21190 1

Гомель

Гомель – сапраўдная паўднёвая сталіца Беларусі, што патанае ў зеляніне ды міфах пра шкодныя ўплывах Чарнобыля. У чарговым гайдзе 34mag сабраныя ўсе самыя сакавітыя мясціны горада над Сожам. Чытай і плануй свой трып на поўдзень!

 

Гомель – горад са складаным лёсам. Яго безліч разоў спальвалі ды аднаўлялі наноў. Магчыма праз гэта, а таксама і праз познюю ўрбанізацыю (горад пачаў імкліва расці пасля правядзення праз яго чыгункі ў 1870-х гг.) кожны рэлікт даўніны, нават адносна «свежы», гамельчукам падаецца важнай адметнасцю і сапраўды чаруе. «Суседства з бядой», пра якую спяваў Варашкевіч у сваёй песні, таксама дадае драйву мясцовым – да Чарнобыля ўсяго каля 120 кіламетраў.

Галоўная адметнасць Гомеля – магчымасць у цэнтры горада катацца з пагоркаў на санках ды ганяць на лыжах па вялікіх лесапаркавых зонах за рэчкай ды па набярэжнай зімой. А летам 5 хвілін хады – і ты на сапраўдным пясчаным пляжы.

Гомель даў Беларусі этнографа Еўдакіма Раманава, першую жанчыну-міністарку ва ўрадзе БНР Палуту Бадунову. Менавіта тут гадаваліся знакаміты авіяканструктар Павал Сухой ды вядомы псіхолаг Леў Выгоцкі. Бацька актора Кірка Дугласа калісьці збег з Гомеля, а рэпер Сярога, які «вырас на ўскраіне рабочай гарадской», праславіў гэты горад на ўсё СНД. Сённяшнія гамельчукі – людзі яшчэ з тым гонарам, і гэта трэба заўжды ўлічваць.

 

 

На паўднёвыя курорты – а Гомель можна лічыць курортам праз вялікую колькасць паркаў ды пляж – заўсёды дабірацца доўга, але варта.

Прамыя цягнікі да Гомеля са сталіцы рушаць штодня ў 6:28, 15:47, 17:15, 18:08 (апошні – хуткі). Але ў прынцыпе ўсё, што едзе на поўдзень, то-бок у Кіеў і далей, так ці інакш праязджае праз Гомель – таму ўглядайцеся ў расклад.

Гэтыя 315 км ад Менску можна пераадолець на ўласным аўто, да таго ж трасу зараз дарабляюць і дарога ўжо адносна камфортная. Ёсць і маршруткі, яны ездзяць рэгулярна, аднак пры такой адлегласці танней узяць квіток на цягнік ды з асалодай выцягнуць ногі на паліцы.

Летам можна скарыстацца паслугамі Belavia. Самалёт Менск-Гомель лётае двойчы на тыдзень, працягласць палёту – 40 хвілін, кошт – € 22.

 

Побач з вакзалам у цэнтры горада месціцца хостэл Red House (Палеская, 57А), ложак у 10-месным пакоі – € 6, у двухмесным – € 17 з чалавека. Ёсць кухня, магчымае размяшчэнне з малымі дзеткамі.

На другім паверсе гатэля «Гомель» (Прывакзальная пл., 1), таксама ля вакзала, – гатэль-хостэл «Парадыз». Ложак на адну ноч каштуе € 9. Частыя госці тут – «лудаманы», аматары азартных гульняў, з Расіі.

Таксама непадалёк ад вакзала, у прыватным будынку месціцца хостэл «Сола» (Ракасоўскага, 3). Водгукі розныя, затое блізка да цэнтра. € 9 за ложак і ў шматмесным, і ў прыватным нумары, а для студэнтаў зніжкі – усё па € 6.

Таксама ёсць хостэл GEO (1-ы завулак Крупскай, 1), які, хоць і знаходзіцца далёка ад цэнтра, мае бясплатны паркінг. € 6 за ложак. Студэнтам і дзецям – зніжкі.

Кватэры на суткі можна пашукаць тут, тут і тут.

