20396 0

Мазыр

Калі ты думаеш, што Мазыр – гэта толькі цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці краіны ды радзіма Ксеніі Сітнік і Міхаіла Фінберга, дык раім табе тэрмінова сюды прыехаць. Пра ўсё астатняе мы даведаліся загадзя – каманда 34mag не пакіне цябе самотным у цэнтры магічнага Палесся. 

 

Мясцовыя часта параўноўваюць Мазыр са Швейцарыяй: прырода пастаралася стварыць тут такі мудрагелісты рэльеф, быццам адмыслова хацела даць гораду магчымасць зарабляць зімой на гарналыжных атракцыях. Ледавік падараваў гораду ўзвышша і вуліцы ў глыбокіх ярах, мясцовыя ўлады – самую доўгую вуліцу Савецкую, працягласцю амаль у 10 кіламетраў, і вуліцу Гары Камунараў – самую кароткую, усяго ў шэсць дамоў. А дзякуючы рацэ Прыпяці тут размешчаны самы доўгі аўтамабільны мост і найбуйнейшы ў краіне рачны порт. Акрамя таго, Мазыр даў нам этнографа Аляксандра Шыманоўскага, рэвалюцыянерку Гесю Гельфман і тэлевядучую Дану Барысаву.

 

Ад Менска да Мазыра – 281 кіламетр. З аўтавакзала «Цэнтральны» ў 09:50 і 19:30 кожны дзень апраўляецца аўтобус, з «Усходняга» можна стартаваць у 08:40, 09:10 і 14:30. Але ўлічвай тое, што ехаць давядзецца 4-5 гадзін, кошт квітка – € 5-9. Калі гэтыя варыянты не падыходзяць, замаўляй месца ў маршрутцы за € 4.

Калі зірнеш на мапу Мазыра, то заўважыш, што там пазначаныя адразу тры чыгуначныя станцыі («Козенкі», «Пхоў» і «Мазыр»), але сама чыгуначная ветка здзекліва праходзіць па ўскраінах горада – гэтыя станцыі прамысловага значэння і знаходзяцца далёка ад цэнтра горада. Таму лепей набывай квіток да Калінкавічаў, бо ўсё роўна прыйдзецца рабіць перасадку там. З’ехаць з Менску туды можна ў 00:16, 06:28, 17:11 і 23:43, кошт квітка € 3-4. Адразу за чыгуначнай станцыяй цябе будзе чакаць аўтобус ці маршрутка № 201, якая ўсяго за € 0,5 прывязе цябе амаль у цэнтр Мазыра.

 

Гасцінічны комплекс «Прыпяць» (Пралетарская, 8) знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, побач з ракой Прыпяць. Самы танны нумар каштуе тут € 22, самы «элітны» – € 91.

Гатэль «Еўра» (Інтэрнацыянальная, 101) быў спецыяльна створаны ў падтрымку ансамбля «Палеская зорачка», і гэта стала яго адмысловай фішкай. Ён размешчаны ўсяго ў 600 метрах ад гарналыжнага комплексу «Мазыр». Калі пашанцуе, можаш узяць эканом-нумар за € 14.

Міні-гатэль Guest House (Калініна, 38) для тых, хто хоча жыць у цэнтры горада ля гарадскога парку і Прыпяці. Разлічвай выдаткаваць € 9 за эканом-нумар і € 24 за дваіх у люксе.

Гасцініца эканомкласа «Элада» (б-р Юнацтва, 26) размешчана ў спальным раёне побач з палацам культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Адлегласць ад цэнтра прыстойная, затое самы танны нумар каштуе ўсяго € 9.

Кватэры на суткі можна знайсці па кошце ад € 12 і вышэй, шукай іх тут.

