30008 8

John Doe

Напярэдадні выхаду на мультылэйбле «Пяршак» першага EP «Процесс» магілёўскай дэкаданс-банды John Doe кантрыбутар 34mag выправіўся ў культавы для беларускай музычнай сцэны горад, каб пазнаёміцца з новымі беларускімі зоркамі, паганяць па лужынах на чорным «Мэрсе» і зразумець, як паэзія Срэбнага веку дапамагае пісаць вострую актуальную музыку.

 

Бухло і брудныя бабы

Магілёў сустракае моцнымі струменямі не па-вераснёўску халоднага дажджу. Здаецца, нібы апынуўся ў амерыканскім фільме акурат у момант пахавання якога-небудзь важнага для сюжэту персанажа. Вада зацякае за каўнер, парасон зусім не ратуе ад непагадзі. Прыходзіцца хавацца ад дажджу пад дахам невялікай крамы «Родны кут». З адчыненых дзвярэй чуваць, як добразычлівая прадавачка ўпэўнівае пакупніка, што лепей будзе ўзяць таннейшую гарэлку, а на сэканомленыя грошы набыць закусону. На чорным бандыцкім «Мэрсе» да ганку крамы пад’язджае вакаліст гурта Дзяніс, жэстам запрашае сесці ў машыну. Усе астатнія музыкі таксама хутка з’явяцца, на сёмую гадзіну вечара ў хлопцаў прызначаная другая за апошні год рэпетыцыя.

«Я рос у такім раёне, дзе няма музыкі, там толькі бухло было і брудныя бабы, – Дзяніс пачынае свой аповед з дзіцячых успамінаў, пакуль мы імчым па магілёўскіх вуліцах у госці да басіста Кулі. – Мае стасункі з музыкай пачаліся з фрыстайлу, потым праз агульных сяброў пазнаёміўся з Ромам Англічанінам і панеслася. У нас нават праект асобны вострасацыяльны ёсць, “Грязь” завецца».

«Я рос у такім раёне, дзе няма музыкі, там толькі бухло было і брудныя бабы» 

Цяпер у John Doe Англічанін адказвае за ўсю электроніку і майстэрынг. Цяжар вершаскладання ляжыць на плячах Дзяніса. Ён натхняецца п’есамі Сартра і прозай Камю, а без зборніка вершаў рускіх паэтаў Срэбнага веку ўвогуле на вуліцу не выходзіць. Тэксты дзейнічаюць на яго мозг быццам якасныя мухаморы, выклікаючы ў ім незвычайныя сімвалы і алюзіі, поўныя экзістэнцыяльнай тугі. У мірскім жыцці Дзяніс працуе барменам.

Пакуль мы нясёмся па горадзе, на адным з перакрыжаванняў Дзяніс заўважае мёртвага голуба: «Голуб заўсёды быў сімвалам міру і спакою. Вунь ён ляжыць мёртвы і нікому не патрэбны. Як і наш свет. Выдатная ж алегорыя!»

Дзяніс кажа, што раней ён заўсёды думаў над той філасофіяй, якую ўкладаў у песні, цяпер жа проста стварае музыку для вечнасці. Выкарыстанне хрысціянскіх матываў і сімвалаў для яго своеасаблівая літаратурная гульня. У той жа момант ён падкрэслівае, што сэнсаў у тэкстах можа быць шмат. Справа кожнага слухача – адшукаць там што-небудзь сваё, не трапіўшы пры гэтым у пастку памылковага ўспрымання метафар.

 

 

Рок-малекулы


Нарэшце мы трапляем у госці да Кулі. Яго сапраўднае імя Антон і ён акуратыст ва ўсім, што тычыцца музыкі. Куля кажа, што прыйшоў у гурт на ўсё гатовенькае, яму засталося толькі разабраць басовыя партыі і вывучыць іх. Адшукаўшы ўсе неабходныя гітарныя правады і педалі, мы нарэшце рушым на рэпетыцыю.

Рэпетыцыйная база месціцца ў старым і прасторным драўляным доме. Яго тоўстыя сцены ствараюць ідэальную гукаізаляцыю, а наяўнасць вялікага склепа дазволіла ўладальнікам кропкі зрабіць дадатковую залу для рэпетыцый. Здаецца, што тут адточвае свае навыкі ўся магілёўская музычная тусоўка. Паўсюль снуюць гітарысты розных ступеняў валасатасці, іх перамяшчэнні падобныя на броўнаўскі рух адмысловых рок-малекул.

Мы прыехалі раней, чым трэба, так што будзе час агледзецца. Да нашай стракатай кампаніі далучаецца невысокі і худы гітарыст John Doe Ягор. Высвятляецца, што сам ён без гітары, бо тая засталася ў студыі гуказапісу і за ёй яшчэ трэба заехаць. «Не можа наш Ягор без касякоў, – заўважае Антон. – Ні ў жыцці, ні ў музыцы!»

