20374 0

Пінск

Самы поўдзень краіны і сэрца Палесся, горад над Пінай, дзе размаўляюць спецыфічным дыялектам, куды епіскапаў прызначае сам Папа Рымскі і адкуль паходзяць многія сусветныя знакамітасці, – усё гэта Пінск.

 

Пінск – не проста прыгожы горад. Гэта другі ў Беларусі горад па колькасці помнікаў архітэктуры (хоць з тым пастаянна хтосьці не згодны), сталіца Палесся (а з гэтым не згодныя ў Мазыры), паўднёвы горад, аточаны балотамі і поўны велічных камароў. Пінск – гэта яшчэ і месца, адкуль паходзяць продкі Ральфа Ларэна, заснавальніка кампаніі POLO, і амерыканскага шоумэна Лары Кінга, горад, дзе гадаваліся, вучыліся ды маюць сваякоў першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман і нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы Сайман Кузнец. Варта таксама згадаць Стыва Балмера, былога гендырэктара Microsoft, – у Пінску нарадзіўся і жыў яго дзед Шлома Дворкін. У 2007 годзе Стыў наведаў сваю радзіму, прагуляўся па гістарычных мясцінах і завітаў у будынак пякарні, пабудаванай ягоным дзядзькам. Дарэчы, пякарня Дворкіна да гэтага часу гандлюе хлебам і смачнымі пірожнымі на вуліцы Кірава, насупраць Палескага ўніверсітэта. Увогуле, калі казаць пра вядомых ураджэнцаў Пінска, трэба рабіць цэлы цыкл публікацый. Хуценька дадамо, што тут нарадзіліся футбалісты Андрэй Астроўскі і Віталь Кутузаў.

Калі ты не плануеш цэлы дзень ляжаць на адным з двух гарадскіх пляжаў і медытатыўна ўтыкаць у праплываючыя міма баржы, то важна ўлічыць кліматычныя асаблівасці. Пінск акружаны рэкамі, балотамі і азёрамі – тут вельмі вільготна. Летам вільготнасць дасягае 98%, а тэмпература – сур'ёзна за 30°C. Таму прыязджаць лепш за ўсё ў траўні, калі ўжо цёпла, увесь горад квітнее, а ўздоўж набярэжнай цвітуць каштаны. Або ў канцы жніўня – пачатку кастрычніка, калі не так горача і ўсё яшчэ шмат сонца. Чытай наш гайд і плануй сваё падарожжа на поўдзень.

 

Ад менскай Кастрычніцкай плошчы да Пінска – 299 км. Ёсць некалькі опцый, каб пераадолець гэтую адлегласць. Машынай – пэўна, самы зручны і хуткі спосаб. Google Maps рэкамендуе адразу тры маршруты. Самы аптымальны – Е30/M1 і па дарозе Р6. Калі коратка, то па берасцейскай трасе трэба ехаць да Івацэвічаў, адтуль паварочваць на Целяханы і кіравацца дарожнымі знакамі. У выніку 305 км і 3-3,5 гадзіны ў дарозе. На гэтым жа маршруце выдатна працуе аўтаспын: можна даехаць да Івацэвічаў, потым перайсці пешшу трасу і за мостам лавіць машыну на Пінск. Такая паездка зойме 4-4.5 гадзіны і абыдзецца бясплатна.

Другі варыянт для аўто – Р23 і М10. Ён для таго, хто хоча пабачыць Салігорск і праехаць праз Мікашэвічы. Адлегласць – 304 км, аднак ехаць прыйдзецца мінімум гадзіны чатыры. Рэч у тым, што дарога там горшая і дазволеная хуткасць далёка не 120 км/г, як на М1. Ёсць яшчэ трэці варыянт: праз Ганцавічы-Нясвіж-Стоўбцы, па якім шлях карацей (каля 280 км). Варыянты праз Мікашэвічы і Ганцавічы кепскія тым, што дарогі там двухпалосныя з дрэнным пакрыццём, гэта не толькі менш камфортна і бяспечна, але і прыкметна павялічвае час у дарозе.

Што тычыцца маршрутак, то іх значна больш: гэта прыватныя кампаніі. Адпраўляюцца яны кожную гадзіну. Кошт пачынаецца ад € 4,5 (на святы – даражэй).

