18932 0

Орша

«Орша – тры турмы і ніводнага тэатра». Турмаў у Оршы сёння толькі дзве, а вось тэатр так і не адкрылі. Але гэта зусім не падстава адкладваць паездку на радзіму Караткевіча, бо паглядзець тут знойдзецца на што.

 

Кожны, хто хоць раз ездзіў у Віцебск ці Маскву, праязджаў Оршу – горад з'яўляецца адным з буйных транспартных вузлоў Беларусі. «Усходнія вароты», як кажуць. Статус статусам, але гораду ёсць яшчэ чым пахваліцца. Першы друкаваны «Буквар» Спірыдона Собаля, страчаныя падземныя пераходы пад Дняпром, Аршанскае Евангелле, першы залп артылерыі «кацюшы» падчас Вялікай Айчыннай і слаўная бітва пад Воршай – гэта ўсё здабыткі гісторыі. Сапраўднае жыццё адбываецца цяпер.

 

Ад Менску да Оршы 220 км. Ёсць тры найбольш простыя спосабы патрапіць у самы крымінальны горад Беларусі 90-х. Першы – гэта чыгунка.Падыдзе практычна любы цягнік, які ідзе ў маскоўскім напрамку: € 2,5 каштуе ўтульны плацкарт, дадай яшчэ € 1,5 – і ты ўжо зможаш дазволіць сабе купэ. Чатыры разы на дзень можна пачуць сябе ў Еўропе, пракаціўшыся на так званых швейцарскіх хуткасных цягніках: 2 гадзіны 20 хвілінаў з хуткасцю да 110 км/г, у дадатак – разеткі і праваднікі ў фірмовай форме. Пры жаданні «выйсці ў народ» можна скарыстацца прыгараднымі электрычкамі – цябе чакаюць больш за сорак прыпынкаў на шляху, можна і кнігу прачытаць, і геаграфію краіны вывучыць. Усё ж не кожнаму вядомыя такія месцы, як Новае жыццё або Чырвоны сцяг. Экстрэмалам пасавацьме цягнік міжрэгіянальных ліній эканом-класа №6002 – 6 гадзін 20 хвілін у начной электрычцы, сапраўдная рамантыка.

Аўтобус будзе каштаваць крыху больш, затое можна асабліва не клапаціцца пра наяўнасць білетаў. За € 5 можна набыць квіток на маршрутку, напрыклад, тут.

  Дарэчы, не забывай пра аўтаспын. Праз Оршу праходзіць адна з самых ажыўленых трасаў – Брэст–Масква. Яе пабудавалі да Алімпіяды-80, і да гэтага часу дарога поўніцца ветлівымі дальнабоямі, гатовымі за пару добрых гісторый дакінуць цябе з пункта А ў пункт Б.

У Оршы функцыю грамадскага транспарту выконваюць маршрутныя таксі. Жоўтыя «газікі» і белыя «пазікі» практычна цалкам выцеснілі аўтобусы (тралейбусы тут хацелі запусціць у канцы 80-х, але неяк не зраслося). Прыпынкі, вядома, не аб’яўляюць, так што будзь напагатове.

 

Хаця Оршу называюць усходняй брамай Беларусі, да наплыву турыстаў яна не гатовая. Выбар гатэляў тут невялікі.

Галоўная гасцініца – «Орша» (Міра, 11), цэлыя тры зоркі і рамонт, які застаўся ў спадчыну ад «Дажынак». Акрамя немудрагелістай назвы, цябе чакаюць нумары ад € 14, прас «на гадзіну» і агульны халадзільнік за € 0,18 у якасці паслуг. З плюсаў – размяшчэнне ў самым цэнтры горада, наяўнасць бара, рэстарана і аднаго з нешматлікіх начных клубаў «Шквал». З мінусаў – wi-fi у фае па картцы.

Гасцініца мае яшчэ і філіял (Задняпроўская, 12). Тут усё прасцей, затое і больш танна: менш чым за € 4 можна займець ложак у пакоі з відам на Днепр і сапраўдны лес пад бокам. Абяцаюць більярд і тэніс, але пра апошняе варта ўдакладняць на месцы.

