Магілёў
Каманда 34mag працягвае складаць для цябе гайды па беларускіх гарадах. Пасля Берасця, Горадні і Віцебска нарэшце прыйшла чарга Магілёва. Чытай пра галоўныя славутасці і лепшыя месцы для культурнага і антыкультурнага адпачынку нашай Пярліны-на-Дняпры.
Магілёў быў апошняй Стаўкай Мікалая II і ваеннай сталіцай Расійскай імперыі. У 1937 годзе савецкая ўлада разглядала яго як новую сталіцу БССР, а Янка Купала, натхнёны легендамі аб паходжанні назвы горада, напісаў паэму «Магіла Льва».
Для рэдакцыі 34mag Магілёў – гэта яшчэ і ледзь не галоўная калыска беларускага андэграўнду. Тут «жывуць і працуюць» Akute і John Doe, а таксама наш легендарны сябра Рома «Англічанін» (які калісьці быў адным з «Таварыша Маўзэра», а зараз з’яўляецца паловай гурта ЛСП). Узгадаем яшчэ і тое, што менавіта Магілёў падарыў літаратуры Уладзіміра Казлова.
Самы зручны спосаб дабрацца з Менску ў Магілёў (за 2,5 гадзіны з тэлевізарам і Wi-Fi) – маршрутнае таксі. Камфортныя «бусы» адпраўляюцца кожную гадзіну (з 6.00 да 21.30) ад менскага чыгуначнага вакзала. На гэтым напрамку працуюць адразу некалькі перавозчыкаў – «Сталіца Плюс», «2 сталіцы», «Новая лінія». Квіток каштуе Br 100 тыс., месцы можна забукаць па тэлефоне.
Падарожжа на цягніку абыдзецца трохі танней: прамая электрычка да Магілёва стартуе кожны дзень а 15.39 (едзе больш за 3 гадзіны), ёсць яшчэ некалькі прахадных цягнікоў.
На папулярнай пешаходнай вуліцы Ленінскай у самым цэнтры размешчана гасцініца «Губернская» (вул. Ленінская, 56/6). Сертыфікавана як трохзоркавая, нумары ўтульныя і прасторныя. Кошт за 2-месны пакой – € 57 са сняданкам, «люкс» – € 92.
Больш фешэнебельным лічыцца гатэль «Метраполь» (вул. Камсамольская, 6), што месціцца насупраць драмтэатра. Кошты прыкладна такія ж, затое ёсць уласны СПА-цэнтр з басейнам.
Бюджэтны варыянт для тых, каго не палохае аскетычны інтэр’ер, – гасцініца «Магілёў» (пр-т Міра, 6). Кошт – ад € 28 за нумар на 2 месцы.



Па шляху да Плошчы зорак можна ўбачыць скульптуру Астранома, які глядзіць у тэлескоп. Палец Астранома зацёрты да залатога бляску – ёсць павер’е, што, калі пацерці старца за пальчык, споўніцца запаветнае жаданне.
Канчатковым пунктам твайго праменаду па Ленінскай будзе Плошча Славы (былая Савецкая плошча) – месца старажытнага гарадзішча і самы эфектны панарамны пункт горада з адноўленай ратушай, краязнаўчым музеем і Замкавым скверам.
Рака Дняпро цягнецца праз увесь Магілёў і дзеліць яго на дзве часткі, якія звязаныя паміж сабой некалькімі мастамі. Яшчэ стагоддзе таму назад горад згадваўся ва ўсіх афіцыйных выданнях не інакш як «Магілёў на Дняпры», і рацэ горад абавязаны шмат чым. Як ні дзіўна, першым буйным горадам уніз па плыні Дняпра будзе Кіеў.
