22714 6

Прадцеча ЖЭК-арту

Правінцыя хавае мноства талентаў і непрызнаных геніяў. У звычайным аграгарадку Лебедзева мы знайшлі 70-гадовага геніяльнага прадцечу мастацкага стылю ЖЭК-арт і проста ландшафтнага дызайнера з паралельнага сусвету Веньяміна Мякшылу. За 12 гадоў, праведзеных на пенсіі, дзядзька Веня паспеў ператварыць сваё радавое гняздо ў натуральны беларускі «Нэвэрлэнд», які смела можна браць пад ахову дзяржавы.


Уласная мастацкая вакханалія

 

Лебедзева – звычайны сонны аграгарадок непадалёк ад Маладзечна. Па пыльных сцежках бегаюць куры, трохпавярховы будынак адзінай тутэйшай школы блішчыць навюткай жоўтай фарбай, прамая дарога прабівае населены пункт наскрозь, быццам страла. На першы погляд, здаецца, што Лебедзева адразу з моманту заснавання пагрузілася ў летаргічны сон, аднак гэта не так. За сваю больш як шасцісотгадовую гісторыю мястэчка бачыла князёў Гальшанскіх і Радзівілаў, шведскія і маскальскія войскі. Праз яго праязджаў Напалеон, мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні Каліноўскага.

На самым ускрайку Лебедзева жыве знакамітасць раённага маштабу, касмічны мастак-мультыінструменталіст ад сахі Веньямін Генадзевіч Мякшыла, для сваіх − проста дзядзька Веня. Мы сустракаемся з Веньямінам у яго фантасмагарычнай сядзібе, мастацкае аздабленне і атмасфера якой адразу ж выносяць нам мозг. На ўваходзе месцяцца незвычайныя канструкцыі з жалеза, што нагадваюць апгрэйджаныя пепелацы, далей ідуць дзівосныя скульптуры з бетону і дрэва, дамашнія фатэлі, падвешаныя на масіўных ланцугах да спецыяльных перагародак, адкрыты пакойчык, дзе партрэты камуняк перамяшаныя з касетнымі каверамі «Іванушак International», размаляваны божымі кароўкамі стары «Жыгуль» і іншы залімітавы творчы шандзец.

Прабірае пачуццё, нібы ты патрапіў у стары стракаты мультфільм, у якім зусім нядаўна рабочыя і сяляне зладзілі пераварот, захапілі вакзал і палісаднік. Гаспадар у сваёй шэрай пары і звычайнай белай кашулі губляецца сярод каралеўства фактур і колераў. Ён падыходзіць да нас, трохі кульгаючы, не па-старэчаму моцна цісне руку і запрашае смела праходзіць, а не таптацца на месцы. «Не часта да мяне госці завітваюць, − тлумачыць ён сваю нецярплівасць. – Столькі ўсяго хочацца паказаць і распавесці».

Першая праца Веньяміна – тое, з чаго пачалася яго ўласная мастацка-дызайнерская вакханалія − выява паштальёна Печкіна, зробленая звычайнай фарбай на звычайным плоце. Доўгі час ён шукаў якога-небудзь мастака, каб размаляваць шэры плот, але нікога не знайшоў, і давялося самому браць пэндзаль у рукі. Недзе тут і прарвало. «Да гэтага я мог гадзінамі разглядаць чужыя карціны ў камісіёнцы, – узгадвае Веньямін Генадзевіч. – Я і мантажнікам-высотнікам працаваў, і кінамеханікам, але ўсё часу не было выцягнуць з грудзей усё, што накіпела. А як выйшаў на пенсію ў 58, дык і час з’явіўся, і жаданне. І пачаў рабіць тое, што мяне даўно хвалявала». Цяпер Веньяміну 70, і за апошнія 12 год, праведезных на пенсіі, ён паспеў стварыць свой ўласны «Нэвэрлэнд», які ўжо цяпер смела можна браць пад ахову дзяржавы.

 

 

Без лішніх сэнсаў

На ўзгорку ўзвышаецца адзін з апошніх шэдэўраў творцы − скульптура чорнага арла. Тэхніка выканання нагадвае мудрагеліста-фантастычную спадчыну Антоніа Гаўдзі. Тры месяцы сышло на тое, каб зрабіць складаную драўляную канструкцыю з дошак, па якіх дзядзька Веня каціў да патрэбнай кропкі важкія камяні, пасля заліў усё бетонам, упрыгожыў шклом і ў рэшце рэшт стварыў пастамент для скульптуры. На думку майстра, ніякай сэнсавай нагрузкі чорная птушка не нясе, яму проста падабаецца адчуванне манументальнасці і моцы вобраза.

Увогуле, адсутнасць лішніх сэнсаў – характэрная рыса большасці работ і інсталяцый Веньяміна Генадзевіча, здаецца, вобразы прыходзяць аднекуль з падкоркі, ці, нават, проста з наваколля. «Чытаў я міфы пра грэчаскіх багінь сваім унучкам, − пускаецца ва ўспаміны мужчына. – Ну і вырашыў зрабіць серыю жаночых скульптур, каб іх парадаваць. Ёсць Феміда, ёсць Афрадыта, іншых, на жаль, не паспеў яшчэ дарабіць». Дарэчы, бытавыя дробязі вельмі моцна адцягваюць увагу творцы. То шкло ў разбітае акно ўставіць трэба, то каналізацыю падрамантаваць. Але нягледзячы на перашкоды, Веньямін неверагодна прадуктыўны, наўрад ці ён калі-небудзь сустракаў пакуты творчасці. Гледзячы на разнастайны мульцяшны Мордар, у які ператварыўся ўчастак гаспадара, разумееш, што з натхненнем у яго ўсё добра.