Турбаза «Орша» (Першага мая, 72) – гэта цэлы комплекс з лазнямі, SPA-салонамі, масажам і рознымі працэдурамі. Апошняе будзе вельмі дарэчы: куцёж начнога клуба, размешчанага тут жа, пагаворваюць, бязлітасны. Кошт ад € 12, за кожны нішцяк – асобная даплата.

Едзеш на машыне і не ведаеш горада? Падыдзе гатэль «Гранд»  (пасёлак Андрэеўшчына, Віцебская, 26). Душэўна і з рэстаранам. Да таго ж гэта на трасе Адэса–Санкт-Пецярбург, тут зручны пад'езд да М1, бясплатная стаянка плюс абяцанні бяспекі (нечакана) ад адміністрацыі. Прыемна, што кошт € 13 за ноч – для гасцей любога грамадзянства, май на ўвазе, калі раптам будзеш паказваць Беларусь якому-небудзь замежнаму сябру.

Калі ўсе грошы спушчаныя на кнігі Караткевіча, то кіруйся ў «Вікторыю» (Зоі Касмадзям'янскай, 5). Тут сурова, затое кошты ад € 3, буфет і чыстая пасцельная бялізна. Раніцай можна пайсці на праспект Тэкстыльшчыкаў – малодшы брата праспекта Незалежнасці валодае ўсімі якасцямі гарадскога модніка 50-х.

Прасцей і зручней за ўсё – зняць кватэру на суткі. Нашая парада: удакладні для пачатку раён горада, у якім табе прапануюць жыллё. Чаромушкі, Раніца, Цэнтр і Льнокамбінат – тое, што трэба. Добры транспартны рух, славутасці і наяўнасць асноўных забаўляльных устаноў. Шукай тут, тут альбо тут.

 

 

Экскурсію па Оршы трэба пачынаць зусім не з цэнтральных вуліц. Наведай спачатку чыгуначны вакзал (Заслонава, 3а). Забудзься на шэрыя домікі з білетнымі касамі ды беляшамі, тут цябе чакае адзін з лепшых прыкладаў грамадзянскай архітэктуры пачатку 20-га стагоддзя. З'явіўся сучасны будынак вакзала ў 1912 годзе на месцы свайго драўлянага папярэдніка, а сама чыгунка пралегла праз горад у далёкім 1871. Праз стагоддзе вакзал прапануе: жалезныя сядзенні залы чакання, буфет, рэстаран і бонус: велізарную карціну з Леніным у холе. Фота з апошнім – абавязковы пункт праграмы.

У скверы паміж перонамі можна ўбачыць помнік знакамітаму партызану Канстанціну Заслонаву, тут жа знаходзіцца яго магіла. А калі крыху прагуляцца, то можна патрапіць і ў музей Героя Савецкага Саюза (Молакава, 9). Ён быў адкрыты ў 1948 годзе і з'яўляецца самым старым дзейным музеем горада. Увогуле ў Оршы шмат месцаў звязана з Заслонавым, зрэшты, як і з іншым, не менш знкамітым аршанцам – пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. Але пра яго мы пагаворым пазней.

Едзем на плошчу Леніна. Не круці носам ад помніка Уладзіміру Ільічу – ходзіць легенда, што менавіта гэтая скульптура была апошняй з устаноўленых статуй правадыра на тэрыторыі БССР. Ці так гэта? Невядома. Але з 1987 года вечна жывы Уладзімір глядзіць на вуліцу Міра, самую доўгую вуліцу горада. Калі гэтага Леніна не хапіла, ідзі да Гарадскога палаца культуры (пр-т Тэкстыльшчыкаў, 13). Тут Валодзя сядзіць, што асабліва прыемна, бо ты ў Оршы.

Зайдзі ў дзіцячы забаўляльны парк «Казачная краіна» (Карла Маркса). Забавы тут, між намі, не пацягаюцца нават з каруселямі ў сталічным парку Горкага. Затое ёсць набярэжная Дняпра, можаш наесціся ватай і папоўніць стужку інстаграма здымкамі розных скульптураў, ад Чабурашкі да гіганцкага Гулівера. Завяршыць фотатур можна помнікам Уладзіміру Караткевічу, усталяваным на месцы дома пісьменніка.

Усё агледжана? Цяпер можаш смела крочыць у музей класіка беларускай літаратуры (Леніна, 26). Акрамя самога будынка, у якім калісьці і нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч, цябе чакае стандартны набор любой установы такога кшалту: аўтографы, кнігі, асабістыя рэчы. Увогуле экспазіцыя добрая. Галоўнае, што тут ёсць аўтэнтычны дух, гэтага ўжо дастаткова.

