22129 0

Полацк і Наваполацк

Двайны фірмовы гайд ад 34 – добрая тэма, а калі ён яшчэ і ад мясцовага, закаханага ў горад, то крута тым больш. Полацкі музыка Стась Сілка распавёў пра культавыя месцы двух гарадоў для тых, каму хочацца пагрузіцца ў беларускую гісторыю, і тых, хто хоча паглядзець на дзіўны горад-утопію. Вялікі дзякуй мастаку Сяргею Шабохіну, які адмыслова для 34mag.net успомніў сваё юнацтва ў Наваполацку.

 

Полацк застаецца адною з асноўных турыстычных кропак не толькі для беларускага наведніка, але і для суседзяў з Расіі, Літвы і Латвіі. Каб быць модным і заставацца ў курсе сучасных тэндэнцыяў беларускага турызму, трэба абавязкова наведаць самы старажытны горад і яго маладога суседа – Наваполацк. А, калі хочаш, каб палачане палічылі за свайго, мусіш ведаць, чаму ў Полацку на вакзале халадней, чым у цэнтры, што такое «сустрэцца на кані» ды ўмець адназначна адказваць на пытанне: «Дзе ў Наваполацку найлепшыя тусоўкі?».

Полацк − бацька гарадоў беларускіх. Згадваецца ў летапісе ў 862 г. Грымеў на ўвесь свет як гандлёвы, палітычны і культурны цэнтр, у XVI ст. мог пацягацца ў моцы з Вільняю – пра гэта ведае любы школьнік. Былая сталіца Полацкага княства, радзіма Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай ды іншых не менш значных персанажаў з нашай гісторыі і цяпер захоўвае атмасферу цэнтру поўначы Беларусі.

 

Успамінае мастак Сяргей Шабохін:

– Наваполацк – адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, яго заснавалі ў 1958 г. Гэта была ўдарная камсамольская будоўля, у выніку вырас цэлы прамысловы комплекс, і калі глядзець карту, то частка гораду, якая здаецца самаю буйной, – гэта насамрэч заводскі раён, а маленькая каўбаса ўздоўж ракі – гэта ўласна жылы горад. Раней тут была вельмі дрэнная экалогія, за яе моцна біліся, цяпер стала лепей, праўда, ужо і палова заводаў не працуе.

Паміж заводскім і жылымі кварталамі – лес, ён выконвае ахоўную функцыю. Гэты лес нельга знішчаць, і ў той жа час даволі складана будаваць горад на другім баку ракі, таму Наваполацку даводзіцца выцягвацца. Будаўніцтва цяпер адбываецца ў бок Полацку, і ўжо ўсім даўно відавочна, што хутка гэтыя гарады зрастуцца.

Наваполацк вельмі звязаны з ідэяй утопіі новага гораду, будаваць яго прыязджалі людзі з усяго свету, таму горад вельмі разнастайны ў сваім кантынгенце. Тут ёсць жылы блок, які спрабавалі пабудаваць так, каб з самалёта чыталася «СССР». У выніку там тры «С», а, калі прыйшоў час будаваць «Р», саюз разваліўся.

Тут велізарная радзільня, бо нараджальнасць была проста неверагодная – усе хадзілі з вазкамі. Кожны двор быў запоўнены дзіцячымі галасамі. Арганізоўвалася шмат бандаў, гэта ўжо таксама міфалогія – «Шараі», «Барбос», хадзілі раён на раён.

У 90-х усе знялі камсамольскія значкі, у ларках з’явіліся жуйкі Turbo, у горадзе стала спакойна. Хутка пашыралася хваля нефармальнага руху – The Prodigy, Земфіра, нелегальныя дыскатэкі, нараджалася рэйв-культура. Але ўсё роўна 90 % насельніцтва было даволі гопніцкае. Для таго, каб неяк выжываць, усе нефармалы збіралася разам. Унікальнае тое, што нефармальная тусоўка складалася з цалкам розных субкультураў: рэперы, Prodigy-стайл, скінхэды і байкеры. Гопнікам таксама дастаткова страшна было – калі побач тусуюцца скінхэды, лішні раз ужо не скажаш, што ў кагосьці зялёныя валасы.