У асобнай залі месцяцца выбраныя карціны ды іконы аўтарства Веньяміна. «Я атэіст наогул, мы самі стварылі сваіх багоў, каб жыць лягчэй было, − заўважае мастак. – Заўсёды трэба спадзявацца на самога сябе. Іконы я для душы пішу ці па замове». Для мастака ўласцівы ўнутраны анархізм і імкненне да свабоды. Ён не прызнае ніякіх уладаў, лічыць усіх яе прадстаўнікоў ілгунамі і крывадушнікамі. Шматлікія партрэты Леніна, Сталіна, Гарбачова, развешаныя на адной з веранд, служаць своеасаблівым напамінам пра паскуднасць любой улады.

Дзядзька Веня ўласнымі рукамі пабудаваў шматфункцыянальны комплекс, што прыдатны не толькі для творчасці, але і для паўнавартаснага жыцця. Сам таго не ведаючы, ён выкарыстоваўваў прынцыпы другаснага спажывання і рэсайклінгу яшчэ тады, калі гэта не зрабілася моднай фішачкай. Усе матэрыялы для будаўнічых і мастацкіх патрэбаў Веньяміну прыносілі сябры, былыя калегі, аднавяскоўцы.

З падарункаў ды знаходак складаецца і прыватны музей, што паўстаў раптоўна і месціцца ў адным з будынкаў гаспадаркі. Тут можна пабачыць цудоўнага «аднарукага бандыта» ў абсалютна працоўным стане, унушальную калекцыю друкарак, тэлефонаў, фотаапаратаў, плотніцкія інструменты XIX стагоддзя, дзіцячыя цацкі, стосы савецкай сімволікі. Кожны прадмет з калекцыі – сімвал даўно мінулай эпохі, зашыфраванае пасланне для нашчадкаў. Усе разам яны ствараюць карціну свету аднаго асобна ўзятага чалавека, сталкера па настальгіі, «захавальніка спадчыны», як той сам сябе называе.

 

 

 

 

 

Два даляры за наведніка

На думку творцы, сучасныя людзі занадта сканцэтраваліся на ўласным «я» і за межамі свайго эгацэнтрызму не тое, каб моцна імкнуцца расплюшчваць вочы і адкрывацца знешняму свету. Быў час, калі Веньямін Генадзевіч даваў абвесткі ў мясцовую газету, у якіх запрашаў усіх ахвотных наведаць ягоны дом-музей. Нават па два даляры абяцаў плаціць кожнаму на ўваходзе, ды ніхто так і не з’явіўся. Час ад часу да яго ўсё ж такі наведваюцца з экскурсіямі мясцовыя школьнікі ці далёкія родзічы − спецыяльная кніга заўваг і прапановаў поўніцца іх удзячнымі допісамі.

Невялікі жалезны мост спалучае дахі музея і жылога будынка. Па хісткай, на першы погляд, канструкцыі можна трапіць у майстэрню. Як і належыць любой майстэрні, тут Веньямін захоўвае яшчэ не скончаныя працы. У якасці палотнаў выступае ўсё, што трапляецца пад руку – жалеза, шкло, дрэва, бліжэйшая сценка.
Гледзячы на тое, як немалады мужчына энергічна манеўруе паміж элементамі ўласнараспрацаванага і ўласнапабудаванага Сусвету, міжволі пачынаеш дзівіцца таму лабірынту, які хаваецца ў яго седой галаве.

Веньямін Генадзевіч – непрызнаны геніяльны прадвеснік і паслядоўнік так званага ЖЭК-арту, ён развіў і без таго брутальную канцэпцыю манументальнага дваравога мастацтва да ўзроўню абсурда, узвёў яе ў культ. Гэты музейна-ландшафтны комплекс не мае ўжо нічога агульнага з простым вяскова-дачным кічам, здаецца, ён даўно ўжо перайшоў у катэгорыю сучарта. Калі Веньямін пачынае займацца творчасцю, усе сацыяльныя абмежавальнікі перастаюць працаваць, а вясковы прагматызм саступае месца магутнаму мастацкаму ўгару і наіўнаму захапленню светам.

 

 

Фота by 7fridays і Bazinato


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (6)

кошечка12-09-2014, 03:40

от это я понимаю жить в кайф!

Адказаць

мечта12-09-2014, 21:19

мечта любой внучки этот дед Вениамин)

Адказаць

М. Блыскун13-09-2014, 19:57

Было б цікава таксама пачытаць пра яго сям'ю, мяркую, что там таксама ёсць нешта цікавае.

Адказаць

Ваня14-09-2014, 04:31

Малиновый пиджак detected

Адказаць

jane15-09-2014, 22:21

срочно привезти туда кустурицу и снимать новый фильм.

Адказаць

втф17-09-2014, 00:38

во деда попёрло!! ахахха!) дизайнеры минских баров отдыхают в сторонке )))

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.