18502 0

Няхай будзе з табой сіла

Уцёкі ад штодзённасці і пошукі сябе ўжо даўно сталі мэйнстрымам – адрозніваюцца толькі метады дасягнення гэтых мэтаў. Тым часам чараўнікі з інтэрнэту сцвярджаюць, што Сусвет пераходзіць на больш тонкія і высокія вібрацыі, таму трэба хутчэй перабудоўвацца на асэнсаваны і духоўны лад жыцця, каб прайсці натуральны адбор. І пакуль хтосьці з’язджае па аюуваску альбо па-пялевiнску закідваецца мухаморамі, беларускія чараўнікі прапаноўваюць лайтовы варыянт прасвятлення: паездкі па месцах сілы. Агент 34mag Таня Капітонава прывезла табе гонза-рэпорт з самых адчувальных пунктаў Беларусі, каб ты задумаўся над сваім лайфстайлам.

 

На дарозе

Нядаўна нехта Дзмітрый Нікулін звязаўся з камандай 34mag з прапановай расказаць пра сябе. У графе «Дзейнасць» на яго старонцы было пазначана: «Чараўнік». Уся сцяна спярэшчаная фатаграфіямі і відэазапісамі, якія павінны навучыць гледачоў жыць у гармоніі з сабой і светам. Яго новы праект – паездкі па месцах сілы, усяго за 50 баксаў можна адправіцца з Дзмітрыем у падарожжа і насыціцца энергіяй Сусвету. Што я і раблю адной ранняй суботняй раніцай, імкнучыся знайсці кампраміс паміж іроніяй і сур'ёзнасцю.

Нас у машыне чацвёра: чараўнік, журналістка, маўклівы хлопец Саша ў куртцы з надпісам «Охрана» і мітуслівая жанчына Вольга. На шыкоўным Chevrolet мы гонім на Браслаўскія азёры. Назва трыпу – «Шлях да Сілы». Нам абяцаюць, што гэтая прыгода дасць нам энергію і паспрыяе самаўдасканаленню.

«Месцы сілы – гэта вызначаныя кропкі на Зямлі, дзе сфакусаваная моцная энергетыка. Гэтыя пункты таксама называюцца крышталямі, – павольна пачынае марынаваць нас Зміцер. – Калі падыходзіш да такога месца, звычайна пачынаеш адчуваць лёгкае галавакружэнне і мяккі ціск на верхавіну галавы. Энергетыка можа быць як станоўчай, так і адмоўнай. Таму нехта можа адчуць там прасвятленне, а кагосьці можа і званітаваць. Самае галоўнае – гэта тое, што месцы сілы дазваляюць чалавеку стаць шчырым з сабой. Але, каб усё гэта выпрабаваць, трэба наладзіцца: спачатку спытай, ці можаш ты тут знаходзіцца. Калі ў адказ адчуеш цеплыню, якая разліваецца ў сонечным спляценні, то ўсё добра. Рэлаксуй, і месца само дасць табе энергію і сілы».

«Нам абяцаюць, што гэтая прыгода дасць нам энергію і паспрыяе самаўдасканаленню»

Як сапраўдны інтэрнэт-чараўнік, Зміцер кажа, што каардынаты разнастайных месцаў сілы ёсць у сецiве. Трэба толькі ведаць, што з імі рабіць, а для гэтага і патрэбны «правадыр», то-бок ён. Па словах Нікуліна, некалькі гадоў ён працаваў намеснікам дырэктара ў буйной кампаніі, пакуль не задзяўбло – тады і вырашыў сур'ёзна заняцца эзатэрыкай, якую даўно любiў і вывучаў. Апрабаваўшы многія практыкі, прайшоўшы навучанне ў розных майстроў, ён стаў дзяліцца тым, што торкнула яго больш за ўсё, – паездкамі па месцах сілы. Свае справаздачы ён выкладае на сваім youtube-канале і на сайце.

