23552 0

На поўдзень ад Менска

Працягваем складаць маршруты выходнага дня. Пасля паўночнага трыпу рухаемся на поўдзень і глядзім, як ажывае гісторыя ў Сеніцы, Дзяржынску і Рубяжэвічах.

  Вёска Сеніца

Пачаць падарожжа гэтым разам прапаноўваем з вёскі Сеніца, размешчанай на поўдзень ад Менска. Каб трапіць сюды, трэба з колавай з’ехаць у кірунку Слуцка.

Назва паселішча, якое згадваецца ўжо ў XVI стагоддзя, паходзіць ад памяшканняў, дзе захоўвалі сена. Есць таксама звесткі, што ў 1582 годзе вёску набыў Стэфан Дастаеўскі (продак таго самага пісьменніка).

Спачатку драўляны храм у Сеніцы быў уніяцкім. Пабудавалі яго ў 1789 годзе на грошы памешчыка Паўлоўскага і асвяцілі ў гонар апосталаў Пятра і Паўла.

У 1840 годзе бажніцу перавялі ў праваслаўе. Яе перабудавалі і зрабілі каменнай, у рэтраспектыўна-рускім стылі, пры ёй адчынілі народнае вучылішча, у якім у канцы стагоддзя вучыўся Янка Купала.

У 1930-х прыход ліквідуюць, будынак храма перадаюць калгасу «Чырвоны спецыяліст» пад клуб. Крыху пазней ён выкарыстоўваўся як склад для збожжа. Падчас вайны прыход аднавілі і пачалі праводзіць набажэнствы, што дало падставу паўторна зачыніць царкву ў 1960-х. Памяшканне ператварылі ў склад беларускага тэлебачання. Але сёння бажніца зноў працуе.

 

 

  Дзяржынск

Дзяржынскам мястэчка сталася ў 1932 годзе. Папярэднюю назву – Койданава – дагэтуль захавала чыгуначная станцыя. У розныя часы мясцовасць была ва ўладанні Гедымінавічаў, Вярэйскіх, Гаштольдаў і нават Радзівілаў, але пасля паўстання 1830-1831 гадоў перайшла да дзяржавы.

Мікалай Радзівіл па мянушцы Руды быў яскравым прадстаўніком руху Рэфармацыі, заўзятым кальвіністам – пры ім у Койданаве пабудавалі кальвінскі збор на месцы былога замка. Таксама дзейнічалі кальвінская школа і шпіталь.

Койданава ператварылася ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве. Сёння можна паглядзець на памятную дошку ля Гаштольдавай гары, якую яшчэ называюць гарадзішчам.

Акрамя таго, раім паглядзець царкву Покрыва Прасвятой Багародзіцы, пабудаваную ў 1851 годзе. Таксама захавалася бажніца Святой Ганны, пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы яшчэ больш старажытнага драўлянага касцёла. У савецкі час тут была музычная школа.

 

 

  Вёска Баравое

Па дарозе да вёскі Рубяжэвічы можна заўважыць старадаўнюю круглую пабудову. Гэта рэшткі капліцы роду Дыбоўскіх, маёнтак якіх стаяў непадалёк. З гэтага роду паходзяць два браты – Бенедыкт і Уладзіслаў, буйныя вучоныя-прыродазнаўцы. Абодва бралі актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага, за што былі пакараныя.

Старэйшага з братоў ад смяротнага пакарання ўратавала хадайніцтва нямецкіх навукоўцаў – яго саслалі ў Сібір. Пазней Бенедыкт Дыбоўскі быў ганараваны шматлікімі прэміямі Расійскай імперыі за даследаванні прыроды Прыбайкалля. Яго, як апошняга жывога ўдзельніка паўстання 1863 года, грамадскасць Масквы хавала з вялікімі ваеннымі ўшанаваннямі, пад залпы гармат. Брат Уладзіслаў быў, акрамя іншага, даследчыкам беларускага фальклору.

 

 

  Вёска Рубяжэвічы

Вёска сапраўды была «на рубяжы»: пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы (1921 год) мясціна адышла да Польшчы, і мяжа праходзіла ўсяго за тры кіламетры ад вёскі.

У вёсцы стаіць касцёл св. Юзэфа, пабудаваны на пачатку XX стагоддзя ў псеўдагатычным стылі. З бажніцай звязаная незвычайная гісторыя: жыў тут некалі Антоній Тур, які быў чалавекам вельмі набожным. Ён асабіста тройчы хадзіў у Пецярбург з прашэннем на дазвол пабудаваць касцёл. На што нязменна атрымліваў адмову. У 1866-м Антоній прывёз на пясчаны ўзгорак, дзе планаваў пабудаваць бажніцу, велізарны камень. На камені ён напісаў: «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл». Каля касцёла і сёння ляжыць гэты камень.

За ініцыятыву Антоній Тур быў сасланы ў Сібір. На пачатку XX стагоддзя ён вярнуўся ў Рубяжэвічы і прынёс-такі дазвол на будаўніцтва касцёла. Адзінай умовай было тое, што зрабіць гэта трэба было за чатыры гады. Планавалася стварыць будоўлю з адзінаццаццю вежамі, але давялося спрасціць праект праз недахоп часу і ўзвесці толькі дзве.
Таксама абавязкова зазірніце ў мясцовую фітааптэку. Яна існуе з 1875 года. У 1970-х у СССР працавалі толькі тры такія аптэкі – у Вільні, Львове ды Рубяжэвічах.

Можна абысці таксама габрэйскія могілкі і ўзгадаць, што калісьці беларускія мястэчкі былі шматнацыянальнымі селішчамі і, нягледзячы на міжканфесійныя адрозненні, усе нядрэнна між сабой дамаўляліся.

 

 

  Вёска Сула

На месцы былой сядзібы Ленскіх, якая існавала тут з XVIII стагоддзя, сёння стаіць густоўна адноўлены маёнтак, які прымае гасцей.

Падрабязней пазнаёміцца з гісторыяй можна тут. Прапаноўваем заехаць паглядзець на месца для адпачынку.

 

 

  Вёска Вялікія Навасёлкі

У Вялікіх Навасёлках тры стагоддзі таму была сядзіба Кастравіцкіх. Будынкі маёнтка захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, у самой сядзібе сёння дзейнічае шпіталь. Засталіся руіны стайні ды былой вінакурні.

Міхал і Караль Кастравіцкія былі ўдзельнікамі паўстання 1863 года, сын аднаго з іх – вядомы беларусам паэт і грамадскі дзеяч Карусь Каганец, унук другога – сусветна вядомы паэт Гіём Апалінэр.

 

 

  Азярцо

Апошні аб’ект на нашым маршруце – адзіны ў Беларусі скансэн, то бок музей архітэктуры і побыту. Ён умоўна падзелены на тры часткі (Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе і Паазёр'е). Экспазіцыя гэтых «вёсак» адлюстроўвае традыцыйны побыт сялян канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Тут адноўленыя жылыя дамы, цэрквы, карчма, свірны ды іншыя пабудовы.
У добрае надвор’е на агляд спатрэбіцца некалькі гадзін. Стаміўшыся, можна паесці і выпіць у мясцовай карчме.

Касы музея працуюць з 10:00 да 17:20. Скансэн не працуе ў панядзелкі, аўторкі і дзяржаўныя святы.

 

Іншыя маршруты выходнага дня ад 34mag
На поўнач ад Менска  |  На захад ад Менска  |  На ўсход ад Менска


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.