27006 1

Павел Дзюсекаў

Гэтым разам мы гутарым з Паўлам Дзюсекавым, стваральнікам бясплатных экскурсій па Менску «Вандроўкі ў мінулае». Цікава, калі Павел ствараў праект, ён не ведаў пра практыку Free Walking Tours у свеце. Малады экскурсавод расказаў, як любоў да горада ператварыць у працу, якія маршруты карыстаюцца попытам і як дапамагаць жывёлам дзякуючы вандроўкам.

 

Чым займаюцца: правядзеннем рэгулярных бясплатных экскурсій па беларускай сталіцы.

Дата заснавання: 2012 год.

Структура: асабісты праект аднаго чалавека.

Факты: Цягам трох гадоў Павел стварыў дзевяць аўтарскіх маршрутаў і правёў больш за трыста экскурсій па Менску, якія наведала некалькі тысяч слухачоў.

Кантакты:

FB   |  VK


З кім гутарым: Павел Дзюсекаў, 27 гадоў. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Настаўнік гісторыі і паліталогіі». У 2012 годзе прайшоў адмысловы курс і атрымаў пасведчанне экскурсавода ад Нацыянальнага агенцтва па турызме. У межах уласнага праекта «Вандроўкі ў мінулае» распрацаваў серыю аўтарскіх экскурсій па Менску.



Гісторыя Паўла

– Калі паступаў у інстытут, выбіраў паміж прафесіямі ветэрынара і гісторыка, але ў выніку гуманітарная адукацыя перамагла. З педуніверсітэтам у мяне асаблівых стасункаў не склалася, я агулам такі чалавек, які робіць на максімум толькі тады, калі яму цікава. Рашэнне не працаваць па спецыяльнасці прыняў лёгка: паслухаў парады людзей з трыццацігадовым стажам. Проста прыйшоў у школу і спытаў у сваіх былых настаўнікаў, ці варта ісці туды выкладаць, а яны адказалі: «Не, не варта». Таму настаўніцкай кар'еры ў мяне не склалася. Замест гэтага працаваў і на кніжнай выставе, і ахоўнікам, і ў офісе турыстычнай фірмы крыху пасядзеў. Ад гэтага бюро мяне пасылалі суправаджаць турыстаў па маршрутах Беларусі і за мяжу. З часам я зразумеў, што працаваць не ў памяшканні мне камфортней.

Гід – гэта таксама чалавек. Калі людзі да цябе ставяцца як да абслугоўваючага персаналу, ты іх, вядома, абслугоўваеш, бо яны табе за гэтае плацяць, але занадта не выкладаешся. Але калі бачыш, што людзям цікава, – сам стараешся, атрымліваеш асалоду ад працы. У мяне былі турысты, якіх хацелася абдымаць і плакаць, калі мы развітваліся. Пакуль у Расіі не здарыўся крызіс, амаль усе групы былі адтуль. Толькі кожная пятая група была беларуская. 2015-ты ў параўнанні з мінулымі двума гадамі – вельмі ціхі, падарожжы сталі занадта дарагімі для нашых суседзяў.

У 2012 годзе я скончыў курсы ад Нацыянальнага агенцтва па турызме і атрымаў ліцэнзію, але насамрэч экскурсіі па Менску я пачаў вадзіць калі яшчэ не меў бэйджа, у якасці трэніроўкі.

«У лютым 2013 года я вырашыў правесці першую бясплатную экскурсію, быў нудны час без працы – міжсезонне, я проста стаяў у душы і, што называецца, запалілася лямпачка ў галаве»

У лютым 2013-га я вырашыў правесці першую бясплатную экскурсію, быў нудны час без працы – міжсезонне, я проста стаяў у душы і, што называецца, запалілася лямпачка ў галаве. Стварыў суполку «УКантакце» і абвясціў, што для ўсіх жадаючых правяду экскурсію па цэнтры горада. Нечакана ў зімовы дзень да мяне прыйшло трыццаць чалавек, з якімі мы дзве гадзіны хадзілі па Менску. Я зразумеў, што попыт ёсць. Матэрыялу, які патрабаваў выхаду, таксама хапала, асабліва пра Кальварыйскія могілкі, таму што яшчэ на пачатку 2000-х я туды прыходзіў паваланцёрыць: дапамагаў пры аднаўленні.

Уласна, так і пачаліся «Вандроўкі ў мінулае». Я апрацаваў тры маршруты бясплатных экскурсій: пра гістарычную частку Менска – «Знаёмства з пляцам Волі», Кальварыю і «Легенды і гісторыі старога Менску». Але я да гэтага сур'ёзна не ставіўся: здаралася, анансаваў суботнюю вандроўку ў пятніцу ўдзень, а пасля крыўдаваў на ўвесь інтэрнэт, што ніхто да мяне не прыйшоў. За першы год правёў дзясятак экскурсій, людзі прыходзілі – ну і файна.

