2026 0

Марыя Булавінская

Гісторык і грамадская актывістка Марыя Булавінская ў размове з 34mag расказвае пра рэканструкцыю ў 3D, як можна вярнуць Гомелю і яго гараджанам тое, што даўно згінула, а таксама як закансерваваць дом і захаваць гістарычную пабудову гораду. І навошта ўсё гэта рабіць.

 

Чым займаюцца: праекты, накіраваныя на папулярызацыю мінуўшчыны Гомеля, развіццё гомельскага краязнаўства.

Дата заснавання: 22 сакавіка 2015-га.

Структура: 7 чалавек – асноўны склад + 15 актыўных удзельнікаў і больш за 900 энтузіястаў
.

Кантакты:

VK

З кім гутарым: Марыя Булавінская, 26 гадоў. Гісторык, адна з заснавальнікаў суполкі «Пошукі старога Гомеля».

 

 

Гісторыя Марыі

– Захапляцца гісторыяй пачала недзе ў 5-ым класе. А ўжо ў 8-ым да мяне прыйшла ўпэўненасць, што буду паступаць толькі на гістарычны факультэт. Мяне заўсёды вабілі таямніцы старых рэчаў, вельмі падабалася вывучаць архітэктуру Беларусі. Тады ў мяне было шмат кніг, прысвечаных гісторыі розных беларускіх вёсак і гарадоў, якія заўсёды хацелася наведаць. І, калі паступіла на гістарычны факультэт, амаль уся мая стыпендыя сыходзіла на вандроўкі.

Падчас вучобы далучылася да дзейнасці гістарычна-краязнаўчай суполкі «Ваколіца» і там знайшла аднадумцаў. Мы рабілі падарожжы па Беларусі, а таксама спрабавалі наладзіць навуковую дзейнасць на факультэце.

У той жа час набыла сабе за вялікі крэдыт аматарскую відэакамеру і здымала падчас кожнай вандроўкі, здымала паўсюль, дзе бачыла нешта цікавае. Тады яшчэ больш узмацнілася маё захапленне гістарычна-краязнаўчым кіно.

 

 

Таварыства беларускай мовы

– У часы навучання ва ўніверсітэце я пазнаёмілася з маладымі актыўнымі людзьмі, якія захапляліся беларушчынай. Яны ладзілі розныя мерапрыемствы і ў нейкі момант зразумелі, што неабходна аб’яднацца пад дахам якой-небудзь культурніцкай арганізацыі. Мы ведалі, што калісьці ў Гомелі дзеяла Таварыства беларускай мовы. Неяк сабраліся і вырашылі, што можна аднавіць арганізацыю. У 2009 годзе я далучылася да таварыства. З 2013-га да 2015-га была старшынёй Гомельскага аддзялення ТБМ.

Спачатку мы проста хацелі ўратаваць беларускую мову – такая сціплая місія. Стварыць каля сябе беларускамоўнае асяроддзе, у якім без усялякіх перашкодаў можна размаўляць на роднай мове. Але потым нас захапіла праблема захавання драўлянай гістарычнай забудовы Гомеля. Пра яе мы даведаліся падчас папулярных тады экскурсіяў па горадзе даследчыкаў Андрэя Скідана і Яўгена Малікава.

«Мяне заўсёды вабілі таямніцы старых рэчаў, вельмі падабалася вывучаць архітэктуру Беларусі»

У межах ТБМ мы выпусцілі шэраг гістарычна-краязнаўчых праектаў. Напрыклад, выдалі невялікую кніжачку «Беларускі рэнесанс у Гомелі» з успамінамі гомельскіх адраджэнцаў 1990-ых – пачатку 2000-ых гадоў. Вялікі рэзананс атрымаў забаронены праект «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны». Займаліся папулярызацыяй беларускай мовы ў дзіцячых садках і школах. Было вялікае жаданне паспрыяць стварэнню ў Гомелі дзіцячых груп і класаў з беларускамоўным навучаннем. Гэтае жаданне перадалося сённяшняй новай генерацыі Гомельскага ТБМ. Цяпер у горадзе сіламі арганізацыі праводзяцца заняткі па беларускай мове «Мова дзяцей», якія наведваюць дзеткі малодшага ўзросту. Яны аказаліся вельмі запатрабаваныя – ужо сфармаваныя 3 групы, што наведваюць прыблізна каля 20 чалавек.

 

 

Пошукі старога Гомеля

– «Пошукі старога Гомеля» – праект Гомельскага ТБМ, які ператварыўся ў вялікую самастойную ініцыятыву. Можна сказаць, што я была натхняльніцаю праекту, а мой муж, Сяргей Ляпін, галоўным яго рухавіком. Мы стварылі суполку ва «ЎКантакце». І на той момант хацелі згуртаваць людзей, якія цікавяцца мінуўшчынай Гомеля і робяць маленькія ды вялікія адкрыцці ў гомельскім краязнаўстве.

