23495 3

Горадня

Нас шчыра задзяўбло тое, што турыстычная інфармацыя пра Беларусь часта выглядае як эпітафія на пыльных могілках. Мы лічым, што павага да сябе пачынаецца з павагі да месца, дзе ты жывеш, – таму працягваем серыю аўтарскіх гайдаў па Беларусі ад 34mag. Перш-наперш трымаем курс на Горадню – славутасці, могілкі, музеі ды закінутыя масты, а таксама бары, кафэхі ды піўнякі горада панкаў і касцёлаў.

 

Дабрацца да Горадні з любога пункту краіны можна на чыгунцы: прамымі маршрутамі з горадам на Нёмане звязаны 142 станцыі. З Менску цягнікі ідуць некалькі разоў на дзень, выбірай любы. Кошт квітка – € 3 – 6,5.

Калі ты жадаеш глынуць сапраўднага жыцця без глянцу, раім зладзіць роўд-трып па вобласці на саўковых электронах. Адчайным стартаваць лепей у выходныя, каб уліцца ў кампанію каларытных дачнікаў.

Як варыянт, дабрацца можна на бусе (€ 6,3 – 11,3) або маршрутцы (€ 7,6).

  Уладальнікам аўто мы нічога раіць не будзем, google maps зробіць гэта лепей. Калі няма свайго жалезнага сябра, шукай папутку ў спецыяльнай суполцы ці спыні тачку на выездзе з Менску на трасе М6 каля запраўкі.

 

Горадня заўсёды была цэнтрам нефармальнай культуры Беларусі, напэўна, дзякуючы блізасці загніваючага Захаду. Нават у час саўка тут ладзілі хіпі-маршы, а на 1990-я прыйшоўся сапраўдны росквіт DIY анарха-панк культуры. Водгулле чуваць і зараз: галоўны лайфхак у тым, што калі ты апынуўся ў горадзе зусім без грошай – гоў у цэнтр шукаць мясцовых панкаў, яны заўсёды дапамогуць.

Для ўсіх іншых ёсць некалькі месцаў, дзе можна кінуць косткі.

  Адзін з самых танных варыянтаў для начоўкі ты знойдзеш на чыгуначным вакзале – тут ёсць «пакоі адпачынку», што месцяцца ў правай частцы будынка, калі глядзець з боку шляхоў. Нумар можна ўзяць на палову сутак (ад € 4,5) ці на ўвесь дзень (каля € 9). Душ і туалет на паверсе.

  Для аматараў двух’ярусных ложкаў ёсць танны Hello Grodno Hostel. Гэта самы цэнтр, побач усе выдатныя мясціны, бясплатная паркоўка, агульныя кухня і душ – карацей, усё, як ты любіш. 

  На ўлюбёным booking.com можна знайсці шмат апартаментаў, якія за свае € 50-60 павінны быць вельмі прыстойнымі. Калі кошт падзяліць на двух альбо чатырох чалавек, атрымаецца годная прапанова.

  Для парачак падчас «мядовага месяца» і аматараў шыку існуюць гатэлі «Нёман», «Сямашка» і «Славія» – амаль раўназначныя варыянты «з прэтэнзіяй». Усё неабходнае для камфортнай начоўкі за €70 – 80 на дваіх.

  Самы пантовы гатэль горада – «Кронан Парк Гатэль» з шыкоўнымі інтэр’ерамі, антыкварнай мэбляй і некалькімі рэстаранамі на любы густ. Размешчаны ён ва ўрочышча Пышкі, што ў пяці кіламетрах ад цэнтра горада, сярод ляснога масіву. Кошт нумара – ад €170 за звычайны двухмесны, у прайс уключаны сняданак і наведванне басейна і саўны.

