Ганна Трафімчук
Намеснік дырэктара па развіцці арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Ганна Трафімчук пра тое, як арніталогія і ахова прыроды могуць стаць моднымі.
Чым займаюцца: праблемамі арніталогіі і аховы прыроды Беларусі.
Дата заснавання: 1998 год.
Структура: 14 філіялаў, 3072 удзельнікі.
Факты: За час працы АПБ выратавала больш птушак, чым ёсць жыхароў Беларусі. У выніку працы АПБ было забалочана больш за 15 000 га асушаных балот; выяўлена больш за 50 тэрыторый, важных для птушак, 80 % якіх перададзены пад ахову дзяржавы. Штогод у мерапрыемствах арганізацыі ўдзельнічаюць больш за 25 000 чалавек.
Кантакты:
ptushki.org | FB | VK | Instagram
З кім гутарым: Ганна Трафімчук, 28 гадоў, скончыла магістратуру ў Садэрторнскім універсітэце ў Стакгольме па спецыяльнасці «Медыя, камунікацыя і сацыяльны аналіз». Працуе ў «Ахове птушак Бацькаўшчыны» чатыры гады. Зараз – намеснік дырэктара па развіцці АПБ.
Гісторыя Ганны
– Калі я прыйшла ў АПБ, то наогул нічога не ведала пра птушак. Я вельмі баялася, што мяне не прымуць, але мяне ўзялі і адразу ж адправілі на тураўскі луг назіраць за птушкамі. Калі я прыехала і ўбачыла, што на кожным квадратным метры сядзіць па птушцы, – я ачмурэла. На той момант я не ведала ніводнай назвы, зараз я, вядома, ужо вывучыла ўсіх птушак. У мяне нават з’явілася ўлюбёнка – сінічка блакітніца. Яна часта сустракаецца ў горадзе. Гэта вельмі бойкая птушка на кармушцы, заўсёды першая перад вялікімі сініцамі ды ўвогуле не дае сябе крыўдзіць.
Яшчэ адно з першых яркіх уражанняў – паездка на балоты. Такога ландшафту я не бачыла ніколі ў жыцці, нават на фатаграфіях. Заўсёды атрымлівалася так, што я падарожнічала ў асноўным за межамі Беларусі і ніколі б не падумала, што ў нас вельмі шмат вартага ўвагі.
Дзейнасць
– Асноўныя задачы «Аховы птушак Бацькаўшчыны» – захаванне біяразнастайнасці ды ўцягванне насельніцтва ў ахову асяроддзя. Напрыклад, мы праводзім маніторынгі птушак, прычым не толькі рэдкіх відаў, але і звычайных, для таго каб яны такімі і заставаліся, бо, скажам, у Вялікабрытаніі за апошнія 50 гадоў знікла 60 % вераб'ёў. Таксама мы стараемся ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам праз розныя інфармацыйныя праграмы: дарэчы, зараз па ўсім горадзе вісяць нашыя шчыты, якія знаёмяць гараджан з птушкамі. Наўрад ці хтосьці адразу пойдзе ратаваць зімародкаў, але першы кантакт усталяваны.
Мы стараемся паказваць, што насамрэч адбываецца ў прыродзе. Мы робім шмат мерапрыемстваў для насельніцтва: напрыклад, даем паслухаць спевы салаўёў на «Салаўіных вечарах», у рамках «Жывой вясны» можам павесці людзей пашукаць якіх-небудзь рэдкіх птушак.
Наш вялікі ўнёсак у захаванне экалогіі – гэта яшчэ і наша праца па выратаванні і захаванні гідрарэжыму балотаў ва ўнікальным заказніку Ельня. З тых часоў, як мы там пачалі аднаўляць гідрарэжым, балоты не гарэлі. Гэта добры вынік. Таксама мы ініцыявалі чэмпіянат па ручной касьбе. Людзі і спаборнічаюць, і балота выкошваюць, каб там птушкі маглі гнездавацца. Усё гэта, можа быць, у сучасны мэйнстрым і не ўпісваецца, але калі да гэтага прыкласці нейкія намаганні – можа стаць модным. Самае галоўнае тое, што гэта дае чалавеку першы кантакт з прыродай – новы, зусім не знаёмы кірунак жыцця.
У Менску ёсць багата ўчасткаў дзікай прыроды. Часта гэта тэрыторыі, якія падаюцца недагледжанымі, закінутымі. Мы спрабуем данесці людзям, што гэтыя месцы каштоўныя, што нават у межах горада могуць жыць чырванакніжныя віды. Напрыклад, пойма ракі Свіслач – менавіта тая частка прыроды ў Менску, якая захавалася ў першапачатковым выглядзе. Тут мы праводзім улікі птушак, уборкі. Заказнік Лябяжы – гэта таксама наш праект.
