24583 2

Берасце

Чарговы гайд для ўнутранага карыстання мы стваралі нібы шматслойны торт. З аднаго богу – легендарныя Брэсцкая крэпасць і Белавежская пушча, з іншага – чэргі падарожнікаў з Еўропы і модная моладзь у бары Karova. Памежжа – гэта заўсёды віраванне жыцця ва ўсіх яго формах. Даведайся, чым жыве самы заходні абласны цэнтр краіны, ды выпраўляйся ў вандроўку па сапраўднае «жыццё на мяжы». Гэта гайд па Берасцю ад 34mag!

 

У мінулую эпоху Берасце слыў «брамай Імперыі», а пасля развалу СССР стаўся нашым акном у Еўропу, што добра паўплывала на развіццё лакальнай інфраструктуры.

Дабрацца да горада на заходняй ускраіне Палесся можна чыгункай – гэта самы танны і фірмовы спосаб. З Менску штодня адпраўляецца некалькі цягнікоў, плюс ёсць тыя, што едуць з Масквы. Абраць квіток, зыходзячы з кошту (€ 4-10) і часу адпраўлення, можна тут. Толькі май на ўвазе, што цягнік, які часта рэкламуюць касіры, маўляў, «едзе ўсяго тры гадзіны», – гэта хуткі электрон праз Баранавічы, у якім савецкія вагоны замененыя на новыя з мяккімі лаўкамі. Як ты разумееш, у выходныя ім карыстаюцца шмат людзей, і часам месца для ног рэальна не стае.

Iншы варыянт – пераадолець гэтыя 350 км на аўтобусе. З Менску ён ад’язджае ад Цэнтральнага аўтавакзала і прыбывае ў Берасце на аўтавакзал на вуліцы Міцкевіча, дабрацца адтуль пешшу да цэнтральнай вуліцы можна за 10 хвілін. Кошт квітка вышэй за чыгуначны (€ 7-9).

Яшчэ адна альтэрнатыва – выбрацца ў падарожжа на ўласным (бацькоўскім, суседскім або сяброўскім) аўто. Траса М1 – галоўная аўтамабільная артэрыя-карміліца Беларусі. Ехаць па ёй сапраўды прыемна, і калі не спыняцца, то праз тры гадзіны можаш быць на месцы.

Асноўная частка наведнікаў прыбывае ў Берасце транзітам. Тыя, што едуць з Захаду, заязджаюць на дзень, каб паглядзець Брэсцкую крэпасць, і рухаюцца далей углыб Сінявокай – шукаць сляды польскай ці габрэйскай спадчыны. З іншага боку едзе «славянскі брат» – на агляд той жа крэпасці і адпачынак у Белавежскай пушчы, сярод грабавых дрэваў і напаўхатніх зуброў. 

 

З лепшых памкненняў мы жадаем кожнаму беларусу хоць раз у жыцці спазніцца на электрон да Цярэспаля ці не паспець на начны цягнік, вяртаючыся з Варшавы. І на гэты выпадак мы абралі шэраг берасцейскіх спотаў, дзе можна знайсці ложак.

Першы прытулак знаходзіцца акурат на чыгуначным вакзале. Трэба аддаць належнае – стратэгічны будынак з элементамі сталінскага барока пасля рамонту выглядае прыстойна як звонку, так і знутры – магчыма, гэта ўсё праз падлогу ў шашачкі. Патрапіць у гасцінічку можна праз галоўную залу чакання. Тут знойдзеш пакоі з прыбіральнямі, люкс ці «стандарт». Адзіны мінус – няма вокнаў. Мінімальны кошт – € 17 за ложак у двухмесным нумары. Гэта цана за суткі, можна застацца толькі на палову сутак і заплаціць значна менш.

