29764 0

На захад ад Менска

Чарговы маршрут выходнага дня ад 34mag! Гэтым разам рухаемся на захад ад сталіцы і аглядаем мясціны, якія торкалі Максіма Багдановіча і Міколу Гусоўскага.

 

  Заслаўе

Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, заснаваны ў 985 годзе, месціцца за 27 кіламетраў ад Менска. Гэтыя тэрыторыі калісьці засялялі крывічы, пра што сведчаць больш за 300 курганоў VI–XII стагоддзяў у наваколлях Заслаўя і ў межах горада. Адзін з некропаляў (які складаецца з 19 курганоў 20-метровай вышыні) можна ўбачыць пры пад’ездзе да Заслаўя па трасе Менск – Маладзечна.

Шпацыр па горадзе раім пачаць з «Замэчка» – месца, дзе калісьці стаяў невялікі драўляны замак, умацаваны валамі. У старадаўнія часы горад атрымаў сваё імя дзякуючы маладому князю Ізяславу. Юнак быў сынам кіеўскага князя Уладзіміра, таксама вядомага як «Чырвонае сонейка», і полацкай князёўны Рагнеды, якую Уладзімір сілай узяў у жонкі, забіўшы яе бацькоў і братоў ды захапіўшы полацкія землі. У адказ Рагнеда зрабіла няўдалую спробу забіць Уладзіміра ноччу, аднак князь прачнуўся. Ад смерці Рагнеду выратаваў сын, які раптам з’явіўся ў пакоі – Уладзімір саслаў жонку з Ізяславам прэч з вачэй. Так з’явіўся «Замэчак» у Заслаўі.

Археалагічныя раскопкі ў гэтых мясцінах прынеслі шмат адкрыццяў – знаходзілі зброю, нажніцы, замкі, крыштальныя каралі. У XII стагоддзі ў горадзе ўжо існаваў вялікі рамесны пасад – на Рынкавай плошчы, атачонай каменнымі дамамі, адбываліся кірмашы. Замкавая вуліца пакажа дарогу, якая калісьці вяла ад пасада да замка. У XVI стагоддзі горад перайшоў у валоданне Глебавічаў, і на паўночнай ўскраіне з’ явіўся новы замак – сёння гэта гарадзішча «Вал».

Будучы на Рынкавай плошчы, зазірніце ў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты барочны храм быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя. У часы Расійскай імперыі тут была праваслаўная царква, збольшага менавіта таму першапачатковае ўбранне не захавалася – кажуць, што некалі інтэр’ер упрыгожвалі тры алтары, багата аздобленыя жывапісам, ляпнінай і драўлянымі скульптурамі.

Заслаўскі замак XVI стагоддзя быў адным з першых замкаў-бастыёнаў у Беларусі. Ад горада крэпасць, дзе была княжацкая рэзідэнцыя, аддзялялася шырокім ровам, які можна было пераадолець па пад’ёмным мосце.

Пры Глебавічах у Заслаўі была створаная пратэстанцкая суполка, сюды нават запрасілі прапаведаваць Сымона Буднага. Пра ўплыў Рэфармацыі на беларускія землі сведчыць Спаса-Праабражэнская царква. Пратэстанцкая бажніца была ўзведзеная таксама ў XVI стагоддзі. Пры наступных уладальніках Заслаўя, Сапегах, яе перадалі каталікам і заснавалі там дамініканскі кляштар. Пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай кляштар зачынілі расійскія ўлады, і да 1961 года ў будынку была царква. Потым на кароткі час (1977–1990) тут атабарыўся музей рамёстваў і народных промыслаў. Сёння бажніца зноў праваслаўная.

Раім таксама наведацца ў мясцовы музей міфалогіі і лесу – дзе ж яшчэ даведаешся, як выглядае лясун ці ваўкалак?!

 

 

  Плябань


Фота: http://emieryka.blogspot.com/2010/05/blog-post_16.html

Гісторыя гэтай вёскі шчыльна звязаная з вельмі важнай падзеяй у беларускай гісторыі – паўстаннем 1863 года. У Плябані два цікавыя аб'екты – касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і могілкі. Казалі, што ў падзямеллі бажніцы паўстанцы Калiноўскага назапасiлi тайны арсенал, а каля яе сценаў узбройваліся атрады. Кiраўнiком паўстання ў гэтых краях быў Юліян Бакшанскі, які разам са сваімі паплечнікамі пахаваны на мясцовых шляхецкіх могілках.

