15638 0

«Продкі» у колеры

Наш гомельскі агент пабывала ў месцы, дзе ствараюцца мульцікі, і ўласнымі вачыма пабачыла, як гэта робіцца ў беларускіх рэаліях. Лаві гісторыю пра тое, як развіваць сваю справу на голым энтузіазме, якія цяжкасці сустрэліся аніматарам студыі “Chin Up”, і як яны з імі суладалі.

 

Што такое “Chin Up”

Гісторыя мульцікаў бярэ свой пачатак у канцы XIX стагоддзя і цесна звязана з французам Эмілем Рено. Менавіта гэты інжынер-самавук запатэнтаваў аптычны прыбор для дэманстрацыі рухомых малюнкаў − праксінаскоп. Першая ж муліціплікацыя пабачыла свет у 1897 годзе і была нічым іншым як рэкламай.  А дэбютны беларускі поўнаметражны мульцік выйшаў усяго тры гады таму, былі гэты «Прыгоды Несцеркі». З гэтага краткага анамнезу робіцца зразумела, што Беларусь не тое каб страна аніматараў. Тым больш дзіўна, што ў Гомелі ёсць студыя мультыплікацыі “Chin Up”, чый мультык за 9 месяцаў сабраў больш за 1,7 мільёна праглядаў на Youtube.

Гомельскія мультыплікатары праславіліся сваім мультсерыялам «Продкі»  для дзяцей 3-5 гадоў і іх бацькоў. Праект стартаваў у сакавіку 2014 года, за гэты час было знята 12 серый. Сюжэт разгортваецца ў дагістарычную эпоху, дзе галоўныя героі − брат і сястра Шчапа і Лёля трапляюць у розныя гісторыі, з якіх ім даводзіцца выблытвацца і здабываць з сітуацый павучальныя высновы. Я ў свае 25 гадоў з цікавасцю паглядзела некалькі серый, і мне захацелася ўбачыць сваiмi вачамi, хто ўсе гэтыя людзі, якія ствараюць добрыя мульцікі. І даведацца, як ім удаецца развіваць родную анімацыю фактычна на голым энтузіязме.

Ва ўтульным офісе мяне сустрэла каманда амаль у поўным складзе. Усе маладыя хлопцы  і толькі адна дзяўчына Оля, яна адзіны прафесійны мастак па адукацыі. Усе астатнія навучаліся ў працэсе. Яраслаў і Алег па адукацыі эколагі, мастакі Ігар і Юра – архітэктары, мастак Сяргей − будаўнік.

Яраслаў Лукашэвіч, адзін з заснавальнікаў студыі, распавёў, што некаторы час працаваў сцэнарыстам ў Маскве, і менавіта тады хтосьцi са знаёмых падаў ідэю стварэння дзіцячага мультфільма. Гэтая думка так запала ў душу, што вярнуўшыся ў Гомель, Яраслаў адважыўся яе рэалізаваць.

У сваім першым офісе-склепе ў сакавіку 2014 года сабраліся вяршыць анімацыю Яраслаў, Алег і Оля. Першыя два былі знаёмыя даўно, разам вучыліся на адным факультэце, акрамя таго іх звязвала агульнае КВН-кае мінулае. Яны даволі доўга працавалi над 12-секундны адрэзкам. Калі нешта стала атрымлівацца, вырашылі паспрабаваць зрабіць цэлых 6 хвілін. Так нарадзілася студыя “Chin Up” і пачалася гісторыя «Продкаў».

«Але мастакi вырашылі, што мёртвая жывёла ў дзіцячым мульціку не вельмі добрая ідэя, − і “ажывілі” лісу»

Са з’яўленнем першых серый каманда стала пашырацца. У Беларусі аніматар, мастак-мультыплікатар − адзінкавыя прафесіяналы, іх не так шмат, а ў Гомелі і таго менш. У студыю прыходзілі людзі, якім патрабавалася як мінімум тры месяцы, каб усяму навучыцца і ўліцца ў працоўны працэс. Зараз у “Chin Up” працуюць 7 чалавек. Аднаго з мастакоў хочуць забраць у войска, што для рабят сапраўдная трагедыя. «Зламайце яму што-небудзь», − міралюбна раю я. Жарты жартамі, а новага чалавека давядзецца навучаць з нуля, на гэта трэба дадатковы час, якога ў аніматараў няма.

 

 

Як ствараліся «Продкі»

Падчас гутаркі Яраслаў і Алег зрабілі мне кароткі лікбез па тэхналогіі стварэння мультыкаў.