 

Самы вядомы па анекдотах (асабліва пра прастытутак) мясцовы гатэль – «Турыст» (Савецкая, 87). Кошт базавага аднамеснага нумара – € 23. Побач месціцца гасцініца «Надзея», нумар каштуе ад € 34, бо нядаўна тут быў капітальны рамонт.

Таксама можна ўспомніць «Амакс-гатэль» (Кісялёва, 6), аднамесны нумар за € 27, і гасцініцу «Сож», якая знаходзіцца ў цэнтры, але мае дурную славу з-за стылю абслугоўвання. Самы танны нумар – € 16.

Калі ў цябе хапае бабла, дык табе ў гатэль «Замкавы» (Гагарына, 6). Тут калісьці спыняліся футбалісты «Ліверпуля». Кошты – ад € 50 за койку да € 434 за «прэзідэнцкі» люкс.

Калі ты на аўто, то можаш спыніцца і ў статусным «Чыста гатэлі» (Братоў Лізюковых, 4А), дзе аднамесны нумар каштуе € 23, або ў катэджы «Віла Роза» (Ілліча, 150), тут прайват-рум абыдзецца ў € 31.

Большую частку сваёй гісторыі Гомель стаяў на ўскраіне той ці іншай дзяржавы, і таму часта трымаў удар ворага. Горад быў цалкам спалены мангола-татарамі ў ХІІІ стагоддзі, цярпеў ад маскавітаў ды казакоў у XVI – XVII стст. Тут, дарэчы, была знойдзена адзіная ва Усходняй Еўропе збройная майстэрня. Зараз цяжка ўявіць, але на месцы галоўнай турыстычнай цікавосткі Гомеля – палаца Румянцавых-Паскевічаў – раней стаяў сапраўдны драўляны замак. У ім было ўсё як мае быць – роў, перакідны мост, гарматы. Замак не аднойчы адбіваў напады ворагаў, але самай цікавай была аблога 1651 года: казакі штурмавалі замак, які абараняла апалчэнне разам з наймітамі з еўрапейскіх краін пад камандаваннем шатландца капітана Х’ю Мантгомеры.

Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Гомель адышоў да Расійскай імперыі, а ў 1775-м Кацярына ІІ падаравала горад славутаму герою руска-турэцкай (і шматлікіх іншых) вайны фельдмаршалу Пятру Румянцаву. Ён і заклаў асноўную частку палаца ў стылі класіцызму, якую часта параўноўваюць з палацам у Лазенках у Варшаве. Яго сын, Мікалай Румянцаў, працягнуў будаўніцтва палаца, а таксама змяніў старажытную забудову горада на новую, дзе вуліцы разыходзіліся прамянямі ад плошчы з палацам, узводзіў прадпрыемствы, склады, тракціры і шмат іншага.

Мікалай быў вялікім дзяржаўным дзеячам у Імперыі і займаўся Гомелем ужо пасля адыходу ад справаў, але праз сваю занятасць так і не паспеў абзавесціся дзецьмі. Брат жа часу не губляў – прагуляўся ў карты і прадаў палац казне, з якой яго выкупіў іншы вядомы вайсковы дзеяч – граф Іван Фёдаравіч Паскевіч. Ён адзначыўся ў войнах са шматлікімі праціўнікамі і крывава падаўляў вызваленчае паўстанне 1830-31 гг. У якасці трафея ён вывез у Гомель скульптуру нацыянальнага героя Польшчы Юзафа Панятоўскага, дзе тая і стаяла да 1922 года (цяпер яна стаіць перад польскім парламентам у Варшаве).

Пры Паскевічах дабудавалі флігелі палаца і вялікую вежу, што зараз дамінуе над паркам ды ракою. Праславілася ў Гомелі яшчэ і жонка апошняга Паскевіча – Ірына. Яна пакінула па сабе добрую памяць: ахвяравала грошы на развіццё горада, будаўніцтва лякарняў і навучальных установаў, першай пераклала «Вайну і мір» на французскую мову. Памерла пры бальшавіках у 1925 годзе ў маленькай драўлянай хатцы.

