21270 0

Маладзечна

Маладзечна – негалосная культурная сталіца Меншчыны, што месціцца паміж дзвюма сталіцамі, Менскам і Вільняй. Сыдзі тут як-небудзь з цягніка, а мы раскажам, куды ісці далей.

 

Маладзечна вядомае сваім фестывалем беларускай песні і паэзіі – кузняй кадраў для «Славянскага базару», а таксама футбольнай камандай «Металург», матчы якой глядзелі нават з даху драмтэатра, бо на стадыёне заўсёды былі аншлагі (зараз клуб, даўно змяніўшы назву, перажывае не лепшыя часы). Асобная пункт культурнай праграмы – скандальная cкульптура «Папараць-кветка», якую не абмяркоўваў толькі лянівы.

Маладзечна стала апошнім горадам, які прымаў рэспубліканскія «Дажынкі». Дзякуючы ім у горадзе ёсць новы парк, некалькі новых скульптур, свой падоўжаны «Брадвей», амфітэатр і
лядовы палац.

Маладзечна называюць адзіным горадам у Беларусі, чыя тапаніміка найбліжэй да ідэальнай. Дзякуючы Генадзю Карпенку, які на пачатку 1990-х узначальваў Маладзечанскі гарвыканкам, тут няма вуліц Леніна, Савецкай і іншых тыповых назваў. Затое ёсць вуліцы Францыска Скарыны, Язэпа Драздовіча, Ясінскага, Таўлая, Тарашкевіча, Ермаловіча, Замкавая, Гарадоцкая, Дуніна-Марцінкевіча ды інш.

Салодкі смак настальгіі па шчаслівым дзяцінстве беларусу дарыць мясцовы малочны камбінат – іх сыркі «Беларускія» яшчэ завернутыя ў прыемны кавалак залацістай фольгі, а не ў бяздушны вакуум. Месцічы ганарацца тым, што ва ўсім Маладзечне вельмі чыстая пітная вада, можна не баючыся піць наўпрост з крана. Таксама тут знаходзіцца рэдакцыя аднаго з нешматлікіх незалежных выданняў Беларусі – «Рэгіянальнай газеты».

 

 

Амаль даляцець з Менску ў Маладзечна можна на хуткасным цягніку бізнэс-класа «Штадлер». Літаральна 55 хвілін – і вы на месцы. Праўда, ходзіць раз на дзень, у 18.55. Квіток каштуе крыху менш за € 2. На звычайны электрон квіткі часам важаць менш за € 1, варыянтаў безліч. Амаль столькі ж каштуюць маршруткі, якія ходзяць ледзьве не кожныя 20 хвілін (ад 6.00 да 20.10) са станцыі «Дружная».

 

Гасцініца «Маладзечна» (Цэнтральная плошча, 3) месціцца ў самым цэнтры горада, у 500 метрах ад чыгуначнага і аўтавакзала. Адзін з самых высокіх будынкаў горада. Цана за ноч у аднамесным нумары – € 21-27, двухмесны – € 27-33 у залежнасці ад рамонту.

Ёсць больш бюджэтны варыянт – гасцініца «Матэль» (Машэрава, 10, пад’езд 2). За аднамесны папросяць € 14, за двухмесны – € 20.

Кватэра на суткі каштуе ад € 10, выбраць найбольш аптымальны варыянт можна тут.

 

Затрымайся на хвілінку ля будынка вакзала: перад табой помнік архітэктуры 1906 года. Калі на перакрыжаванні, дзе пачынаецца пешаходная вуліца, павярнуць направа, то за сучасным Домам культуры чыгуначнікаў можна ўбачыць невялікую двухпавярховую пабудову. Цяпер гэта сховішча архіва Маладзечна, але паўстагоддзя таму гэты будынак быў самы бязрадасным месцам у горадзе – тут месцілася турма.

Вяртаемся на пешаходную вуліцу Прытыцкага – мясцовыя называюць яе «Брадвеем». Унікальных гістарычных пабудоваў тут няма, бліжэйшая на паралельнай невялічкай вуліцы Таўлая – жылы дом 1925 года архітэктара Юліяна Лісецкага.

На палове шляху да цэнтральнай плошчы ты ўбачыш вялікі гадзіннік. Ужо чатыры гады ён з’яўляецца галоўным месцам спатканняў, фотасесій і нагодай для жартаў, бо часам здараецца, што чатыры цыферблаты паказваюць розны час.