  Яшчэ адзін варыянт – засяліцца ў адзіны ў горадзе хостэл за назвай «Дрим Хостел», які цудам выстаяў у барацьбе з жыхарамі і дагэтуль дзейнічае ў жылым доме на вуліцы Маякоўскага, што ў трох хвілінах ад цэнтра. Водгукі ў спота вельмі добрыя, кошт – € 15 за ноч, ёсць wi-fi.

  Калі ты аддаеш перавагу гатэлям, то раім спыніцца ў «Весце» (Крупскай, 16). Кажуць, гэта лепшая кропка з плеяды гатэляў «саўковага тыпу». За двухасабовы нумар тут папросяць каля € 40, але гэта без сняданку. За дадатковыя € 9 прапусцяць зацаніць шведскі стол. У Берасці нават ёсць гатэль «Эрмітаж» (Чкалава, 7) з чатырма зоркамі. Што праўда, невядома, якога зоркі стандарту. Стаіць гатэль непадалёк ад помніка Леніну, магчыма, таму і цэннік такі прэстыжны – каля € 120 за суткі.

Нялішнім будзе зазірнуць на booking i airbnb, дзе можна зняць кватэры, часам нават па зніжкавых коштах.

 

Цягам стагоддзяў Берасце ўваходзіў у кола геапалітычных інтарэсаў князёў, каралёў, імператараў, дыктатараў і нават духавенства. На старонкі «Аповесці мінулых часоў» горад патрапіў у 1019 годзе і паступова пераўтварыўся ў месца актыўнага гандлю і стратэгічных дамоваў, праз што быў абрабаваны і спалены незлічоную колькасць разоў. Успамінаючы кароткія адрэзкі мірнага часу паміж чарговымі набегамі, варта ўзгадаць, што менавіта гэты горад першым у ВКЛ атрымаў ад Ягайлы Магдэбургскае права – ажно ў 1390 годзе. Акрамя гэтага тут была створана ўніяцкая царква дзеля папярэджання крывавых рэлігійных канфліктаў у Рэчы Паспалітай.

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе Берасце перайшоў да Расійскай імперыі і стаўся горадам на мяжы з Аўстра-Венгерскай імперыяй. Дзякуючы айчыннай смятане мы ўзгадваем назву Брэст-Літоўск – так горад называўся з моманту змены ўлады на расійскую і да падпісання Рыжскай дамовы. Менавіта ў гэты перыяд былі страчаны апошнія барокавыя сімвалы некалі квітнеючага горада

Галоўнымі цікавосткамі сённяшняга Берасця лічацца мемарыяльная крэпасць ды чыгуначнае дэпо, дзе замяняюць колы цягнікам. Гэты атракцыён даступны кожнаму, хто падарожнічае па лініі Масква-Берлін, бо Беларусь дагэтуль карыстаецца «рускай каляінай» – шырыня каляіны захавалася з часоў Расійскай Імперыі, таму перад Еўропай неабходны апгрэйд.

 

Пачаць шпацыр будзе лагічна з цэнтральнай часткі, і калі ты прыехаў цягніком ці аўтобусам, то адшукаць цэнтр не будзе вялікай праблемай – трэба кіравацца ў бок вуліцы Савецкай. Гэта галоўны гарадскі праменад, які штодзень сцягвае жыхароў горада. Апошні раз вулку рэмантавалі пяць год таму, пасля чаго ўздоўж Савецкай з’явіліся не толькі кавярні, але і значная колькасць скульптур, у тым ліку вялікі помнік у гонар 1000-годдзя Берасця і нават газавыя ліхтары «пад даўніну». Кожны вечар іх запальвае ліхтаршчык. На вуліцы таксама стаіць адмысловы гадзіннік, які падказвае прыкладны час змяркання.

