24514 7

«Рэвалюцыя» ў Бабруйску

Зямля беларуская багатая на таленты, што няспынна даказвае пошук у «Вконтакте». Праз прафайл мадам Юрэны Карлас з Бабруйска мы даведаліся, што ў гэтым горадзе ёсць сваё травесці-шоу. Два хлопцы з задавальненнем прымяраюць на сябе эксцэнтрычныя вобразы, ставяць нумары і запісваюць вынік сваёй працы для самапальнага відэа-шоу «Рэвалюцыя». Падзякаваўшы Яхве за ўдачу, дрым-цім 34mag неадкладна выправілася ў чарговае падарожжа па каляровыя будні беларускіх травесці.


 

Бабруйск, як справы?

Наш шлях з Менска да Бабруйска займае значна менш, чым належныя дзве гадзіны. Кіроўца маршруткі яўна не чуў пра абмежаванні хуткасці і прэ наперад так, быццам спазняецца на пахаванне ўлюбёнай цёшчы. У рэшце рэшт мы паспяхова дабіраемся да гістарычнай радзімы Руслана Аляхно і гурта «Би-2» ды з палёгкай вывальваемся каля вакзала. У нас раптоўна выяўляецца вольны час да сустрэчы з героямі, які мы вырашаем выдаткаваць на вывучэнне малой радзімы беларускіх травесці.

Бабруйск – горад з вялікай гістарычнай спадчынай, пераважна савецкай. Калісьці па горадзе было раскідана дваццать чатыры помнікі Леніну розных формаў і памераў, мы дакладна бачылі два. З іншых заманух − Бабруйская крэпасць, якая пасля паўстання дзекабрыстаў ператваралася ў турму для палітвязняў. Гэткае своеасаблівае Акрэсціна XIX стагоддзя. Наступная важная гістарычная падзея здарыцца ў горадзе аж у 2006 годзе, калі ў Бабруйску зладзяць «Дажынкі» − як заўважыць вулічная прадавачка пластыкавых кветак, дзякуючы івенту «горад пасвяжэў і стаў яшчэ ўтульней». Здаецца, з тых часоў Бабруйск пагрузіўся ў спячку, і толькі адчайныя храбрацы час ад часу парушаюць гарадскі спакой, навязваючы яму свае правілы гульні.

Павольны шпацыр па горадзе перапыняе званок ад нашых герояў. Мадам Юрэна Карлас і яе сяброўка лэдзі Сантана Гломан стварылі адзіны ў Бабруйску травесці-дуэт «Ілюзія», які літаральна выдзірае духоўныя скрэпы з розумаў сваіх гледачоў. Дуэт ладзіць канцэрты, выступае на вяселлях і карпаратывах ды здымае забойнае youtube-шоу «Рэвалюцыя». Кожны з выпускаў − гэта фантасмагарычная мазаіка з мініяцюр, вакальных нумароў і замалёвак з жыцця. Сёння мы ўдзельнічаем у здымках юбілейнага, пятага шоу.

 

 

Нараджэнне Юрэны і Сантаны

Прадакшн Юрэны і Сантаны знаходзіцца ў звышсакрэтным месцы на самым ускрайку Бабруйска. Шлях туды не блізкі – 45 хвілін на тралейбусе, і вось мы ўжо на самай урбаністычнай мяжы, дзе тыпавыя шматпавярховікі змяняюцца ўтульнымі драўлянымі хаткамі. У адным з такіх дамкоў і адбываецца таемства. Дзверы нам адчыняе Мікалай – прэс-сакратар дуэта і надзейны памочнік артыстаў. «Як дабраліся? – з ходу пытаецца ён. – У нас тут на вуліцах з траўматыкі па прахожых шмаляюць. Трэба быць асцярожным».