На цэнтральнай плошчы Маладзечна, у адрозненне ад іншых гарадоў, ты не знойдзеш адміністрацыйнага будынку. Велічная пабудова, перад якой стаіць помнік Леніну, гэта не райвыканкам, а Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Раней тут насамрэч быў Дом саветаў, які існаваў, пакуль была Маладзечанская вобласць, да 20 студзеня 1960 года.

Кіруйся наўпрост да фантана. Яго ўпрыгожвае самая скандальная скульптура горада «Папараць-кветка», аўтарства вядомага скульптара Уладзіміра Жбанава. Некаторыя маралісты называлі скульптуру занадта эратычнай, але ад гэтага маладзечанцы сталі любіць яе яшчэ больш. Улетку ў фантане шмат дзяцей, а каля фантана – моладзі.

Наступная кропка G – парк Перамогі. Сфоткацца ў ратондзе проста абавязкова, мясцовыя вясельныя фатографы нават жартуюць, што фарба на ратондах выгарае ад успышак фотаапаратаў. Незвычайная пабудова ў цэнтры парка – летні амфітэатр. Калі ад амфітэатра пайсці ўправа, то наперадзе будзе абеліск у гонар Перамогі. Калі будзеш шукаць, спытайся ў месцічаў, дзе «прышчэпка» – ён сапраўды здалёк нагадвае гіганцкую прышчэпку для бялізны.

У глыбіні парка хаваецца помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. Гэты помнік сам прайшоў праз пакуты – першапачаткова ён стаяў на месцы «Папараць-кветкі», потым яго перанеслі на скрыжаванне вуліц Вялікі Гасцінец і Машэрава да паркавай агароджы, але ён замінаў будаўніцтву пляцоўкі для пляжнага валейбола. Яго вырашылі перанесці ў парк, але пры транспарціроўцы кавалак каменя адкалоўся, разам з ім пагнуўся металічны крыж. Помнік адрамантавалі і паставілі на новае месца, дзе ён знаходзіцца і цяпер.

Ад помніка пакутнікам за волю і незалежнасць выходзь на вуліцу Машэрава, так ты трапіш у гістарычную частку горада. Тут побач з гарадскім стадыёнам калісьці была візітоўка Маладзечна – трыумфальная арка. У 1920-х гадах яе ўзвялі ў гонар дзесяцігоддзя Менскага стральцовага палка, які пазней стаў 86-м пяхотным палком Войска Польскага. Арку ўпрыгожвалі шматлікія барэльефы, статуі рыцараў і львоў. Разбурылі яе напрыканцы 50-х, бо яна перашкаджала праезду па вуліцы Машэрава. Гэта адна з самых балючых архітэктурных стратаў горада.

У раёне Геленова можна вывучаць польскую архітэктуру пачатку мінулага стагоддзя. У 1922–1939 гадах тут месціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, ад тых часоў тут засталося некалькі жылых дамоў для цывільнай абслугі гарнізона і сем’яў вайскоўцаў ніжніх чыноў. У будынку сучаснага Цэнтра дзіцячай творчасці (Машэрава, 3) жыў камендант гарнізона, а будынак Мінскага абласнога драматычнага тэатру (Чкалава, 7) за польскім часам быў Клубам афіцэраў Войска Польскага.

Потым адпраўляйся на плошчу Старое Места. Менавіта Места, а не Месца, бо назва ўтварылася ад старога горада (места). Дзесьці тут і пачыналася Маладзечна. Першае, што ты ўбачыш на плошчы, – Свята-Пакроўская царква. Архітэктурнай каштоўнасці яна не прадстаўляе, паколькі гэта звычайная «мураўёўка», але ж была збудаваная ў 1870 годзе, таму зараз тое адзін з самых старых будынкаў у Маладзечне.

Старэйшы за царкву толькі жылы корпус настаўніцкай семінарыі 1863 года. Да яго можна дайсці па вуліцы Замкавай. Але будзь гатовы, што настаўніцкую семінарыю можаш не ўбачыць, таму што яна знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага станказавода (Замкавая, 19). Каб туды трапіць, трэба прасіць дазволу на прахадной. Аднак на Замкавую варта прыйсці ў любым выпадку. Тут ты пабачыш канцлагер «Шталаг-342», дзе ў часы Вялікай Айчыннай загінулі ў пакутах больш за 33 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Па вуліцы Партызанскай, 3 месціцца Менскі абласны краязнаўчы музей, дзе можна вывучыць гісторыю Меншчыны ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. Музей працуе ўсе дні, акрамя панядзелка.