Калі дабірацца цягніком, дык і тут варыянтаў два. Першая опцыя – ускочыць у цягнік №662Ф Камунары–Брэст-Цэнтральны. Ён ходзіць штодня: з Менску выязджае ў 22.59, а ў Пінску спыняецца ў 4:33. Квіткі ў агульны вагон (не рэкамендуем) каштуюць € 2, плацкарт – € 3, купэ – € 4. Гэты варыянт пасуе тым, у каго ў Пінску ёсць упіска ці іншая магчымасць дзе-небудзь паспаць некалькі гадзін, бо інакш дзень будзе разбіты.

Другая опцыя – цягнік №635Б Менск–Пінск. Расклад гэтага маршрута мяняецца кожны месяц (цягнікі ходзяць прыкладна 4 разы на месяц), і ведае яго толькі Беларуская чыгунка, таму трэба даведвацца асобна. З Менску цягнік адпраўляецца ў 17.39, а ў Пінску ён у 22:55. Квіток у плацкартны вагон – € 3, купэ – € 4.

Таксама да сэрца Палесся можна дабрацца на аўтобусе. Са сталічнага цэнтральнага аўтавакзала ў Пінск штодзённа адпраўляюцца 4 рэйсы. Працягласць маршруту – ад 5 да 6,5 гадзінаў. Кошт квіткоў трэба ўдакладняць на вакзале.


 

Гатэляў у Пінску не тое каб шмат. Вось самыя цікавыя варыянты.

Гатэль «Прыпяць» (Дняпроўскай флатыліі, 31). Прыватызаваны некалькі год таму і даведзены да розуму, гатэль стаіць у самым цэнтры гістарычнай часткі горада. Акрамя выдатнага месцазнаходжання, гасцям прадастаўляецца wi-fi і паркоўка. Кошты за суткі – ад € 11 за ложак у трохмесным нумары да € 61 за двухмесны люкс.

Зняць кватэру на суткі праз дошку аб'яваў – ад € 14. Столькі ж будзе каштаваць кватэра, калі букаць яе праз Airbnb, праўда, у Пінску ўсяго 7 варыянтаў – ад € 10 да € 35.

Гатэль «Хваля» (Іркуцка-Пінскай дывізіі, 48) размешчаны на тэрыторыі спартовага комплексу «Хваля». Менавіта тут жывуць клубы КХЛ, якія праводзяць у Пінску міжсезонныя зборы. Верагодна, ты сустрэнеш іх, калі прыедзеш сюды летам. Цэннікі тут ад € 10 (аднамесны пакой) да € 17 за месца ў трохпакаёвым нумары. Гэта аптымальныя суадносіны кошт / якасць / размяшчэнне.

Таксама ёсць гасцініца «Аэліта» (Чыгуначная, 27) ля вакзала і «Спорт» (Ракасоўскага, 17) каля стадыёна ДТСААФ. Праўда, у «Аэліце» рэгулярна адбываюцца вяселлі, а ў «Спорце» на адным паверсе жывуць студэнты нейкага каледжа. Таму раім разглядаць гэтыя гасцініцы як план B.

 

Пачынаць гуляць па Пінску лепш за ўсё з вуліцы Леніна (у дасавецкі час Рынкавая, Касцюшкі і г.д.). Увогуле гэтая вуліца за час існавання змяніла 9 назваў, а сярод старажылаў больш за ўсё вядомая як Вялікая Кіеўская. Ад скрыжавання вуліцы Леніна з Савецкай трэба ісці ўверх да самага сэрца горада – плошчы Леніна. Практычна ўсё самае цікавае размешчана менавіта тут.

Першае, што ты пабачыш падчас шпацыру, – гэта палац Бутрымовіча (Леніна, 44). Пабудаваць яго вырашылі гарадскі суддзя і падстараста Матэвуш Бутрымовіч. Першы камень у фундамент палаца заклаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Праца ішла з 1784 па 1793-94 гады, у выніку атрымалася збудаванне, якое спалучае рысы класіцызму і барока. Палац быў вядомы як «пінскі мур» (каменны будынак). Трэба адзначыць, што камень на Палессі – з'ява рэдкая і дарагая, а таму выкарыстоўвалі яго тады адно для цэркваў і касцёлаў. Гэтая акалічнасць падкрэслівае пафаснасць будынка. У розныя часы ў палацы месціліся рэзідэнцыя каталіцкага епіскапа, тыпаграфія, кінатэатр і Дом піянераў. Потым будынак доўга знаходзіўся ў заняпадзе і асноўнымі яго наведнікамі былі наркаманы, аднак у 2007 годзе палац пачалі рэстаўраваць і зараз там ЗАГС.

