27396 1

Масажыст з белым кіем

Баранавічы – чыгуначная зорка Беларусі. Горад, вядомы сваімі легендарнымі «лодачкамі», рэкламнымі рамесніцкімі майстэрнямі і бурлівай дзейнасцю творчай суполкі Дзімы Ску, адзначыўся яшчэ адным промнем славутасці – унікальнай масажнай практыкай Андрэя Якаўца. Мужчына страціў зрок яшчэ ў юнацтве, а цяпер да яго шыхтуюцца ў чэргі як гарадскія VIP-прадпрымальнікі, так і кабеты паслябальзакаўскага ўзросту.

 

Страціць усё

Андрэй страціў зрок у 17 гадоў, калі з сябрамі на ваенным палігоне знайшоў неразарваны снарад. Падлеткам ён заўжды цікавіўся піратэхнічнымі сумесямі, таму разабраць баявую капсулу было справай гонару для юнага прыродазнаўца. Аскепкі снараду трапілі ў вочы, грудзі і адарвалі два з паловай пальцы. За два гады аперацый вочы і пальцы выратаваць не ўдалося.

«Наконт тых падзей. Я ўспамінаю гісторыю Напалеона перад Масквой», – мы гутарым у гасцёўні ягонага прыватнага дома. Як сапраўдны гаспадар, Андрэй сустракае нас у сенцах, клапоціцца пра пачастункі, запарвае гарбату – і ўсё гэта з адточанай дакладнасцю. Толькі калі рука набліжаецца да прадмета, рух запавольваецца… да дотыку, далей – такія ж дакладныя дзеянні. «Калі рускія ваеначальнікі баяліся здаць Маскву, – працягвае ён, – знайшоўся адзін генерал, які проста на мапе адзначыў, што здача Масквы ёсць перамога. Яго звалі Кутузаў. Як толькі Напалеон увайшоў у Маскву, праз некалькі гадзін шчасця і эйфарыі пачаў рыхтаваць сваё войска да адступлення. Ён зразумеў, што праз некалькі месяцаў ён апынецца пасярод ледзяной пустыні без ежы, без пораху, з галоднай арміяй. Дзякуючы паразе рускія змаглі перамагчы. Нешта падобнае адбылося і ў маім выпадку. Аднойчы я страціў усё, што ў мяне было: мары, надзеі. Надзею на будучыню. Надзею стварыць сям’ю. Надзею быць як усе. Надзею быць паспяховым чалавекам».

«Я страціў усё, што ў мяне было: мары, надзеі. Надзею на будучыню. Надзею стварыць сям’ю. Надзею быць як усе. Надзею быць паспяховым чалавекам»

Сядзім насупраць адно аднаго, Андрэй – у фатэлі, у позе лотаса, мы – на канапе, паабапал століка з прысмакамі. На фоне ледзь чутна граюць мантры, за вокнамі свішча вецер. Андрэй дакладна рэагуе, адкуль чуваць гаворку, і кожны раз паварочваецца да суразмоўцы корпусам: «Праз некалькі дзён пасля трагедыі знайшліся нейкія “добрыя” людзі, якія прапанавалі: “Мы вас з мамай дагледзім, а вы на нас хату запішыце”, – распавядае далей Андрэй. – У мяне была вельмі жорсткая рэакцыя, раней я ніколі не крычаў на людзей шматпавярховая лаянкай, а тады іх проста выштурхаў з дому і, нягледзячы на адсутнасць зроку, даў добрага пендаля пад зад. У той момант я зразумеў, што страціў яшчэ не ўсё. Адзінае, што засталося, – гэта ўласнае жыццё. Я зразумеў, што жыццё я мог бы таксама страціць, і была б наогул пустэча. І тады я вырашыў не жыць як раней: не жыць на чарнавік, а пачаць жыць цалкам на чыставік. Вырашыў, што кожны мой дзень будзе абавязкова подзвігам. Подзвіг у імя блізкіх людзей, подзвіг у імя маёй маці. Праз паражэнне я прыйшоў да таго, кім я стаў цяпер. Я стаў Андрэем Якаўцом менавіта дзякуючы таму, што ў свой час цалкам страціў усё. Дзякуючы гэтаму я стаў вядомым масажыстам».