 

Мазыр – старажытнае месца, усяго толькі на восем гадоў маладзейшае за Маскву: упершыню ў старадаўніх СМІ горад быў згаданы ў 1155-м. У 1577-м ад караля і вялікага князя Стэфана Баторыя мазыране атрымалі шыкоўны падарунак – Магдэбурскае права, а пасля дачакаліся яшчэ і герба. Няраз за сваю гісторыю даводзілася гараджанам цярпець то ад татарскіх набегаў, то ад казацкіх, а ў ХVI і ХVIІ ст. маскоўскія захопнікі двойчы руйнавалі Мазыр. Летні пажар 1609 года знішчыў амаль увесь горад, але гэта было яшчэ не апошнім выпрабаваннем, што выпала мазыранам.

Галоўны сучасны турыстычны магніт горада – гістарычны цэнтр «Мазырскі замак» (Гара Камунараў, 8), які знаходзіцца на плошчы Леніна і стаіць на замкавай гары, яе ты ўбачыш адразу. Сам замак не захаваўся, бо будавалі яго з дрэва і пасля трох набегаў татар, паўстання Міхала Глінскага і дзеянняў войск Васіля IV ён быў разбураны поўнасцю. Абарончую пабудову адрамантавалі яшчэ раз, але па загадзе Януша Радзівіла 1649 года Мазыр спалілі за падтрымку казацкага паўстання, і з тых часоў палац больш не аднаўляўся.

Зараз можна паглядзець сучасную копію замка. Тэрыторыя немалая, таму, калі завітаеш сюды на святы, можаш пабачыць рыцарскія турніры альбо старадаўнія забавы. Тут месціцца краязнаўчы музей, калі яго будзе не дастаткова, падыміся ў вежы збройную, паляўнічую і адміністрацыйную. У збройнай вежы загадай жаданне і паспрабуй з першага разу так тузануць за вяроўку, каб пачуць звон – толькі тады жаданне споўніцца.

Калі выйдзеш з замка і пойдзеш уніз па вуліцы Камсамольскай, адразу ў вочы кінецца кафедральны сабор Святога Міхала Арханёла (Камсамольская, 20), гэта самы стары кляштар у стылі позняга барока, які захаваўся ў Мазыры. Кажуць, што ад сабора вядзе падземны ход да Кімбараўскіх кляштараў, а адтуль да саміх Юравіч. Гісторыя сабора пачалося з таго, што ў 1645 годзе манахі бернардынцы пабудавалі невялікі драўляны кляштар, які праз тры гады быў ужо спалены. Толькі ў 1745-м прагны да вечнай славы мазырскі харужы Рафал Аскерка адбудаваў яго ўжо з каменя. За гэта Аскеркі атрымалі вышэйшую ўзнагароду: у крыпце ім дазволілі ўладкаваць сямейную пахавальню. Пасля розных ліхалеццяў кляштар перарабілі пад бальніцу, а затым ён нарэшце стаў праваслаўным саборам. У савецкія часы ў капліцы, якая знаходзіцца ў склепе, размяшчалася абласная турма НКВД: тут было вынесена і прыведзена ў выкананне больш за 2000 смяротных прысудаў. Косткі і чарапы дагэтуль можна знайсці.

Калі будзеш шпацыраваць па вуліцы Савецкай, то ў любым выпадку міма мазырскага бровара (Савецкая, 180) не пройдзеш. Ласавацца півам у Мазыры пачалі яшчэ ў 1885 годзе, і амаль кожны старажыл з гонарам распавядзе табе пра тое, што сваю прадукцыю мазырскі бровар пастаўляў наўпрост Мікалаю ІІ. Зараз піва тут не робяць, але па старой памяці і па старадаўніх рэцэптах гоняць медавуху і збіцень.

Кімбараўка (Анёльская даліна) – старажытнае ўрочышча Мазыра, што знаходзіцца на сучаснай вуліцы Гогаля. Проста прагуляйся тут і паспрабуй адчуць дух месца, дзе гісторыя горада толькі пачыналася.

