22925 0

Баранавічы

Баранавічы – не абы-які горад паміж Менскам ды Берасцем, з якога можна зваліць на ўсе бакі свету дзякуючы разгалінаванай сетцы чыгункі. Сюды 10 разоў заязджаў апошні расейскі імператар Мікалай ІІ, тут ёсць музей грамадзянскай вайны ў Іспаніі, тут можна з’есці пірожнае на кожным кроку і, галоўнае, тут ёсць энтузіясты, здольныя стварыць анлайн-дадатак па горадзе для саміх сабе і душэўны гайд – для ўсіх гасцей Баранавічаў.

 

Афіцыйная дата заснавання горада – 1871 год, калі на транснацыянальнай лініі чыгункі Масква–Берасце–Варшава ўзнікла новая станцыя Баранавічы, названая так па назве тутэйшай вёскі. А неўзабаве праз Баранавічы прабегла і яшчэ адна чыгуначная лінія – з Літвы ва Украіну. Вось гістарычная прычына той частай блытаніны ў навігацыі па Баранавічах, у якую трапляюць многія: тут два вялікія вакзалы, да таго ж размешчаныя ў розных частках горада. Памятай пра гэта, калі не разлічваеш на прыгоды кшталту прыезду не на той вакзал, спазнення на апошні цягнік з перспектывай заночыць у незнаёмым горадзе. Будзем шчырыя да канца: з лідскага боку ёсць яшчэ чыгуначны прыпынак «Баранавічы-Паўночныя», таму мясцовыя жартаўліва называюць Баранавічы партовым горадам.

Паводле адной з версій, назва Баранавічы паходзіць ад слова «баранчыкі» – даўней так называўся лясок у тутэйшых ваколіцах. Сучаснікі эпохі «ВКонтакте» таксама любяць пераказваць легенду пра тое, што калісьці татары-качэўнікі дзесьці тут зарэзалі на абед барана, таму месца назвалі Баранавічамі. Але многім падаецца больш шляхетным варыянт назвы горада з націскам на О – Барановічы. Баранавічы ад дзеяслова «бараніць» – гэта і прыгажэй, і па-беларуску!

Нягледзячы на свой малады ўзрост, Баранавічы паспелі пабыць у складзе Расейскай імперыі, Польшчы, Трэцяга рэйху і БССР. У Першую сусветную вайну сюды не раз наведваліся і расейскі цар Мікалай ІІ, і германскі канцлер Вільгельм ІІ: у абодвух военачальнікаў у Баранавічах былі свае штабы. А з 1940 па 1954 гг. Баранавічы былі нават абласным цэнтрам.

У дасавецкі час афіцыйнымі мовамі ў горадзе, акрамя беларускай, былі польская, руская, нямецкая і ідыш. Перапіс насельніцтва ў 1931 г. налічыў у Баранавічах 22 181 жыхара, 44% з якіх назвалі роднай мовай польскую, 11,4% – беларускую, 4,5% – расейскую. Амаль палова баранавіцкіх месцічаў (42,5%) назваліся жыдамі. Увесь гэты вэрхал са зменамі ўлады і культурных вектараў, шалёны кактэйль нацыянальнасцяў і моваў не мог не адбіцца на асаблівасцях гарадскіх характараў і архітэктуры. Баранавічы ўмоўна можна падзяліць на старую і новую часткі. Праўда, рэдкія сучаснікі нешта пра гэта ведаюць, але здагадваюцца многія, асабліва стоячы ў аўтамабільных корках ды пятляючы лабірынтамі паблізу Палескага вакзала. Старэйшая частка складаецца з раўнюткіх вуліц, што перасякаюцца пад вуглом 90 – проста як у школьных падручніках па геаметрыі. Навейшая ж частка забудаваная хаатычна – нібы вуліцы і завулкі тут утвораныя так, як вецер дзьмуў.

 

 

Дзякуючы швейцарскім электрычкам бізнэс-класа Stadler, з Менску ў Баранавічы сёння можна заляцець за 1,5 гадзіны, а квіток абыдзецца ў € 2. Можна дабірацца і дзедаўскім спосабам: квіток у блакітным вагоне электрона эканом-класа абыдзецца ўдвая танней, але і калыхацца ў дарозе давядзецца ўдвая даўжэй. Затое даведаешся, дзе знаходзяцца Кучкуны, Атцэда і Цёмныя Ляды.