З аднаго месца ля Дняпра адкрываецца шыкоўны від на Свята-Нікольскі манастыр (вул. Сурды, 19), які варта наведаць, каб атрымаць асалоду ад сузірання легендарнага 4-яруснага іканастаса і ўбрання, ад якога займае дух. Побач з плошчай Арджанікідзэ ёсць пляж і прычал, ад якога адыходзіць катар для водных прагулак.
Для актыўнага адпачынку на прыродзе самі магілёўцы настойліва раяць Пячэрскі лесапарк. Тут возера, чысты пляж, веладарожкі і галоўнае – знаходзіцца ён непадалёк ад цэнтра (аўтобус №9 да прыпынку «Космас-корта»). А яшчэ тут можна ўзяць напракат лодку або катамаран. Ну а зімой на спартовай базе, што знаходзіцца побач, можна арэндаваць лыжы ці сноўборд.
Музей гісторыі Магілёва (вул. Ленінская, 1а) змяшчаецца ў адбудаванай у 2008 годзе Ратушы. Да ўсяго – раім забрацца на вежу і з вышыні птушынага палёту паглядзець на Дняпро.
Асобная старонка гісторыі Магілёва звязана са знаходжаннем тут апошняга расійскага імператара Мікалая II. З усіх будынкаў, дзе змяшчаліся розныя аддзелы Стаўкі, захаваўся толькі былы дом Акруговага суда. У 1915-17 гадах тут месцілася ўпраўленне дзяжурнага генерала Стаўкі, а цяпер тут – краязнаўчы музей (пл. Славы, 1).
З прыездам у Магілёў Мікалая II губернскі горад хутка ператварыўся ў царскую рэзідэнцыю з адпаведным антуражам. Асобнай згадкі вартае рэлігійнае жыццё цара ў Магілёве: ён не прапускаў ніводнага праваслаўнага набажэнства, і для таго, каб цару было зручней дабірацца да царквы, у красавіку 1916-га ад рэзідэнцыі да Свята-Нікольскага манастыра была пракладзена асфальтавая дарожка. Як ведаем з гісторыі – не дапамагло.
Мала каму вядома, што ў перыяд знаходжання ў Магілёве царскай Стаўкі ў ахове Мікалая II служыла адмысловая каманда, якая складалася з 18 двайнікоў расійскага імператара. Аднагодкаў, падобных на цара, шукалі па ўсёй Расіі.
Музей Масленікава (вул. Міронава, 33) – менавіта гэты мастацкі музей намаляваны на купюры Br 200 тыс. Тут праходзяць розныя мастацкія выставы, аднак часцей, на жаль, выставы-продажы каштоўных камянёў і экспазіцыі перасоўных музеяў (напрыклад, жывых экзатычных матылькоў).
А вось Магілёўскі драматычны тэатр (вул. Першамайская, 7) – сапраўдная гарадская славутасць. Штогод тут ладзіцца фестываль «М@рт-кантакт», на які прыязджаюць тэатральныя трупы з розных краін свету. Сам будынак драмтэатра вельмі эфектны: многія госці робяць фотаздымкі на яго фоне і каля скульптуры «Дамы з сабачкам». Дарэчы, драмтэатр таксама звязаны з імем расійскага самадзержца. Тут ёсць царская ложа, куды, праўда, звычайных турыстаў не пускаюць. З ложы Мікалай II глядзеў не спектаклі, а кадры ваеннай хронікі.
Магілёўскі кафедральны касцёл Святога Станіслава (вул. Камсамольская, 4) – выдатны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Звярніце ўвагу на падмурак касцёла, які складаецца з камянёў самага рознага памеру. Паводле легенды, польскі кароль Ян III Сабескі загадаў пабудаваць касцёл у памяць пра забітага ў гэтых мясцінах шляхціча Зянковіча.