У міжваенны перыяд амаль палову насельніцтва складалі габрэі, і на Савецкай (тады – вуліцы Дамброўскага) месціліся ў асноўным габрэйскія крамы. Па адрасе Савецкая, 101 знойдзеш аптэку, якая была пабудавана Саламонам Грынбергам у сівым 1925-м. Галоўны кінатэатр горада «Беларусь», які таксама ўбачыш на Савецкай, – гэта былая шасцікутная цэнтральная сінагога 1862 года. Яе сцены служаць цяпер апорнай канструкцыяй «Беларусі». Палова жыхароў Берасця перад Другой сусветная мела габрэйскія карані. Горад, дарэчы, неафіцыйна зваўся Бріск.

Берасцейцы прызвычаіліся называць Савецкую «старым горадам», але дзеля гістарычнай справядлівасці трэба сказаць, што гэта частка Кобрынскага прадмесця, пабудаванага пасля 1835 года. Стары горад існаваў некалі на месцы Брэсцкай крэпасці, але па загадзе Мікалая I «Палеская Венецыя» на сутоку рэк Буг і Мухавец была цалкам знішчана. Больш за 700 пабудоў, сярод якіх было амаль дваццаць кляштараў розных канфесій, зруйнавалі, бо імперская архітэктура была зусім іншага кшталту. Падтрымка мясцовымі шляхецкага паўстання 1830 года таксама паспрыяла гэтаму радыкальнаму рашэнню. Іншыя звесткі пра горад знойдзеш у музеі гісторыі Берасця (Леванеўскага, 3). Установа зачынена па панядзелках і аўторках.

Таксама прыемна пабадзяцца па вуліцы Камсамольскай, якая сканчваецца на плошчы Свабоды і далей пераходзіць у вуліцу 17-га Верасня. Большасць пабудоў мае два-тры паверхі і з’явілася тут перад вайной. На жаль, існуе верагоднасць, што дамы будуць разбураныя, бо грошай на рэстаўрацыю няма. Раім прагуляцца і па вуліцы Леванеўскага, забудаванай у 1920-х, калі горад быў часткай Другой Рэчы Паспалітай. Аблічча вуліца амаль не змяніла. Можаш пашукаць будынак пад нумарам 7 – там калісьці было казіно.

Адным з лепшых культурных спотаў у горадзе з’яўляецца музей выратаваных каштоўнасцей ( Леніна, 39), у якім можаш пабачыць камінныя гадзіннікі, распілаваныя іконы XVI стагоддзя і нават малюнкі Фернана Лежэ. Усё, што атрымалася знайсці на мяжы ў кантрабандыстаў.

Раім прайсціся па бульвары імя Гогаля, уторканым «літаратурнымі ліхтарамі» па матывах твораў класіка. Нам, напрыклад, асабліва падабаецца гіганцкі «нос» http://img-fotki.yandex.ru/get/6741/967519.1be/0_9f98b_6f05cfba_XL.jpg. На скрыжаванні бульвара з вуліцай Леніна знойдзеш памежны слуп, які раней аддзяляў горад ад крэпасці.

 

Што да рэлігійных помнікаў, то ў Берасці застаўся касцёл Святога Крыжа 1856 г. пабудовы. Знаходзіцца па левую руку ад Леніна (вул. Леніна, 34). Часам там праходзяць канцэрты арганнай музыкі. Таксама ў касцёле захоўваецца каштоўная ікона Маці Божай Берасцейскай.

На вуліцы Карла Маркса стаіць Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор другой паловы XIX стагоддзя. Такое суседства назваў магчымае толькі ў постсавецкай краіне. Дарэчы, у саборы захоўваюцца мошчы святога Афанасія. Можаш зазірнуць у праваслаўную Свята-Мікалаеўскую царкву, што стаіць на скрыжаванні вуліц Савецкай і Міцкевіча. Яе пабудавалі ў 1906 годзе, грашыма дапамог апошні з Раманавых – Мікалай ІІ. Крызісны момант настаў для бажніцы толькі ў 1962-м, калі былі спілаваныя ўсе крыжы, але да гэтага царква дзейнічала.