Іншы варыянт – цягнікі. Дабірацца трэба каля 2-х гадзінаў, кошт залежыць ад тваіх патрабаванняў камфорту. Праз Баранавічы ходзіць багата міжнародных цягнікоў, таму, калі пашчасціць, можна не толькі праехацца ў СВ-вагоне, але і паразмаўляць па дарозе з якім-небудзь замежнікам, напрыклад у цягніку «Масква–Прага–Будапешт–Вена–Хеб».

Праз добра наладжаную чыгуначную сувязь аўтобусы ў сталіцу і са сталіцы то ездзяць, то не ездзяць. Але, калі раптам пашчасціць, на дарогу пойдзе каля 2,5 гадзінаў.

Калі ехаць на аўто, то ўсё проста: выязджаеш з Менску па Р1, якая раптам пяройдзе ў М1 і прывядзе ў Баранавічы. Паміж цэнтрамі абодвух гарадоў – каля 150 км, па часе 1,5-2 гадзіны. Амаль на ўсёй трасе максімальна дазволеная хуткасць – 120 км/г. Відэакамеры пільнуюць праз кожныя 20 – 30 км. Дзесьці за 40 км ад Баранавічаў справа пры дарозе ўбачыш гіганцкага зубра. Не палохайся – можаш спыніцца ды зрабіць сэлфі.

Аўтаспын – таксама варыянт, Баранавічы стаяць амаль на трасе, таму хто-небудзь цябе абавязкова падбярэ. Але рыхтуйся чакаць сваё аўто даўжэй, асабліва ў пятніцу і ў святочныя дні, калі ўсе карэнныя менчукі пераўтвараюць М1 у жывы ланцуг аматараў дармовай язды.

Што тычыцца гарадскога транспарту, то мясцовыя актывісты зрабілі дадатак для андроіда, дзе ёсць расклад руху аўтобусаў. А вось маршруткі тут неяк не прыжыліся, хаця на некаторых асабліва папулярных маршрутах яшчэ сустракаюцца.

 

Гасцініца «Гарызонт» (Савецкая, 82). Флагман гасцінічнага сэрвісу ў Баранавічах яшчэ з савецкіх часоў. Яна стаіць у самым цэнтры горада, а вокны глядзяць на плошчу з помнікам Леніну. Мінімальны кошт за аднамесны нумар – € 23 €, за двухмесны – € 35.

Гасцініца «Свіцязь» (50 год УЛКСМ, 5) пры авіязаводзе прапануе блочную сістэму рассялення. За асобны аднамесны пакой, але ў сумесным з суседам блоку, давядзецца выкласці мінімум € 24.

Гатэль «Славянская хата» (Марата Казея, 16). Невялікі, але даволі ўтульны прыватны гатэль з камфортнымі нумарамі і ўласным барам унізе. Нумары – толькі двухмесныя. Мінімальны кошт за нумар – 25 €, з падсяленнем – € 15.

Яшчэ адзін прыватны гатэль «Венін» (Смаленская, 12А) месціцца недалёка ад Палескага вакзала. Аднамесны нумар абыдзецца мінімум у € 25, двухмесны – мінімум у € 37. Пакласці пару на адзін ложак тут могуць за € 26,5. Бясплатны бонус – сняданак і месца паркоўкі для аўто.

Кватэру на суткі можна падгледзець на дошцы абвестак на сайце незалежнай газеты Intex-press.by. Разлічвай, што аднапакаёўка будзе каштаваць у сярэднім каля € 13. Можна таксама паспрабаваць знайсці сабе дармавую ўпіску праз паблік «Бясплатныя Баранавічы».

 

Няма гіда – тады пачынай знаёмства з Баранавічамі проста ад вакзала, бо ў гэтым горадзе на чыгунцы завязана амаль усё. Нават афіцыйны сімвал на гербе горада – паравоз.