Ёсць у горадзе і свая Трыумфальная арка, узведзеная да прыезду імператрыцы Кацярыны II у 1780 годзе – у Магілёве Кацярына мелася спаткацца з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Пасля сустрэчы манаршых асоб быў пабудаваны Іосіфаўскі сабор. Першы камень Кацярына і Іосіф заклалі разам. Гэта быў сапраўдны шэдэўр класіцызму, але ў 1938-м савецкія ўлады ўзарвалі сабор. Арка ж засталася, і потым яна ператварылася ў Дошку гонару: у імперскім стылі, але з сярпом-молатам.Анцікафэ «Чердак» (вул. Ленінская, д.7, 3 паверх). Адно з самых душэўных месцаў горада. Тут ладзяцца творчыя сустрэчы ды вечарынкі, заўсёды ёсць нейкія прыемныя актыўнасці ды шмат народу. Да таго ж тут можна ўзяць ровар на пракат.
Калі ў тваім загашніку больш, чым адзін дзень, раім выбрацца таксама за межы горада.
Магілёўскі заасад (Магілёўскі раён, вёска Буйнічы, усяго 10 км ад цэнтра горада) – даволі дэмакратычнае месца, дзе жывёлы адчуваюць сябе цалкам спакойна. А яшчэ тут ёсць невялікая чыгунка, скарыстаўшыся якой можна ўбачыць бліжэй зуброў, ласёў, аленяў, казуль і дзікоў. Некаторыя ўчасткі 2-кіламетровага маршруту знаходзяцца над «каньёнамі», у якіх змясціўся б і шасціпавярховы будынак. Пасля прагулкі па заасадзе можна купіць сувенір ручной працы ў вёсцы майстроў, павячэраць у мясцовай «Карчме» і там жа пакаштаваць найсмачнейшы хатні самагон.
Праз дарогу, насупраць заасада, размяшчаецца мемарыял «Буйніцкае поле», створаны на месцы вялікай бітвы 1941-га, што адбылася падчас абароны Магілёва. У цэнтры мемарыяла знаходзіцца каплічка ў памяць загінулых, прыклады ваеннай тэхнікі тых часоў і Возера слёз – месца, якое наўрад ці пакіне цябе абыякавым.
У Буйнічах таксама знойдзеш Сіманаўскі камень – 15-тонны валун, названы так у гонар пісьменніка Канстанціна Сіманава, чый прах, згодна з тастаментам, развеялі на Буйніцкім полі. Лёс пісьменніка шчыльна пераплёўся з Магілёвам. У 1941 годзе Сіманаў, ваенны карэспандэнт газет «Весткі» і «Чырвоная Зорка», быў сведкам першых дзён абароны горада, якой прысвечаны старонкі яго трылогіі «Жывыя і мёртвыя».
Палыкавіцкая крыніца – помнік прыроды рэспубліканскага значэння, што знаходзіцца ў 7 км ад цэнтру Магілёва. Крыніца вядомая з 1552 года. Пасля таго як у ХІХ стагоддзі граф Рымскі-Корсакаў пабудаваў поруч з ёй капліцу Святой Параскевы, сюды пачалі з’язджацца тысячы людзей з Магілёва, а таксама блізкіх і далёкіх ваколіц.
Для аматараў італьянскай кухні ў Магілёве ёсць кафэ «Пармезан» (вул.Першамайская, 34/1). Лепшая піца ў горадзе, нармальныя цэны, добрае абслугоўванне, а таксама мелодыі і рытмы італьянскай эстрады ў якасці саўндтрэку. Піца каштуе € 4-8, паста – € 4, тырамісу – € 3,5.
Рэстаран Bellagio (вул. Ленінская, 21). Таксама месца з італьянскай кухняй, але трохі даражэй. Насамрэч тут смачна і якасна, афіцыянты звышветлівыя, да страваў цяжка прычапіцца. Сярэдні цэннік за вячэру на дваіх – € 25-30.
Кафэ «Буффет» (вул. Камсамольская, 5) – упадабанае месца магілёўскіх студэнтаў. Піца, пончыкі, бургеры, бясплатная кава да сняданку, магчымасць набыць паштоўку для посткросінгу. Алкаголю ў меню няма.