Яшчэ адное цікавае месца – гэта пасёлак Міжрэчча, катэджавы гарадок, што размяшчаецца крыху вышэй Наваполацку. Там пабудавалі вялікі канал, з тым улікам, каб у катэджаў быў выхад да вады. Яго цалкам рабілі ў еўрапейска-амерыканскім стылі. Цяпер там вельмі прыемна шпацыраваць увесну і ўлетку, каналы чыстыя, у іх можна плаваць, і ў нейкі момант ствараецца ўражанне, што ты наагул не ў Беларусі.

 

 

– Дабрацца ў Паўночны Вырай (так мясцовыя завуць Полацк), у які не вяртаюцца птушкі з Поўдня і адкуль сышлі апошнія мядзведзі, можна чыгункаю за € 4–10 у залежнасці ад адпраўной кропкі. Палачане і новапалачане для таго, каб даехаць да Менску, карыстаюцца камфартабельнымі маршруткамі, якія ходзяць штогадзіну і каштуюць € 3. У Менску пасадка адбываецца на станцыі «Дружная», а ў Полацку і Наваполацку кіроўца забярэ і высадзіць на любым прыпынку ў цэнтры. Паміж двума гарадамі ходзяць аўтобусы і маршруткі № 5 і № 10.

 

Cпыніцца знойдзецца дзе як самотнаму вандроўніку, гэтак і вялікай кампаніі. У Полацку, у беспасярэдняй блізкасці да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, ёсць хостэл «Сафія» (зав. Шмідта, 20), які прапаноўвае і койка-месцы за € 8, і сямейныя люксы за € 35.

Гасцініца «Дзвіна» (Полацк, праспект Францыска Скарыны, 13) у цэнтры гораду, Скарына пад акном, сталінскі ампір – мікс, магчымы толькі ў нас, прапаноўвае нумары ад € 10 да 65 за суткі.

Гасцініца «Парус» (Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 50а) на беразе Дзвіны, самая новая ў нашых гарадах, з нумарамі ад € 14 да 26.

Калі ты вырашыш зацаніць рэкрэацыйны патэнцыял Наваполацку, гасцініца «Беларусь» (вул. Кірава, 2) дасць табе прытулак за € 15–45. Стаіць яна на цэнтральнай плошчы. Нічога цікавага ты не ўбачыш у акно, але ж не для таго гасцініцы будуюць, каб у іх сядзець, праўда? Знойдзеш лёгка па вялікай колькасці таксовак.

Гасцініца «Нафтан» (Наваполацк, вул. Я. Коласа, 48) Кажуць, што раней расійскіх зорак пасля канцэрту ў Менску прывозілі ночыць сюды, бо найкруцейшай не было ў краіне. Час прайшоў, але табе і сёння хопіць камфорту, каб выспацца, заплоціш € 10–40.

Яшчэ ёсць варыянт зняць кватэру на суткі, у сярэднім кошт складае € 10–20.

P.S. З вакзалу таксама не выганяюць.

 

Пачнем з цэнтру Полацку: як будзеш на вакзале, па вуліцы Гогаля ідзі ў бок Дзвіны, людзі тут добрыя, падкажуць.

Праз 5 хвілінаў хады ўпэўненым крокам ты ўбачыш помнік Францыску Скарыну. Усталяваны ў 1974 г., пяціметровы першадрукар глядзіць на цябе з сумна-задуменным выглядам. Ён вучыўся і працаваў за мяжою яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам, але памятаў пра патрэбы радзімы. Беларускую Біблію, першую ва ўсходніх славянаў друкаваную кнігу, Скарына выдаў у Празе ў 1517 г. Ад помніку рухай направа па праспекце Францыска Скарыны і паглядзі яшчэ некалькі цікавостак.

