «Рэтра» ходзяць у пінжаках.

Тут людзі майго ўзросту. Зусім маладое пакаленне (яны, магчыма, яшчэ школьнікі) сустракаем у іншым месцы, на тэрасе за клубам «Павуціна». Нашыя шляхi яднае алкаголь і блізкая раніца. У нас камера, мы здымаем ужо ўсё, што здымаецца. Прыцягваем увагу: «Не, мы мясцовыя, хоць і журналісты». Таму нас запрашаюць выпіць, чытаюць рэп (такі салігорска-грузінскі варыянт ранішняга застолля і гасціннасці) і паказваюць на п’яную чувіху: «Яна гатовая на ўсё, пацаны».

Ужо пасля пераглядаю відэа, дзе раніца і ўзыходзіць сонца, а нейкі чувак паказвае ў яго кірунку. Там і тыя самыя горы. Верагодна, нам падаецца гэта прыгожым, але не стае яшчэ аднаго піва. Мы рухаемся ў бок гульнявых аўтаматаў, за барам працуе знаёмая, яна раіць браць два. Мы бярэм літр, але ў камеры села батарэйка і цяпер нават прыблізна ўзгадаць тыя эмоцыі ўжо не выходзіць.

 

 

Тэкст, фота і відэа by Іван і Па


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.