Earworm у тваёй галаве
Напярэдадні прэзентацыі на хвалях «Першаку» новага альбома Amber гарадзенскага эксперыментал-гурта Earworm наш аўтар Manaxrom зрабіў марш-кідок у Гародню. Падчас пешай экскурсіі па ментальнай мапе культавага бэнду яму ўдалося пажлукціць медавухі і даведацца пра культурныя адметнасці заходняй сталіцы Беларусі ды перавагі запісу музла на лецішчы пад Бранскам, а таксама пра тое, што ўсіх нас калісьці знойдуць у бурштыне.
Музыка з іншай планеты
Я чакаю ўдзельнікаў гурта Earworm у самым сэрцы субкультурнай сталіцы Беларусі – на Савецкай плошчы ў Гародні. На прыступках прыдатнага для мапінгу Палаца культуры мясцовыя ямакасі праз парэнчы практыкуюць свае волты і джампы. З мядовага кірмашу ў цэнтры плошчы даносіцца беларускі неа-поп, а ў марыўнай ранішняй перспектыве ззяе ўсімі адценнямі белага прыгожы Фарны касцёл. Першым рахмана падыходзіць гітарыст і завадатай гурта Андрэй. Потым – увесь у зялёным, быццам агент сакрэтнай службы, віяланчэліст Лёша, за ім падлятае барабаншчык Ігар, апошнім падцягваецца басіст Паша. Мы вырашаем зачапіць некалькі бутэлек безалкагольнай медавухі на кірмашы і рушым у бок ракі.
«Глядзі, якія я сабе акуляры прыдбаў на барахолцы. Вунь якое шкло, – красуецца перад сябрамі Лёша і пасля некалькіх рытуальных прымерак пытаецца ў мяне: – Не ведаеш, каго з эксперыментальшчыкаў можна запрасіць на “Рэха”?» Як высвятляецца, «Рэха» – гэта фестываль, які музыкі арганізавалі мінулым летам пад Гародняй у гонар свайго дзесяцігоддзя. Тады ўсіх так праперла, што традыцыю вырашылі працягнуць – і сёлета фэст пройдзе зноў.
За дзесяць гадоў існавання гурта ірвормы выпусцілі ў свет два міні-альбомы на нямецкім і расійскім нэт-лэйблах, сяміцалевы спліт у Мінеапалісе і кліп на адну кампазіцыю, але ў дзвюх версіях. Таксама музыкі з задавальненнем згаджаюцца на доўгатэрміновыя туры – на апошнім раўнд-трыпе іх закінула аж у Мурманск, куды хлопцы выправіліся ў тым ліку з мэтай дасягнуць краю зямлі ля Паўночнага акіяна. Карацей, гурт вядзе актыўнае творчае жыццё, але без назойлівага PR-у і шалёнай спешкі інтэрнэт-пакалення. Цяпер амаль усе хлопцы ўжо жанатыя і з дзецьмі, але гэта не замінае ім некалькі разоў на тыдзень збірацца на рэпетыцыйнай кропцы ў гаражы.
«Новы альбом, у адрозненне ад папярэдніх, мы хацелі пісаць “пачкай”, калі інструменты граюць у адным памяшканні адначасова, каб пазбегнуць “ідэальнага” гучання асобных дарожак і зрабіць гук больш натуральным, – распавядаюць хлопцы пра асаблівасці матэрыялу, пакуль міма нас павольна праплывае пажарная каланча ХІХ стагоддзя. – Мы ўжо былі гатовыя бамбіць на партатыўную стужкавую студыю ў сваім гаражы, але раптам ад расійскіх сяброў даведаліся пра цікавы,але трохі дзіўны варыянт запісу непадалёк ад Бранска – зацішнае лецішча са студыяй з дубу і з “каменным” пакоем для барабанаў, спраектаванае паводле рэкамендацый акустычнага гуру Філіпа Ньюэла. Там нам пашэнціла правесці неверагодны тыдзень, вынікам якога зрабілася такое незвычайнае live-гучанне альбома».
«Нам падалася цікавай ідэя паглядзець на сябе быццам бы з будучыні»
Гісторыі касетнай Гародні
Мы спускаемся да Нёмана. На іншым баку ракі відаць яшчэ нераспакаваную да лета кавярню «Галера». Хлопцы кажуць, што там у 2004 годзе яны адыгралі свой першы канцэрт. Тады Андрэй, тагачасны ўдзельнік нойз-гурта The The!, вырашыў стварыць больш цяжкі ў гучанні бэнд і сабраў людзей, якія дагэтуль адзін аднаго не ведалі. Лёша ў той час спасцігаў ігру на віяланчэлі ў музычнай вучэльні і меў цягу да шызовых праяўленняў класічнай музыкі а-ля Шнітке. Якраз тое, што было трэба Андрэю. Ігар і Паша падцягнуліся пазней.