 

Калі ты прыгнаў на цягніку, пачынай свой рух з вуліцы Элізы Ажэшкі, заадно па дарозе зацані дом-музей пісьменніцы. Потым накіроўвайся наўпрост на пешаходную вуліцу Савецкую, якая пачала актыўна забудоўвацца ў XVIII ст., а да канца XIX ст. стала цэнтральнай гандлёвай артэрыяй. Атрымай асалоду ад гарадскога краявіду – амаль такі ж краявід быў перад вачыма паўстанцаў XIX стагоддзя, нават лічыцца, што ў кватэры над «Оптыкай» (Савецкая, 7) Кастусь Каліноўскі пражыў два гады ў свайго паплечніка Мілевіча.

Горад, як і ўсю краіну, ліхаманіла апошнія пару стагоддзяў. Выдатнай ілюстрацыяй гэтых працэсаў выступае гісторыя аднаго помніка. На месцы статуі савецкага маршала Сакалоўскага раней стаяў помнік Сталіну, а яшчэ 150 гадоў таму быў касцёл Дамініканцаў. Іншае сведчанне вірлівасці часу – надпіс Magistrate m.Grodna на бардзюрах, які захаваўся з часоў уваходжання Гародні ў склад Польшчы ў 1921-1939 гг.

Каб вырашыць, куды рушыць далей, чэкай карту і складай маршрут, зыходзячы са сваіх прыярытэтаў. А зараз – асноўныя гарадзенскія must see.

Стары замак (Замкавая, 22) – месца, з якога пачынаецца адлік гісторыі горада ад самага 1127 года. Рызыкні падняцца на абарончыя муры, якія будаваў яшчэ вялікі князь Вітаўт у пачатку XIV ст., – гэта адна з лепшых панарамаў горада з відам на Нёман. Паблукай па пакоях гісторыка-археалагічнага музея– у свой час там жыў ды віно піў польскі кароль Стэфан Баторый. Пасля спусціся да Ніжняй царквы XII стагоддзя. Часам у замку актывізуюцца рамонтнікі, таму не сумуй, калі давядзецца задаволіцца назіраннем сценаў ды ўнутранага дворыка.

Насупраць Старога замка месціцца Новы замак (Замкавая, 20) – летняя рэзідэнцыя каралёў, дзе праходзілі соймы Рэчы Паспалітай. На адным з іх у 1793 годзе пасля вядомага паседжання пад лозунгам «Маўчанне – знак згоды» адбыўся другі падзел легендарнай дзяржавы. Праз год у гэтых жа залах Тадэвуш Касцюшка раіўся з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў, і тут жа Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1795 годзе адмовіўся ад трона. Гісторыя Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага была скончаная, і за палац узяліся расійскія ўлады: ён дарос да звання «рэзідэнцыі гарадзенскага абкама КПСС». Пасля вайны зруйнаваны замак аднавілі, а зорка, серп і молат, як верныя прыкметы сваёй эпохі, дажылі і да нашых часоў. Ад першапачатковага замка засталася толькі ўязная брама, але дзякуй і за тое. Унутры знойдзеш крыху цікавостак, бо дзевяць залаў таксама аддалі музею.

Па дарозе да замкаў звярні ўвагу на пажарную каланчу (Замкавая, 19) – вежа была пабудавана ў 1885 годзе пасля пажару, які знішчыў амаль усю драўляную забудову. Цяпер тут музей гісторыі пажарнай службы – каб пабачыць экспазіцыю, дамаўляйся загадзя. Пашукай на галоўным фасадзе Мону Лізу ў пажарнай форме і апоўдні паслухай сімвалічнае гранне трубача – мясцовыя кажуць, што на аглядную пляцоўку ён выходзіць кожны дзень.

Непадалёк непрыстойна вядомая Каложа – Барысаглебская царква (паміж Каложай і Рабочай), унікальны храм XII стагоддзя. Убачыць яго трэба абавязкова, бо, кажуць, ізноў пайшлі трэшчыны – і царква можа абваліцца ў Нёман. Раім яе абысці па коле ды пашукаць на старажытных сценах знакі на плінфе. Інтэрпрэтуюцца сімвалы ў стылі Дэна Браўна: адна легенда сцвярджае, што гэта зашыфраваная малітва-пасланне ад будаўнічых, другая – што рунічны след скандынаваў, а самая банальная версія кажа, што гэта звычайная пазнака серыі і якасці плінфы.