Дарэчы, за палацам заўважаны своеасаблівы праклён – за ўвесь час гаспадарання ў ім сямействаў Румянцавых ды Паскевічаў там не нараджаліся дзеці. У парку кожны сапраўдны турыст абавязаны пафоткаць вавёрачак, яны – гомельскі адпаведнік усюдыісных коцікаў. Сам жа парк песціўся яго ўладальнікамі, ды й за савецкім часам яго не закідвалі. Тут пусцілі свае карані шматлікія рэдкія для нашых шыротаў расліны і дрэвы. У парку, акрамя атракцыёнаў, ёсць зімовы сад ды колішняя труба цукровага завода, дзе хутка скончаць рамонт і зноў зробяць аглядальную пляцоўку.

У Гомелі шмат архітэктуры ў стылі канструктывізму (аматарам гэтага стылю раім прачытаць міні-агляд). Напрыклад, гэта легендарны дом-камуна (пр. Леніна, 51), збудаваны ў 1931 годзе Станіславам Шабунеўскім для працоўных вагонарамонтнага завода, – буйнейшы жылы дом у даваеннай Беларусі.

Тут быў першы ў горадзе ліфт, бібліятэка, дзіцячы сад ды сталоўка. Іншая цікавая пабудова – Дом спецыялістаў (на рагу Кірава і Камсамольскай). Узведзены ў 1935-м, ён мусіў з камфортам размяшчаць 50 сем’яў лепшых спецыялістаў горада. Яшчэ адзін твор Шабунеўскага – так званы круглы шэры дом (Пушкіна, 27) 1926 года. Вуглы для гармоніі сапраўды зрэзаныя, але паўтораў няма – кожны рог аздоблены незвычайнымі архітэктурнымі рашэннямі.

Паляўнічы домік (Пушкіна, 32) быў збудаваны графам Румянцавым для летняга пражывання. Граф прытрымліваўся думкі, што багатаму чалавеку шмат для жыцця не трэба. Цікава, што сам ён паляваннем не цікавіўся. Сёння там – Музей гісторыі Гомеля.

Петрапаўлаўскі сабор быў скончаны ў 1824 годзе. Сярод узведзеных Мікалаем Пятровічам Румянцавым будынкаў для вернікаў, ён адзіны захаваўся ў цэнтры горада – каменную сінагогу спачатку перабудавалі бальшавікі, затым прыкончыла вайна, а касцёл падарвалі ў 1930-я. Падчас вайны ў саборы месціўся планетарый і быў нават ківач Фуко. За ім знойдзеш пахавальню Паскевічаў 1889 года.

Пра стараверскую Спаса-Праабражэнскую царкву (Пралетарская, 18а) 1905 года пабудовы ведае мала хто нават з гамельчукоў. Справа ў тым, што бальшавікі прыхавалі яе сваім будынкам, каб яна не выходзіла на адну з галоўных вуліц горада тых часоў.

У Гомелі захавалася стараверская драўляная Іллінская царква (Камісарава, 44), вядомая ў гістарычным раёне Спасава слабада з другой паловы XVIII ст. Храм дзейнічае, таму патрапіць у яго амаль нерэальна: стараверы дагэтуль трымаюцца сваёй рэлігіі вельмі зацята. У храме бываў Емяльян Пугачоў, які прыязджаў да гомельскіх старавераў па дапамогу.

Драўляная забудова Гомеля – яшчэ адна з яго славутасцяў. Сапраўды, палацам у еўрапейскім стылі класіцызму замежнікаў не здзівіць, а вось такой адметнай і насычанай разьбы, як на Усходнім Палессі, больш у гарадскім домабудаўніцтве не знойдзеш нідзе. Шматлікія сімвалы ў разьбяной аздобе ліштваў і фасадаў маюць адмысловую задачу – зберагаць дом. Гэта двухбаковыя стрэлы і ромбы. Таксама сустракаюцца матывы райскага саду, цмокі і шмат іншага. Шукайце такія дамы па вуліцах Парыжскай Камуны і Валатаўскай у цэнтры горада, вуліцы Палескай, у вялікім раёне Залінія, у квадраце вуліц Пралетарская, Маісеенка, Інтэрнацыянальная, Гагарына. Спяшайцеся, пакуль яшчэ ёсць што глядзець, – улады традыцыйна не вельмі ўважліва ставяцца да нашай спадчыны.