 

 


Усю дарогу да студыі Ягор пастаянна балбоча, з яго бісерам сыплюцца гісторыі з жыцця. Ён працуе настаўнікам у адной з магілёўскіх школаў. «Аднойчы ўябаў адзінаццаць “калоў” у сёмым класе. Аднаго падняў – не ведае, другога – тое самае. Ну я і ацаніў па справядлівасці, – праз смех узгадвае Ягор. – Завуч, вядома, не пахваліў. Дык а што зробіш, калі вучыцца не хочуць?» Гітарыст John Doe часцяком трапляе ў нейкія замесы: то ў ізалятары за лаянку апынецца, то гітарныя партыі ў альбоме Макса Каржа прапіша.

«Вось тут мы запісваліся, – Ягор праводзіць невялікую экскурсію па студыі. – Не толькі мы, па шчырасці. І ЛСП, і Макс Корж давяраюць Роме Англічаніну. Вось там, дзе ты стаіш, я Каржу на хаду граў розныя партыі, а ён слухаў, а пасля прапанаваў запісаць некаторыя з іх у альбом. Я ўсё на хаду выдумляў». Студыя месціцца ў звычайным жылым дзевяціпавярховіку. У адным з пакояў стаіць усё гуказапісвальнае абсталяванне. На сценах і столі кавалкі паралону для лепшай гукаізаляцыі. Лямпачкі-індыкатары, бясконцыя шэрагі тумблераў і некалькі вялікіх манітораў нагадваюць хутчэй рубку касмічнага карабля. «Ідзём ужо, бля. Колькі можна марнаваць час? – Дзяніс злуецца і нецярпліва падганяе. – Спазняемся ж на рэпетыцыю».

 

 

Выйсце ёсць

Мы едзем па магілёўскіх вуліцах, парушаючы ўсе правілы дарожнага руху. Колы машыны слізгаюць па лужынах, Дзяніс шалёна выварочвае стырно на кожным павароце. Можна і прабачэння за грахі прасіць. Перад вачыма праносіцца гісторыя John Doe, якую распавядае Ягор акурат пад шоргат колаў. Як яны спачатку гралі ўдваіх з Дзянісам, як прыдумалі назваць гурт «Іван Іваноў», аднак іх былы басіст падказаў лепшы англамоўны варыянт – John Doe, як ва ўрачыстай абстаноўцы, падобнай на прапанову рукі і сэрца, да складу далучыўся бубнач Кірыл. Мы прыязджаем без спазненняў, рэпетыцыя пачнецца своечасова.

«Голуб заўсёды быў сімвалам міру і спакою. Вунь ён ляжыць мёртвы і нікому не патрэбны» 

Усе гітары наладжаныя, гучнасць адрэгуляваная, ніхто больш не просіць «сыграць на першай ноце» і «ўзяць ніжэй» – пачынаецца другая за год рэпетыцыя магілёўскага гурта John Doe. Жыўцом іх музыка ўспрымаецца інакш, чым на запісе. З’яўляецца нейкая дадатковая бадзёрасць і злосць у вакале. Гучная, месцамі няроўная гітара з ламаным рытмам барабанаў абудзіць любога нябожчыка на раёне і пакіне яго задаволеным.

Рэпетыцыя заканчваецца, і ўсе вывальваюцца на ганак папаліць. Адчуваецца пах сырой ад дажджу зямлі і ледзьве прыкметны салодкі водар першага апалага лісця. Антон з Ягорам пачынаюць строіць дурня і робяць выгляд, быццам даюць інтэрв’ю нейкаму радыё. «А пра што ўсе вашыя песні?» – запытвае Антон, з цяжкасцю стрымліваючыся ад рогату. «Пра смерць, вядома», – адказвае Ягор. Вытрымаць сур’ёзную паўзу не ўдаецца, абодва хлопцы пачынаюць гучна смяяцца, прымушаючы ўсміхнуцца і ўсіх астатніх. Выйсце ёсць.

 

 

Photo by Андрэй Гапееў


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (8)

Vasya29-09-2014, 21:14

Название ну очень оригинальное взяли. Как теперь не перепутать с миллионом других групп с названием John Doe

Адказаць

молодой29-09-2014, 21:36

Давно слежу за ребятами. Интересно будет послушать.

Адказаць

Nasta29-09-2014, 22:08

о, чарговы "белорусский" гурток, у якім няма нічога беларускага, акрамя тэрытарыяльнай прыналежнасьці. Сумнавасьценька...

Адказаць

Jane Doe29-09-2014, 23:57

Минусуйте, но говно говном же)

Адказаць

дед-пердед30-09-2014, 03:34

цікавыя тэксты і электроніка па вышцы.

Адказаць

хлопец30-09-2014, 05:43

nasta, у них в текстах "беларускага" больше, чем ты себе представляешь

Адказаць

Nasta30-09-2014, 18:22

Як казаў ваш рузкей класік - "Кому і кобыла невеста". Па аналогіі - "кому і в текстах русской группы "беларускага" больше, чем можно себе представіть"

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.