Увогуле ў Беларусі яшчэ ёсць прырода ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Нездарма сюды прыязджаюць вельмі шмат еўрапейцаў, таму што ў іх прырода ўся ўжо надта акультурана: рэкі ўзятыя ў штучныя берагі, кусцікі падрэзаны. А ў нас прырода яшчэ шмат дзе цнатлівая. Адно са сведчанняў гэтага – разнастайнасць відаў птушак, бо многія з іх звязаныя менавіта з біятопамі. У Еўропе, напрыклад, 2 віды дзятлаў, а ў нас – 10.
Дзяржава і замежжа
– Вядома, з дзяржавай мы супрацоўнічаем. Усе нашы планы мы ўзгадняем з Міністэрствам прыродных рэсурсаў, таксама звяртаемся ў Менгарвыканкам, таму што без іх у горадзе нічога нельга зрабіць. Па ўсім свеце існуе вельмі шмат арганізацый, падобных да нашай. Яны таксама грамадскія, але ж у Еўропе існуе механізм падтрымкі такіх ініцыятыў дзяржавай – улады могуць замаўляць у грамадскіх арганізацый нейкія даследаванні і плаціць за гэта грошы. У нас такога не робіцца. Але менавіта ў рамках праектаў АПБ упершыню былі распрацаваны планы кіравання тэрыторый, якія знаходзяцца пад аховай, і планы дзеянняў па захаванні відаў – зараз гэтыя практыкі з’яўляюцца нормамі заканадаўства ў Беларусі.
Птушкі мігруюць, таму іх немагчыма выратаваць, працуючы толькі ў адной частцы свету. Напрыклад, у Англіі ёсць вялікая арганізацыя па ахове птушак, яны маюць 1 мільён 200 тысяч чальцоў – гэта сама буйная прыродаахоўная арганізацыя наогул у Еўропе. Яны добра разумеюць, што выратаваць сваіх птушак толькі ўласнымі сіламі не атрымаецца. Таму брытанцы шмат увагі надаюць інтэрнацыянальным праектам, у тым ліку і ў нас ёсць сумесная праграма па сачэнні за зязюлямі. У Еўропе цяпер ёсць вельмі вялікая праблема са скарачэннем колькасці гэтых птушак, навукоўцы не могуць зразумець прычыну.
Рэгіёны
– Ратаваць прыроду, седзячы толькі ў Менску, таксама надзвычай складана. Таму ў нас 14 аддзяленняў АПБ, яны размешчаны ў розных рэгіёнах і абласцях, для таго каб магла весціся праца на месцах. У нашай арганізацыі больш за 3 тысячы ўдзельнікаў. Ёсць асобныя дужа актыўныя людзі, якім усё вельмі цікава, але яны не маюць спецыяльнай адукацыі. Яны з задавальненнем выязджаюць на прыродаахоўныя мерапрыемствы з больш вопытнымі ўдзельнікамі, далучаюць людзей у рэгіёнах, працуюць са школамі, праводзяць экскурсіі.
З намі працуюць людзі вельмі асаблівыя і характэрныя. Напрыклад, тыя, хто ходзіць на балоты сачыць за птушкамі і наогул за экасістэмай, – маюць асаблівую гармонію з прыродай. У іх вельмі шмат палявых гісторый, яны нічога не баяцца. Калі я ў першы раз паехала ў лагер на Ельню, дзе мы займаліся аднаўленнем гідрарэжыму, там быў хлопчык-геолаг, які ведаў усё: дзе хто трашчыць, які голас мае кожная жывёла. У мяне тады быў насмарк. І вось мы ідзем, ён раптам спыняецца і кажа: «Трэба вось так вось зрабіць» – пляскае далонямі па вялікім мурашніку, падносіць рукі да майго твару, я ўдыхаю – і ў мяне ўсё прачысцілася адразу.
А нядаўна да нас у офіс прыйшоў хлопец, які дзесьці ў Інтэрнэце ўбачыў, што «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заступілася за краўчатага сусліка. Хлопец сеў наўпрост да мяне і сказаў, што калі нам ёсць справа нават да суслікаў – ён з намі.
258 167 +91
pp4evka 07-05-2015, 22:25
Коммеееееент
267 133 +134
Inga Lindarenka 14-05-2015, 00:42
два коммента!