У гістарычнай частцы горада вельмі шмат спускаў – Кіеўскі, Цыганскі ды іншыя. На адным з іх знайшлі самы вялікі ў Беларусі скарб арабскіх манет – дырхемаў, што сведчыла пра актыўны гандаль у былыя часы. Зрэшты, як і назва спуску – менавіта там знаходзілася прыстань для гандлёвых караблёў.

У парэштках былой рачулкі Гамяюк, ад якой, паводле адной з версіяў, горад і атрымаў сваё імя, засталася толькі сажалка, яе зараз абжылі чорныя ды белыя лебедзі. Менавіта тут месціўся раён кампактнага пражывання габрэяў – Кагальны роў. Пісьменнік Ілля Эрэнбург зрабіў аднаго з габрэяў Гомеля галоўным персанажам свайго рамана «Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца».

Славутыя «Гомельскія Альпы» можна назіраць каля Хімзавода. За 45 год ля яго высыпалі 22 млн. адкідаў вытворчасці – фасфагіпса. Пару год таму яшчэ функцыянавалі «фунікулёры», што закідвалі яго на вяршыні, але потым сістэму дэмантавалі. Горад ніяк не знойдзе інвестараў, каб гэтыя адкіды перапрацаваць, адмыслоўцы сцвярджаюць, што фасфагіпс не дужа шкодны для чалавека, але ахвотных сяліцца з відам на горы чамусьці дагэтуль бракуе.

На плошчы Паўстання месціцца цэнтральны стадыён, дзе і нарадзіўся беларускі футбол у 1910-11 гг. Высокая вежа, якая троху нагадвае італьянскую ратушу, насамрэч з’яўляецца часткаю фабрыкі «8 сакавіка», на яе тэрыторыі за часамі Другой сусветнай вайны было замардавана ў лагеры нацыстамі ля 100 тысяч палонных.

Раім таксама звярнуць увагу на альтэрнатыўную мапу Гомеля.

 

Палац Румянцавых-Паскевічаў (пл. Леніна, 4) – выдатны ўзор таго, як жыла вышэйшая арыстакратыя Расійскай імперыі ў ХІХ ды пачатку ХХ ст. Мэбля, інтэр’еры, калекцыя гадзіннікаў і розныя трафеі, якія колішнія ўладальнікі Гомеля прывезлі з вайсковых паходаў, месцяцца тут. Не палянуйся забрацца на вежу! На другім паверсе працуе экспазіцыя археалагічнай ды гістарычнай спадчыны Гомеля. У палацы рэгулярна адбываюцца самыя разнастайныя выставы, тут ужо як пашанцуе. Можна патрапіць на сучаснае мастацтва ці Нікаса Сафронава.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4) дакладна парадуе ўсіх
аматараў беларускай культуры. Тут рэгулярна ладзяцца цікавыя выставы як стараверскай спадчыны Веткаўшчыны – іконы, кнігі, побытавыя прадметы, – так і беларускай культуры. Тут жа праходзяць разнастайныя лекцыі ды майстар-класы па беларускіх танцах, рамёствах і спевах. Таксама ў музеі можна прыдбаць файныя беларускія сувеніры.

Музей гісторыі Гомеля (Пушкіна, 32) прадэманструе маленькую сядзібу гарадской арыстакратыі з усімі яе камодамі ды кандэлябрамі. Часам тут здараюцца неблагія выставы.

Карцінная галерэя Гаўрылы Вашчанкі (Карповіча, 4) прыйдзецца даспадобы ўсім аматарам жывапісу. Мастак быў прызнаны Міжнародным біяграфічным цэнтрам у Кембрыджы асобай года ў 1992-м, а ў 1993-м стаў «Асобай ХХ стагоддзя» са срэбраным медалём. Дрэнных выставаў у галерэі аднаго з самых выбітных творцаў Гомельшчыны звычайна не бывае, да таго ж пляцоўка мае яшчэ адну выставачную залу (пр-т Леніна, 43).

Каля будынка былой гарадской думы (цяпер «Палесдрук») можна часта заўважыць вядомага гомельскага вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча. Яго творчасць і яго асоба яскрава вылучаюцца незвычайнасцю. Калі набудзеш карціну, магчыма, аднойчы яна будзе каштаваць даражэй за палотны Пікаса.