Сетка «Бургер-пицца» (пр-т Пушкінскі, 18; вул. Першамайская, 34; вул. Каштанавая, 2а; вул. Маўчанскага, 53а). Усё празрыста – у меню бургеры і піца. Дэмакратычна і смачна. Тут збіраюцца маладыя людзі і сем’і з дзецьмі.
«Филетто хауз кафе» (вул. Ленінская, 22). Рэстаран турэцкай кухні прапануе ўсе перавагі нядаўна адкрытай кавярні: шырокае меню з духмянымі стравамі, «кампліменты» ў выглядзе бясплатных закусак і хатняй вішнёвай наліўкі ад шэфа ды асабісты поціск рукі дарагім гасцям ад саўладальнікаў рэстарана. Прыемная і хатняя атмасфера.
Рэстаран «Бірарыя» (вул. Першамайская, 31, з адваротнага боку рэстарана «Габрава»). Даступныя кошты, зручнае меню з фотаздымкамі страў (што асабліва ацэняць замежнікі), кальян, прапановы для вялікіх кампаній – напрыклад, «метр» піва і асарці закусак пад назвай «кіло да піва».
Ірландскі паб «Ale House» (вул. Ленінская, 61). Прыемнае і простае месца ў класічным англійскім стылі. Часта праходзяць тэматычныя вечарынкі, грае жывая музыка. Выбар піва – самы багаты ў горадзе, кошты на ежу могуць «кусацца», але памер порцыі не дазволіць нікому застацца галодным. Піва – € 3-4.
«Ресторан 101» (зав. Пажарны, 6). Мясцяк знаходзіцца ў будынку былой пажарнай часткі ХІХ стагоддзя. Фіча – чырвоная пажарная машына, што служыць тут барнай стойкай. У меню – імпартнае піва і смачныя закускі да яго.
Кавярня «DaVinci» (вул. Ленінская, 68). Паводле італьянскіх гасцей горада, тут – самая правільная кава ў Магілёве.
«Жорж Симоне» (вул. Ленінская, 44). Тут знойдзеш звыклую для беларуса ежу – накшталт піцы і сушы. У інтэр’еры, праўда, злёгку агрэсіўныя чырвоныя сцены і фатаграфіі Эйфелевай вежы, затое вялікія порцыі ды хуткае абслугоўванне. У кафэ дзве залы – верхняя і ніжняя. Ніжняя знаходзіцца ў падвальным памяшканні і ўключае ў сябе бар, столікі ды невялікую танцпляцоўку.
Аматарам сушы можам параіць рэстаран «Залаты дракон» (вул. Першамайская, 22) і сетку кафэ «Япончык» (вул. Першамайская, 29; вул. Якубоўскага, 51б; вул. Будзённага, 13), дзе за 15-20 хвілін вам прыгатуюць някепскі сэт з сушы або вермішэль-вок з любым змесцівам.
Сярод месцаў хуткага перакусу вялікай папулярнасцю ў магілёўцаў карыстаюцца кіёскі непадалёк ад Плошчы зорак. Тут можна купіць бліны з розным начыннем, малочныя кактэйлі, хот-догі ды напоі. Побач знаходзіцца вельмі бюджэтная і бяспечная для самаадчування сталовая дыягнастычнага цэнтра (рэшткі савецкай эпохі з адпаведным антуражам і стравамі). Шлях да яе, калі што, падкажуць мясцовыя.



Кругласуткавы абменнік ты знойдзеш на чыгуначным вакзале (Прывакзальная плошча, 1). Да 21.00 працуе абмен валют у салоне МТС на Міронава (каля стадыёна «Спартак»).
www.mycity.by – таксі Магілёва.
mogilevkino.by – кінаафіша горада. Дзяжурная аптэка па вул. Піянерскай, 29/26 – працуе кругласуткава.
Пакуль няма ніводнага каментара