21530 0

На поўнач ад Менска

Прыйшоў час выбірацца за горад! 34mag вырашыў скласці для цябе маршруты выходнага дня: што паглядзець непадалёк ад Менска, каб пашырыць кругагляд і паспець абярнуцца за дзень. Гэтым разам рушым на поўнач і даследуем прыкметы мілай даўніны ў Баравой, Раўбічах і Лагойску.

 

  Вёска Баравая

У Баравую варта наведацца, каб паглядзець музей авіяцыі. Экскурсіі па ім праводзяць ваенныя лётчыкі і нават дазваляюць пасядзець у кабіне лятальнага апарата. Музей працуе штодня акрамя панядзелка з 10:00 да 18:00. Як дабрацца, глядзі тут.

 

Калі кампанія ў цябе вялікая, адпраўляйцеся пагуляць у пейнтбол або палятаць на верталёце. А калі ў жыцці не хапае адрэналіну, можаш паспрабаваць скайдайв у тандэме з інструктарам. Вось толькі піць алкаголь нельга ні ў дзень скачка, ні нават напярэдадні.

Каб даведацца пра даты бліжэйшых скачкоў і палётаў, тэлефануй па нумары +375175052960 з 10:00 да 17:00.

 

 

  Раўбічы


Фота: http://azarkinm.livejournal.com

У спартовым цэнтры летам няма чаго лавіць. Але, акрамя яго, у Раўбічах ёсць яшчэ адзін каштоўны аб'ект: неагатычны Касцёл Святога Мацвея, пабудаваны ў 1862-м, яшчэ перад паўстаннем Каліноўскага. У часы Расійскай імперыі касцёл быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Гара, на якой месціцца бажніца, стаіць на скрыжаванні двух узгорыстых градаў, таму святыню часта называлі Крыжагорскай царквой.

Пасля рэвалюцыі будынак быў зачынены і доўгі час стаяў у заняпадзе. Падчас будаўніцтва трампліна непадалёк бажніцу хацелі знесці, але ўсё абышлося. Сёння ж там месціцца музей беларускага народнага мастацтва, у якім шмат каштоўных прадметаў XVI–XX стагоддзяў: адзенне, ганчарныя вырабы ды прадметы са старадаўніх цэхаў. На тое, каб агледзець музей, вам спатрэбіцца ад 40 хвілін да гадзіны. У наваколлі шмат кропак, дзе можна завіснуць і зладзіць пікнік.

З Зялёнага Лугу ў мясціну вядзе сцяжынка, па якой можна даехаць на ровары: яна ідзе ўздоўж трасы M3.

 

 

  Лагойск


Чарговая перліна айчыннай спартова-турыстычнай індустрыі! Але некалі – радавое гняздо ўплывовага ў Беларусі роду Тышкевічаў.

Сам Лагойск не нашмат маладзейшы за Менск: аб ім згадвалася ў 1078 годзе, а з XIV стагоддзя яго землі ўвайшлі ў склад ВКЛ і належалі спачатку самому Ягайлу, а потым і Вітаўту.

Пабадзяйцеся па прысядзібным (некалі англійскім) парку і паглядзіце на тое, што засталося ад руін палацу пачатку XIX стагоддзя. Лагойскі палац Тышкевічаў быў разбураны ў Другую сусветную: паводле адных звестак падчас уцёкаў нацыстаў, а паводле іншых – у выніку абстрэлу савецкімі войскамі.

У XIX стагоддзі, дзякуючы братам Канстанціну і Яўстафію Тышкевічам, Лагойск быў вядомы як цэнтр гісторыі і археалогіі. Есць легенда, што граф Канстанцін Тышкевіч (краязнавец і адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі) вывучаў на Лагойшчыне сярэднявечныя курганы, і дапамагалі яму ў гэтым прыгонныя сяляне. Калі падчас раскопак кургана яны натыкаліся на косткі пахаванага чалавека, то са страху адразу кідалі рыдлёўкі і пачыналі маліцца за нябожчыка.

І, вядома, адмаўляліся працаваць далей. Графу нічога не заставалася, як самому далей капаць курган. Тады сяляне былі ўпэўненыя, што грэх за зробленае застанецца толькі за ім.

Музей старажытнасцяў, які браты заснавалі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў радавым маёнтку, быў адным з першых гісторыка-краязнаўчых музеяў Беларусі. На базе гэтай калекцыі крыху пазней Тышкевічы заснавалі славуты музей старажытнасцяў у Вільні. Можаш схадзіць і ў сучасны музей, адкрыты ў будынку Дома культуры. Але лепш сфатаграфавацца на галоўнай плошчы: яе ўпрыгожваюць помнікі Леніну і Марксу. Хлопцы не так часта тусуюцца разам.

Таксама зазірні ў царкву Мікалая Цудатворца XIX стагоддзя – там знойдзеш мясцовую рэліквію, цудатворны абраз Лагойскай Божай Маці. Ён доўгі час лічыўся страчаным і быў знойдзены ў прыватнай калекцыі на пачатку XX стагоддзя. Каля царквы – крыніца з купальняй, вада ў ёй лічыцца гаючай.

Каб не спяшаючыся прагуляцца па горадзе, табе спатрэбіцца каля трох гадзін. Расклад аўтобусаў глядзець тут.

 

 

  Вёска Гайна

Гэта вёска ў Лагойскім раёне значыцца на гістарычных картах з XIV стагоддзя, дзякуючы ўжо згаданым Ягайлу і Вітаўту. Наведайцеся да мясцовай знакамітасці – пчаляра Сяргея Селяха, які са сваёй пасекі зладзіў сапраўдны музейчык.

Тут можна пакаштаваць травяной гарбаты або нават медавухі.
Тэлефоны для даведак: +375177458201, +375296458201.

 

 

Іншыя маршруты выходнага дня ад 34mag

На поўдзень ад Менска  |  На захад ад Менска  |  На ўсход ад Менска


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.