Ад цэлага кляштарнага квартала ў цэнтры горада застаўся толькі сабор св. Францыска Ксаверыя, ён жа Фарны касцёл (пл. Савецкая, 4)– унутры варта паглядзець багаты дваццаціметровы алтар, а на левай вежы касцёла знаходзіцца самы стары ківачовы гадзіннік на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Захаваўся і найстарэйшы ў Еўропе будынак аптэкі, таму наведай атмасферны музей з прабіркамі, кнігамі, вялікім гербарыям Элізы Ажэшкі ды даведайся пра гісторыю аптэчнай і лекавай справы на Гарадзеншчыне. Адразу за касцёлам у былым езуіцкім калегіуме ўжо больш за 170 год працуе турма, але ж хутка плануецца адкрыць музей і тут.

Харальная сінагога (Троіцкая, 59а) неаднойчы перабудоўвалася на працягу трох стагоддзяў, была нават цэнтрам габрэйскага гета, а зараз актыўна рэстаўруецца. Тут праходзяць службы і святочныя сходы, ёсць музей гісторыі габрэяў, плануецца адкрыццё кашэрнай сталоўкі, кухні для бедных, бібліятэкі і дзіцячага садка. У музейным крыле раім падняцца на некалькі лесвічных пралётаў – сюды яшчэ не дайшлі рэстаўрацыйныя работы, таму ёсць шанец удыхнуць сапраўднай даўніны.
У Горадні дзейнічае адзіная на ўсю Беларусь Лютэранская кірха (Акадэмічная, 7а) – гэта былы будынак карчмы, некалі падоранай нямецкім рамеснікам-пратэстантам і з цягам часу перабудаванай у храм. Паслухай тут канцэрт арганнай музыкі і знайдзі надмагільны камень 1916 года, які захаваўся з лютэранскіх могілак.

Былы касцёл Бернардзінцаў (Парыжскай Камуны, 1) – самы старажытны каталіцкі храм горада. Унутры знаходзяцца статуі дванаццаці апосталаў і дванаццаці выбітных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Побач месціцца духоўная семінарыя, дзе вучаць на ксяндзоў.

Касцёл Брыгітак (К. Маркса, 27 / Маладзёжная, 2), на жаль, страціў сваё аздабленне, аднак ва ўнутраным дворыку захаваўся самы стары драўляны будынак Беларусі, лямус XVII ст. Каб яго паглядзець, паспрабуй дамовіцца з вартаўнікамі. А вось табе факцік для нагнятання атмасферы – яшчэ нядаўна ў сценах касцёла месцілася псіхіятрычная лякарня.

Можаш завітаць у Музей гісторыі рэлігій (Замкавая, 16), размешчаны ў магнацкім палацы XVIII стагоддзя. Тут табе распавядуць не толькі пра хрысціянства і старажытныя культы, але і пра гісторыю палаца і лад жыцця шляхты.

Зганяй у Драмтэатр ці ў Тэатр лялек – акрамя таго, што ў праграме часта бываюць добрыя прывозы ці мясцовыя перформансы, вартыя ўвагі і самі будынкі.

Наведай «Новы свет» (Міцкевіча, 17-га верасня, Горкага, Астроўскага, Валовіча) – унікальны квартал драўлянай і каменнай архітэктуры, які захаваў дух эпохі міжваеннага польскага часу. Спяшайся, бо, магчыма, хутка квартал знясуць.

Каталіцкія і праваслаўныя могілкі (Антонава) – самыя старыя на Беларусі, на іх хаваюць з канца XVIII стагоддзя. Магільныя пліты ўражваюць сваім мастацкім аздабленнем, хаця большасць статуй з цягам часу пазбавіліся сваіх галоў. З вядомых людзей тут пахаваныя Эліза Ажэшка, маці Максіма Багдановіча, удзельнік вайны 1812 года Сяргей Ланскі – яго помнік самы старажытны. Побач з могілкамі знаходзіцца шматпавярховы катэдж, які ў народзе, праз спецыфічную архітэктуру, клічуць «замкам Дракулы».