Каб дазнацца, як мужна змагаліся гомельцы з ворагам падчас Другой сусветнай, зазірні ў абласны Музей вайсковай славы (Пушкіна, 5). Калекцыя танкаў, гарматаў, аўтамабіляў, самалёт, паравоз ды верталёт чакаюць цябе каля музея.

Любіш дэтэктывы? Завітай у Музей крыміналістыкі (Пушкіна, 1), які сабраў узоры зброі, міліцэйскую амуніцыю, фрагменты кабінетаў эксперта-крыміналіста і следчага канца ХХ ст. і набор адмычак.

Калі давядзецца патрапіць у тэатральны сезон, то акрамя абласнога драмтэатра (пл. Леніна, 1), які спрабуе адрадзіць былы ўзровень свайго майстэрства, варта наведаць Маладзёжны (пр-т Леніна, 10) і Лялечны тэатры (Пушкіна, 14), дзе ставяцца і зусім не лялечныя творы на досыць высокім узроўні.

Для аматараў самастойных перасоўванняў па горадзе ёсць некалькі пракатаў ровараў, адна з кропак месціцца ў цэнтральным скверыку.

 

Народны рэстаран «Бацькі» (Савецкая, 12) – аналаг легендарнай украінскай «Пузатай хаты» па-гомельску. Беларускага тут мала, але кошты някепскія і дакладна штосьці выбераш на свой густ.

Выпіць кавы альбо з’есці катлету можна ў кафэ-кулінарыі «Зубрёнок-Макси» (Савецкая, 19). У «Бургер-фрэш» (пр-т Леніна, 10) народу заўсёду шмат, затое працуюць кругласуткава. 24/7 (Савецкая, 12) – яшчэ адна кругласуткавая ўстанова, меню ў асноўным складаецца з ролаў.

Ля самога вакзала ты знойдзеш бургеры ва ўстановах «Бургер Люкс» і Burger Master (Прывакзальная, 1).

 

Фаст-фуд «Кінг» (Камунараў, 6) вылучаецца не толькі ўладальнікам-сірыйцам, але і тым, што акрамя шаўрмы і фалафелю тут ёсць фаст-фуд для вегетарыянцаў. Неблагія сандвічы знойдзеш у «Сандвіч тост» (пр-т Леніна, 18).

Недалёка ад цэнтра стаіць сабе неардынарны вагончык-кавалаторый Cup of peace (Гагарына, 36, паркоўка ля Mart Inn) – смачныя сандвічы, пірагі і кава, а таксама заўсёдны тусняк.

Кошты ў большасці ўстановаў троху ніжэйшыя за менскія, аднак на вялікую розніцу не разлічвай. Яшчэ адной асаблівасцю Гомеля з’яўляецца вялікая колькасць месцаў з італьянскай кухняй. Часткова гэта тлумачыцца актыўнымі кантактамі з італьянскімі фондамі і партнёрамі, што займаліся аздараўленнем «чарнобыльскіх» дзетак у 1990-х.

Самая вядомая ў Гомелі піцэрыя – «Італія» (Пушкіна, 11). Таксама па якасную ежу ад італійцаў ідзі ў рэстаран «Італьянская кухня» (Камунараў, 6).

Карчма «Будзьма» (Прывакзальная, 3) спадабаецца ўсім аматарам смачнай беларускай кухні. Іншыя добрыя варыянты для вячэры – рэстарацыя «ФаСоль» (Савецкая, 36) альбо кавярня Pierrot (Пушкіна, 14).

«Арт-кафэ» (Савецкая, 2) – някепскі варыянт, каб перакусіць. Салаты ад € 3, ёсць абедзеннае меню. Класічныя снэкі і піва атрымаеш у месцейку Beerloga (Кірава, 123), а нераўнадушных да японскай кухні чакае сушы-бар «Табу» (Савецкая, 12) ды рэстарацыя Shogun (Савецкая, 29А). У «Марконі» (пр-т Перамогі, 4) можна завітаць усёй сям’ёй, захапіўшы з сабой нават зусім маленькіх.

