25479 1

Гайд па могілках

Могілкі – гэта заўсёды сутыкненне прыватнага і публічнага, а таксама выдатнае месца, каб зразумець, чым жылі людзі, якіх ужо няма. Каб адчуць плынь часу і паглядзець на гісторыю Беларусі з іншага ракурсу, 34mag зрабіў гайд па сямі гістарычных могілках розных канфесій.

 

 

Польскія могілкі, Магілёў

Знаходзяцца ў 10 хвілінах пешшу ад цэнтра горада на вуліцы Лазарэнка
Плошча – 2,5 га

У Беларусі каля 20 некропаляў, дзе можна знайсці пахаванні палякаў. Большасць з іх – могілкі салдатаў, якія загінулі ў перыяд 1919–1921 гг., і толькі на некаторых ёсць прадстаўнікі «цывільных». На Польскіх могілках у Магілёве ў XIX ст. і на пачатку XX ст. хавалі гарадскую польскую эліту. У 1960–1970-х, калі палякаў у горадзе амаль не засталося, пачалі хаваць усіх, чыім сваякам удавалася атрымаць на гэта дазвол.

Дарэчы, у міжваенныя часы палякі па колькасці насельніцтва былі ў Магілёве на трэцім месцы пасля беларусаў і рускіх. Яны займалі высокія пасады ў адміністрацыі, некалі паляк нават быў мэрам горада, таму і нашчадкаў польскіх дваран у Магілёве даволі шмат. Тры гады таму могілкі атрымалі статус «гісторыка-культурнай каштоўнасці» і пачалі звацца «Каталіцкімі»: менавіта каталіцкая грамада дамагалася надання могілкам гэтага статусу.

Чым цікавыя?

На тэрыторыі могілак захаваліся дзве капліцы. Адна з іх належыць грэка-каталіцкай парафіі Бялыніцкай Божай Маці, другая – рымска-каталіцкай парафіі Святых Казіміра ды Ядвігі.

Таксама тут ёсць безліч прыгожых надмагілляў з эпітафіямі па-польску і склепаў. Самыя каштоўныя «экспанаты» – надмагілле Уладзіміра і Александрыны Цеханавецкіх, апошніх з польскага княскага роду. Мяркуючы па надпісах, яны памерлі ў розны час і далёка адсюль, але іх рэшткі прывезлі ў Магілёў. Надмагіллі зроблены ў Польшчы вядомым скульптарам Пюсам Вялонскім. Некаторыя яго працы знаходзяцца ў Ватыкане.

Помнікаў, падобных магілёўскім, на тэрыторыі былога СССР больш няма. А хутка можа і тут не застацца, бо над магіламі Цеханавецкіх ужо паспелі «папрацаваць» вандалы. Некалькі гадоў таму з магілы князя зніклі крыж і медальён з фатаграфіяй. З надмагілля Александрыны выламалі крыж ды скралі скульптурную выяву ў выглядзе скрутка. Пра тое, як раней выглядалі пахаванні, зараз можна даведацца толькі па фота. У 2011-м польскія спецыялісты рэстаўравалі могілкі.

 

 

 

Стара-Уланавіцкія могілкі, Віцебск

Знаходзяцца ў канцы 2-га Лагернага завулка
Плошча — 6,2 га

Адны з найстарэйшых могілак Віцебска і адзіныя габрэйскія ў горадзе, яны былі адчынены для пахаванняў напрыканцы снежня 1909 года. Сваю назву некропаль атрымаў у гонар вуліцы, якая прылягала да яго на пачатку XX стагоддзя.

Чым цікавыя?

Справа ад цэнтральнага ўвахода размешчана самая старая частка, дзе ў першыя гады рабіліся перапахаванні з іншых віцебскіх могілак, якія цяпер ужо не існуюць. Таму тут можна сустрэць магілы, датаваныя раней за 1909 год. Сюды ж перанесены рэшткі габрэяў разам з плітамі могілак, размешчаных на правай частцы Дзвіны, дзе была пабудавана фанерная фабрыка. У паўднёва-ўсходняй частцы некропаля знаходзіўся драўляны «дом абмывання», цалкам разбураны падчас Другой сусветнай.