У анатамічным музеі можна паглядзець экспазіцыю «Гарадзенская кунсткамера» (К. Маркса, 1) пра адхіленні чалавечага цела і розныя паталогіі. Паводле легенды, першая роспалаць чалавечага цела ва Усходняй Еўропе адбылася таксама ў будынку музея – так усталёўвалі прычыны смерці караля Стэфана Баторыя.

Калі душа патрабуе прыгожага, ёсць некалькі варыянтаў. Даведайся, хто выстаўляецца ў галерэях «Крыга» (Савецкая, 3-11), «Тизенгауз» (пл. Тызенгаўза, 4) і «У майстра» (Кірава, 8) – ёсць шанец патрапіць на цікавую выставу ці сустрэчу з мастаком. Зазірні таксама ў галерэю рамёстваў «Ткалля» (Замкавая, 15), дзе можна набыць вырабы мясцовых умельцаў. Амаль кожны экспанат – дэталь для інтэр’ера твайго дома ці добры сувенір.

Каб адпачыць ад эстэтычных уражанняў, адпраўляйся да закінутага чыгуначнага моста (раён Вішняўца, 1 км ад Паўднёвай). У хуткім часе тут пройдзе аўтамагістраль, а пакуль гэта лепшая кропка для невялікага пікніка з бутэлечкай чырвонага і відам на ваду.

Для разнастайнасці зазірні ў антыкафэ «Живое время» (К. Маркса, 13) – тут пастаянна праводзяцца майстар-класы, лекцыі, канцэрты і нават спецыяльныя мерапрыемствы з маладымі мамамі і дзецьмі па раніцах. Гадзіна ў антыкафэ абыдзецца табе менш чым у € 1,5.

Побач з чыгуначным вакзалам знаходзіцца самы стары ў Беларусі заапарк (Ціміразева, 11). Калі ты аматар лёгкага смуроду і жывёл у клетках – табе спадабаецца. З важнага – у красавіку сюды прыехалі альпакі.

У горадзе ёсць футбольны клуб «Нёман» – адчуць, як выглядае патрыятызм па-гарадзенску, ты зможаш толькі на стадыёне. Чэкай, калі будзе наступная гульня сезона, і займай месцы на трыбунах.

Не забывайся і на радасці цела: па добры настрой выпраўляйся ў міні-аквапарк «Аквацэнтр» ці ў санаторый «Азёрны», што ў 30 км ад горада, – тут таксама ёсць басейн з горкамі.

У наваколлі Горадні ты знойдзеш яшчэ некалькі цікавых кропак. У Каробчыцах можна пакатацца на конях, прыкупіць рамесных вырабаў і медавухі. А па дарозе на Аўгустоўскі канал, што пабудаваны яшчэ ў 1830-я, паглядзець на гарадзенскія форты ці заехаць у Свяцк, каб падзівіцца на выдатна захаваны палац Валовічаў

 

Адзін з самых простых і танных спосабаў перахапіць чаго з ежы – сетка фастфуду «Калабкі» (Ажэшкі, 16 / Савецкая, 7 / Пагранічнікаў, 31). Блінцы (€ 1,5), танныя стандартныя гамбургеры і фры. Калі бадзяешся па горадзе амаль без грошай або ў парку Жылібера шукаеш што пад піўко – варыянт някепскі.

Італьянскіх мігрантаў у Гародні няма, але вось піцэрый нават занадта. У наш топ трапіла некалькі месцаў.

  У BastaPasta (Перамогі, 35) для затраўкі ёсць брускеты за € 4 – 7, піца абыдзецца ў € 7 – 9, а карбанара ў € 8. Тут жа зможаш узяць сушы (€ 5 – 11). 