 

 



Пра Free Walking Tours

– «Вандроўкі ў мінулае» існуюць ужо тры гады, і, паводле маіх падлікаў, праз прыкладна трыста івэнтаў прайшло больш за тры тысячы чалавек. Зараз дапісваю дзясятую экскурсію, а наогул запланавана дванаццаць. Фішка ў тым, што я праводжу іх рэгулярна, кожныя выходныя, нягледзячы на надвор'е і святы, рабіў перапынак толькі на час шлюбу і ў кастрычніку, калі з'язджалі з жонкай. Зараз па адной, але рознай экскурсіі адбываецца ў суботу і нядзелю, а пачынаючы з красавіка буду працаваць па-стаханаўску: адна вандроўка ў пятніцу ўвечары, дзве – у суботу і тры – у нядзелю.

Часам немагчыма прадказаць, колькі чалавек прыйдзе . Здаралася, стаю ў Лошыцкім парку цудоўным цёплым вечарам у ліпені. Адзін. Потым у іншы дзень у дождж прыходзіць больш за два дзясяткі чалавек, і я смяюся ў думках: «Ну і чаго вы прыплылі?» Падчас «Фэсту экскурсаводаў» група збіралася больш за дзвесце чалавек.

Часам падыходзяць міліцыянеры ці ахоўнікі ля амбасад, каб праверыць дакументы. Спрэчак з імі не было ніколі, бо я заўсёды з адмысловым бэйджам хаджу.

Наогул я лічу, што экскурсія павінна быць накатанай, бо з першай спробы не атрымаецца расказаць так, як з пятнаццатай. Некаторыя, вядома, цяжэйшыя за іншыя, патрабуюць больш практыкі. Пры падрыхтоўцы новай экскурсіі я шмат матэрыялу знаходжу ў кніжках і ў сеціве: урыўкі біяграфій, малюнкі, факты. Вельмі люблю сядзець за камп'ютарам, некалькі тыдняў перапісваў «Легенды і гісторыі старога Менску», дзвесце пяцьдзясят старонак матэрыялу назбіраў. За зіму вырашыў абнавіць усе дзесяць тэкстаў да экскурсій і ўжо зараз бачу, што гэта зойме нашмат больш часу, чым я планаваў.

Я ўжо адзінаццаць гадоў займаюся Кальварыйскімі могілкамі: спачатку рукамі аднаўляў, пазней самастойна пачаў даследаваць іх гісторыю, жонка падбівае, каб я кніжку напісаў. Ёсць, напрыклад, архіўныя выпіскі пра тое, як касцёл на Кальварыі выглядаў раней, але, дарэчы, па архівах я ўжо не хаджу, нават не надта ўмею імі карыстацца. Экскурсія – гэта ўсё ж такі шоу, кампіляцыя вельмі цікавых фактаў, якія будуць увесь час трымаць людзей у напружанні, зацікаўленні. Вось была ў мяне распрацаваная экскурсія па мясцінах БНР, але людзі хадзілі з памутнелымі тварамі: рэдка хто цікавіцца гісторыяй палітычных рухаў. Таму я яе перастаў вадзіць. Таксама вырашыў не праводзіць па Курапатах, бо далёка і тэма вельмі цяжкая, людзі не гатовыя, яны прыходзяць бавіць час. Аднак гэта не азначае, што я не закранаю тэму рэпрэсій падчас астатніх вандровак.

«На пытанне наконт працягласці маіх маршрутаў магу адказаць так: пяць тысяч крокаў доўжыцца другая частка “Легенд і гісторый”»

На пытанне наконт працягласці маіх маршрутаў магу адказаць так: пяць тысяч крокаў доўжыцца другая частка «Легенд і гісторый» (усяго тры часткі). Гэта аднойчы адзін з турыстаў хадзіў з трэкерам і пасля даслаў вынік. Але сур’ёзна – дзве, дзве з паловай гадзіны.

Пра існаванне ў еўрапейскіх гарадах Free Walking Tours я спачатку нічога не ведаў. Аднойчы слухач у каментарах пакінуў водгук, маўляў, якія ты, Павел, класныя штукі робіш, я ў такіх у Еўропе ўдзельнічаў. Ну, я пачаў гугліць, што гэта за вольныя туры гэткія. Выявілася: хіба што толькі ў Беларусі пра Free Walking Tours ніхто не чуў, нават я. Адзінай іх розніцай ад майго праекта было тое, што па заканчэнні шпацыру экскурсаводу ў еўрапейскім горадзе па жаданні пакідаюць чаявыя. І я вырашыў таксама паспрабаваць, хаця не верыў, што спрацуе. Але выявілася, што калі ты выкладаешся, то і людзі табе ўдзячныя: чаявыя – гэта такі фідбэк для мяне.