 

 

 

Самаадукацыя

Зараз Андрэю 31 год. У свой час ён адвучыўся ў Гарадзенскім медычным каледжы па рэдкай у Беларусі спецыяльнасці «тэхнік-масажыст». На ўсю краіну з такой прафесіяй ледзь трыста чалавек набярэцца, а ў Баранавічах – толькі два: «У каледжы мы праходзілі практычна ўсе методыкі масажу, што ёсць у свеце: спартыўныя, лячэбныя, касметычныя, дзіцячы масаж, фізіятэрапію. Вывучалі, як рабіць аперацыі, каб ведаць, як рэабілітаваць людзей пасля іх. Лічу, што гарадзенская школа масажу – найлепшая ў Беларусі. Як выкручваўся ў быце? У інтэрнаце першы час мне даводзілася гатаваць ежу самому, але з часам я пасябраваў з дзяўчатамі, рабіў ім масаж, а за гэта атрымліваў смачны абед». Пасля штудый Андрэй уладкаваўся ў баранавіцкую паліклініку, дзе працуе і да гэтай пары.

Па словах Андрэя, калі ён прыйшоў у Таварыства інвалідаў па зроку, яму выдалі нейкія брашуркі. Сказалі, што можна з Менску выпісаць аўдыякасеты, дзе будуць інструкцыі, як хадзіць з кіем. Не больш. Ён зразумеў, што адукацыя залежыць толькі ад самога сябе. «Галоўную ролю ў маёй адаптацыі ўсё ж такі сыграў камп’ютар, – кажа Андрэй. – Дзякуючы яму і таму, што Таварыства інвалідаў па зроку накіравала мяне на камп’ютарныя курсы, самыя першыя ў Беларусі, дарэчы, я змог чытаць кнігі, атрымліваць інфармацыю. У 2011 годзе я купіў сабе сэнсарны смартфон, дзе праграма для невідушчых Jaws была ўжо ад пачатку ўбудаваная».

Андрэй лезе ў кішэню па мабілку, каб прадэманстраваць тэхналагічныя цуды сучасных медыйных дасягненняў. Ягоныя рукі лётаюць над экранам, як лісце над прагрэтым асфальтам, тэлефон вельмі хуткім голасам, у чатыры разы хутчэйшым за звычайнае чалавечае маўленне, прагаворвае: «Гугл, укантакце, сафары, утыліты, AliExpress». Андрэй усміхаецца: «Мы ж таксама людзі, мы ўсе там сядзім». Голас працягвае: «Ліхтарык, галоўная, пошук». «Што вам уключыць? Любімую песню? Калісьці я быў фанатам “Гражданской обороны”», – Андрэй віртуозна набірае, а голас услед прамаўляе: «Вялікая літара “г”, літара “р”, літара “а”»…

«Хуткасць вымаўлення я ўключыў на максімум, насамрэч для мяне гэта павольна, – хаваючы мабільнік, працягвае дзяліцца досведам Андрэй. – Праз паўгода трэніроўкі ўспрымаецца выдатна. З часу, як страціў зрок, я прачытаў каля двух тысяч кніг, калі не больш. Калісьці любіў чытаць Стывена Кінга, прачытаў усе яго кнігі, Сяргея Лук'яненку таксама адолеў усяго. Чакаю новых кніг Пялевіна. Па медыцыне шмат чытаю, гістарычныя і нават любоўныя раманы. Была справа, вывучыў польскую мову. Тэрмінова трэба было вывучыць – за паўтара месяца атрымалася».