 

  У Pizza & coffee (Кірава, 15 / Лімажа, 32б) цэны крыху ніжэйшыя – за піцу давядзецца аддаць € 6,5 – 8,5, а сушы абыдуцца ў € 4 – 7. Да таго ж ёсць вегетарыянскія стравы, а ежу можна замовіць на дом.

  «Рэтра-піца» (Савецкая, 31) падыдзе для таннага перакусу ў цэнтры, з плюсаў – прыстойнае абедзеннае меню.

  У пошуках сапраўдных прыгодаў зазірні ў саўковую забягалаўку «У старога млына» (Ціміразева, 2) і вазьмі парачку сакавітых чабурэкаў з мясцом за € 1 – 1,5. Не палохайся інтэр’еру і атмасферы стандартнага злачняка – гэта той выпадак, калі знешнасць падманлівая.

  Бясспрэчны фаварыт сярод кавярняў – «Раскоша 1795» (Савецкая, 7). Прыемны інтэр’ер адсылае да спакою і расслабленасці еўрапейскіх мястэчак. Выдатна падыдзе для бранчу або рамантычнага вечара, і дарэчы – тут робяць прысмакі на вынас. Май на ўвазе, што замовіць торт у кандытарскай будзе танней, чым чакаць яго за каваным столікам рэстарана.

  У чайным доме «ЧайКоффский» (пр. Касманаўтаў, 6а) можна пасядзець усёй сям’ёй, тут нават ёсць спецыяльны дзіцячы куток, і прыкупіць гарбаты, кавы і адмысловы посуд. Дамашняя кухня, вялікі выбар дэсертаў, алкаголь і wi-fi – у дадатку. 

  Па каву можаш таксама заскочыць у невялікую і ўтульную «КофеМанию» (Савецкая, 31) – тут вялікі выбар кавы, гарбаты і выпечкі па даволі прыстойных коштах, напой і дэсерт у сярэднім стане ў € 5 – 7.

  Па нацыянальныя стравы адпраўляйся ў будынак былога рачнога вакзала, у кафэ-бар «Карчма ля прычала» (Завадская, 14). Тут някепская кухня, просты, але аўтэнтычны інтэр’ер, вялікая летняя тэраса з альтанкамі і выдатны від на Нёман. Сярэдні кошт на дваіх за ежу і паўкубачка віна будзе складзе каля € 30-40.

  Таксама можаш дадаць у свой спіс must do рэстаран «Стары Лямус» (Дзяржынскага, 1а) – ты апынешся ў адноўленым будынку лямуса XVIII стагоддзя, але ж у меню таксама ёсць беларуская і славянская кухня.

 

  Галоўны тусовачны пункт горада – бар «Куба» (Калючынская, 12). Паводле легенды, калі ўладальнік убачыў падвал, то сказаў, што месца нагадвае Кубу – культавую краіну для бармэнаў і аматараў рому. Тут ёсць аўтэнтычныя інтэр’ерныя знаходкі: гаванская гітарка, зробленая з бляшанак з-пад колы, размаляваныя ўручную самалёцікі, што цяпер вісяць пад столлю, – па словах бармэна, на Востраве Свабоды нічога не выкідаецца, усё пускаецца ў абарот. Натоўп збіраецца пасля 20.00, будзь гатовы да п’янага ўгару пад гарачыя рытмы. За піва і просты сандвіч з вяндлінай аддасі каля € 5.

   Калі ёсць жаданне глянуць футбольны матч пад піўко, зганяй у «Паб 32» (Сацыялістычная, 32). Добры выбар закусак, бургераў, піцы і моцнага алкаголю дазволяць затрымацца даўжэй, чым на стандартныя паўтары гадзіны. Часам там бываюць вечарынкі і тэматычныя мерапрыемствы, так што не забудзься прачэкаць афішу.

   У Lumberjack (Савецкая, 5) можна даволі танна накаціць і перакусіць у цеснай, але камфортнай абстаноўцы, стылізаванай пад Дзікі Захад. За піва і закускі пакінеш каля € 10, але ведай, што для рэальных «лесарубаў» з прыгожай барадой прадугледжана зніжка ў 10 % – як бачыш, з разуменнем гендарнай роўнасці ў Горадні пакуль тугавата.