Калі ты прыехаў на Палескі вакзал, тут жа паблізу знойдзеш баранавіцкі Дыснэйлэнд – Музей чыгуначнай тэхнікі (Фралянкова, 19) на вольным паветры. Тут ёсць што памацаць, як кажуць, і дзецям, і дзядам. Амаль да ўсіх экспанатаў музея доступ вольны.

Насупраць музея ўбачыш адзін з найстарэйшых гарадскіх будынкаў са старасвецкай чырвонай цэглы – колішняя Акцызная ўправа.

Калі ты любіш падобны кантэнт, можаш усталяваць на свой гаджэт адмысловы дадатак пра Баранавічы ды сачыць анлайн, дзе што цікавае ёсць побач. На мапе значкамі пазначаныя гістарычныя будынкі, пададзеныя фотаздымкі з апісаннем аб'ектаў, якія сузіраеш. Зручна і карысна.

Калі ты ўжо затрымліваешся каля вакзала, завітай і ў найстарэйшую гарадскую аптэку 30-х гг мінулага стагоддзя (Тэльмана, 15), якая працуе і сёння. На першым паверсе варта ўбачыць па-мастацку рэканструяваны інтэр'ер, а на другім – Музей аптэчнай справы. Дарэчы, падобны ёсць толькі ў Горадні.

У пажарнае дэпо з каланчой (Тэльмана, 21) абавязкова варта паспрабаваць трапіць самому і зацягнуць сваіх сяброў, бо гэта найлепшая аглядная пляцоўка ў горадзе. У заходнееўрапейскіх гарадах можна залазіць на ратушную, замкавую або касцёльную вежу ды глядзець на горад з вышыні птушынага палёту. У Баранавічах такой магчымасці няма, але ёсць магчымасць узняцца на пажарную вежу 30-х гг ХХ стагоддзя. Увага! Проста так сюды не пускаюць, але можна назвацца, напрыклад, журналістам або... Карацей, варушы мазгамі – усё атрымаецца!

Яшчэ адзін з найстарэйшых гарадскіх будынкаў з самага канца ХІХ ст. знаходзіцца насупраць пажарнага дэпо і старой аптэкі. Гэта былы прыбытковы дом, які баранавіцкія ўлады ўжо даўно хочуць зраўняць з зямлёю праз ягоны аварыйны стан. Як кажуць, спяшайся ўбачыць...

Як толькі перакрочыш доўгі аўтамабільны мост праз чыгунку, трапіш у стаўку цара Мікалая ІІ. Злева пад векавымі хвоямі яшчэ можна пабачыць некалькі вялізных баракаў з цэльных бярвёнаў, што стаяць сярод новых шматпавярховікаў. Гэта ўсё, што ацалела ад стаўкі апошняга расейскага імператара Мікалая ІІ часоў Першай сусветнай вайны. Цар паспеў пабываць у Баранавічах 10 разоў.

Жлобінскі парк (завулак Гаёвы) з’явіўся на мапе горада ў 2015. Тут ёсць роварная дарожка, рампы для скейтборду і БМХ, пляцоўка для варкаўту і дзіўныя металічныя скульптуры.

Яшчэ адна адметнасць Баранавічаў – стрыт-арт у вайсковым гарадку. У 2014 годзе ў межах праекта Must Act - Must Art некаторыя баранавіцкія дамы атрымалі нечаканае мастацкае аздабленне. Мастакі з усёй Беларусі з'ехаліся сюды, каб рэалізаваць свае дзівосныя праекты. Найбольш пашанцавала гэтак званаму вайсковаму гарадку, дзе канцэнтрацыя твораў вулічнага мастацтва атрымалася найбольшай. Калі гэта твая тэма – смела накіроўвайся ад былой царскай стаўкі ўглыб шэрых кварталаў вайсковага гарадка.