Помнік літары «Ў» стаіць у пачатку праспекту Скарыны. Яго ўсталявалі ў верасні 2003 г. Дзе яшчэ ставіць помнік беларускаму пісьменству, як не ў Полацку?

Цэнтр Еўропы (сквер на праспекце Скарыны). «Жыве кулік, дзе прывык, і кожны сваё балота хваліць», – кажа беларуская прымаўка. Так і шмат хто намагаецца назваць свой двор цэнтрам Еўропы ці нават цэнтрам Сусвету, але мы ведаем, дзе праўдзівы цэнтр. Больш цэнтральнага цэнтру не знойдзеш.

Цёплы і халодны Ленін. Тэма помнікаў Леніну актуальная сёння, як ніколі, а ў Полацку іх ажно два. У прывакзальным скверыку прытаіўся Ленін, апрануты ў паліто, ён быццам бы ідзе на канцэрт у ДК. А ў цэнтры, на тым жа праспекце, Ленін ужо ў пінжаку фарсіць, таму ў палачанаў і з’явіўся жарт, што ў раёне вакзалу халадней на пару градусаў. Наўпрост праз дарогу ад Ілліча (пакруці галавой), каля кінатэатру «Радзіма», яшчэ адзін славуты жыхар полацкіх вуліцаў.

Сімяон Полацкі (вул. Свярдлова, 5) сядзіць праз дарогу насупраць «халоднага» Леніна. Вядомы нам з падручніка, рэлігійны дзеяч, паэт, драматург, з’ехаў на СМЖ з Полацку ў Маскву, дзе працаваў у царскай сям’і выхавацелем і настаўнікам. Беспасярэдне быў задзейнічаны ў выхаванні маленькага Пятра Аляксеевіча Раманава, будучага расейскага імператара Пятра І. Відавочна, што Сімяон не давёў справы да канца, раз ягоны выхаванец, будучы ў Полацку, пазабіваў уніяцкіх святароў і падарваў Сабор св. Сафіі.

Ад помніку Сімяону рушым далей па праспекце да плошчы Свабоды, знаёмімся з яе комплексам і помнікам вайне 1812 г. ды ідзем кланяцца вялебнай Еўфрасінні.

Помнік Еўфрасінні Полацкай (паміж вуліцамі Войкава і Камуністычнай). Калі ты забыўся, нагадваем: унучка князя Усяслава Чарадзея аддала перавагу духоўнай працы, а не шчасліваму сямейнаму жыццю ў княжацкіх палатах. Працавала ў сферы адукацыі, стварала школы пры манастырах, пабудаваных ёй жа. На ейную замову зрабілі легендарны крыж, таямніца знікнення якога дагэтуль не пакідае ў спакоі беларусаў. За сваю прыжыццёвую дзейнасць Еўфрасіння была кананізаваная і цяпер лічыцца нябеснаю апякункай усёй Беларусі.

Вяртаемся на плошчу і шукаем вуліцу Замкавы праезд, далей табе проста па ёй.

Езуіцкі калегіум (Замкавы праезд). У Полацку захоўваюцца традыцыі асветніцтва і культуры. Студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту вучацца ў будынку XVIII ст. Комплекс былога Езуіцкага калегіуму, які за царскім часам быў кадэцкім корпусам, натхняе на атрыманне ведаў у філалогіі, праграмаванні ды гісторыі. Атмасфера як у Хогвартсе, толькі што на мётлах не лётаюць, а так адзін у адзін. Помнік шкаляру ў дворыку ўніверсітэту як прывітанне ад раздзяўбаяў-студэнтаў мінулага раздзяўбаям-студэнтам нашага часу.

Ідзем далей па Замкавым праездзе, на Верхні замак, да святая святых Беларусі.

Сафійскі сабор у Полацку (вул. Замкавая, 1). Адукаваны беларус ведае, што полацкая Сафія − сімвал незалежнасці беларускага народу, не проста так ва ўсходніх славянаў іх толькі тры: у Кіеве, Ноўгарадзе і ў стольным Полацку. Пабудаваны Князем Усяславам Чарадзеем у XI ст. і перабудаваны апошні раз у XVIII ст., сабор набыў сучасны выгляд і натхняе творцаў усіх масцей, ад паэтаў да мастакоў. Цяпер ты ведаеш, дзе «Сафія плыве над Дзвіною нібы карабель».