Да класічнай цікавосткі горада – Брэсцкай крэпасці – прасцей за ўсё дабрацца на машыне або на сваіх дваіх, хоць гэта і зойме гадзіну. Гісторыя гэтага месца не такая простая і відавочная, як, дарэчы, і ўсё, што адбываецца падчас вайны. Першы націск акупантаў Брэсцкая крэпасць прыняла 14 верасня 1939 года, але тады ёй кіравала польскае войска, а праз тыдзень у горадзе прайшоў сумесны нямецка-савецкі ваенны парад. Праз два гады ідылія была парушана – і крэпасць апынулася пад другой хваляй атакі. Так пачалася Вялікая Айчынная.

За ўваход на тэрыторыю плаціць не трэба, але ў кожны асобны музей трэба набываць квіток. Звычайна госці наведваюць музей абароны і музей «Пяты форт». Раім зацаніць новую экспазіцыю ў паўднёва-заходняй казарме – «Музей вайны – тэрыторыя міру», якую ўрачыста адкрылі мінулым летам, і ўсё дзякуючы ўсюдыіснаму «Газпрому». Не забудзь пра Холмскую браму, адзін з галоўных сімвалаў Вялікай Айчыннай, і археалагічны музей «Берасце» http://brokm.vbreste.by/filial-arheologicheskii-muzei-bereste.html, дзе можна пабачыць забудову X-XIII стагоддзяў.

Дабрацца да Белавежскай пушчы можна або на маршрутцы, або на аўтобусе. Расклад знойдзеш тут. У пушчы можна лёгка атрымаць напракат ровар і паездзіць па лесе. Як мы ўжо згадвалі, тут шмат грабавых дрэваў – абазнаныя кажуць, што паветра ля іх чысцейшае, чым у аперацыйнай. Акрамя таго, варта завітаць новы музей прыроды, каб даведацца, чаму за часамі Кацярыны ІІ у пушчы зніклі мядзведзі і як выглядаў некалі імператарскі палац. Мала хто ведае, што падчас акупацыі фашысты праводзілі эксперыменты на тэрыторыі Белавежскай пушчы па аднаўленні папуляцыі тура. Магчыма, у цябе атрымаецца напасці на след каровы, перакрыжаванай з зубрам, якая пасвілася некалі ў старэйшым лесе Еўропы.

Раім сачыць за абнаўленнямі на старонцы альтэрнатыўнай пляцоўкі «Прастора КХ» (вул. Халтурына 2/1), дзе маладыя энтузіясты ладзяць лекцыі, моўныя курсы і дзіцячыя святы. У «Прасторы» тусуецца шмат ініцыятыўных гараджан, наладзіўшы кантакт з якімі можаш патрапіць, напрыклад, на душэўны музычны кватэрнік – Берасце славіцца такога кшталту імпрэзамі.

 

  Добрай кавярняй слыне «Параграф» (Савецкая, 66). У інтэр’еры – чырвоныя крэслы, дрэва і цэгла, у меню – размаітая кава, «раф» (€ 3-4), смузі, тарты ды іншае. Тут прыемна бавіць час, разглядаючы галоўны праменад горада праз вялікае вакно. У хуткім часе яшчэ адзін «Параграф» адчыніць свае дзверы на самым пачатку вуліцы Савецкай.

Прыдбаць каву «з сабой» можна таксама непадалёк ад помніка 1000-годдзя горада – у маленькай кавярні Streets coffee house (Савецкая 51/1).

Зусім побач адчынена кавярня Royal Coffee (Савецкая, 55). Тут каву падаюць з шакаладным сіропам і ўзбітымі вяршкамі. Аматарам Starbucks прысвячаецца.

Непадалёк ад драматычнага тэатра месціцца кавярня Le Phare (Леніна, 50). Колькасць выпекаў у ёй крыху зашкальвае. Мясцовыя ходзяць сюды на венскія вафлі, а таксама выставы – побач з кафэхай знаходзіцца экспазіцыйная прастора «Наасфера».

