20009 0

Бабруйск

«Бобруйск после Петербурга показался нам верхом благоустройства и культурной жизни», – пісала ў сваім дзённіку паэтка Зінаіда Гіпіус напрыканцы 1919 года, калі разам са Змітром Меражкоўскiм, уцякаючы ад бальшавікоў, перайшла польскую мяжу ў раёне Бабруйска. Многае з мінулага хараства адышло ў бурным віры ХХ стагоддзя, але Бабруйск і сёння імкнецца трымаць фасон прыгожага і высокакультурнага месца.

 

Месцазнаходжаннем на глобусе лёс усміхнуўся Бабруйску: праз горад праходзіць IX галіна пан’еўрапейскага транспартнага калідора (Калінінград – Вільня – Менск – Кіеў – Адэса), таму дабрацца сюды не праблема.

Два гады таму паміж Менскам і Бабруйскам запусцілі электрыфікаваны ўчастак чыгункі. Так што хутчэй за ўсё (1,5 гадзіны ў дарозе) з Менску можна дамчацца сюды «швейцарскай электрычкай» – цягніком бізнэс-класа фірмы Stadler, якi курсуе тры разы на дзень – у 04.23, 17.00 і 18.49. Тым, хто асабліва не спяшаецца, падыдуць і звычайныя цягнікi, што бягуць да Бабруйска 2 гадзіны. Квіток каштуе € 2-3.

Аўтавакзал Бабруйска злучаны прамымі рэйсамі з Менскам, Магілёвам, Віцебскам, Гомелем, Берасцем, Оршай, Кіевам, Масквой і іншымі гарадамі Беларусі, Украіны і Расіі. Традыцыйна найбольш ажыўленым напрамкам застаецца маршрут Бабруйск-Менск-Бабруйск. Большасць бусаў і маршрутных таксі ад сталіцы да Бабруйска бягуць трохі болей за 2 гадзіны. Інфармацыю аб раскладзе рэйсаў і наяўнасці месцаў можна атрымаць тут, квіток – € 4,5.

За гэты ж кошт ты можаш скарыстацца паслугамі прыватных маршрутных таксі, якія адпраўляюцца з Менска (першы варыянт, другі варыянт) і Магілёва. Трэба толькі загадзя забраніраваць месца па тэлефоне. У некаторых бусах ёсць тэлевізар і Wi-Fi.

 

Самы стары гатэль горада – гасцініца «Бабруйск» – быў пабудаваны яшчэ ў 1958 годзе, у манументальных традыцыях савецкай архітэктуры. Калісьці тут нават не ўсе нумары мелі прыбіральню. Аднак нядаўна будынак рэканструявалі, і цяпер гэта сучасны прэм’ер-гатэль «Бабруйск» (вул. Савецкая, 97/26) з усімі нішцякамі. Знаходзіцца ён у самым цэнтры, у непасрэднай блізкасці ад старога горада. Кошт нумароў – € 17-50.

Напярэдадні «Дажынак-2006», якія праходзілі ў Бабруйску, у горадзе быў адкрыты трохзоркавы гатэль «Турыст» (вул. Войкава, 20) – дарэчы, першыя «тры зоркі» ў Магілёўскай вобласці. Размешчаны ён на маляўнічым беразе Бярэзіны, непадалёк ад Бабруйскай фартэцыі і санаторыя. Госці гатэля могуць наведаць саўну, масажны кабінет і нават прайсці працэдуры гразелячэння. Нумары тут каштуюць € 30-90.

Калі ты стаміўся ад гарадской мітусні, самы час зрабіць прывал у гатэль-клубе «Вішнёвы сад» (в. Шчаткава), размешчаным у некалькіх кіламетрах ад Бабруйска, над рачной лукавінай. Некаторыя нумары маюць адкрытыя тэрасы з выглядам на лес ці на раку. Каштуе ўсё гэтае задавальненне ад € 25. Месца цікавае тым, што ў свой час тут было знойдзена адно з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. А яшчэ непадалёк, у фальварку Панюшкавiчы, знаходзілася сядзіба беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. 
Сабраўся ў дзелавую паездку? Магчыма, мае сэнс абраць гасцініцу «Юбілейная» (вул. 50 год УЛКСМ, 26), якая месціцца ў сучасным мікрараёне, побач з галоўнымі гарадскімі прадпрыемствамі. Нумары – ад € 23.

Невялічкая гасцініца «Вясёлка» (вул. Шаўчэнкі, 14) падыдзе для людзей эканамічных. Напрыклад, 1-месны нумар тут можна зняць за € 13, ложак у двухмесным – за € 8. Знаходзіцца «Вясёлка» ў ціхім раёне горада, атмасфера яе нагадвае хатнюю, а смачныя сняданкі ўключаны ў кошт пражывання.

Тыя ж, хто гасцінічным выгодам аддае перавагу хатняй утульнасці, заўсёды могуць зайсці на сайт nasutkibobr.by, які прапануе пасуткавую арэнду кватэр у Бабруйску, і выбраць сабе прыймальны варыянт.