Ужо амаль прыехаўшы на першае месца, мы бачым даішніка, які махае палачкай у наш бок. У Змітра адбіраюць правы за паўторнае перавышэнне хуткасці. «Гэта таму, што я расслабіўся, – цэдзіць ён праз зубы. – Ніколі нельга губляць кантроль над прасторай».

 

 

 

Гарадзішча

Праз 3-4 гадзіны пасля выезду мы збочваем з асфальтавай дарогі на пясчаную сцежку пасярод поля і пад'язджаем да даволі буйнага ўзгорку ў вёсцы Масковічы. Залазім наверх і затрымліваем дыханне: краявіды адкрываюцца сапраўды неверагодныя. «Дык гэта ж Нарвегія!..» – крычу сваім спадарожнікам, а яны мне ў адказ: «Не, Новая Зеландыя!..»

Зачараваная веліччу прыроды, я расплываюся ў задаволенай усмешцы і нават пачынаю дапускаць магчымасць існавання тых самых крышталёў. Запальваю першую цыгарэту за дзень, блажэнна кладуся на зямлю і раптам адчуваю, што вось-вось з носа хлыне кроў. Самым натуральным выхадам з сітуацыі мне здаецца папрасіць прабачэння за тое, што запаліла без дазволу. Не ведаю, да каго я звяртаюся: да паўсюднай сілы або да міфічнага захавальніка гэтых месцаў, але запыт спрацоўвае. Зноў магу свабодна дыхаць.

Але кроў павінна была сёння праліцца. У гэты час на другім канцы пагорка Вольга моцна абдымае дрэва: яна вырашыла, што ёй гэта жыццёва неабходна. Закрануўшы пераноссем нейкі сучок, яна залівае крывёю ўвесь свой твар, размазвае яе па вачах і радасна ўсміхаецца Дзмітрыю. Магчыма, на гэтым наша паездка магла б і скончыцца, але ў машыне знайшлася аптэчка. Аператыўна аказаўшы ўсю неабходную дапамогу, Правадыр збірае нас на нараду: «Будзьце больш паважлівымі да гэтых месцаў. Памятайце, што вы ў гасцях. Заўважце, што нават надвор'е сапсавалася: намі незадаволеныя».

«Запальваю першую цыгарэту за дзень, блажэнна кладуся на зямлю і раптам адчуваю, што вось-вось з носа хлыне кроў»

Прысаромленыя, мы пачынаем практычную частку сеанса атрымання сілы. З партатыўнай калонкі гучаць медытатыўныя мелодыі, пакуль Дзмітрый кажа: «Паглядзіце на гарызонт і расфакусуйце сваю ўвагу. Прыбярыце ўсе думкі, разганіце ўсё з галавы, адчувайце сэрцам. Што вы чуеце? Што вы бачыце? Што было тут раней?» Увёўшы нас у стан, падобны да трансавага, ён насыпае па прыгаршчы крупы ў нашыя далоні і дадае: «На месцах сілы трэба пакідаць нешта для захавальніка. Звычайна гэта штосьці натуральнае, расліннае».

Мы зноў разыходзімся па розных баках пагорка і актыўна спрабуем нешта адчуць. Заплюшчваю вочы, і дзесьці ў падсвядомасці ўзнікаюць вобразы рыцараў і бітваў. Але я не паспяваю да канца прачуць гэтую атмасферу: падыходзіць Дзмітрый, каб даведацца аб маім самаадчуванні. Не ўдаючыся ў падрабязнасці сваіх відзежаў, я проста адказваю: «Мне здаецца, што аднойчы я тут памерла».

У Вольгі бачанне менш драматычнае: ёй здаўся воўк, які абараняў яе ад ворагаў. Дзмітрый пераканана кажа, што яна знайшла сваю татэмную жывёлу. А калі мы спускаемся ўніз, то сустракаем мужчыну, які выгульвае буйнога сабаку. «Бачыш, твой запыт тут жа і рэалізаваўся», – не разгубіўся Зміцер.