Далей па маршруце сустрэнеш будынак Орды (Леніна, 38). Эклектычны дом паўстаў у пачатку ХХ ст. для нявесткі Напалеона Орды Леанціны, што займалася грамадскай дзейнасцю, асветніцтвам і дабрачыннасцю. Часцяком тут бываў і сам Напалеон Орда, які працаваў над некаторымі сваімі творамі. У будынку таксама былі кнігарня і бібліятэка на 1400 кніг. У 1919 годзе тут размяшчаўся штаб Палескага камуністычнага паўстанцкага палку. Зараз дом увесь час мяняе профіль: за апошнія 10 год тут былі кафэ, крама камп'ютарнай тэхнікі, крама капелюшоў і шмат чаго яшчэ. Хто ведае, якую інкарнацыю пабачыш ты.

Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў (Леніна, 18) – галоўныя сімвалы горада. Адзін з найстаражытнейшых касцёлаў не толькі Пінска, але ўсяго ВКЛ. «Фундацыйны акт» датаваны яшчэ 1396 годам. Спачатку ён быў драўляны, увесь час гарэў і ўзнаўляўся. Каменную версію пабудавалі прыкладна ў 1720-1730 гадах. Касцёл знакаміты сваім змайстраваным у 1836 годзе арганам, які складаецца з 1498 металічных труб. Гэта самы стары арган у Беларусі і другі па велічыні ва ўсёй Еўропе!

Яшчэ адзін скарб культавай пабудовы – палатно палатно «Пінская Мадонна». Цяпер у касцёле размяшчаецца Вышэйшая між'епархіяльная духоўная семінарыя імя Фамы Аквінскага. Менавіта тут навучаўся і служыў царкоўны дзеяч Казімір Свёнтак, які цярпеў ад кожнай улады на гэтых землях і якому Ян Павел II надаў сан кардынала. Дарэчы, епіскапаў у Пінск прызначае сам Папа Рымскі.

Комплекс касцёла і кляштара – упрыгожанне і візітоўка горада. Найлепшы від на ансамбль адкрываецца з ракі. Калі лагодна ўсміхацца і не саромецца манахаў, можна пагуляць унутры манастыра. Там удала спалучаюцца барочная архітэктура ды багацце зеляніны і кветак. У манахаў нават ёсць баскетбольная пляцоўка і футбольнае поле. Да касцёла прымыкае невялікі скверык з фантанам. Ён спускаецца каскадам да ракі і адкрывае мноства відаў на сад манастыра, касцёл са званіцай, набярэжную і вядомы асабняк Грэгаровіча.

Пабудаваны ў 1923 годзе для знакамітага пінскага рэстаратара Грэгаровіча, асабняк зараз знаходзіцца па адрасе Камсамольская, 1. Грэгаровіч быў слынным кандытарам. Кажуць, што ў ягоным рэстаране бавілі час Фаіна Ранеўская і Леанід Уцёсаў. Цяпер на будынку вісіць шыльда ў гонар Пяскова – удзельніка вызвалення Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З моста праз рэчку Піну адкрываецца выдатны від на Іезуіцкі калегіум (пл. Леніна, 1), яшчэ адзін сімвал горада. Ён быў пабудаваны ў XVII ст. (1631–1675) на сродкі пінскага старасты князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла. Тут вучыліся гісторык, паэт і грамадскі дзеяч Адам Нарушэвіч, публіцыст Анастаз Керсніцкі, філосаф і рэктар Варшаўскага ўніверсітэта Караль Вырвіч. Сцены будынка памятаюць прапаведніка Андрэя Баболю, які загінуў ад рук казакоў і быў кананізаваны ў 1853 годзе Папам Прыем IX. Зараз у збудаванні калегіума знаходзіцца Музей беларускага Палесся і харэаграфічная школа. Адзін з галоўных экспанатаў музея, які згубіўся сярод бясконцых прыладаў працы палешукоў, – арыгінальная праца Івана Айвазоўскага «Мора». Кошт квітка (без магчымасці фатаграфавання) – € 0,90, з фоткамі – каля € 1.