Напрыканцы сустрэчы я ўсім дзякую і кажу, што можна, калі спадабалася, пакінуць чаявыя. Людзі зазвычай саромеюцца даваць грошы проста ў рукі, таму я нашу адмысловую торбачку. Такім чынам ужо атрымалася накапіць на друк візітовак. А зараз галоўная мэта – назбіраць на планшэт, які вельмі моцна мне патрэбны падчас вядзення экскурсій. З ім можна будзе больш малюнкаў ды нейкія карысныя відэа і музычныя ўрыўкі паказваць. Павольна і марудна, але мы набліжаемся да гэтай мэты. Асноўнай працы ў мяне няма, нядаўна я спрабаваў уладкавацца ў гістарычны музей і архівы, але мяне, на жаль, не ўзялі. Паспрабаваў нават у KFC працаваць, але я занадта люблю свабоду. І мне падаецца, мае Free Walking Tours – гэта тая справа, якую ў мяне добра атрымліваецца рабіць, я на сваім месцы.

З іншага боку, я звярнуў увагу, што экскурсаводаў у Менску стала ўдвая больш за тры апошнія гады. Нацыянальнае агенцтва зарабляе грошы, а ў гідаў пасля няма працы, бо іх ужо зашмат. Нават па Беларусі асабіста ў мяне мала замоваў. Людзі, якія замаўляюць мае паслугі, могуць выбраць, на якой мове слухаць экскурсію. У сваім праекце я ўсё распавядаю па-беларуску. Калі камусьці некамфортна – няхай сыходзіць, але, шчыра кажучы, ніякіх заўваг ніхто дагэтуль не выказваў.

 

 

 

Пра сацыяльную адказнасць праекта

– Я ўжо казаў, што хацеў стаць ветэрынарам. Дык вось, па некаторым часе я падумаў, што можна дапамагаць жывёлам дзякуючы вандроўкам. Звычайна якая ім патрэбна дапамога? Або грошы, або гаспадар. У мяне сваіх тры ката ўжо былі, таму заставаўся варыянт з грашыма. Напрыканцы экскурсій я прапанаваў слухачам скідвацца, хто колькі можа, а грошы перадаваў у прытулкі або асобным актывістам. Калі, напрыклад, ратавалі прытулак «Суперкот», мы таксама пералічылі грошы, ды вось і нядаўна я зноў абвясціў невялічкі дабрачынны аўкцыён.

Калі я ажаніўся, жонка пачала дапамагаць развіваць праект, асабліва візуальнае афармленне, бо яна фатографка. Таксама ў пэўны момант пачалі далучацца розныя ініцыятывы і спонсары. Хтосьці дапамагае з друкам, хтосьці дае свае вырабы, якія я аддаю слухачам падчас экскурсій у якасці падарункаў за правільныя адказы на мае пытанні. Напрыклад, нас падтрымаў «Сымбаль.бай» са сваімі вышымайкамі, гадзіннікі «Хвіліна» і часопіс Arche.

«Мне хочацца, каб людзі любілі тое месца, дзе яны жывуць, і ганарыліся сваёй гісторыяй»

З «Вандроўкамі» я ўдзельнічаў у верасні ў праекце #РазамМінск, і гэта дало пэўны досвед і рэкламу. Але ж з планшэтам нам ніхто не дапамог, непасрэднага партнёрства з мецэнатам таксама ўтварыць не атрымалася, таму я вырашыў дзейнічаць уласнымі сіламі і больш у конкурсах не ўдзельнічаць.Мне хочацца, каб людзі любілі тое месца, дзе яны жывуць, і ганарыліся сваёй гісторыяй. Сярод слухачоў – вельмі розныя менчукі: бацькі з малодшымі школьнікамі, пенсіянеры, студэнты. Я спачатку не разумеў, навошта цягаюць з сабой малых, але пасля заўважыў, што яны таксама нешта запамінаюць. Звычайна той, хто патрапіў на адзін з тураў, вяртаецца пазней паслухаць іншую экскурсію і, што галоўнае, прыводзіць з сабой сяброў. Дарэчы, пенсіянеркі да мяне ахвотна прыходзяць і сяброўкам распавядаюць, а я рады, бо, здараецца, ім па семдзесят гадоў – і гэта не я ім, але яны мне гісторыі пасляваеннага Менска распавядаюць.

 

 


Тэкст by Саша Губская

Фота by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Ратмір Новиков 27-03-2017, 22:08

Цудоўнейшыя экскурсіі, вялізарны дзякуй за тое, што ты робіш, Павел, працягвай абавязкова й далей ;)

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.