Персанажаў «Продкаў», іх характары і знешні выгляд распрацоўвала Оля. У мульціку  пяць ключавых герояў: Шчапа, Лёля, мама, тата і ліса. Прычым, ліса з’явілася выпадкова, першапачаткова яна ляжала на плячах у мамы і была каўняром. Але мастакi вырашылі, што мёртвая жывёла ў дзіцячым мульціку не вельмі добрая ідэя − і «ажывілі» лісу. «Любы мультфільм − гэта паглыбленьне дзіцяці ў нейкі свет. Альбо зусім фантастычны, прыдуманы з нуля, альбо нешта рэальнае, але не менш цікавае. Мы вырашылі змясціць месца дзеяння ў старажытную эпоху, якая можа зацікавіць дзяцей» −  распавеў Яраслаў.

Сцэнар да «Продкаў» пісаў сам Яраслаў, Крысціна Паўлючкова – сцэнарыстка КВН, і гомельскі сцэнарыст-пісьменнік Аляксандр Рэй, які, дарэчы, удзельнічаў у напісанні сцэнара да нашумелага праекту Mr.Freeman.

Любы сцэнар рэдагуецца пад мультыплікацыю падчас наступнага этапу стварэння серыі −  раскадроўкі.  Гэта адмалёўка асноўных сцэн мультфільма ў статыцы, звычайна ўжываецца для больш дакладнага разумення паслядоўнасці, працягласці сцэн мульціка і дапамагае зразумець, як прыкладна будзе выглядаць гатовы мультфільм. Раскадроўкай займаецца рэжысёр Алег, ён жа выступае і асноўным рэдактарам. У рэжысёрскай версіі сцэнар выходзіць досыць моцна змененым.

Пасля раскадроўкі серыі мультфільма наступны этап – агучка. Частка персанажаў агучана ў Маскве, нешта часткова агучваецца ў нас галасамі гомельскіх радыё-дыджэяў. Далей ствараецца анiматык, які ўмоўна можна назваць аніміраванай раскадроўкай. Чарнавы яго варыянт дазваляе зрабіць больш зразумелым матэрыял з раскадроўкі для далейшай працы мастакоў-мультыплікатараў. Алег дастае важкі пачак лістоў з раскадроўкай «Продкаў» – кажа, што ў ім  змясціўся год яго працы над мультфільмам.

«”Продкі” −  наш першы праект, −  распавядае Яраслаў. − Праект, на якім мы вучыліся на сваіх памылках. Для нас важна было заявіць пра сябе, паказаць, што мы можам рабіць мультфільмы, што гэта рэальна ў Беларусі».Рабяты рэзка стартанулі і на 3-яй серыі зразумелі, што ўсё давядзецца перарабляць.Гэта быў першы вопыт для студыі, не шмат  ведалі пра структуру і тое, як правільна падысці да працэсу. Усе персанажы «Продкаў» атрымаліся складанымі, толькі цяпер, па словах мастакоў, стала ясна, што можна было ўсё зрабіць нашмат прасцей і прыгажэй. Але ў такім праекце вярнуцца назад практычна нерэальна. «Продкам», з усімі памылкамі, якія былі дапушчаныя ў пачатку, прыйшлося жыць з касякамі два наступныя гады.

На выпуск 12 серый мультфільму спатрэбіўся год. І гэта пры тым, што хлопцы вельмі спяшаліся. На студыі Disney норма мастака-аніматара − 4 секунды на тыдзень. Студыя “Chin Up” рабіла 6 хвілін у месяц, пры штаце 10-12 чалавек на той момант. Для такога малога штата хуткасць проста рэкордная, расійскія калегі на форумах нават не верылі ў такія лічбы. Самі «чынапаўцы» кажуць, што часцяком заседжваліся па начах, каб хутчэй выпусціць чарговую серыю.

«Мы, калі запускаліся ў “Калыханцы”, думалі, што Беларусь будзе больш глядзець, але ў выніку па лічбах наогул нічога не змянілася»

«Продкаў» круцілі на мясцовым гомельскім Першым Гарадскім тэлеканале, у «Калыханке», а хутка пакажуць і на ТБ-канале «Мультимания». На канале Youtube ў каманды 1,5 млн праглядаў, на GetMovies (самы папулярны інтэрнэт-канал, дзе сабраны ўвесь дзіцячы кантэнт – 34mag) яшчэ 1,5 млн праглядаў. Геаграфія гледачоў шырокая, але размеркаванне па папулярнасці нечаканае: на першым месцы Расія, на другім Украіна, на трэцім Казахстан, і толькі потым Беларусь. «Мы, калі запускаліся ў «Калыханцы», думалі, што Беларусь будзе больш глядзець, але ў выніку па лічбах наогул нічога не змянілася», − дзівіцца Яраслаў.