Далей па вуліцы Леніна знойдзеш будынак былой гімназіі (Леніна, 39), які быў пабудаваны ў 1852-1853 гадах. Гэта былая пяцікласная дваранская вучэльня. У 1858 годзе тут адчынілі сямікласную гімназію, вучні якой у 1861-1863 гадах нават удзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Гэта прывяло да таго, што гімназію панізілі ў класе. За польскім часам, з 1920 па 1939 год, тут была мужчынская гімназія. У савецкі перыяд – сярэдняя школа. Сярод выбітных выпускнікоў гэтай гімназіі знойдуцца вучоны-хімік і першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, архітэктар Іван Жаўтоўскі ды іншыя.

Калі ля будынку былой гіманзіі адхіліцца ад асноўнага маршруту і прайсці па вуліцы Заслонава, можна трапіць у фінансавы цэнтр Пінска пачатку XX стагоддзя. Тут захаваліся будынак Пінскага таварыствы ўзаемнага крэдыту (цяпер музычная школа), Азова-Данскога банка (цяпер жылы дом) і пазямельна-сялянскага банка (цяпер Белаграпрамбанк).

Дасягнуўшы плошчы Леніна, можаш працягнуць шпацыр на некалькі кварталаў уверх па вуліцы Брэсцкай. Там захавалася гарадская забудова канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, уключна з будынкам старой запалкавай фабрыкі. Фабрыка была заснаваная ў 1892 годзе, яе працоўныя прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905, а пазней на яе аснове вырас канцэрн «Пінскдрэў». Дарэчы, у двары за пяціпавярховікамі на плошчы Леніна можна знайсці старую брукаванку, а на невялікай вежцы за помнікам заўсёды гняздуюцца буслы.

Адна з галоўных славутасцяў горада – комплекс былога кляштара бернардзінцаў з касцёлам Міхаіла Арханёла (Савецкая, 34). Комплекс быў закладзены ў пачатку XVIII стагоддзя гетманам ВКЛ Міхалам Вішнявецкім. Пасля паразы паўстання 1830–1831 гг. комплекс перадалі праваслаўнай царкве, і цяпер там размяшчаецца царква Святой Барбары – галоўны праваслаўны храм Пінска.

У будынку Палескага драматычнага тэатра (В. Харужай, 10) раней месціўся кінатэатр. У лістападзе 1911 года ў Пінску з'явіўся кінематограф. Першы кінатэатр у горадзе адчыніў сын купца Давід Баярскі, а назвалі кінатэатр «Казіно». Зала разлічвала на 380 месцаў. Дарэчы, кінематограф настолькі цікавіў пінчукоў, што адміністрацыя пастаянна дадавала месцы ў залу. Кінатэатр быў вельмі прасунутым для свайго часу: гаспадары ягоныя ездзілі за мяжу і прывозілі ў Пінск апошнія навінкі сінематографа і сучасную апаратуру. За савецкім часам гэты будынак таксама выкарыстоўвалі як кінатэатр, адно называўся ён «Радзіма». У 2006-м свае дзверы тут адчыніў тэатр. Фірмовая пастаноўка, канешне, «Пінская шляхта». Кошт квітка – € 2-3. Дарэчы, тут праводзяцца і вяселлі.

Яшчэ адно знакавае месца – шахматны клуб (Каржа, 2). Гісторыю кепскай кармы гэтага будынка ведаюць нават не ўсе лакалы. Месца, дзе цяпер дзеці і дарослыя спакойна гуляюць у шахматы, раней называлася «Меблированные комнаты Арона Гольцмана». І быў гэта бардэль (дарэчы, у 1932 годзе іх у Пінску ўсяго было пяць). Калі падчас Другой сусветнай у горад прыйшлі немцы, то яны не сталі мяняць профіль дома. У 70-80-х будынак знаходзіўся ў аварыйным стане, яго знеслі, а вызваленым месцы пабудавалі такі ж. З тых часоў гэта шахматны клуб, які ў свой час наведвалі чэмпіёны свету Міхаіл Таль, Тыгран Петрасян, Барыс Спаскі.