На тэрыторыі некропаля ў 1941 годзе праводзіліся масавыя расстрэлы габрэйскіх вязняў Віцебскага гета. Пасля вызвалення Беларусі сюды перапахавалі рэшткі габрэяў, забітых на тэрыторыі самога гета, але помнік так і не ўсталявалі. Па заканчэнні вайны Стара-Уланавіцкія могілкі сталі пастаўшчыком будматэрыялаў: мармуровыя і гранітныя помнікі былі разрабаваны, а менш каштоўныя выкарыстаны мясцовымі жыхарамі для ўзвядзення падмуркаў сваіх хат.

Безумоўна, паступалі шматлікія скаргі віцебскіх габрэяў у сувязі з сумным станам могілак, выпадкамі масавага вандалізму і адсутнасцю агароджы. Але ў перыяд з 1960 па 1990-я нічога не мянялася. Агароджа з'явілася толькі ў канцы 1990-х, галоўным чынам дзякуючы ахвяраванням габрэяў розных краін.

У красавіку 1990 года віцебскі гарвыканкам вырашыў закрыць Стара-Уланавіцкія могілкі. Але габрэям больш не было дзе хаваць памерлых, таму фактычна забарона не выконвалася і яе хутка адмянілі.

Могілкі цікавыя не толькі сваёй сумнай гісторыяй і ўнікальнасцю: тут пахаваны бацькі Марка Шагала – Фейга-Іда і Хацкель. У мемуарах мастак выказваў жаданне «легчы ў зямлю побач з бацькамі», якое так і не здзейснілася. Лічыцца, што на яго карціне «Вароты габрэйскіх могілак» намаляваныя менавіта Стара-Уланавіцкія.

Сярод іншых мясцовых знакамітасцяў – дзед і бабка Самуіла Маршака, кампазітар і дырыжор Саламон Рабунскі, заслужаны артыст БССР Барыс Левін, заслужаны лекар БССР Самуіл Меклер і шмат іншых дзеячаў культуры мінулага стагоддзя.

 

 

 

Кальварыя, Менск

Размяшчаюцца паміж вуліцамі Прытыцкага і Адоеўскага
Плошча – 14 га, на якіх знаходзяцца больш за 30 000 пахаванняў

Кальварыйскія могілкі – найстарэйшыя сярод захаваўшыхся ў Менску. Дакладная дата заснавання невядома. Тут знаходзяцца самыя старыя дзверы Менска, якім 200 гадоў. Гэта дзверы ў склеп.

Чым цікавыя?

Акрамя касцёла ў неагатычным стылі, тут ёсць і класіцыстычная брама, і шматлікія склепы, дзе хавалі шляхту і святароў, а таксама пахавальныя капліцы.

Трэція могілкі ў тэксце – і ніводнага прывіду? Калі ласка! Позняй восенню ХІХ ст. спачыла маладая паненка. Пахаваць яе вырашылі на Кальварыі. Паклалі ў труну, адпелі, замуравалі у склепе. Але яна не памерла – заснула летаргічным сном.

Прачнуўшыся, дзяўчына так і не змагла выбрацца з закалочанай труны і ў пакутах загінула. З той пары яе прывід у лістападаўскія ночы цягам стагоддзя блукаў па могілках. Ён быццам бы знік толькі пасля таго, як вандалы зруйнавалі склеп. Хаця і дагэтуль некаторыя паўночнікі, якія гуляюць побач, сцвярджаюць, што бачылі дзіўную белую постаць.

Існуюць дакументы, якія сведчаць: на Кальварыі ёсць пахаванні Панятоўскіх (з іх роду паходзіць апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст) і Радзівілаў.Тут спачываюць выдатны паэт канца ХІХ стагоддзя Янка Лучына, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Іваноўскі і Ян Баляслаў Луцкевіч, удзельнік паўстання 1863 года.

Хочаш больш даведацца пра могілкі? Тады табе ў гэтую суполку, а яшчэ звярні ўвагу: гісторык Павел Дзюсекаў ладзіць круцецкія экскурсіі.