Кавярня-бар «Тэатральны» (пр. Леніна, 3) – культавая гомельская ўстанова з прывітаннем з 90-х. Менавіта тут рэгулярна свецяцца розныя зоркі, калі, вядома, прыязджаюць у Гомель, – ад Макарэвіча да Грэбеншчыкова. У прынцыпе, месца нічым асаблівым не вылучаецца, але культавы статус – рэч нелагічная.

Па марозіва ідзі ў кавярню La Gioconda (пл. Паўстання, 1), па французскія прысмакі – у Macarons (Веткаўская, 1), па каву – у Madrock coffee (Савецкая, 5) альбо ва ўстановы сеткі Coffee Time (Савецкая, 6; 72 і інш.).

У фірмовай краме легендарнай гомельскай кандытарскай фабрыкі «Спартак» (Хатаевіча, 1), што месціцца на тэрыторыі завода, можна не толькі набыць салодкіх вырабаў, але і папіць рэальнага гарачага шакаладу. Асабліва добра заходзіць халоднаю парою года.

У Гомелі ўжо паспелі расквітнець і заняпасці некалькі антыкафэ. Выжыла з іх толькі Sweet Home (Працоўная, 3А), першы чатыры гадзіны каштуюць € 1,5 кожная, наступныя – бясплатна.

 

Легендарны андэграўндны бар Гомеля – «Кватэрнік» (Білецкі спуск, 1) – месціцца ля ракі ў парку. Менавіта тут адбываюцца найбольш неардынарныя выступы музыкаў і творцаў, заўжды тусіць народ і пануе атмасфера расслабону. Пры жаданні можна міграваць на другі паверх у рэстарацыю «Праванс» (Білецкага, 5) з вытанчанай французскай кухняй, прэтэнзійным інтэр’ерам і выдатным відам на Сож.

Не менш славуты за «Кватэрнік» ягоны брат, кактэйльны бар Seven Fridays (пр-т Леніна, 6) зноўку адчынены пасля рамонту.

Антыгерой гэтага спісу – Red Pub (пр-т Леніна, 10), месца, якое ўжо сумна праславілася сваім «рускім духам» ды кактэйлем «Халакост». Адукаваная публіка сюды не ходзіць, але гэта ўлюбёнае месца пацаноў, якія раз на год нават ладзяць тут «Дзень пацана». Дачэрні бар Red Star Lounge Bar (пр-т Леніна, 10) якасна адрозніваецца больш грунтоўным абслугоўваннем і атмасферай. Салаты тут каштуюць ад € 5, мяса ад € 7.

Кропка збору нефармалаў – шапік-крама-закусачная «Пиво без перерыва» (пр-т Леніна, 24), дзе заўжды можна сустрэць аднадумцаў і прапусціць па адным.

Ва ўтульным падвальчыку «Бэкер бар» (Савецкая, 11) збіраюцца футбольныя фанаты ды аматары іншых відаў спорту, каб паназіраць за гульнёй любімай каманды пад піўко.

Кактэйль-бар New Time (Ланге, 17) можа здзівіць не толькі меню з 60 кактэйляў, але і часам працы да другой ночы. Party-bar «Этаж» (Пушкіна, 2) – дэмакратычны гарадскі бар, які па выходных працуе да пятай ранку, да таго ж адным з уладальнікаў з’яўляецца славуты гомельскі дыджэй Slava Uncle.

Цягне паспяваць? Тады руш у караоке-бар San Remo (Савецкая, 26А) або пантовы караоке-клуб «Арэна-хол» (Камунараў, 6), які месціцца ў забаўляльным цэнтры «Кантынент» (Камунараў, 6). Тут можна паганяць шары ў боўлінгу ды пад’есці ў грыль-бары.

Самы вядомы клуб Гомеля – Nemo Club (Набережная, 2) – зараз на часовым рамонце, таму табе ў Cinema Club Hollywood (Камунараў, 4), улюбёнае месца тынэйджараў ды простага люду.

 


Тэкст – Яўген Меркіс

Фота by Наташа Ашэка


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Vitali Ivasenka 08-05-2016, 08:52

очень полезный гайд по моему родному городу
отличная работа, 34mag!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.