Касцёл Карла Барамея (Кірава, 37) заснаваны ў 1695 годзе маршалам Янам Каралем Дольскім разам з жонкай Ганнай для прыбылых з Італіі прадстаўнікоў ордэна ксяндзоў свецкіх – «камуністаў». Іх асноўная мэта была ў тым, каб адукоўваць і духоўна выхоўваць моладзь.У 1770 – 1782 гг. пры фінансавай падтрымцы Міхала Агінскага касцёл быў перабудаваны ў камені. Зараз там месціцца канцэртная зала, дзе за € 1-3 можна паслухаць фартэпіяна, гітару і нават арган (сачы за раскладам).

Падчас шпацыру па горадзе ты зможаш убачыць, якім Пінск быў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. На апорах старога моста на набярэжнай і на сцяне дома на скрыжаванні Леніна і Камсамольскай мастак Яўген Сасюра зрабіў графіці з сюжэтамі старога Пінска. Калі стрыт-арт – твая тэма, то больш прац знойдзеш у мікрараёне Паўночны, але лепш іх шукаць з дапамогай мясцовых.

Варта прагуляцца і ў гарадскі парк на беразе ракі. У цёплы час там можна паслухаць сімфанічны аркестр, які гуляе традыцыйную паркавую музыку, эстрадныя творы і джаз. Там жа можна паглядзець на страўсаў і знайсці французскую гармату 1812 года, якая была першым трафеем вайны з Напалеонам.

 

Кавярня «Малако» (Першамайская, 26). Невялікая, запрацавала зусім нядаўна, але ўжо стала ўлюбёным месцам пінскіх хіпстараў. Утульны інтэр'ер, wi-fi, больш за 30 відаў напояў на аснове кавы прыкладна па € 1,8 за кубак. Прыемнае месца.

«Хвілінка» (Леніна, 19) – бадай, самая старая кавярня горада, да таго ж абслугоўвае цябе харызматычная гаспадыня. Каву яна варыць на пяску. За кубачак аддасі каля € 1,4. Нягледзячы на тое, што кавярня вельмі малая (сесці могуць чалавек 8-10), інтэр'ер тут даволі ўтульны, хоць і крыху змрочны. Кажуць, што ў 90-я ў «Хвілінцы» любілі бавіць час пінскія «браткі».

Кавярня «Бона Сфорца» (Першамайская, 8). Прыемнае кафэ з утульным інтэр'ерам. Нягледзячы на на назву (Бону Сфорцу лічылі атрутніцай), ежа і дэсерты тут даволі добрыя. Недарэчна выглядаюць хіба што белыя пластыкавыя дзверы, ды камуністычная літаратура (кшталту цытатнікаў Леніна) на паліцах з кнігамі, паміж твораў Дзюма і іншых класікаў. Кава тут каштуе каля € 1,8, салянка € 1,8, свініна з грабамі € 4, піцца да € 7, віно да € 1 за 50 гр.

Кафэ «Карамболь» (Леніна, 26) – месца для тых, хто любіць пакатаць шары ў більярд. Пад гэтую справу тут можна замовіць піцу ад € 1,8 да € 5 за паўкіло, а запіць усё півам ад € 1 да € 2 за паўлітра.

Кафэ-піцэрыя «Падмаскоўе» знаходзіцца ў падвале ГЦ «Масква» (Іркуцка-Пінскай дывізіі, 36). Гэта новы рэстаран з выявамі Масквы ў інтэр'еры. Салянка тут каштуе каля € 1, стэйк з птушкі – каля € 2, піва – дзесьці € 1,8 за 0,5 л.

«Залаты Колас» (Леніна, 22) – гэта гарадское кафэ з уласнай выпечкай. Столікі ўнутры і звонку, кветкі на падваконніках і прыемная музыка. Тут можна замовіць выпечку, марозіва і мілкшейкі, а таксама бліны і ўсялякія слойкі з сырам. Рыхтуюць іх досыць хутка, кошты вельмі прыемныя – і хот-догі, і блінцы каля € 1.

Рэстаран «Андрэ» (Дняпроўскай Флатыліі, 31) – адно з галоўных забаўляльных месцаў у горадзе. Тут досыць шырокае меню еўрапейскай кухні з мясцовым каларытам і прыемныя цэны ( € 3-5 за абед). На выходных па вечарах ўстанова ператвараецца ў клуб з музыкай і танцамі.