Мікалай вядзе нас у невялікае, наскрозь пракуранае памяшканне з бляклым святлом – гэта грымёрка. За сталом гучна спрачаюцца два хлопцы. Джынсы, байкі, красоўкі – хлопцы як хлопцы. Іх можна было б сустрэць у Менску, Баранавічах, Полацку і ўвогуле прайсці міма, калі б не пафарбаваныя блакітным лакам з блёсткамі пазногці. Радасна павітаўшыся з намі, Косця і Юра як нічога ніякага працягваюць рыхтавацца да пераўвасаблення ў лэдзі і мадам.

 

Сцэнічны псеўданім Косці Стэцкага – Сантана Гломан. Гэта высокая бландзінка з вялікімі вачыма і прыемным голасам. Лэдзі распавядае пра паходжанне свайго псеўданіма: быў нейкі расейскі серыяла пра прастытутак, дзе наглядчыцу за бардэлем клікалі Сатаной. Заставалася толькі дадаць адну літару, каб не гучала так дэманічна. І дадаць да гэтага злёгку змененае прозвішча бойфрэнда Косці – і вось лэдзі Сантана Гломан гатовая скрасці вашае сэрца.

Юра Барсегян на сцэне ператвараецца ў мажную рудавалосую мадам Юрэну Карлас, якая не лезе па слова ў кішэню. Юрэна – гэта трансфармацыя сапраўднага імя артыста, а прозвішча Карлас у першапачатковым варыянце гучала крыху інакш. «Я тоўсценькі такі, – без намёку на збянтэжанасць распавядае Юра, фарбуючы вейкі. – Спачатку быў Карлсанам, пасля канчатак адваліўся, і я зрабіўся Карласам».

Кожны з артыстаў прыйшоў да абранага вобраза самастойна, але адным шляхам – праз пародыю на Верку Сярдзючку. Юра распавядае: калі яму было 10 год, выхавацелі з яго роднага інтэрната прапанавалі паўдзельнічаць у творчым конкурсе. А дэбют падлетка Косці ў вобразе адурэлай украінскай правадніцы пабачылі гледачы аднаго з сельскіх дамоў культуры. «Мяне кідала ў пот, ліліся слёзы, – узгадвае Косця. – Аднак калі людзі стоячы пачалі пляскаць у далоні – усё змянілася. Я зразумеў, што знаходжуся на сваім месцы».

«У нас тут на вуліцах з траўматыкі па прахожых шмаляюць, трэба быць асцярожным»


Шляхі двух травесці сышліся пяць год таму на адным з флэтаў. Юра натхніў Косцю на тое, каб паўдзельнічаць у буйным беларускім травесці-конкурсе «Міс Дзіва Беларусі – 2010». Усё складвалася ўдала, у журы мусілі сядзець самі Хлястоў і Афанасьева. У Косці нават была свая «фішка» – ён спяваў усе песні жыўцом, у адрозненне ад іншых удзельнікаў. Перамога была не за гарамі, аднак праз тагачасныя прэзідэнцкія выбары конкурс адмянілі.

На некаторы час хлопцы адклалі свае планы па скарэнні травесці-Алімпа ў доўгую скрыню. Час ад часу яны збіраліся ў межах групоўкі «Сёмае неба», дзе займаліся тым жа, што і зараз − стварэннем новых вобразаў і нумароў. Усё кардынальна змянілася ў верасні 2014-га, калі Юра зразумеў, што з дапамогай травесці-шоу можна паднакапіць бабла на карпаратыўнай ліхаманцы. Так з творчага полымя, быццам фенікс, паўсталі вобразы лэдзі Сантаны Гломан і мадам Юрэны Карлас, а таксама іх новы шоу-дуэт «Ілюзія».

