Наста Балотнікава
Шэсць дзён таму ў Віцебску прайшоў музычна-літаратурны фэст «Барадулінкі». І сёння мы гутарым з адной з яго арганізатар_ак Настай Балотнікавай пра поспехі, траблы і тое, як шукаць партнёраў ды сумяшчаць выступ Марціновіча з фры-маркетам.
Чым займаюцца: Папулярызацыя сучаснай беларускай культуры ў Віцебску.
Дата заснавання: 2014 год.
Структура: 6 чалавек.
Кантакты:
VK
З кім гутарым: Наста Балотнікава, 21 год. Студэнтка кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Гісторыя Насты
– Больш за два гады таму я ўдзельнічала ў адукацыйным курсе для менеджараў культуры Lumini, які праводзілі vitebsk4.me. Падчас заняткаў да нас прыязджалі розныя клёвыя выкладчыкі. Захар Шлімакоў сваім расповедам пра Jam Market натхніў мяне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае ў Віцебску. Так, дзесьці праз паўгода, 24 снежня 2014, я з дапамогай сяброў зладзіла Зімовы маркет у бітлз-клубе «Паддашак». Уладальнік Гарык задарма даў нам памяшканне, мы арганізавалі працоўныя месцы для майстроў, фотасушку, была дэгустацыя гарбаты і шмат іншага.
На курсах нам таксама распавядалі, як шукаць партнёраў і спонсараў. Напрыклад, калі вам патрэбны тэлевізар, схадзіце ў LG і прапануйце выкарыстаць іх лога ці іншую рэкламу на мерапрыемстве, а за гэта папрасіце тэлек на некаторы час.«Захар Шлімакоў сваім расповедам пра Jam Market натхніў мяне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае ў Віцебску»
Я пачала думаць, з кім можна супрацоўнічаць у Віцебску, і ўспомніла, што ў нас ёсць прыўкрасная «Віцьба». Зайшла на сайт, знайшла кантактны нумар, патэліла. Далей напісала ліст і даслала па факсе. Апошняе было самым складаным, я цэлы дзень шукала, дзе б адаслаць, а потым яго доўга не прымалі. А ў выніку праз пару дзён мне патэлілі з камбіната, запыталі, колькі прыкладна чалавек мы чакаем, дзе будзе праходзіць івэнт, і самі прывезлі нам вялікую колькасць розных слодычаў.
Па накатанай
– Праз паўгода, улетку, мы вырашылі правесці яшчэ штосьці. Звярнуліся з ідэяй да аддзела ідэалогіі і культуры аблвыканкама, яны адразу далі згоду і самі прапанавалі нам зрабіць свята падчас Дня горада. Мы рабілі два мерапрыемствы – фэст «Барадулінкі» ў цэнтры горада, у арт-прасторы на Талстога, і фэст паветраных змеяў «Свята Ветру» недалёка ад Віцебска. Супрацоўнічалі з Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва і Гарадскім цэнтрам культуры, якія выдзелілі свае пляцоўкі. На «Барадулінках» зноў быў маркет, а яшчэ выступы Андрэя Хадановіча, TonqiXod і кінапаказ Cinema Perpetum Mobile. А яшчэ мы збіралі грошы на мемарыяльную шыльду Рыгору Барадуліну, які за тры месяцы да гэтага памёр.
«Па аўтограф стаяла чарга, гэта, я лічу, поспех, бо такое рэдка здараецца ў горадзе»
Сёлета да нас прыехалі музычныя гурты «Ілюжан» і Martin S., Андрусь Такінданг з «Рэхам», «Цень». Былі прэзентацыі новага рамана Віктара Марціновіча «Возера радасці» і праекту знакамітага гісторыка Мікалая Півавара – «50 музеяў Віцебска». А яшчэ «Мова Нанова», лекцыя Віталя Рыжкова пра сучасную беларускую паэзію і вечаровы кінапаказ.
На Марціновічы не было дзе прысесці (і гэта ў вялікай зале!), людзей прыйшло шмат. Па аўтограф стаяла чарга, гэта, я лічу, поспех, бо такое рэдка здараецца ў Віцебску.
Радасці і траблы
– Мы правялі ўжо тры маркеты і два фэсты. Акрамя першага мерапрыемства, заўсёды супрацоўнічаем з уладамі. У гэты раз нашымі партнёрамі былі «Мова Нанова», «Будзьма Беларусамі» і Саюз беларускіх пісьменнікаў, які дапамог з арганізацыяй літаратурнай часткі.
Вясной нават атрымалася невялічкая міжнародная кааперацыя: цяпер ідзе польска-беларускі праект Polis(h) Photo Lab, і калі фатографы з Польшчы прыязджалі ў Віцебск, мы арганізавалі іх выступы падчас Вясновага маркета.
Мне падалося, што на гэтых «Барадулінках» цікавасць жыхароў стала меншай. Напэўна, адбіваецца крызіс, бо не ва ўсіх ёсць магчымасць набыць вырабы ручной працы: гэта зусім не танна. Плюс мы ўжо не адныя, хто арганізуе падобныя актыўнасці. А можа, публіка перасыцілася, і трэба зрабіць перапынак, змяніць фармат. Спадзяюся, атрымаецца.«Нават калі ўзнікае сумненне, ці атрымаецца, успамінаю, што мы ўжо абяцалі, мы заявілі, што зробім»
Асноўная наша праблема, на мой погляд, − недахоп часу. Хаця мы і спрабуем усё рабіць загадзя, чамусьці ў апошні момант штосьці ідзе не так, і нам яго катэгарычна не стае.
Навошта рабіць усё гэта? Я адчуваю дзвіж, той, якога часта не хапае Віцебску. Узнікае адчуванне, што ты робіш штосьці такое, што, магчыма, спадабаецца не толькі табе. І гэта прыемнае пачуццё. Летась мы працавалі зранку да вечара два дні, але я зусім не стамілася. Гэтыя дні былі вялікім скопішчам усяго такога рознага.
Нават калі ўзнікае сумненне, ці атрымаецца, успамінаю, што мы ўжо абяцалі, мы заявілі, што зробім.
Пакуль няма ніводнага каментара