26242 1

Punks not dead

Гістарычна Горадня была самым вольным горадам Беларусі. Ці гэта звязана з багатай шляхецкай культурай, ці з блізкасцю да мяжы – цяжка сказаць, але ж у Горадні стварылася ўнікальная альтэрнатыўная культура. Музыка тут заўжды была на першым месцы – шчырая, дзёрзкая і братэрская, на гэтых пачатках развіваліся нават агрэсіўны краст з хардкор-мазафакай. Мы зганялі на нядзельную імпрэзу, каб прачэкаць усе жывыя кропкі сучаснага гарадзенскага панк-року.

Перадгісторыя

У 2014 годзе менскі лэйбл Tailback Records выпусціў дакументалку «Делай шум!» пра панк-хардкор сцэну Беларусі. Амаль гадзінны фільм праз серыю інтэрв’ю і відэа з канцэртаў распавядае пра альфу і амегу жыцця беларускіх хардкоршчыкаў: як хто трапіў у тусоўку, як ладзіліся канцэрты, туры, якія панавалі ідэі і на якіх каштоўнасцях усё грунтавалася. Асноўны эфір даваўся менскім музыкам з гуртоў Jiheart, I Know, Fuck It All, Appleshout, Devil Shoots Devil, Pull Out An Eye і інш. Горадню прадстаўляў толькі Д. з Contra La Contra, Bagna і Monday Suicide. Пра астатнія гарады не было нават згадкі. Кіно стварала ўражанне ўрачыстай эпітафіі з паўнатхняльнымі прамовамі для нашчадкаў.

 

 

Між тым з высокіх берагоў Нёмана раз-пораз далятае інфа пра чарговы рэліз, спліт або перавыданне, пра новы гурт або пра яшчэ адзін канцэрт з прывозам. Стас Пачобут з культавага Deviation у траўні запісвае злабадзённую акустыку «Туняядзец», Алесь Дзянісаў носіцца з «Дзецюкамі» па наваколіцах, а олдскул-красцеры Bagna, Monday Suicide і I Hope You Die выдаюць новыя рэлізы. Ствараюцца гурты «Куски Ильича», Where Is My Dinner?, берасцейска-гарадзенскі Huščar. Карацей, жыццё віруе. Мы ўцягваемся ў яго непазбежную варонку, збіраем свае сціплыя клункі і выпраўляемся на М6.

 

 

Рэаліі

Горадня сустракае нас вытанчанымі гістарычнымі будынкамі, анархісцкімі тэгамі і польскімі надпісамі кшталту kocham cię і byliśmy tutaj. Ля каланчы мы выпадкова натыкаемся на знаёмых Ю. і С. Высвятляецца, што С. калісьці быў вакалістам хардкор-каманды Manhood. Абмяркоўваем сучасную сітуацыю на футбольным сектары. «Такой моцнай дзвіжухі сярод хуліганаў зараз няма, – гавораць яны. – Але, з іншага боку, пануе міліцэйскае бязмежжа: сяброў замыкаюць за краты за легальныя ў іншых краінах справы, на канцэрты часцяком наведваецца АМАП, аб’яўляючы іх экстрэмісцкімі».

«Бывала такое, што наступная група на канцэрце – гэта той жа склад людзей, толькі інструменты іншыя»

Мы тэлефануем Л. – нязменнаму ўдзельніку фрык-дыска-панк гурта Ultra Pultra, а таксама ўладальніку аднайменнага лэйбла, дзе запісваецца добрая частка гарадзенскіх музыкаў. Мы сустракаем яго ў летнім кафэ ля аўтобусных перонаў і разам рухаемся ў бок клуба.

Па дарозе пытаюся ў Л. пра асаблівасці мясцовай панк-сцэны. «У Горадні музыканты ўсе павязаныя паміж сабой, – адказвае ён. – Хоць ты трэсні, па-іншаму ніяк. Амаль кожны музыка, які вызначыўся ў запісе ці ў нейкай групе, абавязкова граў недзе яшчэ. Бывала такое, што наступная група на канцэрце – гэта той жа склад людзей, толькі інструменты іншыя. У Горадні проста цесна, вельмі цесна. Горад маленькі, музыканты тут абасрацца як пераплеценыя». Неўзабаве мы дабіраемся да кропкі сённяшняга дзвіжу.