Яшчэ нядаўна «альтэрнатыўную» каву – з кемекса, сіфона ці аэрапрэса – можна было адшукаць у невялічкай кавярні KviKit , аднак уладальнікі абвясцілі пра змену адраса, таму застаецца чакаць навінаў у суполцы.

Таксама па горадзе раскідана некалькі кулінарый «Сладкий уголок» (Пушкінская 14/1; 29), дзе можна прыдбаць гарбату з вішнёвай слойкай ці аўсяным печывам уласнага вырабу. Месцаў для сядзення там няма, таму бярыце выпекі з сабой.

Яшчэ адзін добры спот у цэнтры горада – Times Café (Савецкая, 30). Відавочны плюс гэтай утульнай рэстарацыі – адкрыццё а 8-й раніцы і наяўнасць сняданкаў (каля € 5). Меню «сярэднееўрапейскае». Мясцовыя ходзяць сюды на кактэйлі, часам уладальнікі ладзяць адмысловыя алкагольныя паці.

  Гучнай падзеяй сталася адкрыццё грыль-бару Karova (Савецкая, 73) на пачатку 2015-га. Па-скандынаўску просты дызайн у натуральных адценнях, вымуштраваныя бармэны, меню (стэйкі, бургеры, салаты і інш.) спрыяюць жаданню вяртацца сюды яшчэ. У будні ёсць абедзеннае меню (€ 2-5), кошты на базавыя пазіцыі – € 6-20. Кава таксама што трэба. Кактэйлі па € 5-7. За кароткі час Karova зрабілася асноўным месцам тусоўкі берасцейцаў, прасоўваючы свой імідж social club: тут можна паглядзець трансляцыі матчаў, паслухаць жывы выступ «Дай Дарогу!», Паліны Рэспублікі ды іншых артыстаў, а таксама патанчыць – дыджэяў прывозяць з усёй краіны і блізкага замежжа. Nota Bene: звярнуць увагу на недастаткова вытанчаны стыль адзення гасцей тут могуць як сек’юрыці, так і бармэны. Karova любіць ахайных.

Тым, хто любіць якасць і камфорт, раім рэстарацыю «Жуль Верн» (Гогаля, 29), якая заслугоўвае наш рэспект узроўнем абслугі ды тэрасай на другім паверсе. Для жадаючых з’есці супец на ланч – рыхтуйце € 3-4. Тых, хто прыйдзе вячэраць, папярэджваем, што прайс тут вышэй звычайнага. Калі ты падарожнічаеш з замежнымі гасцямі, прапаноўваем выправіцца ў карчму «Ля возера», што стаіць у гарадскім парку імя 1 мая (Леніна, 3) і мае той жа ўзровень абслугі, што «Жуль Верн» (бо і ўладальнік у іх адзін – мясцовы гігант «Санта Брэст»). У карчме падаюць шашлык, дранікі, півас ды іншыя традыцыйныя смакоцці.

У «Арт-кафэ» (Савецкая, 53) пададуць і шніцаль, і «Цэзар», і пасту. Добры варыянт для тых, хто любіць разваліцца на канапе і з'есці менавіта ежу, а не кулінарна-мастацкі твор.

Кавалак піцы можна адхапіць у Al taglio (Савецкая, 55) за € 3-4. На галоўнай вуліцы ёсць таксама сеткавае кафэ Golden Coffee http://vk.com/gcbrest (Савецкая, 34) з летняй тэрасай.

Калі ты заехаў у Брэст дзеля бізнэс-справаў і грошай твой бізнэс прыносіць шмат, то выпраўляйся ў рэстарацыю гатэля «Эрмітаж» (Чкалава, 7). У гэтым калямузейным месцы можна пакаштаваць малекулярны боршч (€ 5), качку ў малінавым соусе (€ 10), пудынг з пеўня ў журавінавым соусе (€ 7) і дэсерт «Венецыя – Брэст» (€ 7).