Барысаў камень (вул. Замкавая, 1). Полацк – горад магічны і сакральны, і не загадаць жадання тут проста нізка і амаральна. Пад гэта ёсць і адмысловае месца. Полацкі князь Барыс загадаў зберагчы сваю зямельку ад хваробаў і ўвайсці ў гісторыю: выбіў на 7 камянях надпісы і расставіў іх па сваім княстве. У яго атрымалася ўвайсці ў гісторыю, і ў цябе ўсё атрымаецца, дакраніся і загадвай.

Вяртаемся на плошчу Свабоды і шукаем вуліцу Еўфрасінні Полацкай, па ёй нам упэўненым крокам хвілінак 25 да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра (вул. Еўфрасінні Полацкай, 89) – аднаго з найстаражытнейшых у Беларусі. Еўфрасіння прысніла анёла, які паказаў ёй месца для будаўніцтва, і манастыр, нягледзячы ні на што, стаіць ужо 900 гадоў. Калі стаміліся, можна сесці на 4 аўтобус і пад’ехаць, але раім здзейсніць невялікі шпацыр: толькі праз падэшвы адчуваеш горад.

Першае па дарозе месца – Чырвоны мост, паводле легенды, падчас вайны 1812 г. тут адбылася бітва лютая і вада ў Палаце стала чырвоная, так і мост назвалі. Праходзь праз яго і шыбуй наўпрост, каб убачыць нештачка.

Помнік Усяславу Чарадзею (на скрыжаванні вуліц Е. Полацкай і Кастрычніцкай). Кожнаму вядомы «Медны вершнік» у Піцеры, а вось наш вершнік. Першы конны помнік у Беларусі прысвечаны легендарнаму князю, які наводзіў шораху ў свой час. Пры ім такой лухты, як цяпер, не было, і Ноўгарад, і Кіеў на цыпачках хадзілі, і Полацкае княства шумела на ўсю Еўропу. Ходзяць чуткі, што ваўкалакам-пярэваратнем быў Усяслаў і мог ад Кіева да Полацку ваўком дабегчы ці сокалам даляцець. Хто ведае, можа, і праўда мог. І ваяр быў магутны, і палітык таленавіты. А менчукі мусяць быць удзячныя яму: каб не біўся з Кіевам на Менцы, дык, можа, пра Менск бы і дагэтуль ніхто не ведаў. Стаіць князь з канём сваім на скрыжаванні дарог у зручным для сустрэчаў месцы, так і кажуць: «Сустрэнемся на кані».

У Наваполацку няма ані помніку Леніну, ані вуліцы Камуністычнай, ані вуліцы Савецкай. Асноўная вуліца гораду адная – Маладзёжная, што выклікае вялікую колькасць жартаў. У пачатку яе стаіць помнік Першай палатцы (вул. Маладзёжная, 5) – помнік камсамольцам і простым будаўнікам Нафтаграду.

Праз пяць хвілінаў хады ты ўбачыш будынак кінатэатру «Космас» (вул. Маладзёжная, 25) – у свой час ён быў найлепшым у рэгіёне, але цяпер чакае новага гаспадара. Раім сфоткацца з унікальным барэльефам, прысвечаным скарэнню космасу чалавекам у 1961 г., пакуль яго не з’елі дажджы.

Яшчэ праз сем хвілінаў хады ты апынешся на цэнтральнай Плошчы будаўнікоў, тут можна знайсці сабе новых сяброў, ад скейтэраў да мажораў-тусоўшчыкаў. На краі плошчы стаіць скульптурка трубача – у 80-ых–90-ых Наваполацк цягаўся з Менскам за званне рок-сталіцы.