Вуліца Савецкая – галоўная гістарычная і праменадная вуліца, якая акурат і падзяляе Баранавічы на Старыя і Новыя, пра што мы ўжо згадвалі вышэй. Праўда, за савецкія і постсавецкія гады Савецкую вышмаравалі так, што сёння трэба добра прыглядацца, каб пабачыць тыя рэшткі аўтэнтыкі, што яшчэ захаваліся. Што немагчыма не заўважыць на Савецкай – гэта базальтавая брукаванка, якія па Беларусі мала дзе засталіся. Яе калісьці нават хацелі выкупіць берасцейскія ўлады, каб пакласці ў сваім горадзе, але Баранавічы не прадалі, бо гонар маюць!

І калі ты ўжо тут, дык не палянуйся адшукаць цікавы «дом-фасад», або «пляскаты дом», (Брэсцкая, 35) ля скрыжавання аднаго з завулкаў Савецкай з вуліцай Брэсцкай. Гэта баранавіцкі аналаг легендарнага «ведзьмінага дома» ў Адэсе!

У 2003 годзе ў цэнтры Баранавічаў, каля кінатэатра «Кастрычнік», паставілі помнік вераб'ю. Умомант ён стаў улюбёным месцам сяброўскіх сустрэч, спатканняў закаханых і сэлфі для самотнікаў. Яго ўжо паспелі нават назваць неафіцыйным сімвалам Баранавічаў. Кажуць, што яшчэ адзін помнік вераб'ю ёсць толькі ў амерыканскім Бостане. Мы, праўда, не правяралі... Дарэчы, верабей – не адзінае ў Баранавічах месца для фотасесіі з якой-небудзь птушкай ці звярком. На іншых вуліцах можна таксама знайсці скульптуры соваў, бусла, жабкі, каня і ката з фатографам. Ну, і што ўжо зусім трывіяльна – скульптуру водаправодчыка, якога дзе толькі няма ў свеце.

Калі ты прыязджаеш на Цэнтральны вакзал, пераходзь пешаходны мост (вакзал пакідай за спінаю) і шпар пехатою ў цэнтр горада. Спусціўшыся з моста, адразу ж справа напаткаеш старасвецкі дом з чырвонай цэглы. Крыху далей, калі ісці ўздоўж чыгункі ў берасцейскім кірунку, можна трапіць у цэлы квартал камяніц для чыгуначнікаў, іх будавалі напрыканцы ХІХ – у пачатку ХХ стст. Дарэчы, ніводзін з гэтых дамоў не паўтараецца!

Па дарозе з Цэнтральнага вакзала ў цэнтр горада аглядаем праваслаўны Пакроўскі сабор 30-х гг. ХХ ст. з каштоўнымі мазаікамі, перанесенымі сюды з легендарнага Аляксандра-Неўскага сабора ў Варшаве.

За сотню-другую метраў ад праваслаўнай царквы праз дарогу стаіць касцёл Узвышэння Святога Крыжа 20-х гг. ХХ ст. Вядома, што дзесьці на касцёльнай тэрыторыі пахаваны заснавальнік Баранавіч, граф Ян Развадоўскі, а пад самім касцёлам, у былой капліцы, – ягоная жонка, графіня Лізавета Развадоўская.

Па дарозе да цэнтра гэта збольшага ўсё, хіба што можна прайсці праз парк з сапраўднымі савецкімі каруселямі ды выйсці на бульвар Штакераў (названы ў гонар горада-пабраціма ў Аўстрыі), каб падсілкавацца «лодачкай». Напрыканцы бульвара ты выйдзеш на Савецкую, дзе сыходзяцца нашы маршруты ад абодвух чыгуначных вакзалаў.

Апроч артадаксальнага Краязнаўчага музея, у Баранавічах ёсць музеі, пра існаванне якіх не ведаюць і не здагадваюцца нават многія мясцовыя. Музей спажывецкай кааперацыі, Музей вады, Музей гісторыі нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў Іспаніі... Поўны спіс чытай тут.

 

Бутэрбродная «Лодачка» (бульвар Штакераў, 5). Тут за пару хвілінаў на вашых вачах робяць дзіва, якое і мае назву «Лодачка»: гэта хрумсткая вафельная булачка + сасіска + гародніна і соусы на выбар. Гэта яшчэ адна славутасць і неафіцыйны сімвал Баранавічаў. Не пакаштуеш яе – лічы, што і Баранавічы правароніш! Смак «лодачкі» прымушае перыядычна вяртацца ў Баранавічы нават тых, хто зваліў далёка адсюль і перакаштаваў замежнага фастфуду ад Варшавы да Амстэрдама.

