1338 0

Ілля Карусейчык

Фізік і адзін з актыўных удзельнікаў клуба Student Network Ілля Карусейчык у размове з 34mag – пра тое, як у сучасных умовах можна спрабаваць дапаўняць і змяняць сістэму адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі студэнтаў і патрабаваннямі Балонскага працэсу.

 

Чым займаюцца: арганізацыя лекцый, трэнінгаў і школ для студэнтаў.

Дата заснавання: 2015 год.

Структура: 5 асноўных удзельнікаў.

Факты: кожны жадаючы можа прапанаваць сваю ідэю і стаць суарганізатарам.

Кантакты:

VK  |  FB
 


З кім гутарым: Ілля Карусейчык, 21 год, скончыў фізічны факультэт БДУ, займаецца квантавай оптыкай.

 

 

Гісторыя Іллі

– Мае першыя чатыры гады ў БДУ прайшлі міма грамадскага жыцця факультэта. На пятым курсе нечакана прыйшло разуменне: «Атрымаю дыплом – і нічога пасля сябе не пакіну». Таму захацелася дапамагчы згладзіць некаторыя моманты для тых, хто толькі пачынае вучыцца. Так нарадзілася ідэя стварыць пляцоўку для клубаў і лекцый, дзе можна, з аднаго боку, атрымаць нейкія карысныя навыкі, а з другога – падзяліцца сваім вопытам з іншымі студэнтамі. Мы імкнемся даць веды, якіх людзі не змаглі атрымаць ва ўніверсітэце.

 

 

Студэнцкі клуб

– Пачалося ўсё са Student English Club. Спачатку збіраліся невялічкай сяброўскай кампаніяй, прыносілі настольныя гульні, пілі гарбату і, само сабою, практыкаваліся размаўляць. З часам стала зразумела, што з 10 чалавек прыйсці можа 2, і трэба пашырацца, уключаць у гэтую справу больш людзей. У выніку зрабілі суполку ВК і павесілі аб'явы па факультэтах. На першы сход летась у кастрычніку прыйшло каля 30-40 чалавек.

Зараз яшчэ спрабуем ладзіць у першай палове заняткаў своеасаблівыя лекцыі. Тэмы розныя: ад нестандартных метадаў вывучэння мовы і тыповых памылак да правіл складання афіцыйных лістоў на ангельскай.

«На пятым курсе нечакана прыйшло разуменне: “Атрымаю дыплом – і нічога пасля сябе не пакіну”»

У снежні была сустрэча з паслом Вялікабрытаніі Брусам Бакнелам. Мерапрыемства праходзіла на фізфаку, прыйшло больш за сто чалавек. Праз некаторы час вырашылі запусціць клуб дэбатаў на ангельскай мове, каб пракачваць soft skills. Майстэрства трымацца падчас публічных выступаў, правільна казаць – гэтыя рэчы наўрад ці перашкодзяць будучаму спецыялісту.

Яшчэ плануем новыя лекцыі, напрыклад аб правільным складанні CV. Нядаўна звязаліся з чалавекам, які можа распавесці пра Вікіпедыю. Ён піша шмат артыкулаў, рэдагуе іх, разбіраецца ў ідэалогіі рэсурсу. Важна ўмець правільна выкарыстоўваць такую буйную крыніцу інфармацыі, а ў нас гэтаму не вучаць.

 

 

 

Шлях да ўдасканалення

– Адным з галоўных стартавых праектаў стала арганізацыя конкурсу эсэ «Пути совершенствования высшего образования в РБ». Пераможцы атрымалі магчымасць з'ездзіць у Віленскі ўніверсітэт і пазнаёміцца з мясцовым студэнцкім самакіраваннем.

Мы, у сваю чаргу, знайшлі неабыякавых людзей і пачулі шмат крутых ідэй. Конкурс прайшоў досыць паспяхова, было больш за 60 заявак з розных ВНУ, прадстаўлена безліч факультэтаў. Такія рэчы складана ацэньваць, але ў нас была свая сістэма налічэння балаў – актуальнасць, падрабязнасць вырашэння праблемы, магчымасць ажыццяўлення.

 

Само заданне на конкурс мы стараліся сфармуляваць так, каб не было занадта глабальных разважанняў, а-ля «нам патрэбна аўтаномнасць універсітэтаў». Напрыклад, цалкам жыццяздольны праект – зрабіць аўдыяпадручнікі для людзей са слабым зрокам. За рэалізацыю возьмемся ў верасні: зараз у «Student Network» летні перапынак.