«Пасля выхаду папярэдняга альбома нас пакінуў спачатку барабаншчык, а потым і басіст, – успамінае Андрэй. – Трэба заўважыць, што гэта вельмі істотная страта, бо ў невялікім горадзе знайсці “свайго” чалавека і тым больш музыканта вельмі складана, напэўна, таму тут гурты вельмі жывучыя. Быў нават момант, калі мы спрабавалі кардынальна ўсё памяняць – цалкам адмовіцца ад ударных і граць у дзве гітаркі з віяланчэллю такі змрочны цягучы інструментал. Але паступова ўсё ўстала на свае месцы, знайшлі і басіста, і ўдарніка».
На парозе перад невядомым
Мы мінаем турыстычную артэрыю Гародні – пешую Савецкую – і дварамі ідзём праз увесь горад да прамысловай зоны на ўскраіне. Там сярод шматлікіх шэрагаў гаражных боксаў і самотных аўтамабільных заўзятараў і туліцца, як кажуць музыкі, іх «норка». Невялічкае памяшканне гаража, па перыметры абстаўленае рознага часу гукаапаратурай і зручнымі тапчанчыкамі, абвешанае дыванамі і парусінавымі балдахінамі, адразу паглынае нас у свае абдымкі, а калі зачыняюцца дзверы, адбірае яшчэ і пачуццё часу.
«У перакладзе з англійскага “amber” значыць “бурштын”, – мы рассаджваемся па канапах і працягваем размову. – Нам падалася цікавай ідэя паглядзець на сябе быццам бы з будучыні, як мы выглядаем для нашчадкаў. Таму на вокладцы мы змясцілі аскепкі нашых інструментаў у бурштыне. Гэта, мабыць, адзінае, што данясе інфармацыю пра нас праз тысячагоддзі». Вочы прызвычайваюцца да паўцемры, і я заўважаю некалькі прытуленых да сцяны карцін на тэму старой Гародні, гадзіннік-плытку «ад сяброў з Менска» і каваную выяву дзяўчыны ў зарасніку. Высвятляецца, што кожны з музыкаў мае дзіўныя для творчасці прафесіі: Лёша трымае сваю кузню, Ігар ставіць зубныя пратэзы, Андрэй працуе сісадмінам, а Паша – машыністам помпавых установак. Наша размова плаўна вагаецца ад марак самага моцнага піва да олдскульных кампутарных гульняў, ад гісторый пра маракоў, якія палілі салому, калі канчаўся тытунь, да байдарачнага падарожжа Лёшы і Ігара па Іслачы з волакам у 600 метраў, але ўсё роўна вяртаецца да музыкі.
«Увогуле, альтэрнатыўнае жыццё ў Гародні заўжды пульсавала нейкім іншым узроўнем яркасці»
«Цяпер мы нячаста выступаем, – быццам маракі па моры сумуюць музыкі. – Прыйшоў ужо час зноў вяртацца да канцэртаў. Запіс жа – гэта казка, ідэальны мір, а канцэрты – рэальнасць. І яшчэ, шчыра кажучы, усе тыя ідэі, якія мы гадавалі на працягу ўсёй нашай творчасці, на поўную моц удалося выказаць толькі ў гэтым альбоме, ён наша квінтэсэнцыя. Таму мы фактычна стаім на парозе перад невядомым. Што будзе далей – не зразумела».
Пад канец нашага працяглай сустрэчы мы па-сяброўскі доўга развітваемся, але раптоўна пад’язджае патрэбны мне транспарт, і я адпраўляюся ў бок вакзала. На працягу ўсяго падарожжа дадому ў маёй галаве гучыць мелодыя нейкай невядомай песні, якую я, відаць, пачуў раніцай на мядовым кірмашы, і раптоўна я лаўлю сябе на думцы, што тэрмін earworm якраз дакладна апісвае гэты феномен.
FB | VK | Soundcloud | Bandcamp
Фота by Андрэй Няміраў
299 158 +141
гей15-04-2014, 00:51
"музыка з иншай планеты"
дальше не стал читать
278 166 +112
іншапланецянін15-04-2014, 18:30
Добра, што яшчэ чытаць умееце...
271 137 +134
Саша15-04-2014, 05:32
Крутые ребята делают крутую музыку в крутом городе. Жду новый альбом, очень.
282 129 +153
Лось16-04-2014, 04:15
7ка Earworm / Bridge Club – Snail / 5000 LB Bombs просто шикарна! Один из моих любимых пластов.
294 146 +148
джон30-04-2014, 00:51
Тусім па Гародні з легендарным мясцовым эксперыментал-бэндам Earworm
так и не понял в чем легендарность ....