2086 2

Не Мірам адзіным

Адной нашай аўтарцы надакучылі папсовыя Мір і Нясвіж. Кажа, даўно надакучылі. Таму яна ўзяла сяброўку і пагнала ў вандроўку за 250 км ад Менску ў бок Берасцейскай вобласці: паўзірацца ў рэшткі палаца Пуслоўскіх ды Сапегаў і пасядзець на беразе возера, дзе нарадзіўся грамадзянін свету – Тадэвуш Касцюшка. Мы лічым, мясціны вартыя твайго наведвання.

Лэтс гоў

Калі не маеш машыны, даехаць да Косава становіцца складана. Бліжэйшая чыгунка знаходзіцца ў райцэнтры Івацэвічы, а адтуль да пункту прызначэння лепш за ўсё дабірацца спынам.

А дзявятай раніцы мы, ледзь не праспаўшы, прыязджаем у Івацэвічы. Горад сустракае чаканай чысцінёю станцыі, шапікам з каваю і нечакана шыкоўнымі машынамі на вуліцах.

Разважаючы над тым, чаму Івацэвічы не ўваходзяць у «топ-10 заробкаў Беларусі», крочым да выйсця з горада, каб злавіць папутку да косаўскага замка Пуслоўскіх. Ад вакзалу шлях займае прыкладна дваццаць хвілін. За гэты час ты дакладна паспееш атрымаць асалоду ад шпацыру па шырокай вуліцы Леніна і мясцовай сацыяльнай рэкламы.

Злавіць машыну да Косава выявілася нескладана: ужо праз сем хвілін нас падабрала мілая жанчына, якая вельмі здзівілася, пачуўшы, што мы – дзве дзяўчаткі з Менску – прыехалі, каб паглядзець на мясцовыя славутасці. Уразіўшыся, яна завезла нас у самую Марачоўшчыну.

 

 

Косава

Марачоўшчына – гэта частка Косава, дзе знаходзяцца асноўныя выбітнасці: сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ды палац Пуслоўскіх. Нягледзячы на тое, што лета ўжо скончылася, у Косава сапраўдны варушняк: акрамя нас, тут яшчэ два турыстычныя аўтобусы (адзін з палякамі) і некалькі машын. І ўвесь гэты натоўп мужна падымаецца па прыступках, каб паглядзець на палац.

Палац Пуслоўскіх абнесены дротам, за які складана прабрацца, бо за наведнікамі пільна сочыць вартаўнік. Як кажа шыльда каля яго, рэстаўрацыя пачалася ў 2011 годзе, але з сапраўды важных зменаў можна заўважыць толькі вітражы. Ад палаца засталіся адно сцены, унутры блукае вецер ды расце трава. Лёгка ўявіць, як тут усё выглядала, калі род Пуслоўскіх перажываў росквіт і мог дазволіць сабе зладзіць пакатушкі на санках улетку.

З насыпу ля палаца адкрываецца неверагодны від на прыўкраснае возера. Вось менавіта на самым гэтым беразе возера і нарадзіўся герой шматлікіх краін Тадэвуш Касцюшка. На жаль, будынак у Косава – не арыгінальная хата героя ЗША, Польшчы ды пачэснага грамадзяніна Францыі, а навабуд 2011 года.

З прыватнай размовы з супрацоўніцамі музея даведваемся, што палякі сапраўды часта завітваюць на малую радзіму Касцюшкі. «Але гэта лета, турыстычны сезон, звычайна жывём за кошт школьнікаў», – трошкі абыякава кажа жанчына на касе.

Сама Марачоўшчына не выклікае асаблівых захапленняў і пакідае ўражанне, што музей тут рабілі, каб зрабіць. Даведацца больш цікавых дэталяў пра жыццё славутага Касцюшкі там нам не ўдалося, затое паразглядалі медалі ды банкноты, дзе выяўлены спадар Тадэвуш. «Окей, ёсць “Вікіпедыя”», − вырашылі мы і пакрочылі наперад: наступным пунктам праграмы быў Ружанскі палацавы комплекс.

 

 

Ружаны

Паміж Косавам і Ружанамі – 25 кіламетраў. Аўтобус пераадольвае гэтую адлегласць за пяцьдзясят хвілін. Справядліва разважыўшы, што гэта дарэмная трата часу, злавілі папутку. За рулём быў мянчук, які па справах паехаў у Івацэвічы (так, у нас гэта таксама выклікала лёгкі дысананс), а потым вырашыў паглядзець на мясцовыя славутасці. Менавіта дзякуючы яму ўжо праз дзесяць хвілін мы мелі магчымасць разглядаць перліну беларускай архітэктуры.

Як толькі бачыш Ружанскі палац, у цябе спыняецца дыханне. Так, ад былой рэзідэнцыі Сапегаў засталіся толькі рэшткі, руіны. Але яны ўражваюць. Уяўленне само дамалёўвае карцінкі, як палац выглядаў яшчэ сто гадоў таму.

Рэзідэнцыя Сапегаў заўсёды вылучалася шматфункцыйнасцю: ягоная гісторыя пачыналася з замка, зруйнаванага падчас міжусобнай вайны Радзівілаў і Сапегаў напрыканцы XVIII стагоддзя. Потым, на пачатку XIX стагоддзя, на месцы замка пабудавалі палац, які праз два пакаленні адышоў мясцовым бізнэсмэнам Пінасам. Яны выкарысталі шыкоўныя залы для суконнай фабрыкі. Натуральна, першы пажар – і ад унутранага ўбранства Ружанскага палаца нічога не засталося. Потым былі войны, недахоп будматэрыялаў у мясцовага насельніцтва, і ад некалі вялікага будынка засталіся рэшткі.

Як паведамілі супрацоўнікі Ружанскага палацавага комплексу, план рэстаўрацыі часткі рэзідэнцыі Сапегаў распрацаваны згодна з праграмай «Замкі Беларусі». Адрэстаўравалі ўваходны корпус, але далей за гэта справа не пайшла. Руіны нават не закансервавалі, на тэрыторыю вольны ўваход. Яшчэ раней, пры Савецкім Саюзе, была спроба аднавіць усходні корпус. Але мясцовыя жыхары з усмешкай кажуць, што цэгла той рэстаўрацыі апынулася менш устойлівай, чым арыгінальная XVIII стагоддзя.

Такое стаўленне да гістарычнай спадчыны спрыяе таму, што палац Сапегаў стаў месцам для тусовак тутэйшых пацаноў. Яны ахвотна распавядуць турыстам гісторыі пра замак. Глядзіш на іх і зайздросціш: не кожнаму беларускаму дзіцёнку выпадае магчымасць выпіць першы келіх піва і выпаліць першую папяросу не абы-дзе, а ў сапраўдным палацы.

На жаль, іншых крыніц фінансавання Ружанскага палацу ў бліжэйшы час не прадбачыцца, толькі калі ў каго-небудзь не знойдзецца ў кішэні лішні мільён даляраў, які дапаможа ўратаваць архітэктурны скарб.

Калі доўгія адлегласці і адсутнасць добрых транспартных камунікацый не ёсць для цябе перашкодай – гайда ў берасцейскія замкі, а калі засмучае такая доўгая дарога – зацані інстаграм, які клапатліва вядуць супрацоўнікі комплексу.

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by Дар'я Галавашка


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (2)
ava

Kistserny Kirill 07-10-2016, 00:00

Здаецца, Косава з Ружанамi таксама можна адносiць да папсовых мясцiн. Цяжка знайсцi чалавека, якi пра iх бы не ведаў

Адказаць

Вася14-10-2016, 01:06

Тратата

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.