Далей па трасе трапіш у вёску Краснае, дзе можна агледзець неагатычны касцёл стагадовай пабудовы і царкву, узведзеную ў канцы XIX стагоддзя ў псеўдарускім стылі.

 

 

  Ракуцёўшчына

У вёску можна заехаць, каб паглядзець дом-музей, прысвечаны Максіму Багдановічу. Летам 1911 года паэт гасціў тут у сядзібе шляхціца Лычкоўскага і называў гэтыя месяцы найлепшымі старонкамі свайго жыцця. Тут ён напісаў паэму «У вёсцы».

Падчас вайны 1812 года ў Маладзечне спыняўся Напалеон Банапарт. Тут мы раім спыніцца і табе – што-небудзь паесці і прайсціся па нядаўна рэканструяваным цэнтральным парку.

 

 

  Яхімоўшчына

За 20 кіламетраў ад Маладзечна практычна цалкам захавалася сядзіба Сулістроўскіх XIX стагоддзя.

Акрамя самой сядзібы можна агледзець вінакурню, на якой у 1906–1907 гадах Янка Купала працаваў галоўным тэхнолагам. У доме, дзе ён жыў, захавалася аўтэнтычная мэбля.

 

 

  Валожын


Паданне кажа, што ў старажытныя часы на гэтых землях жыў волат, які дапамагаў жыхарам ва ўсіх бедах. Сёння Волат «жыве» амаль на кожным менскім скрыжаванні і, магчыма, ужо пасяліўся ў нашых сэрцах. Ад Валожына рукой падаць да Налібоцкай пушчы – пэўна, менавіта яе ўсхваляў першы беларускі пясняр Мікола Гусоўскі ў сваёй «Песні пра зубра».

Як і большасць беларускіх мястэчак, Валожын шмат разоў пераходзіў з рук у рукі, а ў XIX стагоддзі яго набылі Тышкевічы. Акрамя добра захаванага палаца, у якім сёння месціцца ваенная частка, варта паглядзець культавыя пабудовы: касцёл св. Іосіфа, царкву св. Канстанціна і Алены ды ешыбот – усе будынкі XIX стагоддзя. Дарэчы, ваколіцы Валожына – радзіма цяперашняга прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса.

 

 

  Івянец

Паселішча ўпершыню згадваецца ў канцы XIV стагоддзя – вядома, што землі належалі Вітаўту. Калісьці Івянец быў вядомым цэнтрам ганчарнага рамяства, тут працаваў завод мастацкай керамікі. Вырабы прадаваліся не толькі ў навакольных мястэчках, але і ў Вільні ды Менску.

Касцёл св. Міхала Арханёла ў Івянцы – выдатны помнік архітэктуры барока. Раней Белы касцёл, як яго называюць мясцовыя, быў часткай кляштара францысканцаў. Манастыр быў зачынены ў 1832 годзе. Сама ж бажніца была зачыненая пасля паўстання Каліноўскага. Пасля Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўвалі як краму і цэх, дзе салілі агуркі, і толькі на пачатку новага тысячагоддзя пачалася яго рэстаўрацыя. Таксама ў Івянцы ёсць неагатычны Чырвоны касцёл, асвечаны ў гонар святога Аляксея.

 

 

  Ракаў


Гэтае мястэчка будзе апошняй кропкай на нашым заходнім маршруце. У міжваенны перыяд (1921–1939) Ракаў уваходзіў у склад Польшчы і меў славу горада кантрабандыстаў. Тут працавала больш як сотня крамаў, былі казіно і бардэлі. Мяжа з СССР праходзіла ўсяго за некалькі кіламетраў ад Ракава.

Славутасці Ракава – гэта Спаса-Праабражэнская царква канца XVIII стагоддзя, касцёл Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў стылі неаготыкі, збудаваны на пачатку XX стагоддзя.

Звярні ўвагу таксама на каталіцкую капліцу святой Ганны (размешчаная на могілках). Можна зірнуць і на старыя габрэйскія могілкі ды пагорак, на якім калісьці горад зараджаўся.

На галоўнай плошчы Ракава размешчаны прыватны музей братоў Янушкевічаў, пра візіт трэба дамаўляцца загадзя (тэлефануй па нумарах +375177252262 і +375295569627)

 

Іншыя маршруты выходнага дня ад 34mag
На поўнач ад Менска | На поўдзень ад Менска  | На ўсход ад Менска


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.