«Для невідушчага чалавека няма больш даступнага транспарту, чым конь. Ён, нават пры ўсім жаданні, у слуп не ўрэжацца»

На вуліцы паволі цямнее, гаворка пераходзіць пра адпачынак. «Вельмі люблю верхавую язду, – энергічна распавядае наш суразмоўца. – Для невідушчага чалавека няма больш даступнага транспарту, чым конь. Ён, нават пры ўсім жаданні, у слуп не ўрэжацца. Ездзім кампаніяй на цэлы дзень, кіламетраў на трыццаць. Яшчэ ходзім у лазню. Лазня ў нас самая звычайная, грамадская. Вельмі люблю хадзіць туды. У апарні можна абмеркаваць палітыку, бізнэс, там заключаюцца ўгоды, падпісваюцца дамовы, там могуць побач сядзець мясцовы алігарх і дворнік».

Мы працягваем піць гарбату, але нам ужо карціць перайсці да масажных справаў. Насыціўшыся асабістай біяграфіяй героя, вырашаем перайсці да галоўнага – уласна да ягонай методыкі, пагалоска пра якую сцелецца па ўсёй Баранавіцкай раўніне. Каб адчуць на ўласнай скуры ўвесь арсенал тактыамасажу, мы запрасілі нашу сяброўку Тоню, якая калісьці на масажы сабаку з’ела, смела легчы грудзьмі на масажны стол Андрэя. Наш масажыст сыходзіць пераапранацца, мы рыхтуемся да хэпэнінгу.

 

 

 

Масаж

– Вось і я.

– Прыгожы гарнітурчык.

– Дзякуй! Ручнік збоку. Сюды класціся галавой, сюды нагамі. Ёсць самыя розныя тэхналогіі разагрэву рук, але самая хуткая – гэта пацерці рука аб руку. Не змерзлі? Можа, падбавіць газу? Вы чаго хочаце масаж? Спіны? Што-небудзь турбуе?

– Баліць спіна.

– Калі пачала балець? Які характар болю?

– З дзяцінства баліць. Няўдала прызямлілася.

– Кампрэсійны пералом?

– Так, уціснуты.

– Сур'ёзна, але, дзякуй Богу, абышлося. Вядома, раней масажы ўжо рабілі? Я вам тады прадэманструю менавіта тактыамасаж. У масажы абавязкова ўсе рухі павінны быць закончаныя. Усе рухі трэба даводзіць да ключыцы. Масаж сам па сабе – рэч шматузроўневая, то-бок акрамя простага фізічнага ўздзеяння ёсць яшчэ і іншыя віды ўздзеяння. Адзін з узроўняў – уздзеянне псіхічнае. Усе рухі павінны быць плаўнымі і безадрыўнымі. Спачатку робім расціранне, задача: выклікаць лёгкую гіперэмію, то-бок напоўніць крывяносныя сасуды крывёю, якая з'яўляецца пераносчыкам кіслароду, пажыўных рэчываў. Цяпло паслабляе мышцы, выклікае агульны седатыўны стан.

 

 

– Мне часта робяць масаж падчас павышэння кваліфікацыі. Каб стаць добрым масажыстам, трэба, каб табе абавязкова рабілі масаж. І чым больш масажыстаў, тым лепш. Тым больш можна запазычыць нейкіх прыёмаў, можна заўважыць тыя рухі, якія даюць задавальненне ці наадварот. Штосьці можна прыняць, штосьці насупраць. Можна ледзь-ледзь імправізаваць у масажы. Але мы павінны прыкладна ўяўляць, што адчувае пацыент. Калі выканаўца грае на музычным інструменце, ён чуе, што ён грае. Масажыст таксама, здзяйсняючы любы рух, павінен адчуваць тое, што адчувае яго пацыент. Падчас імправізацыі вопытныя масажысты могуць уваходзіць у трансавы стан. Пацыент і масажыст удвох уваходзяць у гэты стан. Я гэта называю «праца ў патоку».

 

 

– Зараз я раблю вельмі моцны масаж, ён завецца глыбокім. Бывае масаж павярхоўны, тады гэта яркі болевы масаж, паколькі большасць рэцэптараў размешчаны менавіта на паверхні скуры, а ў цягліцах іх вельмі мала. Не баліць?

– Не, у самы раз.