Магчыма, нехта схоча затрымацца ў Бабруйску даўжэй, і не толькі каб  пахадзіць па ягоных вулачках, але і паправіць здароўе, – для іх трымае адкрытымі дзверы санаторый ім. Леніна, які таксама стаіць на маляўнічым беразе Бярэзіны ў асяроддзі прыгожага парку. Санаторый мае водагразелячэбніцу i добраўпарадкаваны пляж з валейбольнымі пляцоўкамі, што значна пашырае магчымасці клімататэрапіі. Кошт аднаго дня – ад € 18. Ад прычала санаторыя чатыры разы на дзень курсуе прагулачны цеплаход «Мара» – гэтае задавальненне абыдзецца ў € 2,5.

 

 

Вядома, госці горада перш за ўсё накіроўваюцца ў Бабруйскую фартэцыю. Але на шляху да яе можна агледзець нямала іншых славутасцяў. Першая з іх – калі ехаць ад вакзала – дом купчыхі Кацнельсон (вул. Інтэрнацыянальная, 25) – помнік архітэктуры стылю мадэрн, пабудаваны ў 1912 годзе. Існуе легенда, што некалі гэты дом стаяў не на бабруйскай зямлі, а дзесьці ў Прыбалтыцы, але спадабаўся купчысе 1-й гільдыі Пае-Брайне Кацнельсон, якая купіла яго і перавезла ў Бабруйск. Гаспадыні фальварку былі па кішэні любыя капрызы – гандаль лесам прыносіў ёй добры даход.

Праз квартал ад дома купчыхі стаіць кінатэатр «Таварыш», адкрыты ў 1937 годзе. Вядомы ён тым, што не спыняў працу нават падчас акупацыі – немцы наладзілі ў ім паказ кінасеансаў. У 1947 годзе ў будынку адбыўся пажар, згарэлі паддашкавыя перакрыцці і дах, але сіламі нямецкіх ваеннапалонных сінема была хутка адноўлена.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (вул. Кастрычніцкая, 121) – адзіны каталіцкі храм у Бабруйску. Пабудаваны ў 1901 годзе ў стылі неаготыкі, ён меў няпросты лёс – як і большасць храмаў, якія пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года апынуліся пад бальшавікамі. У 1935-м касцёл быў зачынены, а службы ў ім – забаронены. У гады нямецкай акупацыі яго ненадоўга адкрылі, але пасля заканчэння вайны ён быў зачынены зноў. Аднак горшае чакала яго наперадзе: у 1968 годзе знеслі Касцёльную вежу, а да фасада царквы прышмаравалі адміністрацыйны будынак. Толькі ў 1989 годзе было прынята рашэнне аб вяртанні храма каталіцкай парафіі. Праз год арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паўторна асвяціў храм. Але будынак, прылеплены да яго ў савецкія часы, стаіць дагэтуль.

Праваслаўны Свята-Мікольскі храм (вул. Савецкая, 76) – кафедральны сабор Бабруйскай і Быхаўскай епархіі – таксама моцна пацярпеў за савецкім часам. Пабудаваны ў 1892-1894 гадах, пасля 1917-га ён таксама быў зачынены бальшавікамі. Паводле акту Бабруйскага фінаддзела, з храма канфіскавана каштоўнасцяў на 2,5 тысячы залатых рублёў. Падчас Другой сусветнай сабор, як і касцёл, аднавіў сваю дзейнасць. На прылеглай да яго тэрыторыі ўладкавалі могілкі для нямецкіх вайскоўцаў. Пасля вызвалення Бабруйска могілкі былі зрыты танкамі, але сабор працягнуў сваю дзейнасць. Толькі ў 1964 годзе ён быў зачынены, а будынак яго быў перароблены пад басейн. У 2003-м храм вярнулі вернікам, ён быў адноўлены і зноў асвечаны ў траўні 2007 года.

Калісьці Бабруйск называлі горадам 40 сінагог. Як жартуюць мясцовыя, 50% насельніцтва ў тыя часы складалі габрэі, а іншыя 50% – габрэйкі. Па дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года, з 28,7 тыс. жыхароў горада 20,4 тыс. – то-бок больш за 70% – былі габрэямі. Такая тэндэнцыя захоўвалася аж да 1980-х, калі габрэі атрымалі магчымасць бесперашкодна пакідаць СССР. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: ужо паводле перапісу 2009-га ў Бабруйску жыло ўсяго 0,27% габрэяў.

Адзіным дзеючым габрэйскім храмам у горадзе сёння застаецца сінагога, збудаваная на рубяжы XVIII-XIX стагоддзяў (вул. Сацыялістычная, 36). У 1937-м улады адабралі будынак у іудзейскай абшчыны і пераабсталявалі яго пад ваенны склад. Пасля Другой сусветнай там размясцілася атэлье «Рамонак». Толькі ў канцы ХХ стагоддзя будынак вярнулі іудзейскай абшчыне. А праз квартал ад яго, на вуліцы Чангарскай, 29, зеўраюць рэшткі іншай сінагогі, аднавіць якую ўжо наўрад ці ўдасца.