У амаль статысячным горадзе два тэатры (і адна кнігарня, дарэчы): Мінскі абласны драматычны тэатр (Чкалава,7) і тэатр лялек «Батлейка» (Драздовіча, 5в). Візітоўка драмтэатра – спектакль «Камедыя» па п’есе Каятана Марашэўскага, які ідзе ўжо 22 гады. Большасць пастановак – на беларускай мове, ідуць як сучасныя п’есы, так і класікі: Ганчароў, Дастаеўскі. Кошт квітка ў тэатр – каля € 3. Спектаклі ў «Батлейцы» пачынаюцца а 12-й гадзіне па нядзелях. Перад пачаткам акцёры размаўляюць з дзецьмі, а пасля заканчэння часам танцуюць разам з гледачамі.

У Палацы культуры Маладзечна (пл. Цэнтральная, 4) акрамя звыклых канцэртаў «зорак эстрады» часам бываюць свае оперы. Намаганнямі дырэктара музычнага каледжа і адначасова дырыжора сімфанічнага аркестра Рыгора Сарокі маладзечанцы пабачылі «Іяланту», «Яўгена Анегіна» і нацыянальную оперу «Міхаіл Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт».

 

Кавярня Mezzanin (Прытыцкага, 21). Адно з самых папулярных месцаў горада, якое знаходзіцца ля кінатэатра «Радзіма». У меню ўсяго патроху: ад дранікаў да сушы. Можна схадзіць як на каву, так і на абед ці вячэру.

Іншая аўтэнтычная кропка – сетка піцэрый «Пінгвін» з недарагой і неблагой піццай.

Кафэ-бістро «Родны кут» (Прытыцкага, 27). Відавочна, задуманае для абедаў – тут самаабслугоўванне, як у сталоўцы. Таксама сюды можна зайсці папіць кавы з марозівам, паколькі ў цёплы час на вуліцы стаяць столікі.

Pub House (Цэнтральная плошча). Калі хочацца мяккі пончык і смачную каву, табе сюды. Тут можна і падсілкавацца больш сур’ёзна. Ёсць Wi-Fi.

Рэстаран «Гатэль» (Цэнтральная плошча, 3, гасцініца «Маладзечна«, уваход з боку праспекта). Еўрапейская і беларуская кухні, па выходных грае жывая узыка. Таксама ёсць Wi-Fi.

Кафэ-бар «Блюз» (Францыска Скарыны, 19). Трэш-месца, якое ўжо стала амаль легендарным. Тут заўсёды шматлюдна, гэта амаль адзінае месца ў горадзе, куды трэба замаўляць столік загадзя, каб адпачыць на выходных. Атмасфера не багемная: паўпадвальнае памяшканне, мала паветра, шмат людзей, да таго ж можна патанчыць пад хіты 90-х.

Кавярня «Калумб» (Вялікі Гасцінец, 95, у парку). Працуюць дзве залы – у памяшканні і на вуліцы. Кожныя выходныя сюды запрашаюць музыкаў, у тым ліку і тых, што спяваюць беларускія песні. Адкрытыя для эксперыментаў: ладзяць вечары хуткіх знаёмстваў, байкер-злёты. Па выходных працуюць да другой ночы.

Кафэ-бар «Накат» (ГЦ «Тройка», вул. Вялікі Гасцінец, 143, 4 паверх). Пазіцыянуе сябе як спартыўны бар. У асобнай зале можна паглядзець спартыўныя матчы на вялікім экране за куфлем піва, у другой – паесці піцы, у трэцяй – пагуляць у більярд, у чацвёртай – паспяваць у караоке. Працуюць да першай ночы.

«Бярлога» (Вялікі Гасцінец, 72). Адно з самых атмасферных месцаў у Маладзечне. Сюды можна прыходзіць як у музей палявання і рыбалоўства, часцяком тут збіраюцца паглядзець футбол. Фішка «Бярлогі» ў стравах: вялікі асартымент дранікаў і «Сапраўдная юшка ад Іваныча», порцыя якой каштуе ўсяго € 1.

Кавярня «Крысціна» (вёска Крыніца, ля дарогі). Месціцца непадалёк ад Маладзечна, вылучаецца знешнім выглядам. Нядорага, смачная ўласная кухня, вялікія порцыі.

Red Bar (Валынца, корпус 2). Гэты начны клуб працуе крыху больш за год. За гэты час у горадзе паспелі зачыніцца іншыя чатыры начныя клубы, таму выбіраць цяпер не даводзіцца, але, як і раней, Red Bar прыемна вылучаецца і атмасферай, і інтэр’ерам, і публікай.

 


Аўтары – Настасся Роўда, Наталля Тур.

Фота by Настасся Роўда.


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.