– Для масажыстаў магу парэкамендаваць наступнае: самая частая памылка, якую я назіраю, – гэта менавіта праца кісцю і пальцамі. Масажыст павінен працаваць усім целам. У мяне і ногі задзейнічаны, і спіна, менш за ўсё задзейнічаны кісці. Такім чынам можна рабіць масаж і не стамляцца. Два-тры разы на адным месцы – і рухаемся наперад. Які ў вас ціск звычайна?

– Як у касманаўта.

– Масажам ціск можна знізіць, а можна павысіць. Калі людзі першы раз чуюць «тактыамасаж», дык першае, пра што думаюць, – тактыльны дотык, але гэта крыху не тое. Тактыльнае – такт, тактыліс; тактыа – хутчэй з ваенна-тэхнічнай сферы. Ад слова «тактыка». Гэта методыка масажу, якая пастаянна ўдасканальваецца. Я ўвесь час прыўношу нешта новае, дзе-небудзь што-небудзь падглядваю. Часам езджу на курсы, семінары, майстар-класы. Спінка ў вас добрая, дарэчы. Нармальная адлегласць паміж пазванкамі. Тактыамасаж – гэта не канкрэтная методыка, а пастаянна зменлівы і індывідуальны для кожнага чалавека комплекс. Пры кожным захворванні – свой асобны комплекс. Мала таго, пры кожным узросце таксама свой комплекс. І ў залежнасці ад полу пацыента – таксама.

 

 

– Гэтую тэхніку хістання я ўзяў з камбаджыйскага масажу. Вельмі рэдкі масаж у нашых краях, падобны да тайскага. Сапраўдныя майстры, калі робяць масаж, уваходзяць у трансавы стан і медытуюць за вас. Тут, мне здаецца, працуе эфект поля, эгрэгара. Калі вы знаходзіцеся ў кампаніі, дзе ёсць нейкі настрой, то фармуецца поле кампаніі. Ці вы наведваеце рок-канцэрт, у моманты максімальнай радасці можа выключацца свядомасць чалавека, індывідуальнае раствараецца ў калектыўным. Так і тут – свая масажная алхімія.

 

***

Сеанс скончаны. Такое ўражанне, быццам усе, хто знаходзіліся ў пакоі, трохі ўпалі ў трансавы стан: ці то мерны голас масажыста так падзейнічаў, ці то мантры на фоне. Разняволенай Тоні масаж спадабаўся, кажа – адзін з выбітных, які яна спрабавала: «У Андрэя вельмі цёплыя рукі, проста адчуваю, як цяпло да мяне пераходзіць. У мяне з раніцы крыху балела спіна, а зараз не адчуваю, каб яна ні хрусцела, ні цягнула».

«Для мяне перашкоды з’яўляюцца арыенцірамі»

Пасля чаявання Андрэй вырашае нас правесці – па дарозе да сяброў. З белым кіем ён упэўнена выходзіць на вуліцу і, абцокваючы яе з абодвух бакоў, трымае хуткі тэмп. Па дарозе ён паспявае распавесці нам некалькі сакрэтаў сваёй навігацыі па горадзе: «Днём, вядома, рэха ад цокату кія я чуць не магу, таму арыентацыя адбываецца па гуках рухаў аўтамабіляў. У галаве схематычна можна прадставіць гукавую карту скрыжавання. Уначы ж гэтага няма. Каб прадстаўляць навакольны свет, трэба слухаць, як гук ад цокату кія адбіваецца ад будынкаў. Можна прыкладна ўяўляць, на якой адлегласці знаходзіцца будынак, і прыкладна разумець яго памеры. Вуліца выглядае, быццам з велізарнымі пяціпавярховымі рэкламнымі шчытамі. Чым больш я ўпэўнены, што там знаходзіцца будынак, тым ён больш для мяне матэрыяльны. Насамрэч для мяне перашкоды з’яўляюцца арыенцірамі. Так і па жыцці». З гэтымі словамі мы з ім і развітваемся, сыходзячы ў чыгуначнае жарало Баранавічаў.

 

 



Фота by 34mag


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Павел Андриянов 27-09-2016, 19:30

Весьмі цікавы артыкул

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.