 

Берасцейская моладзь апошнім часам тусуецца ў Karova, пра якую мы ўжо згадвалі. Звяртаем тваю ўвагу, што часам уваход платны.

Яшчэ адну назву будзе лёгка запомніць сталічным гасцям – бар Duck (Дзяржынскага, 14). Спецыялізацыя – кактэйлі ды вечарыны ў стылі R’n’B. Паліць у бары дазваляюць – здаецца, гэта таксама моцна паўплывала на імідж месца.

  Напэўна, часам кожнаму з нас трэба не толькі выгаварыцца, але і паспяваць. Па вуліцы Чкалава, адразу за гатэлем «Эрмітаж», знойдзеш караоке-клуб «Сола». Зроблена караоке па-багатаму: ёсць сцэна, света-музычнае абсталяванне і бар – усё неабходнае, каб адчуць сябе зоркай эстрады. Махні паўтос і наперад – ты ж лепшы за Грышу Лепса.

  Калі табе больш па душы электроншчына, шукай невялічкі дзюнер-бар, па-простаму – шаурмічная, па адрасе вул. Міцкевіча, 36. Гэтае дзівацкае месца ў паўпадвальным памяшканні сталася кропкай збору моладзі, якая аддае перавагу новым музычным плыням. У суполцы пад назвай noDrugs-fm можна адсочваць даты правядзення імпрэзаў.

  Тым, каго цешыць стыль менскага Dozari і спеў беларускай дзівы Ланской пад піва з гарэлкай, раім завітаць на мясцовае дыска ў клубе City Club (Савецкая, 73) у самым цэнтры горада.

  Да спісу культурных спотаў дадамо амаль гістарычны ўжо арт-клуб «Кирпич» (Гогаля, 5). На гэтай пляцоўцы ўсё часцей ладзяцца феерычныя шоу і дыска, але часам можна трапіць на метал-паці ці іншы неблагі канцэрт, як у мінулыя часы.

 

http://www.vb.by/ – інтэрнэт-старонка галоўнага мясцовага незалежнага выдання.

http://litary.net/ – гарадскі часопіс пра культурныя падзеі і новыя месцы.

ILOVEPUBLIC – галоўны паблік Берасця.

https://vk.com/prastorakrylyhalopa – падзеі ад «Прасторы КХ»



Дзякуй за дапамогу ў стварэнні матэрыялу Алене Штык і Аліне Дзеравянка.

Фото Rodion Kovenkin

ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (2)
ava

binklby 16-09-2016, 13:00

А яшчэ! А яшчэ! На старонках новага гарадскога інтэрнэт-часопіса БІНОКЛЬ. Вы знойдзеце шмат чаго якаснага і цікавага пра Берасце і не толькі (вітанькі, 34маг нэт) :)
http://www.binkl.by

Адказаць

Агнія 18-10-2017, 19:36

А з дапамогай гіда-спектакля Brest Stories Guide (https://www.facebook.com/breststories/?fref=ts) можна ўбачыць дагэтуль невядомы нам Брэст. Турыстычны гід, што складаецца з ітнэрактыўнай мапы і аўдыё-спектакля, прысвечаны тэме антысемітызму і знішчэння яўрэйскай супольнасці ў Брэсце ў 1937-1942гг. Application Brest Stories Guide можна бясплатна спампаваць з google play на свой тэлефон ці планшэт: http://www.breststories.com. Дадзены прадукт дазваляе карыстальнікам у вольным рэжыме часу прайсціся па выбранных ці па ўсіх 5-ці маршрутах, спыніцца на пэўных лакацыях і дзякуючы запісаным прафесійнымі акторамі гісторыям брэсцкіх габрэяў, што складалі ў тыя часы амаль 50 % жыхароў гораду, пранікнуцца іх нялёгкім лёсам, асэнсаваць згубленную сёння культурную спадчыну і вярнуць сабе гістарычную памяць пра горда і яго жыхароў: https://34mag.net/post/brest-stories-guide-nikhto-ne-zabyty

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.