 

 

 

Трышын, Берасце

Знаходзяцца на рагу вуліцы Маскоўскай і Спакойнай
Плошча – больш за 8 га

Трышынскія могілкі ў Берасці сёння – самы вялікі і стары мясцовы некропаль, які, паводле адной з версій, паўстаў у XV адначасова са з’яўленнем аднайменнай вёскі Трышын.

Чым цікавыя?

Трышын – архіў пад адкрытым небам, тут можна знайсці інфармацыю пра вядомых асоб, якія мелі дачыненне да гісторыі горада: начальніка штаба Брэст-Літоўскай крэпасці М. Брофельдата, дырэктара берасцейскага Аляксандраўскага кадэцкага корпуса А. Гельмерсэна, украінскага пісьменніка А. Старажэнку, беларускага паэта М. Засіма і іншых.

Мала хто ведае, але Трышынскія могілкі – гэта яшчэ і помнік археалогіі. Раскопкі вяліся тут у 1960-70 гг. У выніку быў знойдзены старажытны могільнік плямёнаў усходне-германскай моўнай групы, датаваны I-IV стст. нашай эры.

Трышынскія могілкі не пазбаўлены містыкі. З 1999 года мясцовыя жыхары і спецыялісты-ўфолагі назіраюць за выявай аблічча Божай Маці, якая праступіла на старой магільнай пліце. Праўда, скептыкі прыпісваюць гэты факт не цуду, а ўсяго толькі дзівацтвам прыроды – багавінню пад назвай плеўракок, які пакрыў надмагілле. На тэрыторыі могілках знаходзяцца перапахаваныя рэшткі вязняў Берасцейскага гета. Іх знайшлі ў сярэдзіне 1950-х гадоў падчас будаўніцтва піларамы.

Маеш любоў да вершаў? Тым больш трэба завітаць сюды: у Трышынскім некропалі шырока прадстаўлена «могілкавая паэзія» на польскай, рускай, нямецкай і ўкраінскай мовах, ёсць як аматарская творчасць, так і вершы кшталту ахматаўскіх.

 

 

 

Стараверскія могілкі, Віцебск

Знаходзяцца ў раёне Маскалі
Плошча – 0,3 га

«Беспапоўскія могілкі», як называюць іх у народзе, не самы кепскі напрамак маршруту. Па-першае, не так шмат падобных некропаляў засталося ў краіне, па-другое, знаходзяцца могілкі каля лесу, за Юр’евай горкай, а там – добрае паветра і сосны. Галоўная асаблівасць веравучэння беспапоўцаў (адзін з двух напрамкаў стараверства) – ідэя аб ужо здзейсненым уцараванні антыхрыста і звязанае з гэтым уяўленне аб перапыненай дабрадаці святарства, а таксама адмаўленне царкоўнай іерархіі.

Дакладны час заснавання Стараверскіх могілак не выяўлены; вядома, што хаваць на іх пачалі з сярэдзіны XIX ст. Найбольш старыя пахаванні знаходзяцца на поўдні могілак, ваеннага часу і пазней – на поўначы. Новыя маюць звесткі пра нябожчыка і фотаздымкі. На старэйшых звычайна напісана дата нараджэння ды смерці, прафесія альбо сямейнае становішча ці ўвогуле нічога. Таксама тут можна заўважыць простыя чатырохканцовыя, шасціканцовыя і васьміканцовыя жалезныя крыжы без надпісаў. А можна натрапіць і на групавыя пахаванні, часта малалетніх братоў і сясцёр.

Са словаў мясцовых жыхароў, на Стараверскія могілкі нячаста заходзяць госці, найбольшая наведвальная актыўнасць назіраецца падчас святкавання Сёмухі (Троіцы). Каля могілак стаіць зараз дзейсная стараверская царква. Таму, калі табе цікава адчуць дух і традыцыі суполкі з 50 тысяч чалавек – менавіта столькі на тэрыторыі Беларусі стараабрадцаў, – не сумнявайся, табе сюды.