Паднімаючыся па вуліцы Леніна да цэнтра, зазірні ў музей гісторыі і культуры Оршы (Леніна, 9), а пасля звярні ўвагу на ЗАГС (Камсамольская, 21), даўным-даўно тут размяшчаўся манастыр трынітарыяў. У свой час у горадзе кватаравалі многія хрысціянскія ордэны. Так, прытулак манахаў бернардынаў можна добра разглядзець з моста праз Днепр па вуліцы Міра. Дамініканскі манастыр, сучасны касцёл Святога Язэпа (Савецкая, 6), шукай недалёка ад Цэнтральнага рынку, а вось будынак былога езуіцкага калегіума (Леніна, 6а) – гэта галоўная славутасць горада, табе яе ніяк не абмінуць.

Калісьці на тым месцы быў кальвінскі сабор, але Леў Сапега выкупіў зямлю і заснаваў тут у 1590-м езуіцкую рэзідэнцыю, дзе пасля, не без дапамогі Жыгімонта ІІІ, адкрыўся калегіум. Так з 1612 года ў Оршы з'явілася свая буйная навучальная ўстанова. За чатыры стагоддзі гісторыі чаго тут толькі ні было. Тут з'явілася першая гарадская аптэка, тэатр, паспелі пабываць Напалеон Банапард і Мары-Анры Бель, ён жа вядомы як Стэндаль. Усё скончылася тым, што ў сценах будынка размясцілася турма, якая праіснавала аж да канца 1980-х. Пасля рэканструкцыі 2007-2008 гадоў былы будынак калегіума езуітаў больш не трымае ў сваіх сценах зняволеных. Цяпер тут усё «па культуры»: узноўленая барочная архітэктура, 26-метровая вежа з гадзіннікам і ледзь не адзіная карцінная галерэя Оршы.

Ад калегіума раім прайсці да Аршанскага замчышча, месца ўзнікнення горада. На ўзвышэнні над цэнтрам Гарадзішча (вусце ракі Аршыца) усталяваны памятны знак з лічбай 1067 – год заснавання Оршы. У наш час тут нешматлюдна, лёгка зможаш адпачыць ад мітусні ды атрымаць асалоду ад відаў Дняпра і Свята-Іллінскай царквы (Францішка Скарыны, 77). Але яшчэ пару гадоў таму ўсё было інакш, у пачатку нулявых Гарадзішча насіла тытул галоўнага тусовачнага месца нефармалаў.

Экзотыку можна сустрэць на вуліцы Энгельса – паспрабуй адшукаць тут падвесны мост праз раку Аршыцу. Там жа знаходзяцца адразу тры старыя гарадскія могілкі. А яшчэ, калі пашанцуе, можаш убачыць фаер-шоу ад рабятаў, якія трэніруюцца на ўзбярэжжы. Першае, другое і трэцяе лепш за ўсё назіраць ноччу.

Пры прыступах нуды і наяўнасці часу можна зганяць за горад. Пабадзяцца вакол Смалянскага замка, або замка «Белы ковель» (вёска Смаляны), уявіць сябе ваяром бітвы пад Оршай 1514 года (вёска Гатакоўшчына, Крапівенскае поле), зачэкініцца на лецішчы Янкі Купалы ў Ляўках (вёска Ляўкі). Альбо проста пракаціцца на электрычцы па коле»: кожны дзень у 07:16 і 19:45 стартуюць цягнікі па маршруце «Орша-Цэнтральная», «Орша-Усходняя», «Орша-Заходняя» – кола пашаны горада чыгуначнікаў.

 

 

Паесці ў Оршы танна і хутка можна, але гэта не так проста. Сталовак, гатовых накарміць чалавека з вуліцы, практычна не засталося. Так што альбо бяры ссабойку, або стань Шэрлакам у пошуках фаст-фуду.

Сталовая камбіната Хлебпрадуктаў (Кірава, 34) адзін з нямногіх пунктаў грамадскага харчавання Оршы, дзе табе будуць радыя. Неблагі рамонт, абед за € 2-3 і вельмі няўдалае месцазнаходжанне для турыста. Шукаць запаветныя супы і біточкі трэба, збочыўшы ад вуліцы Міра на вуліцу Пагранічную. Дарэчы, у часы Першай сусветнай вайны менавіта па ёй праходзіла мяжа паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Так што вось табе трохі гісторыі на галодны страўнік.