«Майстэрства трымацца падчас публічных выступаў, правільна казаць – гэтыя рэчы наўрад ці перашкодзяць будучаму спецыялісту»

У дадатак да гэтага на пастаяннай аснове дзейнічае клуб экскурсаводаў «Сдвиг». Ён узнік у Інстытуце спорту і турызму. Тым, хто жадае стаць экскурсаводам, часта не хапае практыкі. Клуб дае ім магчымасць праявіць сябе не толькі ў тэорыі.

Нас аб'ядноўвае любоў да Балонскага працэсу. На ўсіх мерапрыемствах імкнемся даць трохі інфармацыі на гэты конт. На тым жа конкурсе эсэ мы пастараліся так сфармуляваць пытанне, каб студэнты самі пачыталі і разабраліся, склалі меркаванне, падумалі над перспектывамі.

 

 

Пра супрацу

– Мы ствараем супольнасць. У English Club прыходзяць студэнты розных спецыяльнасцей і расказваюць, як яны вучацца ў пэўным універсітэце. Нядаўна высветлілася, што ў кожным абласным цэнтры ёсць зацікаўленыя людзі, але адзін-два чалавекі баяцца саматужна нешта рабіць. Таму мы зараз думаем, як пачаць эфектыўна супрацоўнічаць з рэгіёнамі.

Мы не ставім сваю арганізацыю ў апазіцыю ўніверсітэту. Наадварот, адна з галоўных ідэй – максімальна блізкае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Але пры тым важна заставацца незалежнымі, і ўжо гэты момант выклікае насцярожанасць зверху.

Ёсць ініцыятывы, якія пачыналі падобную дзейнасць, а ў выніку аддаліліся ад студэнтаў і ўніверсітэцкага жыцця. Зараз іх праца разлічана на заведама актыўных людзей, якія самастойна знаходзяць падобныя арганізацыі і супрацоўнічаюць з імі. Але ж застаюцца і тыя, хто мала ведае аб чымсьці, акрамя пар і семінараў. Мы арыентуемся на такіх людзей.

«Калі студэнт асабліва не ўнікаў, ён будзе думаць, што трапіць на вучобу за мяжу можа толькі вундэркінд»

Скажам, існуе вялікая колькасць праграм па абмене, асабліва для магістраў. Многія месцы не запаўняюцца, і пра гэта нават не ведаюць. Вядома, на Факультэце міжнародных адносін ёсць аддзел, які займаецца распаўсюджваннем інфармацыі аб гэтых стажыроўках, правядзеннем інфарматыўных лекцый. Але, зноў жа, туды прыходзяць ужо зацікаўленыя людзі.

Калі студэнт асабліва не ўнікаў, ён будзе думаць, што трапіць на вучобу за мяжу можа толькі вундэркінд. А гэта абсалютна не так. У English Club мы часта расказвалі пра падобныя магчымасці, запрашалі людзей, якія ўжо з'ездзілі куды-небудзь, – увогуле стараліся распаўсюджваць інфармацыю.

Мы не супраць кааперавання з іншымі студэнцкімі арганізацыямі, у прыватнасці замежнымі. Але наогул ідэя такая: спачатку наладзіць дзейнасць у Беларусі. Я сачу за іншымі аб'яднаннямі і часта бачу парадак, які падаецца мне няправільным: спачатку людзі піярацца за мяжой, у спробе зарабіць гранты, а потым ужо вяртаюцца на радзіму. Гэта непаслядоўна.

 

 

Уот фо

– Мы зразумелі, што ёсць прафесійныя вобласці, дзе студэнтам не хапае кампетэнцыі. Патэлефанаваць кудысьці і папрасіць правесці канкрэтнае мерапрыемства даволі складана. Таму вырашылі дзейнічаць іншым шляхам: сваімі сіламі фармаваць клубы, займацца разавымі лекцыямі і семінарамі. Ідэя арганізоўваць што-небудзь «знізу» не самая дрэнная. Студэнты ведаюць, што ім трэба, як зрабіць усё нясумна і без лішняга афіцыёзу.

«Ідэя арганізоўваць што-небудзь “знізу” не самая дрэнная»

Аднойчы мы атрымалі дакор на свой адрас: «Вы не представляете всех студентов». Але ў нас няма мэты выказаць меркаванне абсалютнай большасці. Калі ёсць 10-20 чалавек, якія цікавяцца пэўнай тэмай, – выдатна, можна рабіць лекцыю. Людзі галасуюць удзелам.

У верасні збіраемся пісаць заяву на імя рэктара, каб нам дазволілі праводзіць больш мерапрыемстваў ва ўніверсітэце. Як аказалася, для падобных справаў патрэбны спецыяльны дазвол. Спадзяюся, усё будзе добра.

 

 

Тэкст by Аліса Касмалёт
Фота by Па


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.