 

 

 

Татарскія могілкі (мізары), Гарадзенская вобласць

Плошча мізара ў Іўі – 11,3 км²
Плошча Лоўчынскага – 3,5 км²

У 1938 годзе толькі на тэрыторыі Віленскага, Наваградскага і Беластоцкага ваяводстваў знаходзілася 68 мізараў. Большасць могілак не захавалася да нашых дзён – падчас вайны немцы рабілі з каменных надмагілляў мураваныя ўмацаванні, на якія яшчэ і сёння можна натрапіць дзе-нідзе. Пазней надмагільныя помнікі ў шэрагу раёнаў краіны забіралі на будаўніцтва дарог ці фундаменты калгасных жывёлагадоўчых фермаў. Само святое месца займалі пад выпас жывёлы або заворвалі (такі, напрыклад, лёс Сіняўскага мізара каля Клецка).

Мізары захаваліся ў Іўі ды ў Лоўчыцах. Акрамя татарскай, на надмагіллях часам можна сустрэць польскую і рускую мовы. Часцей за ўсё фотаздымкаў нябожчыкаў няма, а сама пліта размяшчаецца ў нагах.

Чым цікавыя?

У Лоўчыцах знаходзіцца магіла Святога Контуся – беларуская Мекка для мусульман. Згодна з паданнем, Эўлія Контусь быў пастушком, ён дапамог свайму шляхцічу, які здзейсніў хадж і не меў грошай на зваротную дарогу, магічным чынам перанесціся з Меккі дадому. За гэтую паслугу Контусь прасіў адно – нікому не расказваць пра яго магічныя здольнасці. Але шляхціч не вытрымаў і выдаў сакрэт. Пасля гэтага Эўлія стаў чэзнуць, захварэў і памёр. Засмучаны шляхціч пахаваў яго ў мячэці. Вестка пра святога пайшла па беларускай зямлі, у Лоўчыцы сталі наведвацца паломнікі па выратаванне ад нягодаў і хвароб.

Дарэчы, легенда пра Контуся апісаная ў шматлікіх кітабах – татарскіх кнігах з арабскім шрыфтам, але на старабеларускай мове.

 

 

 

Старыя габрэйскія могілкі ў Берасці

Іх ужо няма. Захаваліся толькі некаторыя надмагіллі, якія зараз знаходзяцца ў адным з казематаў Брэсцкай крэпасці. Гэта не выпадкова, бо менавіта будаўніцтва крэпасці паклала канец гісторыі могілак.

У 1830-х у Брэст-Літоўску пачалося будаўніцтва магутнай крэпасці. Лепшага месца для фартэцыі, напэўна, не знайшлі, таму вырашылі зруйнаваць увесь стары горад, у тым ліку 314 дамоў ды 13 грамадскіх будынкаў габрэйскай супольнасці.

Пад праектаваныя крапасныя збудаванні ўлады захацелі выкарыстаць габрэйскія могілкі. Захаваліся ўспаміны Паліны Вянгеравай, якая жыла ў той час: «Если разрушение старого Бреста означало для всех разорение, то весть об осквернении могил прямо-таки разрушительно подействовала на состояние умов. Все усилия, все прошения, все мольбы оставить мертвых в покое оказались тщетными…» Такім чынам здзейсніўся адзін з самых страшных праклёнаў у габрэяў – «Хай зямля выкіне твае косткі».

Могілкі, перанесеныя на новае месца, перад пачаткам Другой сусветнай займалі тэрыторыю ў 7 га; яны, у адрозненне ад пахаванняў берасцейскай габрэйскай грамады, захаваліся па Халакосце.

Іх пачалі актыўна знішчаць пазней, з другой паловы 1940-х, а ў 1970-я рэшткі могілак канчаткова ліквідавалі падчас будаўніцтва стадыёна «Лакаматыў».

Зараз існуе праект стварэння лапідарыя – своеасаблівага музея надмагільных пліт і помнікаў габрэям Берасця.1

 

 

Калі цябе зацікавіла гэтая тэма, раім паглядзець сайт niekropali.by

Дзякуй за дапамогу ў стварэнні матэрыялу Сяргею Харэўскаму і Паўлу Дзюсекаву!

Тэкст by Таня Аліпчыкава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

Міхал29-06-2017, 18:42

А дзе цэлы комплекс могілак у Гродна?

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.