 

 

 

 

Экшн

Канцэрт праходзіць у месцы пад кодавай назвай «П’яны кут», якое звонку нечым падобнае да колішняга менскага Music DJ Bar. Да пачатку яшчэ паўтары гадзіны, але вакол ганка ўжо сабраліся некалькі дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат. Сёння граюць дзве групы з Польшчы – Fight Them All і Deszcz, абедзве з Познані. «Адныя валяць хуткі хардкор 80-х, а другія – змрочны неакраст. Ну і Monday Suicide, мясцовыя, – дзеляцца досведам мае выпадковыя суразмоўцы. – Зараз часта ладзяцца канцэрты, прыязджаюць групы. Горадня – гэта такі своеасаблівы трамплін. Або ў адзін бок, або ў іншы».

Мы даем нырца ўнутр. У памяшканні прыглушанае святло, сцены амаль не аздоблены, пасярэдзіне стаіць більярдны стол, збоку музыкі ўсталёўваюць апарат, а ў самай далечыні відаць барную стойку – мару дальнабойшчыка. Ля ўвахода хлопцы распакоўваюць мерч: налепкі, вінілы, майкі, зіны, літаратуру. Некаторыя рэчы, кшталту нашывак Contra La Contra, хер дастанеш у іншым месцы. Побач стаіць скрыня Food Not Bombs для галодных братоў нашых.

 

 

 

 

 

На паверхні ўжо тусіць даволі-такі шмат народу, і з першымі акордамі ўсе перасоўваюцца ўніз. Пачынаюць гарадзенцы Monday Suicide: «Мы падрыхтавалі для вас новае інтра», – гучыць загалоўная мелодыя Санта-Барбары, і музыкі падхопліваюць раж. Сцэны як такой няма, хлопцы граюць наўпрост у твар слухачам. Напачатку ўсе стаяць смірна, і я ўжо перажываю, што будзе, як на леташнім канцэрце Drum Ecstasy ў былым ЦЭХу, дзе людзі не рухаліся, а хладнакроўна здымалі барабанную жарсць на смартфоны. Але вакаліст Д. штурхае суседа-гледача – і пачынаецца слэм.

Заўважаю, якая добрая акустыка: чуваць кожны гук, а бас прыемна аддаецца ў грудзях. Пасля кожнай песні Д. бярэ слова і распавядае пра хібы фашызму, пра неабходнасць падтрымкі лакальнай сцэны, пра ціск сістэмы, пра палітычную сраку вакол. Выглядае ўсё як альтэрнатыўная нядзельная панк-імша. Пад канец выступу атмасфера робіцца шчыльнейшай, слэм агрэсіўнейшым, у бой іншы раз уступаюць і дзяўчаткі. Музыкаў просяць «яшчэ!», потым яшчэ раз «яшчэ!», пасля – перапынак. Усе вывальваюцца на паверхню.

 

 

«Вакаліст Д. штурхае суседа-гледача – і пачынаецца слэм»

 

 

Ці ты з Furfur?

Падыходжу да Д. пагутарыць, але ён адмаўляецца: «Калі б ты быў з якога панкаўскага зіна, я б табе распавёў пра гарадзенскую сцэну. Але я не даю інтэрв’ю афіцыйным СМІ, я ведаю вашых чытачоў. Пачнецца срач у каментах, і гэтак далей. Раней, гадоў шэсць таму, я яшчэ спрабаваў нешта данесці шырокай аўдыторыі, але зараз не. На ленінградскім фэсце United Help Fest 666 да мяне падышоў чувак з велічэзным хаерам, папрасіў інтэрв’ю. Я яму распавёў усё як ёсць, а потым выявілася, што ён з FURFUR».