Напрыканцы ён распавядае нам, што раней тут было капішча, на якім размяшчалася мноства сакральных статуй. І да цяперашняга моманту ў гэтага месца ёсць нябачны Захавальнік: высокі сівавалосы старац з доўгай барадой. Праўда, адчуць яго дух могуць толькі людзі з вельмі тонкай душэўнай арганізацыяй.

 

 

 

Бог Вялес і возера Волас

Мы загружаемся ў машыну і праз 20 хвілін апынаемся на другім месцы сілы – на возеры Волас. Бянтэжыць не толькі назва, але і тое, што на гэтай выспачцы месціцца ўся неабходная інфраструктура для турзлётаў. Але Дзмітрый застаецца спакойным і, папіваючы гарбату з тэрмаса, распавядае: «Паводле падання, гэтае возера названа ў гонар бога Вялеса. Ён быў адзіным з усіх бостваў, хто ў роўнай ступені валодаў сілай звычайнага чалавека, сілай Святла і сілай Цемры. Таму тэрыторыя, на якой мы зараз стаім, лічыцца вельмі моцнай. А ў самым эпіцэнтры крышталя знаходзіцца адна з рэзідэнцый прэзідэнта».

Распавёўшы яшчэ некалькі баек, Дзмітрый заклікае нас да дзеянняў: «А цяпер знайдзіце самае энергетычна моцнае месца на гэтым востраве. Потым распавядзеце, як вы да гэтага прыйшлі».

Мяне цягне на масток, адкуль адкрываецца лепшы від на зліццё водных плыняў. На іншым канцы берага ўзвышаецца бяроза ў форме трызубца. Ад позірку на рабрыстыя аблокі, вядомыя з гэтай лакацыі, па целе прабягаюць вібравальныя дрыжыкі. Выбар самага моцнага месца становіцца відавочным. Запісаўшы маю эйфарыю ад перамогі на відэа, Дзмітрый пачынае вучыць нас назапашваць у сабе энергію месца сілы. Для гэтага трэба заплюшчыць вочы і ўявіць, як вы ўбіраеце ў сябе ўвесь паток станоўчай энергіі, якую лёгка адчуць у паслабленым стане. Затым трэба пабудаваць ахоўную абалонку вакол сябе: уявіце, што вы знаходзіцеся ў шары, сатканым з энергіі космасу і зямлі. Па ўсім целе цяплее, далоні пачынае прыемна паколваць. Адчуваю сябе нібы ў кокане: утульна і бяспечна.

Уволю нацешыўшыся сваімі метафізічным шарамі, мы развітваемся з гэтым месцам і паднімаемся на невялікі пагорак непадалёк. «Ой, а Вялес побач з намі ідзе! – ускрыквае Вольга. У яе пастаянна нейкія глюкі: – Ён ружовы, з рожкамі, смешны такі...»

«А ў самім эпіцэнтры крышталя знаходзіцца адна з рэзідэнцый прэзідэнта»

На новым пункце нас чакае самая практычная частка паездкі. Дзмітрый лісліва кажа: «Успомніце, якімі вы былі ў 5 гадоў. Гэта самы шчыры час у жыцці. Аб чым вы марылi? Кім вы хацелі стаць? Пабудзьце зараз дзецьмі і загадайце самыя патаемныя жаданні».

З калонкі гучаць баявыя песні гурта «Стары Ольса», пакуль настаўнік малюе на зямлі руну з аўсянай крупы. Затым мы становімся вакол яе і накіроўваем далоні ў бок сваіх суседзяў. «А зараз мы будзем абменьвацца энергіяй!» – і пасля гэтых словаў Дзімы мы пачынаем адчайна пасылаць сігналы ў рукі адзін аднаго, уяўляючы, як плыні цыркулююць супраць гадзіннай стрэлкі і, закруціўшыся, адпраўляюцца ў космас. Зразумеўшы, што ў нас не атрымліваецца, Дзмітрый бярэ ў рукі нож і пачынае размахваць ім перад сабой, нібы размешваючы забрадзілы кісель, і пасля гэтага абмен энергіяй ідзе больш бадзёра. Усё гэта нагадвае нейкія сектанцкія рытуалы. Але кплівая ўсмешка сыходзіць з твару, калі далоні сапраўды награюцца, а сваё цела я пачынаю адчуваць як транзітную дарогу для плыняў энергіі. Але не час грэцца – трэба паспець на фінішную прамую да заходу сонца.

