29569 0

На ўсход ад Менска

Пасля вылазак на поўнач, поўдзень і захад ад залітага па самыя яйцы дажджамі Менска прапаноўваем табе рвануць на ўсход і даведацца, што Барысаў – гэта не толькі БАТЭ, а Смілавічы – не толькі Хаім Суцін.

 

Смілавічы


Фота: http://vandrouka.by/2011/smilovichi/

За 25 км на ўсход ад Менска месціцца гарадскі пасёлак Смілавічы. Першая згадка пра паселішча датуецца 1582 годам. Сярод іншых шляхецкіх радоў уладарамі Смілавічаў былі Агінскія і Манюшкі, пасля якіх тут захаваліся руіны палацава-паркавага комплексу. Ёсць легенда, што пакуль Міхал Казімір Агінскі, вядомы палітычны і грамадскі дзеяч, ратаваў Рэч Паспалітаю ад канчатковага знікнення, ягоны эканом Станіслаў Манюшка (дзед вядомага кампазітара) паспеў назбіраць добрую суму грошай і выкупіць у Агінскага Смілавічы і навакольныя вёскі. Ёсць пісьмовыя сведчанні, што разам са сваім сябрам Францішкам Ашторпам, які ў Агінскага набыў Дукору, былы эканом муціў такія грандыёзныя балі, што буйнейшыя вечарыны ладзіў толькі Пане Каханку.
Палац у Смілавічах складаўся з двух мураваных карпусоў: псеўдагатычны стары палац быў аб’яднаны з новым неагатычным праз невялічкую канструкцыю, у якой месцілася аранжарэя. Акрамя багатай бібліятэкі, у фамільнай карціннай галерэі была адна з найкаштоўнейшых карцін беларускага мастака Валенція Ваньковіча «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг» (цяпер шэдэўр захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве). Парк быў засаджаны экзатычнымі дрэвамі, але яго планіроўка была цалкам знішчаная, калі ў савецкія часы на яго тэрыторыі пабудавалі агракаледж.

Апошняе, але, хіба, самае галоўнае, пра што трэба ўзгадаць: Смілавічы – радзіма сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна, імя якога пішуць у адзін радок з такімі прозвішчамі, як Мадыльяні, Шагал, Пікаса ды іншыя. І гэтым, несумненна, трэба ганарыцца.

 

 

  Раванічы

Гісторыя маленькай вёскі налічвае больш за тысячу гадоў. Тэрыторыю сучаснага паселішча калісьці займалі дрыгавічы. Назва вёскі тлумачыцца як «паселішча, размешчанае на равах» – месца жыццядзейнасці дрыгавічоў.

Тут можна пабачыць палацава-паркавы ансамбль Слацвінскіх XIX стагоддзя, пра былую прыгажосць якога сведчаць малюнкі Напалеона Орды, а таксама руіны касцёла св. Антонія Падуанскага, пабудаванага ў канцы XIX стагоддзя. На жаль, дах бажніцы не захаваўся – пажар у 1980-х сур'ёзна пашкодзіў будынак.

 

 

Барысаў


Старадаўні беларускі горад быў названы ў гонар свайго заснавальніка, князя Барыса Усяславіча, які ў 1102 годзе пабудаваў на левым беразе Бярэзіны крэпасць. Гэта месца сёння адносіцца да вёскі Старабарысаў, за 4 км ад самога горада.

У XII стагоддзі Барысаў быў вядомы як буйны гандлёвы і рамесны цэнтр; мяркуючы па знаходках археолагаў, сюды заплывалі і замежныя купцы. У канцы XIII стагоддзя горад увайшоў у склад ВКЛ, а ў 1507-м яго назва ўпершыню з’явіліся на еўрапейскіх мапах. Быў пабудаваны новы фартыфікацыйны будынак – каля зліцця рэк Бярэзіны і Схі. У часы Расійскай імперыі і Другой сусветнай вайны крэпасць выкарыстоўвалі як турму – тое, што ад яе засталося, сёння можна ўбачыць у раёне вуліцы Гогаля.

Перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, у 1792 годзе, апошні яе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дараваў Барысаву новыя прывілеі і герб. Адданы паклоннік імператрыцы Кацярыны II, Станіслаў неўзабаве падпіша свой апошні дакумент – адмаўленне ад пасаду. Здарыцца гэта, дарэчы, у Гародні.

Што да Барысава, то ў складзе Расійскай імперыі горад атрымаў статус павятовага. Герб быў прыняты ў новай рэдакцыі – апостала Пятра з ключамі ў руцэ замянілі на дзве вартавыя вежы.

Гісторыя горада і яго наваколля непарыўна звязаная з бітвамі 1812 года. У сучаснай французскай мове слова «бярэзіна» азначае катастрофу, поўны правал. Дый для беларускіх зямель вайна з Напалеонам была катастрофай – людскія страты склалі мільён чалавек, а гэта чвэрць перадваеннага насельніцтва нашых зямель. Праз сто з лішнім гадоў французы зноў з’явіліся ў Барысаве, але ўжо ў якасці саюзнікаў. Сёння адна з вуліц горада названая ў гонар авіяпалка «Нармандыя – Нёман».

Сярод вартых наведвання аб’ектаў – праваслаўны Сабор Уваскрашэння Гасподняга і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першая бажніца, у рэтраспектыўна-рускім стылі (або, інакш гаворачы, «постмураўёўка»), служыць сімвалам горада. Яе пабудавалі ў 1874 годзе паводле праекта пецярбургскага архітэктара   на  месцы згарэлай драўлянай, збудаванай яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя. У 1930-х гадах царква была зачыненая, убранне разрабавалі і купалы знялі – будынак выкарыстоўвалі як склад для збожжа, а вежа-званіца сталася парашутнай вышкай. У 1945-м сабор вярнулі вернікам, а новыя купалы прывезлі з Масквы.

Каталіцкі касцёл – помнік архітэктуры позняга класіцызму, нядаўна яму споўнілася 200 гадоў. Як і большасць каталіцкіх бажніц, яго зачынілі пасля паўстання Каліноўскага. Службы аднавілі ў канцы XIX стагоддзя – яны працягваліся да 1937-га, а затым зноў пачаліся ў канцы 1980-х.

Таксама варта паглядзець  на  былую воданапорную вежу  на  вул. Энгельса – так званую Шухаўскую вежу, якіх у Беларусі ўсяго дзве, а ў свеце – адзінаццаць (калісьці было дзвесце).

 

 

  Старабарысаў

Акрамя гарадзішча, дзе, як мы згадвалі вышэй, была спачатку пабудаваная крэпасць, раім паглядзець  на  былую сядзібу князёў Раманавых. Або хутчэй  на  тое, што засталося  ад  маёнтка:  на  беразе возера захаваўся двухпавярховы флігель палаца, які належаў Радзівілам, а пасля самім Раманавым (брату імператара).

У 1812-м у будынку адпачываў Напалеон, а ў 1941-м, кажуць, Гітлер праводзіў сваю стаўку.

 

 

Іншыя маршруты выходнага дня ад 34mag
На поўнач ад Менска  |  На захад ад Менска  |  На поўдзень ад Менска


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.