   Ёсць у горадзе на Нёмане і свой «Лондон» (Віленская, 1), аднак ён моцна адрозніваецца ад менскага цёзкі. Тут гэта гламурнае месцейка, дзе кожная дэталь адсылае да «ўсяго англійскага»: ад афармлення залы і меню да фонавага брыт-попу і трансляцыі англійскай Прэм’ер-Лігі. Месца лічыцца крутым, а выпіць можна за € 2-5.

   Аматарам мяса варта заскочыць у нядаўна адкрыты «Хани Кабани» (бульвар Ленінскага камсамола, 50) на грыль. Чэкай навіны ў суполцы – выпадкова можаш нарвацца на тэматычную вечарынку ці чарговы конкурс і зэканоміць.

   Калі шукаеш дзвіж альбо, адкінуўшы ўсе сумневы і забіўшы на прыстойнасць, хочаш проста напіцца, выпраўляйся ў City bar (Тэльмана, 4): тэматычныя паці, вечары караоке і ўжо класічны beer-понг – сачы за навінамі, каб злавіць тое, што пажадаеш. Можна з’есці піцу або сушы, кошты сярэднія, уваход на івэнты часта бясплатны.

   Калі ты апынуўся на Фолюшы, былым ваенным гарадку, гані ў BEERлогу, старую добрую піўнуху, дзе транслююць матчы і падаюць свежых ракаў. Неяк тут выступаў Re1ikt – хто ведае, можа, і прывозы памагутней не за гарамі?

   Адна з незвычайных кропак горада – кінабар «Чарли» (Сацыялістычная, 4). Мястэчка знаходзіцца ў кінатэатры «Чырвоная зорка», так што ты можаш не толькі адпачыць сярод партрэтаў Чапліна, але і атрымаць сваю замову проста ў залу для гледачоў. Бывалыя раяць у гонар легенды нямога кіно затэсціць фірмовы кактэйль «Чарлі», да таго ж тусавацца можна да 6-й раніцы.

 

http://www.t-styl.info/ – незалежнае гарадзенскае выданне «Твой стыль»

https://vk.com/s13ru – паблік з навінамі Горадні ад мясцовага выдання s13.ru

http://afisha.s13.ru/ – афіша Горадні

https://instagram.com/grodnonow – прыгожы інстаграм-фотаблог

http://grodno.in/ – «рэлакс бай» па-гарадзенску


Дзякуй за дапамогу ў стварэнні артыкула Паўлу Махінаву, Сашы Кандрашову, Каці Казаковай, Уладу Ількевічу, Жэні Коку. 

Фото Rodion Kovenkin

ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (3)
ava

Jula Daraškievič 26-11-2016, 14:02

Дадала б яшчэ пару месцаў, вартых увагі: старыя ваданапорныя вежы Кася і Бася (Свярдлова, 2). Там зараз месцяцца мастацкія майстэрні. Уночы, калі там нікога няма, можна душэўна выпіць піўка ў маляўнічым унутраным дворыку.

Бар "Несцерка" (будынак драмтэатру, Маставая, 35) - культавая кропка для тусовак нефармалаў і прадстаўнікоў творчых прафесіяў. Гаспадары бару анархісты, усе чаявыя ідуць на ініцыятыву "Ежа замест бомбаў". У меню - веганскія закускі і неблагі выбар піва, кошты дэмакратычныя. Па вечарох можна трапіць на канцэрт.

"Наша кава" (Замкавая, 11) - утульная кавярня ў атмасферным будынку ў самым цэнтры горада. Ёсць кемекс і іншыя альтэрнатыўныя прыблуды для гурманаў.

Адказаць
ava

Валерий Обуховский 26-11-2016, 15:19

Дадайце музей Максіма Багдановіча –> http://bagdanovichmuseum.by/

Адказаць

Васо30-11-2016, 10:39

на замежных мовах будзе?

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.