Недарагі і немудрагелісты спосаб падсілкавацца – сталоўкі. Заводаў і навучальных установаў у Баранавічах процьма, таму знайсці сталоўку не праблема. Асобна вылучым усё ж сталоўкі Камбіната харчовых прадуктаў (Завадская, 22) па суседстве з ГАУС, таму з якасцю ежы і цэнамі ўсё нармальна, і Аўтобуснага парка №2 (Тэльмана, 102), тыповай пралетарскай сталоўкай, але з вельмі дэмакратычнымі цэнамі.

Кавярня «Залаты рог» (Леніна, 6А) – тут прапануюць бадай самы шырокі асартымент кавы і гарбаты ў горадзе. Гарбату прыносяць у імбрычку, які на тваю просьбу або просьбу тваіх небагатых сяброў могуць бясплатна папаўняць кіпнем. Кавярня месціцца ў цэнтры горада, у невялікім, але дужа ўтульным дамку, пабудаваным у закапанскім стылі, які немавед як ацалеў да нашых дзён. За імбрычак гарбаты давядзецца аддаць каля € 1, за каву – у сярэднім € 1,5.

Сетка кафэ-кандытарскіх «Бісквіт» (галоўнае месціцца на пл. Леніна, 1) ахоплівае ўвесь горад. Апроч кавы ды гарбаты, тут можна аб'есціся рознымі смачнымі выпяканцамі: у «Бісквіце» прапануюць усё – ад салодкіх тартоў, круасанаў, марозіва і сакавітых дэсертаў да слоек з каўбасой або гароднінай. За € 0,8 табе нальюць тут кавы, а яшчэ за € 0,5 насыплюць цэлы сподачак з гарою «Гусіных лапак» – тварожнага печыва, амаль як мама рабіла ў дзяцінстве.

Кулінарыя «Дольчэ віта» (пл. Леніна, 1). Яшчэ адно салодкае месца па суседстве з «Бісквітам», як кажуць мясцовыя, «за плячыма ў Леніна» – помнік яму стаіць акурат насупраць. Апроч тартоў і пірожных, тут пякуць размаітыя булкі і ўласны хлеб. Раім пакаштаваць хлеб у фользе «Пумпернікель». Увага! Пасля 19.00 на ўсе булкі – зніжкі. Але каву тут браць не рэкамендуем.

Малочны бар «Васьміножка» (Савецкая, 86). Культавае дзіцячае месца яшчэ з савецкіх часоў, калі тут быў проста малочны бар. Цяпер у «Васьміножцы» натрапіш на багаты выбар салодкіх напояў, марозіва, пірожных ды іншых дэсертаў. Бясспрэчны прыемны бонус гэтага месца – агромністы акварыум з экзатычнымі рыбкамі і чарапахамі ўздоўж усёй барнай сцяны. Сядзі, жуй ды глядзі і слухай рыбаў!

Бар «Правінцыя» (Савецкая, 57А) знаходзіцца ў цэнтры горада і прапануе смачную хатнюю і нацыянальную кухню, хаця і па не надта дэмакратычных коштах. А навязлівую часам музыку можна папрасіць выключыць або пацішыць.

Кафэ «Лета» (Леніна, 2) месціцца ў будынку кінатэатра «Кастрычнік». Цёплую і сонечную назву гэтай кафэшкі цалкам апраўдвае яе інтэр'ер. Знойдзеш тут смачную піцу альбо штосьці больш сур’ёзнае за прымальныя грошы.

Кафэ «Фасці-Хасці» (Савецкая, 101А). Моладзевае кафэ з сучасным дызайнам інтэр'ера. Можна замовіць як фастфуд або лёгкі перакус, так і паўнавартасны абед.