Кафэ «Пасад» (Леніна, 14) – зручна, хутка і ў самым цэнтры. Акрамя бутэрбродаў і пірожных, тут, у адрозненне ад сталовай, прадаюць спіртное, што аўтаматычна ператварае ўтульнае кафэ днём у сапраўдны бар увечары. Займай столік загадзя, тут зазвычай шматлюдна.

дчуй смак вялікага горада і заскачы ў Funny Chicken (Савецкая, 2В). Любімае месца тынэйджараў і мясцовых хіпсцераў мала чым адрозніваецца ад аналагічных рэстаранаў Менска. Сярод бонусаў: выдатны від на Езуіцкі калегіум, а таксама блізкасць да набярэжнай Дняпра.

Міні-кафэ «На хвілінку» (Леніна, 19) – гэта, мабыць, адно з самых старых бістро горада. Маленькую залу без столікаў ратуюць свежыя блінцы, чабурэкі і танныя 150 грамаў чаго-небудзь моцнага.

Паспытаўшы фаст-фуду днём, на вячэру грошай ужо не шкадуй.

Піцэрыя «Мілана» (Камсамольская, 13-15). Калі ты шукаеш сапраўдную піцу за € 3 і келіх разліўнога піва за € 1,2, то сардэчна запрашаем. А калі еўрапейская кухня не для цябе, дык зусім побач знаходзіцца кафэ «Сушиешка» (Камсамольская, 13/01). Усходні стыль інтэр'ера, ролы, сушы і першая катэгорыя ўстановы.

Кафэ-бар «Еўропа» (Міра, 70) – добрае месца недалёка ад цэнтра горада. У меню, сярод салатаў «Цэзар» і сушы, ёсць нядрэнная карта вінаў. Бар знакаміты выдатнай кухняй і спакойнай атмасферай. У выходныя працуе да паўночы.

Спорт-бар «Ліга» (Леніна, 183) падыдзе для шумных вечароў і кампаній. Кавярня «Мільфей» (Міра, 5) – адно з першых прыстойных месцаў у горадзе. Выкшталцоны сэрвіс, еўрапейская кухня, а таксама піца на вынас. Рэстарацыя «Аронія» (Леніна, 215) ганарыцца званнем адной з самых буйных устаноў Оршы. Тут ёсць аж 150 пасадачных месцаў і вялікі танцпляц. Музыка разнастайная, затое сапраўдная весялосць па-аршанску жыве тут. У выходныя кафэ працуе да раніцы.

Калі днём на аршанскай Лядовай арэне (Леніна, 79) ты шукаеш канькі і фітнес, то ўвечары шукай рэстаран «Атмасфера» і адзіны ў горадзе боўлінг.

Клуб New Baba Yaga (Першага Мая, 72) – танцы і начны ўгар у самым незвычайным месцы Оршы. Клуб пасярод лесу – гэта крута. З асаблівасцяў: паасобнае размяшчэнне рэстарана і танцпляца, а таксама дзікая сумесь розных музычных жанраў і кірункаў. У цёплы час працуе тэраса з альтанкамі.

Пасля ўсяго можна завітаць у клуб «Шквал» (Міра, 11). Тэматычныя вечарыны, рэдкі стрыптыз ды VIP-зала для асабліва паважаных грамадзян.

Ранкам, перад тым як развітацца з горадам, наведай Аршанскі рынак (Народная 1), які мясцовыя жыхары называюць базарам. Тут, сярод турэцкай джынсы і швэдраў, можна набыць што-небудзь нечаканае, кшталту майкі з прынтам адно табе вядомага гурта або чайнага сервіза «ад бабулі» за € 1.

У памяць першадрукара «Буквара» Спірыдона Собаля зазірні ў самую старую кнігарню горада «Крыніца» (Міра, 7). Накупі там магнітаў, а потым, наладзіўшы хвалю аршанскага радыё «Скіф» (99,9 fm), вяртайся дадому.

 

 

Аўтар – Сяргей Шаматульскі

Фота by Вольга Барабуля, рэтушор Ксенія Якаўцова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.