На тэрыторыях, адпаведных сучаснай Беларусі, было ўсяго тры цыстэрцыянскія кляштары, і два з іх, мужчынскі і жаночы, знаходзіліся ў Мазыры. Іх і зараз можна пабачыць у горадзе. Мужчынскі кляштар цыстэрцыянаў 1711 года пабудовы (Гогаля, 61) мае вельмі нешчаслівы лёс: то ён быў зачынены царскімі ўладамі, то тут працавала запалкавая фабрыка, а зараз у ім месціцца мэблевая фабрыка. Што будзе далей, невядома, але большую частку свайго аўтэнтычнага выгляду касцёл захаваў.

Кляштар цыстэрцыянак 1743 года пабудовы знаходзіцца на вуліцы Гогаля, 93. Пры кляштары існавала нават школа для дзяўчынак, дзе выкладалі арыфметыку, музыку, гігіену, французскую і лацінскую мовы. Праіснаваў жаночы манастыр да 1888 года, пасля быў адданы праваслаўнаму ведамству, а сёння гэта дзейны касцёл Міхаіла Арханёла. Больш пра гісторыю гэтага месца можаш даведацца ад ветлівага ксяндза.

Вуліца Ленінская – адзіная ў горадзе, якая захавала стыль, характэрны для перыяду канца XIX – пачатку XX стст. У будынку школы-інтэрната (Ленінская, 15а) раней быў асабняк роду Кеневічаў. За ўдзел Фелікса Кеневіча ў паўстанні 1830-31 гг. дом канфіскавалі і пераўтварылі ў мужчынскую гімназію. Прайсці міма драматычнага тэатр імя Івана Мележа (Ленінская, 23) немагчыма, бо гэтае дзецішча 30-х гадоў мінулага стагоддзя моцна вылучаецца сваім знешнім выглядам. Тэатр прайшоў выпрабаванні часам, але пасля буйнога пажару ў 2013 годзе змушаны ставіць п'есы на арандаваных пляцоўках. Зараз завяршаюцца рэстаўрацыйныя працы, і неўзабаве дзверы тэатра адчыняцца зноў.

Былая царская турма (Ленінская, 44) канца ХІХ ст. выкарыстоўвалася як перасыльная, у 1904-м стала цаглянай, таму захавала свой выгляд да нашага часу. Унутр можна трапіць у двух выпадках: дамовіцца з тамтэйшымі супрацоўнікамі альбо загрымець за п’янства – бо зараз гэта медвыцвярэзнік. Побач знаходзіцца будынак былой рамеснай вучэльні (Ленінская, 42) 1907 года. Тут маглі навучыць Закону Божаму, рускай мове, арыфметыцы, чарчэнню, маляванню, тэхналогіі апрацоўкі металу і слясарным справам. Зараз тут цэнтр дзіцячай творчасці.

На другім беразе Прыпяці, побач з чыгуначнай станцыяй «Пхоў», размясціўся рачны порт (пас. Пхоў, Партовая, 23) – самы буйны ў Беларусі. Не надта развіты від транспарту ў нас, але ёсць адзін маршрут Мазыр – Тураў. Варта паглядзець на найбуйнейшае ў Беларусі рачное судна з аптымістычнай назвай «Надзея».

Калі ты яшчэ не зразумеў сутнасць Палесся, то завітай у Музей-майстэрню Мікалая Пушкара (Якуба Коласа, 1а), творчасць актыўнага дзеяча мастацтваў БССР дапаможа табе ў гэтым. Музей «Палеская веда» (Камсамольская, 15) пазнаёміць цябе з традыцыйнай хатай Мазырскага Палесся: інтэр'ер, прадметы побыту, адзенне і многае іншае.

 

За пяць гадоў працы піўны рэстаран Yorkpub (Малініна 1а/1, ГЦ «Малінінскі») апраўдаў званне самага крутога і моднага ў горадзе. Тут можна прапусціць піва розных сартоў, паслухаць (калі пашанцуе) жывы гук, паглядзець футбольны чэмпіянат альбо трапіць на якую тэматычную вечарыну.