 

 

 

«Часам мой малады чалавек ходзіць вакол мяне гадзінамі і просіць прыгатаваць вячэру, а я яго не чую, бо пішу сцэнар»


Закуліссе шоу

Між іншым, працэс ператварэння ў травесці-дзіваў ідзе поўнай хадой. Вочы пафарбаваны, вейкі з трэцяй спробы наклеены, адценне танальнага крэму падабрана ўдала. Набліжаецца час здымкаў па запланаваным і вывераным да апошняй літары сцэнары. «Сцэнар залежыць ад натхнення, – кажа Косця. – Часам мой малады чалавек Віталя ходзіць вакол мяне гадзінамі і просіць прыгатаваць вячэру, напрыклад, а я яго не чую, бо пішу ў захапленні радок за радком». «Мы разам пішам усё, – умешваецца Юра. – Я радок і ён радок. Адно чапляецца за іншае, так сцэнар і атрымоўваецца». «Так, – пагаджаецца Косця. – Мы падобныя да дзвюх шасцярэнек. Калі варушыцца адзін, за ім падцягваецца і другі». Травесці ўкладваюць шмат сілаў у кожны выпуск і ўважліва сочаць за колькасцю праглядаў сваіх відосаў – з дапамогай Інтэрнэту хлопцы разлічваюць зрабіцца знакамітымі ў Беларусі і за яе межамі, каб не мець продыху ад прапановаў далейшых выступленняў.

 

 

Як любыя паважныя травесці, удзельнікі «Ілюзіі» маюць свой запамінальны гардэроб. Дапамагаючы прыклеіць адно аднаму накладныя вейкі, хлопцы тлумачаць, адкуль у іх з’явіліся раскошныя вечаровыя сукенкі, чаравікі на 15-сантыметровых абцасах і шматлікія ўпрыгожванні. Высвятляецца, што пасля інтэрната Юра паспеў адвучыцца на краўца, нават пашыў усім дзяўчынам з выпускнога класа сукенкі. Косця, маючы дома швейную машынку, таксама займаецца выкрайкамі і пашывам. «Даводзіцца і перашываць старое адзенне, і ў сэкандах варыянты шукаць, – перабіваючы адно аднаго, распавядаюць хлопцы. – Шмат сяброўкі дапамагаюць. То ўпрыгожванні падгоняць, то парык. Адзін зараз з самога Кіпра да нас едзе».

Хлопцы проста распавядаюць пра нялёгкі быт травесці, ды значна больш стрыманыя ў прыватных пытаннях. Косця наогул аддае перавагу працоўным тэмам, а Юра не цураецца разважаць пра сваю арыентацыю і агульныя межы сваёй сексуальнасці. Па словах Юры, усведамленне таго, што ён гей, прыйшло да яго ў сем-восем гадоў, і спачатку яму было вельмі страшна ў гэтым прызнавацца. Але ж паступова страх знік, і апошнія два гады жыцця ў інтэрнаце ўсе ведалі пра яго арыентацыю. «У жаночым вобразе мне больш камфортна. Нават мужчынскіх рэчаў у мяне менш, чым жаночых, – спрабуючы зашпіліць станік, кажа Юра. – Канешне, мы сварыліся ў інтэрнаце, і ў запале мяне і п*дарам маглі абазваць, і кончаным чалавекам. Але ж усе мы людзі, я гэта разумею».

 

 

 

Ад карпаратываў да «Еўрабачання»

Перад нашымі вачыма стаяць ужо не Юра з Косцем, а мадам Юрэна Карлас і лэдзі Сантана Гломан. Пакуль Мікалай рыхтуе святло і камеру, то-бок велічэзны смартфон, я распытваю Юрэну і Сантану пра іх імкненне да славы і стаўленне да Канчыты Вурст.

Травесці кажуць, што яны вельмі хочуць трапіць на «Еўрабачанне», аднак не ў вобразе Сантаны і Юрэны. «Вось ты ўяві сабе,− рагоча ці то Косця, ці то лэдзі Сантана. − У адборачным туры сядзяць Ціхановіч і Паплаўская, дык яны адправяць нас куды падалей адразу, як толькі пабачаць у травесці-вобразе. Гэта для нас Канчыта Вурст – цалкам нармальна, экспрэсіўна. Для ўсяго астатняга грамадства – не». Наогул у дуэта хапае і сваіх асабістых «разынак». Яны спяваюць жыўцом, да таго ж любяць унесці нотку камічнасці, сцебучыся адно з аднаго.