У Полацку і Наваполацку агулам 12 музеяў, любіш краязнаўства – дарога табе ў краязнаўчы, любіш рыцарства – у музей сярэднявечнага рыцарства. Любыя жаданні за твае грошы. Квіток каштуе ад € 0,5 да 3 для дзетак і ад € 1 да 5 для дарослых.

Музей кнігадрукавання (Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 22). Полацк як культурная сталіца Беларусі нясе ліхтар асветы праз вякі. Радзіма беларускай кнігі раскрые вам таямніцу гісторыі ды стварэння найлепшага падарунку.

Мастацкая галерэя (Полацк, вул. Стралецкая, 4A-4) Не кожны горад можа пахваліцца галерэяй, а тут вам і выставы сучасных мастакоў-авангардыстаў, і арыгінальныя працы Язэпа Драздовіча, і ўзоры старажытных фрэскавых роспісаў Полаччыны.

Прыродна-экалагічны музей (Полацк, вул. Скарыны, 21) Птушкі да нас з выраю не вяртаюцца, то палачане ходзяць паглядзець на іх ды на іншых насельнікаў беларускай зямлі ў музей, размешчаны ў старой воданапорнай вежы. Правер, наколькі ты круты, і падыміся пешшу на вышыню птушынага палёту.

Наваполацкі музей (Наваполацк, вул. Маладзёжная, 45/3) Малады горад заснаваны 58 гадоў таму, жыццё тут з пачатку забурліла, як катлы з нафтаю на яго заводах. Прыгоды будаўнікоў, гісторыя станаўлення заводу-карміцеля, алімпійскія чэмпіёны-нарадзінцы гораду, усё ў неверагоднай мадэрновай вокладцы.

 

Для таго, каб хуценька схапіць што-небудзь і мінімальна пад’есці, па нашых гарадах раскіданыя крамы «Дыяніс» і ўсімі любімы «Еўраопт» са сваймі кулінарыямі. Таксама не рэдкасць невялічкія забягалавачкі, дзе можна вычапіць бутэр.

Quick coffee (Полацк, пр-т Ф. Скарыны, 13) Калі хочаш спыніцца ў цэнтры гораду і не толькі папіць кавы ці гарбаты з пірожанкай, а яшчэ паглядзець на выставы мясцовых фотамастакоў, то табе сюды.

«Даміян» (Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 41б) Добра паабедаць беларускаю кухняй за € 4–5 можна на беразе Дзвіны. Улетку больш шыкоўнага месца не знайсці.

«Дамініка» (Полацк, пр-т Ф. Скарыны, 11). Піцэрыя-кавярня, дзе абедаюць твае любімыя «Akute», прапаноўвае як багатае абедзеннае меню, гэтак і шырокі выбар піцы і піва.

Нагледзеўся на помнікі гісторыі ды культуры Полацку, маеш час для «душэўна пасядзець» і ад € 10 да бясконцасці? Смела рулі ў «Плаза Вернісаж» (вул. Кірава, 2): моладзь, дамы, караоке. Размяшчаецца ў адным будынку з гасцініцаю «Беларусь».

«Клякса» (Наваполацк, вул. Маладзёжная, 152) − новае моднае месца для тусовак, правядзення крутых моладзевых вечарынаў і нашумелага праекту «трэш-караоке», дзе і без таго спецыфічны спеў ускладняецца яшчэ і рознымі квэстамі. Пакуль ты спяваеш, цябе можа пагрызці абучаны сабака ці табе зробяць эпіляцыю, або надаюць селядцом па шчоках. Такія сабе забавы, але чаму не? Адпачываць дык адпачываць.

«Тэдзі» (Наваполацк, вул. Маладзёжная, 72б). Бар-кавярня з перыядычна жывой музыкай, караоке, добрай кухняй і цікаваю атмасферай − месца збору моладзі. Калі хочаш пазнаёміцца з мясцовымі тусоўшчыкамі, то табе сюды.

 

Тэкст by Стась Сілка i polevik
Фота by Таня Аліпчыкава i polevik


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.