Калі ты аматар усходняй кухні, знаўца сушы, локшыны і смачных соевых супчыкаў – табе ў сушы-бар «Зебра» (б-р Дружбы, 11а, ГЦ Global Market), тут можна няблага паесці за € 12. Таксама варта зазірнуць у кавярню «КоК» (Нафтабудаўнікоў, 22/6), дзе пачастуюць японскай кухня, таксама можаш гахнуць пуэрчыка альбо ўлуна.

Піцэрыя Peperoni (Прытыцкага, 8) знаходзіцца ў будынку гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Маладзёжны». Інтэр'ер нічым не вылучаецца, але вось піцу робяць нядрэнную. Разам з півам чэк выйдзе на € 6-9. Прачуць дух рэвалюцыі і свабоды можна ў піцэрыі «Чэ Гевара» (б-р Дружбы, 3) – памяшканне аформленае ў стылі Кубы 60-х гадоў. Тут можаш сам абраць з прапанаванага спісу інгрэдыенты для піцы, калі не задаволіць гатовы варыянт.

Не праходзь міма Joy cafe (пл. Леніна, 17). Утульнае месца для вячэры ўдвох або невялікай кампаніяй, прыемная музыка і інтэр'ер у дадатак. Кафэ «Кокос» (Савецкая, 27) знакамітае самым вялікім выбарам стэйкаў з мяса і рыбы.

Калі табе пасуе рачная рамантыка, загляні ў бар «Тры келбы» (вул. Парк Перамогі). Адметнай фішкай з’яўляецца тое, што знаходзіцца ён унутры невялікага дэбаркадара, які даўно ужо прышвартаваўся на прыпяцкім беразе гарадскога парку. Бар аформлены пад стары рыбацкі шынок з сеткамі і драўлянымі сталамі. Раім пакаштаваць фірмовай салянкі.

Акунуцца ў старалітоўскія часы табе дапаможа «Карчма на замкавай» (Гара Камунараў, 3). Кафэ размясцілася на тэрыторыі краязнаўчага музея Мазырскага замка, што дае добрую магчымасць пазнаёміцца яшчэ і з гісторыяй горада. Бонусам можаш палюбавацца панарамай горада на агляднай пляцоўцы. Сярэдні чэк на дваіх будзе каля € 19.

Галоўная фішка Мазыра – медавуха, гэта амаль што сімвал горада. Пакаштаваць гэты цуд-напой можна ў «Кімбараўцы» (Савецкая, 108). Бар размешчаны на тэрыторыі старога піўнога завода, інтэр’ер тут – застылы савецкі час, а напоі такія, што на крамныя рэчывы ты пасля дэгустацыі без слёз глядзець не зможаш. Графік працы «Кімбараўкі», як курс валют, ніколі не ўгадаеш, але папытаць шчасця варта, бо знаходзіцца месца на адлегласці 15 хвілін пешшу ад цэнтра. Літр збітня альбо медавухі абыдзецца ў € 1,8.

Калі хочаш шыкануць, то на першым паверсе забаўляльнага цэнтра «Спадарожнік» (Кастрычніцкая, 1) цябе чакае рэстаран «Стары горад», разлічаны на пыху і пампезнасць. Можаш завіснуць у першым спартовым бары горада, а пасля парачкі пінтаў піва на другім паверсе можна паганяць у боўлінг.

Забаўляльны «Сіці Цэнтр» знаходзіцца на плошчы Леніна (Савецкая, 35). Тут цябе чакае два эксклюзіўныя більярдныя залы, кафэ-бар «9/16» і кафэ «Сіці цэнтр».

Калі хочаш тусануць да 6-й раніцы – табе ў 55 club (Інтэрнацыянальная, 15). Два паверхі: на адным танчы ці сядзі за столікам, на другім гуляй у більярд і аўтаматы.

 

 

Аўтар Дзяніс Марсэль

Фота by boboletka


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.