З сутарэння даносяцца гукі наступнага гурта, і нас засмоктвае ўніз. Граюць познаньскія Fight Them All. Чувакі валяць па олдскульным хардкоры з ірваным англамоўным вакалам. Выпусцілі ўжо тры рэлізы. Некалькі песень публіка прызвычайваецца да саўнду, а пасля пачынаецца рубілава. Насупраць сцэны знаходзіцца сцяна ў два метры вышынёй, адкуль, выяўляецца, зручна дайвіць у натоўп. Часам пасярод залі знаходзіцца проста небяспечна. Напрыканцы музыкаў зноў просяць на біс, пасля – наступны антракт.

«Выглядае ўсё як альтэрнатыўная нядзельная панк-імша»

«У Познані таксама моцная сцэна. Станоўчую ролю ў гэтым грае сквот Rozbrat, ён існуе з 1994 года, – распавядае ля ганка K., вакаліст Fight Them All. – У вас галоўная праблема – гэта ўлады. У нас жа цяжка зацягнуць людзей на канцэрты. Яны лайкнуць у сацсетках, але на канцэрт не прыйдуць».

Трэці бэнд – Deszcz – пачынае з працяглага нуарнага інтра, якое пераходзіць у рытмічны метал з заведзеным на фоне мікрафонам, але праз некалькі хвілін усё ламаецца ў непралазную сцяну гуку хуткасцю, мабыць, да 400 удараў. Трымаецца саспіенс аж да канца выступу. Дыхтоўны экспірыенс! Хлопцы таксама з Познані, выпусцілі першы рэліз, на падыходзе наступны. Далей разам з Fight Them All яны едуць турам у Менск і Берасце, пасля – ва Украіну.

 

 

Горадня як панк-курорт

Пасля канцэрта сустракаем Л. і працягваем размову. «У Горадні любая прыезджая група атрымае падтрымку, у нас такі менталітэт. І яны потым вяртаюцца да нас, і нам яшчэ весялей становіцца, – распавядае Л. – Многія людзі, якія складалі тусоўку ў пачатку 2000-х, былі сёння на канцэрце. Я з імі вітаюся, але мы ўжо не тусуемся, таму што ўсе пасталелі, сталі жанатымі, у кожнага свае праблемы, машыны, кватэры, крэдыты. Але ніхто не замінае ім заставацца сабой, яны ўсё так жа ходзяць на канцэрты, хоць і на шмотках. Да гэтага часу здзіўляюся, калі старыя, лысыя скінхэды прыходзяць на канцэрты ў модных акулярах».

«Для менскіх панкаў Горадня заўсёды была курортам, сюды прыязджаюць угарэць, – працягвае Л. – Бывала нават, што яны знаёміліся адзін з адным толькі ў Горадні. “Ты з Сендайскага? А я з Камароўкі!” І яны прыязджаюць да гэтага часу, ім падабаецца проста адпачыць, лыч заліць і з'ехаць. Таму што там яны на працу ходзяць, руцінай займаюцца. А тут: “Уаэаэаэээ!”».

«Для менскіх панкаў Горадня заўсёды была курортам, сюды прыязджаюць угарэць»

Мы пераходзім мост, унізе цямнее Нёман, побач імкліва праносяцца раварысты. «Многія менчукі думаюць: “Горадня – казка!” Некаторыя пераязджаюць сюды жыць, нават з Масквы. Звычайна больш за тры месяцы не вытрымліваюць. Яны не разумеюць, што наогул адбываецца. Ім кажуць: “Чувак, тут жыць трэба”. А ён: “Я не разумею, што ў вас за дзвігло тут такое, здаецца, угараеце, здаецца, усе жывыя, а я ўжо хадзіць не магу”. І яны змываюцца. Тут трэба лайдаком быць».

Мы развітваемся, і напрыканцы Л. дадае: «Калі б не нашая сістэма, гарадзенскага панк-року, гэтага пратэсту і такой музыкі не было б. Любая еўрапейская група можа праспяваць пра антыглабалізм, пра палітыку, пра капіталізм, але яна будзе абагульняць. У нас жа ўсё па-сапраўднаму, і зразумела, супраць каго мы выступаем».

 



Фота by Караліна Палякова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

Бярендзей20-04-2018, 11:00

Белорусский панк рулит!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.