«Калі грамадства будзе лепей ведаць гісторыю свайго гораду, яно будзе лепей разумець яго сапраўдныя сучасныя патрэбы»

Цяпер сябры нашай ініцыятывы ўсё больш задумваюцца пра неабходнасць правядзення асветніцкай працы ў галіне папулярызацыі мінуўшчыны Гомеля. Калі грамадства будзе лепей ведаць гісторыю свайго гораду, яно будзе лепей разумець яго сапраўдныя сучасныя патрэбы.

 

 

Гісторыя закансерваванага дому

– Як вядома, на пачатку ХХ ст. Гомель на 90 % быў драўляны. Нашыя дамы вылучаліся ўва ўсёй Беларусі самаю яскраваю драўлянаю разьбой. Але да нашых дзён захавалася вельмі мала будынкаў. У 2013-ым мы пачалі дамагацца, каб самыя адметныя ўключылі ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Адзін з іх – знакаміты дом на вуліцы Валатаўской 17. Паводле мясцовай легенды, у ім дажывала свае апошнія гады гомельская княгіня Ірына Паскевіч.

Памятаю, што мы сутыкнуліся з фармалізмам у працы Міністэрства культуры. Чыноўнікі на словах прызнавалі, што будынкі сапраўды каштоўныя, але пасля паўтаралі: «А дзе вы былі раней, у 90-ых гадах, калі на месцы дамоў не планавалася нічога будаваць?». Даводзілася ўступаць у бессэнсоўны дыялог і даказваць, што наш час выказаць асэнсаванае меркаванне надышоў толькі цяпер, бо пры канцы мінулага стагоддзя мы былі яшчэ дзеці. Таксама даводзілі, што мы далёка не першыя: пытанне захавання драўлянай архітэктуры ўздымалася краязнаўцамі ўжо з 1970-ых гадоў.

«Энтузіясты перанеслі драўляную пабудову: разабралі ды закансервавалі яе часткі»

Каб захаваць дом па Валатаўской 17, мы праводзілі розныя асветніцкія мерапрыемствы і нават дзёрзкія акцыі. Мы не змаглі яго адстаяць. На месцы дому сёння будуецца шматпавярховік. Але энтузіясты перанеслі драўляную пабудову: разабралі ды закансервавалі яе часткі. Цяпер яны захоўваюцца ў іншым месцы і чакаюць свайго часу. Калі будуць больш спрыяльныя ўмовы, дом будзе адноўлены ў цэнтры гораду.

 

 

Знішчыць нельга захаваць

– У 2015 годзе мы захацелі зноў прыцягнуць увагу да драўлянай забудовы. Але з другога боку: дамы знішчаюць не гарадскія чыноўнікі і забудоўнікі, а самі іх гаспадары. Цяпер можна назіраць дзіўную моду на пластык, калі старыя драўляныя дамы з цікаваю архітэктурай абшываюць сайдынгам. Пасля абшыўкі дом ператвараецца ў непрыкметны вагончык. Стварылася такое разуменне, што сайдынг – гэта сучаснасць. Але насамрэч, гэта матэрыял, які псуе вонкавы выгляд дамоў і не мае вялікай функцыянальнай карысці. Таму мы стварылі папулярызацыйны ролік «Не хавай гісторыю пад пластыкам».

Выбралі адзін драўляны гомельскі дом і паказалі, як ён змяняўся цягам усёй гісторыі свайго існавання. Каб павялічыць эфект ад роліку, напрыканцы відэа змянілі дом паводле ўсіх канонаў сённяшняй моды: навешалі на будынак паболей рэкламы, дадалі абавязковы атрыбут «заможнасці» – пластыкавыя шклопакеты і, вядома, зашылі дом сайдынгам.

«Мы хацелі паказаць, што ў Гомелі ёсць месца для гістарычнай драўлянай архітэктуры, якая можа ўпрыгожваць наш горад»

Таксама вырашылі сваймі сіламі рэстаўраваць фасад іншага. І прыцягнулі да гэтай працы энтузіястаў. Для чаго мы гэта зрабілі? Хацелі паказаць, што ў Гомелі ёсць месца для гістарычнай драўлянай архітэктуры, якая можа ўпрыгожваць наш горад.