На маё пытанне, ці будзе другі сезон «Продкаў», каманда адказала, што ўжо напісаны сцэнар 3-х серый, аднак пакуль  вырашылі прытармазіць, каб трохі перачакаць крызіс.

 

 

 

Лёс аніматара ў Беларусі

Хлопцы паказваюць рэкламныя ролікі, якія яны рабілі для «Гомельэнерга», а таксама канцэпт для «Беларускай калійнай кампаніі», з ачалавечанай садавінай і гароднінай. Ажыятаж у нас з фатографам  выклікае бульбачка з вусамі: мы вырашылі, што гэты персанаж цалкам мог бы стаць новым мемам, не горш за знакамітага верабейку «Чык-чырык».

Зараз студыя выпускае навучальныя мульцікі «Азбука» усё з тымі ж героямі Лёлей і Шчапай, на чарзе серыя навучальных мультфільмаў «Лічбы», таксама ў планах выпусціць гульнявую кнігу. З нагоды пабочнай прадукцыі мультфільма рабяты распаведалі аб яшчэ адной асаблівасці, характэрнай для беларускага рынку.

Пры спробе супрацоўнічаць з рознымі кампаніямі, якія займаюцца вытворчасцю кніжак, сшыткаў і іншай падобнай прадукцыі, студыя нязменна сутыкаецца з адной і той жа пазіцыяй гэтых самых кампаній, якія кажуць што «Продкі» ім ні да чаго, яны ж могуць выпусціць, напрыклад, дзіцячую размалёўку з «Миньонами». Ніхто нават не задумываецца, што ліцэнзія на «Миньонов» каштуе каля 800 тыс.у.е., прычым гэта толькі на пэўную колькасць копій. «Калі б у нас у Беларусі было ўсё ліцэнзавана правільна, мы б ужо тройчы сябе акупілі», − кажуць мультыплікатары.

 

 

Сакрэтныя даследаванні

Нягледзячы на ​​крызісныя часы, “Chin Up” на ўсю моц плануе новыя праекты. Мне давялося падгледзець «сакрэтных» персанажаў будучага мультфільма. Іх уласнаручна выбірала фокус-група з дзяцей.

«Усе персанажы былі ў чорна-белым колеры, мы раздавалі іх дзецям, каб яны размалявалі тых, хто ім больш за ўсіх падабаецца. Потым мы асобна для сябе аналітыку зрабілі, па персанажах, па колерах і г.д. Завем гэта нашымі сакрэтнымі мультыплікацыйнымі даследаваннямі», − смяецца Яраслаў.

«Тое, што мы робім цяпер – нашмат прыгажэй і значна больш нам падабаецца»

Будучы праект, забаўляльны вясёлы мульцік, разлічаны для дзяцей 1-2 класаў.  Рызыкнуць і выпусціць мультфільм для дарослых студыя пакуль не гатовая, тлумачачы гэта тым, што нават на расійскім рынку няма паспяховых гісторый такіх праектаў, што ўжо казаць пра беларускі. «Симпсоны», «Гриффины» і iншыя − праекты амерыканскія, з вялізным бюджэтам, пра падобнае, кажуць рабяты, ім  пакуль даводзіцца толькі марыць.

Добры мультфільм зрабіць − палова бяды. Патрэбен яшчэ добры маркетынг, які таксама каштуе грошай. «Любы мультыплікацыйны праект − гэта сукупнасць фактараў, якія ўключаюць у сябе добры сцэнар, працу мастакоў-пастаноўшчыкаў, карыкатурыстаў, вялікае фінансаванне і многае-многае іншае. Усё прыходзіць з вопытам. Тое, што мы робім цяпер – нашмат прыгажэй і значна больш нам падабаецца», − кажа Яраслаў.

Калі нават ты не аматар мульцікаў і не маеш ніводнага дзіцёнка, то гэта зусім не азначае, што на «Продках» ты не заліпнеш на серыю ці пяць. Хто ведае, можа праз пару гадоў некаторыя тут будуць усё яшчэ фапаць на «Грыфінаў», а хтосьці будзе лічыць хвіліны да выхаду новай серыі мульціку ад беларускіх мульціплікатараў “Chin Up”.

 

 

Тэкст by jstarin
Фота by Наталля Трукутулая


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.