Рэстаран-клуб «NERO» (Савецкая, 82) – гэта, безумоўна, самае пафаснае месца горада. Працуе ўдзень у рэжыме рэстарацыі, а пасля 22.00 пераўтвараецца ў начны клуб з гаманкімі тусоўкамі. Часцяком гучыць жывая музыка. Меню апошнім часам змяняецца з італьянскага, заяўленага падчас адкрыцця, на любае сэрцу беларускае, таму рызота, карбанара і піца тут суседнічаюць з дранікамі. Але тутэйшую ежу сапраўды варта пахваліць, як і якасць сэрвісу. Ды і цэннік пры ўсім відавочным пафасе ўстановы даволі прымальны.

 

Баранавічы знаходзяцца ў самым сэрцы былога славутага ВКЛ. Адсюль і да Наваградка, і да Слоніма, і да Міра, і да Нясвіжа – усяго некалькі дзясяткаў км. Зрэшты, усе ваколіцы тут насычаныя гістарычнымі цікавосткамі як нідзе – варта ад'ехацца ад горада хаця б на 5 км у любым кірунку.

Наведайся ў колішняе сярэднявечнае мястэчка Сталовічы, сёння ганарова званае аграгарадком, за 6 км на поўнач ад Баранавіч, каб адчуць мальтыйскі дух і ўбачыць віленскае барока. Тутэйшы былы касцёл Яна Хрышчэнніка, а цяпер праваслаўная царква, – адзіны ў Беларусі і самы ўсходні ў свеце фарпост Мальтыйскага каталіцкага рыцарскага ордэна. Яго заснаваў колішні ўладар Сталовіч Жыгімонт Караль Радзівіл, які запісаўся ў шэрагі Мальтыйскага ордэну падчас вучобы ў Італіі. Гэты храм – хрэстаматыйны ўзор архітэктуры стылю віленскага барока. Каб пазнаёміцца з ім, зусім не абавязкова ехаць у Вільню!

Не палянуйся праехаць яшчэ 5 км на поўнач ад Сталовіч, каб убачыць адзін з самых загадкавых помнікаў у баранавіцкіх ваколіцах, які мясцовы паспаліты люд называе «Тры крыжы». Наконт яго дакладнай сімволікі дагэтуль спрачаюцца гісторыкі і краязнаўцы. Зрэшты, знайсці гэты гіганцкі манумент у лесе паміж вёскамі Арабаўшчына і Старыя Войкавічы самастойна і ўпершыню будзе складана. Але вось табе каардынаты: 53.251441, 26.077987

А хто не палянуецца падацца на 10 км на поўдзень ад горада, зможа пабачыць адзін з найцікавейшых у рэгіёне палацаў канца ХІХ ст. у вёсцы Ястрамбель. Алдскульны будынак са спічастай вежай больш нагадвае нейкі асіметрычны касцёл або царкву, чым колішні шляхецкі катэдж. Гісторыкі кажуць, што ў сталінскія часы тут месціўся дзетдом для дзяцей вайны, у якім бывалі нават дзеці з Карэі, якія лекавалі тут свае псіхалагічныя траўмы ад брутальнага падзелу сваёй краіны на дзве часткі.

Завітай і ў Старую Мыш за 6 км на захад ад Баранавіч, каб пашпацыраваць па старым замчышчы ды пасузіраць маляўнічыя краявіды Наваградскага ўзвышша. Гэта найбліжэйшая ад горада замкавая гара. Калісьці, калі на месцы сучасных Баранавічаў толькі шумеў лес, тут стаяў замак вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча. Замак спалілі расейцы яшчэ ў 1654 годзе, а замчышча захавалася дагэтуль. На іншай ускраіне вёскі захавалася і каларытная вінакурня пачатку ХХ ст., што больш нагадвае замак, чым прамысловы будынак. Убачыш – зразумееш!

 

Гарадскі анлайн-гайд у тваім тэлефоне (афіша, навіны, інтэрактыўная мапа, таксі-анлайн, карысныя тэлефоны і іншае).

Ідэі для вандровак шукай тут і тут.

Віртуальныя экскурсіі па горадзе ад Intex-press.by: Камяніцы вуліцы Брэсцкай, сакрэты вуліцы Савецкай і яе завулкаў.

 

Аўтары Аляксандр Юруць, Алесь Гізун і Дзіма Ску

Фота by Вікторыя Хвоя


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.