Нягледзячы на амбітныя планы і пастаяннае самаўдасканаленне, з замовамі ў дуэта «Ілюзія» пакуль не вельмі ладзіцца. На гэты момант было ўсяго тры выступы: на вяселлі ў занядбанай бабруйскай сталоўцы, у Менску падчас тэматычнай вечарыны і такой жа па змесце вечарыне ў Маскве. У беларускай сталіцы да дуэта дакалупаўся ўшчэнт п’яны наведнік. Слова за словам, жарт за жартам, і цяпер «Ілюзія» падпісвае спецыяльную дамову перад кожным выступленнем. У ёй пазначана, што арганізатар загадзя павінен папярэджваць гасцей пра тое, што Косця і Юра − травесці, а за ўсе эксцэсы трэба плаціць няўстойку. «Мы не шмат просім, для нас важна, каб людзі ў першую чаргу звярталі ўвагу на нашу харызму. Травесці павінен чапляць сваёй энергетыкай», – разважае Юра.

«У нашым шоу ёсць адзінка, а ёсць нулік. Косця – адзінка, худы смарчок. А я – нулік, тоўсценькі такі, смешны. Толькі разам мы ўтвараем дзясятку. Так і праблемы прасцей абмінаць, і дасягаць новых вышыняў», – напрыканцы дзеліцца іміджавай канцэпцыяй дуэта Юра. Артысты сцвярджаюць, што ім падабаецца Бабруйск сваёй кампактнасцю і павольным рытмам. Яны нават не думаюць пра тое, каб з’ехаць адсюль. Да і навошта? Творчых планаў на будучыню хапае, як і ўнутранай упэўненасці ў правільнасці абранага шляху. Гледзячы на іх апантанасць творчасцю і бясконцы энтузіязм, мне складана ўявіць, якія праблемы здольныя пусціць шоу-дуэт на дно. Хіба што прыгожы абутак на сорак чацвёрты памер нагі адшукаць складана.

 

Фота by Poliakowa


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (7)

Дмитрий15-04-2015, 10:48

Во всем мире подобные травести-шоу - это обязательная норма и как минимум претензия на искусство. Наше же зашоренное общество, увы, все еще живет вчерашним днем и меряет все по своим совковым стандартам. Конечно, все на любителя, но не уважать парней за смелость просто невозможно. А ведь там, где творческая смелость дружит с талантом, и рождается настоящее искусство. Разве не так?

Адказаць

Чпок15-04-2015, 17:49

Базара нет, но есть и другая сторона медали. Когда, к примеру, чтобы получить какую-нибудь награду или просто успех в Европе в сфере искусства, нужно сделать, что-нибудь связанное с геями. Снимаешь фильм про геев и бегом в "Канны" за наградами.. Это уже перекос в другую сторону - явная гетеродискриминация.

Адказаць
ava

Анастасия Малюпас 15-04-2015, 10:56

это очень свежо и оригинально,весело и интересно. девченки,дерзайте,только вперед,вас ждет процветание и успех

Адказаць

Ваня16-04-2015, 18:22

ЗАЧЕМ detekt

Адказаць
ava

poliakova_tw 16-04-2015, 20:13

да, в Бобруйск заезжали

Адказаць

Жэка16-04-2015, 21:56

Молодцы Артисты!! Все таки есть ещё кто-то, кто может удивить и порадывать нас всех!!!

Адказаць
ava

Alexey Strelnicov 16-04-2015, 22:19

Ребятам надо уходить от Сердючки семимильными шагами. Очень вторично пока что, к сожалению.

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.