 

 

 

Чароўны лес

Апошняе, трэцяе, месца сілы адразу дало зразумець: тут давядзецца выжываць. Спачатку трэба падняцца па доўгіх лесвіцах на вяршыню гары Маяк, а потым зразумець, што гэта не канчатковы пункт маршруту. Затым па ўзгорках рушым да гарыстага лесу, які віднеецца дзесьці ўдалечыні. У дарозе мой фотаапарат сам па сабе перазагружаецца, а потым пытае, які зараз год.

Ужо цямнее, калі мы падыходзім да гушчару. Зямля пакрытая шнарамі з паваленых дрэў, голыя галінкі драпаюць вопратку, павуцінне імкнецца ахінуць нас цалкам, вецер варушыць валасы на патыліцы. Адчуваю сябе выдатна. Быццам бы я апынулася ў хорары, але дакладна ведаю, што выжыву.

Каля гадзіны мы блукаем па лесе, перыядычна спыняючыся ля асабліва выдатных дрэваў. Некаторыя выглядаюць так, нібы з іх доўга і пакутліва выганялі злых духаў. Адно з такіх пакарабачаных дрэваў захапляе мяне асабліва: яно нагадвае скульптуру, дзе кожная галінка – шэдэўр, а кожнае спляценне – сюжэт. Чым бліжэй я да яго падыходжу, тым мацней адчуваю рух ківача ўнутры сябе. Гэтае дрэва-дэментар выцягвае з мяне ўсё добрае, акунае ў цемру, напаўняе злараднасцю. Я пачуваюся то д'яблам, то Малефісэнтай – і атрымліваю асалоду ад гэтага.

«Быццам бы я апынулася ў хорары, але дакладна ведаю, што выжыву»

«Ведзьма», – шэпча Саша. Вольга падазрона касавурыцца на мяне і просіць як мага хутчэй адысці адсюль: ёй дрэнна побач з гэтым дрэвам. Тым часам з свядомасці цалкам сыходзіць іронія, сарказм, і я сур'ёзна разумею сутнасць месцаў сілы: у мяне хвалямі паступае бурлівая энергія, запаўняючы ўсе вакол пругкімі вібрацыямі. У такім стане трэба сузіраць, тварыць, адказваць на свае пытанні. Можна звар'яцець або вынайсці нешта геніяльнае. Я пастаянна лаўлю глюкі і відзежы, але яны не палохаюць – я адчуваю сябе на сваім месцы.

Мы выходзім з лесу гадзін у 8 вечара, калі ўжо надыходзіць глыбокая цемра. Блажэнныя і стомленыя, мы закідваем свае целы ў тачку і едзем дадому. Саша і Вольга пасопваюць на задніх сядзеннях, змораныя за дзень. «Ахоўнік» мала дзяліўся сваімі перажываннямі, а Вольга ўволю нагаварылася з багамі і захавальнікамі месцаў. Насцярожанасць, з якой я выправілася ў гэты трып, змяняецца павагай да перажытага вопыту. Мая галава становіцца яснейшай, унутраны непакой сыходзіць, а зацяжнога эмацыйнага выгарання быццам і не было. Мне хочацца хутчэй яшчэ раз паглыбіцца ў гэтыя своеасаблівыя медытацыі.

Некалькі дзён пасля гэтага на мяне дзіўна глядзяць мінакі, таму што я працягваю загадкава ўсміхацца і перабіраць у руках сырую крупу, каб пры нагодзе адсыпаць яе ў якім-небудзь моцным месцы.

 

 

Фота by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.