Калі вы прыйшлі ў «Андрэ», а там нехта святкуе вяселле, юбілей ці Дзень суднабудаўніка і з гэтай нагоды зняў усё памяшканне, у хвіліне хады ў будынку былога павятовага староства ёсць рэстаран-клуб «Франт» (Дняпроўскай Флатыліі, 33). Тут атрымаецца паабедаць / павячэраць прыкладна за тыя ж € 3-5.

Кафе «Таверна» (Каржа, 12а) – калі шпацыруючы па вуліцы Леніна вы адчуеце вабны пах шашлыка,  гэта адтуль. Кафэ мае вялікую тэрасу, стылізаваную пад сельскую хаціну, вялікае меню нацыянальных страў і вельмі прымальныя цэны. Шашлык смажаць на вуглях ў стылізаванай печы прама ў двары кафэ.

Калі вы калекцыяніруеце незвычайныя бары, то вам у бар «Брыганціна». Гэта катэр, які стаіць на палях прама над ракой. Раней такія судны шырока выкарыстоўваліся ў рачным пасажырскіх зносінах і хадзілі да самага Кіева. Зараз у адным з такіх кацероў можна выпіць піва з відам на раку і байдарачнікаў. Знайсці бар проста – ідзіце ўздоўж ракі. Побач з уваходам у «Брыганціну», дарэчы, знаходзіцца нямецкі ДАК часоў Другой сусветнай вайны. Яшчэ адзін такі месціцца адразу за мастом.

Калі хлеба вы наеліся, а відовішчаў хочацца больш экстрымальных, чым музеі-канцэрты-тэатры, у Пінску можна паглядзець дрыфтынг, драгрэйсінг і матабол. Усё гэта праходзіць на стадыёне ДТСААФ на вул. Ракасоўскага.

 

Пінск немагчыма ўявіць без ракі. Раней гэта быў адзіны шлях у горад і асноўная гандлёвая артэрыя. Зараз набярэжная Піны – самае прыемнае месца для шпацыраў з прыгожымі відамі па абодва бакі і доўгай каштанавай алеей. У ракі можна пагутарыць з рыбаками, пакарміць качак, або паназіраць за трэніроўкамі весляроў нацыянальнай зборнай.

Тэхнічна, Піна – гэта прыток Прыпяці. Але на самой справе гэта Прыпяць ўпадае ў Піну і ... выпадае з яе праз пару дзесяткаў метраў. Калі напачатку 90-х гадоў Беларусь была больш адкрытая для турыстаў, многія прыязджалі сюды, каб паглядзець на гэтую унікальную прыродную асаблівасць. Назіраць разліў ракі на чатыры рукавы можна са спецыяльнага балкона, які злёгку выступае над берагам. Але лепш за ўсё забрацца на дах аднаго з дзевяціпавярховых дамоў на набярэжнай - адтуль адкрываецца надзвычайны від на разліў Піны і Прыпяці і прылеглыя краявіды.

Калі вы ўсё ж такі прыехалі летам, ідзіце на пляж. У горадзе два пляжа – калі перайсці мост і павярнуць направа, трапіце на «Сабачку», калі налева і трохі прайсці ўздоўж берага – на «Залатыя пяскі». Гэта асноўны гарадскі пляж, сюды можна трапіць і з набярэжнай, скарыстаўшыся лодкавай пераправай. Лодкі цэлы дзень дзяжураць у абодвух берагоў, і пераправа каштуе як адзін праезд у грамадскім транспарце.

Можна таксама пакатацца на шпацырным цеплаходзе, які раней зваўся «Віцебск». Цяпер ён называецца «Пінск» і адпраўляецца ад рачнога вакзала, што адразу за мастом, або ад прыстані недалёка ад кафэ «Брыганціна». Шпацыр звычайна доўжыцца каля 30-40 хвілін, а маршрут пралягае па Піне і Прыпяці.

Калі ў вас атрымаецца затусіць з мясцовымі лодачніками, зможаце арганізаваць і індывідуальную рачную прагулку. Адразу насупраць рачнога вакзала знаходзіцца лодкавая стаянка, дзе ёсць усё - ад вёсельных пласкадонак да ваенных катэраў. Часам мясцовыя забаўляюцца парасейлінгам і воднымі лыжамі. А калі раптам вы вырашыце адправіцца ў кругасветку, пачынайце адсюль – па вадзе з Пінска можна дабрацца да любой частцы света

 

Аўтары Леанід Лосіч і Алесь Чарняковіч

Фото by Alex Zoff


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.