Справа ў тым, што гэтыя дамы ўжо даўно стаяць у планах пад знос. І гаспадары будынкаў не вельмі сачылі за імі, бо думалі, што іхныя дамы знясуць «ужо заўтра». Але гэтае заўтра аказалася вельмі далёкае. У чаканнях зносу дамы паступова дэградавалі. Гэта мы разумеем, што нягледзячы на кепскі стан яны маюць унікальны дэкор, унікальную архітэктуру. Але ж іншым ён не падабаецца: непафарбаваны, недагледжаны – значыць, трэба знесці. Сваёй працай мы даказалі, што дамкі можна прывесці ў належны стан малымі сродкамі і яны могуць падабацца не толькі нам – прафесійным гісторыкам і архітэктарам.

 

 

Людзі vs машыны

– Аднойчы да нас прыйшла ідэя рэканструяваць даўно страчаныя гістарычныя помнікі гораду ў 3D. Выбар прыпаў на будынкі, якія стаяць на сённяшняй плошчы Леніна: касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ды пажарная каланча пачатку ХХ ст. Касцёл быў пабудаваны на пачатку ХIХ ст. паводле праекту англійскага архітэктара Джона Кларка. Аўтар праекту каланчы – наш вядомы архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Касцёл зруйнавалі ў 1940 годзе, а каланча дажыла да 1965-га. Абодва будынкі былі асноваю ансамблю плошчы і, вядома ж, упрыгожвалі цэнтр гораду.

Каб аднавіць іх вонкавы выгляд, мы шукалі ды вывучалі гістарычныя крыніцы, кансультаваліся з даследчыкамі і калекцыянерамі, якія валодалі ўнікальнымі фотаздымкамі з выявамі будынкаў. У выніку атрымаліся вельмі прафесійныя 3D рэканструкцыі, якія стварылі студэнты-архітэктары Раман Рошчанка і Дзмітрый Башмак. Гэтыя рэканструкцыі мы выкарысталі ў сваім папулярызацыйным фільме, які быў прысвечаны гісторыі ды сучаснасці плошчы і цэнтральнага парку Гомеля.

«Я перакананая, што ў будучыні чыноўнікі зменяць сваё меркаванне наконт нашага агульнага Гомеля»

Пару месяцаў таму мы даведаліся, што гарадскія ўлады плануюць пабудаваць на гэтым месцы тры падземныя пераходы. Насамрэч, гэта катастрофа для гораду. Яшчэ ёсць інфармацыя, што будзе пашырацца вуліца Пралетарская, якая прымыкае да плошчы. Гэта яшчэ большая катастрофа.

Чыноўнікі заяўляюць, што такімі дзеяннямі павялічыцца прапускная здольнасць цэнтру для аўтамабіляў і на дарогах будзе меней пробак. Але ўжо нават у некаторыя гарады Беларусі (не кажучы пра краіны Заходняй Еўропы) прыйшло разуменне, што ствараць лепшыя ўмовы для аўтатранспарту ў цэнтры гораду – значыць прыцягваць яшчэ больш машын і аўтамабілістаў, якія раней аб’язджалі яго. Цешыць тое, што грамадства ўспрыняло новыя планы чыноўнікаў збольшага негатыўна.

Хлопцы-архітэктары ж стварылі вельмі круты альтэрнатыўны праект. На ім можна пабачыць прадуманыя зоны для адпачынку, распрацаваную сістэму веласцяжынак, адноўлены касцёл ды іншае. Ёсць над чым падумаць: мы хочам сучаснае прыгожае месца для людзей ці мы саступім месца машынам і загонім сябе пад зямлю?

 

 

Будучыня і планы

– Мы не накіраваныя толькі на Гомель. Ёсць шмат ідэяў для працы ў раёнах вобласці. Таксама мы шмат вандруем, наладжваем кантакты з рознымі адмыслоўцамі. Таму думаем зладзіць шэраг публічных семінараў, на якія мы маглі б запрасіць розных вядомых экспертаў з Беларусі, Расіі, з Заходняй Еўропы. Было б добра, каб яны дзяліліся думкамі, распавядалі, у якім пазітыўным кірунку можна развіваць горад і як гэта рабіць якасна. На гэтыя сустрэчы можна запрашаць не толькі гараджанаў, але і чыноўнікаў. Гэта для ўсіх карысна, бо мы жывем у адным горадзе і агульныя праблемы трэба вырашаць разам. Таксама мы хацелі б працягнуць працу ў папулярызацыі мінулага Гомеля, будзем працягваць здымаць краязнаўчае кіно.

Я перакананая, што ў будучыні чыноўнікі зменяць сваё меркаванне наконт нашага агульнага гораду і ўсё будзе мадыфікавацца ў асэнсаваным рэчышчы Жыхары змогуць браць удзел у горадабудаўнічай палітыцы і ўплываць на яе, прапаноўваць свае ідэі. Пакуль гэтага не стае і ёсць над чым працаваць.

 

Тэкст by Ганна Чарнушка
Фота by Наталля Трукутулая


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.