Перад паходам у фартэцыю не забудзься наведаць Бабруйскі краязнаўчы музей. Якімі б ні былі шырокімі твае веды ў мясцовай гісторыі, у тутэйшых музейшчыкаў яны ўсё роўна шырэйшыя.

А вось, нарэшце, і сама фартэцыя. У часы Рэчы Паспалітай на гэтым месцы стаяў замак. У 1665 годзе, падчас аблогі казакамі, ён згарэў. Неўзабаве яго перабудавалі зноўку, але ўжо без абарончых функцыяў, і ў канцы XVIII стагоддзя ён увогуле перастаў існаваць. У 1810 годзе імператар Аляксандр I выдаў указ закласці тут фартэцыю. Што і было зроблена сіламі тысяч салдат і прыгонных сялян, якіх звозілі сюды з Магілёўскай, Менскай і нават Чарнігаўскай губерняў. Цікаўны факт: у XIX стагоддзі для габрэяў увялі абавязковы вайсковы абавязак, і ўсё салдаты-габрэі Расійскай імперыі служылі ў Бабруйскай фартэцыi. У савецкі час яна моцна пацярпела. У бастыёнах, якім «пашанцавала больш», былі ўладкаваны свінарнікі падсобнай армейскай гаспадаркі. Ну а тыя, якім не пашанцавала зусім, былі разбураны ці засыпаны зямлёй. Дарэчы, загад бурыць цытадэль у 1960-х гадах аддаў камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі Іван Траццяк – той самы, які пасля стане камандаваць войскамі Далёкаўсходняй акругі і ў 1983 годзе аддасць загад знішчыць паўднёвакарэйскі «Боінг-747».

Але не толькі Бабруйская фартэцыя, а яшчэ і фраза «В Бобруйск, животное!» прынесла гораду нечуваную вядомасць у 2000-х. Інтэрнэт-блогі тых гадоў мільгаюць справаздачамі паездак у Бабруйск – многія хацелі пераканацца, што такі горад сапраўды існуе, а не з’яўляецца прыдумкай. У свой час некаторыя бабруйчане нават выдалі ідэю паставіць у горадзе помнік «животному». Гарадскія ўлады, натуральна, на гэта не пайшлі. А вось звярок, які даў назву гораду, усё ж такі быў увекавечаны ў бронзе: у 2006 годзе на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Карла Маркса ўсталявалі помнік Бабру. У народзе тут жа з’явілася прыкмета: кожны, хто дакранецца да яго ланцужка, абавязкова здабудзе багацце і поспех.

Калі раней у горадзе не было ніводнага бабра, то пасля 2006-га як прарвала: бабры сталі з’яўляцца ўсюды. Сёння можна сустрэць бабра, які сядзіць на лаўцы ля ўвахода ў казіно, бабра на платах уздоўж дарог і нават цэлую бабрыную сямейку ў гарадскім парку. Але не бабром адзіным жывыя вуліцы Бабруйска – на скрыжаванні Пушкіна і Пралетарскай стаіць помнік Шуру Балаганаву, герою рамана Ільфа і Пятрова «Залатое цяля». Таму самаму Шуры, які на канферэнцыі махляроў пацікавіўся ў Панікоўскага: «А не дать ли тебе еще Мелитополь в придачу? Или Бобруйск?»

Тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча (вул. Сацыялістычная, 105), вядома, не Венская опера і не Ла-Скала, але рэпутацыю Бабруйска як высокакультурнага месца імкнецца падтрымліваць. Дарэчы, у розныя гады ў ім гралі такія персоны, як Генадзь Давыдзька, цяперашні кіраўнік беларускага тэлебачання, і Ірына Мядзведзева, актрыса, вядомая па скетч-кому «6 кадраў».

Наогул Бабруйск даў свету нямала вядомых асоб: гэта пісьменнікі Эфраім Севела, Леанід Коваль, Міхаіл Герчык, спартсмены Андрэй Арлоўскі і Вячаслаў Харанека, спявачка Алеся і спявак Руслан Аляхно, а таксама Аляксандр Уман, больш вядомы як Шура БИ-2. Яго дом на вул. Інтэрнацыянальнай, 70 ведаюць усе прасунутыя прыхільнікі гурта.

Калі пасля ўсіх хаджэнняў па «яўрэйскай сталіцы Беларусі» твае ногі яшчэ не спяваюць «Ой, вэй!», з’ездзі ў суседні Кіраўскі раён, каб паглядзець на палацавы комплекс «Сядзіба Булгакаў» 1830 года пабудовы ў вёсцы Жылічы, або ў пасёлак Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, дзе стаіць сядзіба генерал-лейтэнанта Гатоўскага 1890-1893 гадоў. А напрыканцы не забудзь заехаць у гарадскі пасёлак Глуша, на радзіму вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Тут яшчэ захаваўся дом, дзе ён жыў, і тут жа, на мясцовых могілках, знаходзіцца яго магіла.

Вяртаючыся з Глушы, аматары экстрэмальнага турызму могуць агледзець закінуты бункер «Руно» (в. Обча). Гэты двухузроўневы падземны аб’ект быў пабудаваны ў 1970-х гадах і служыў для кіравання стратэгічнай бамбавальнай авіяцыяй. Пасля вываду яе з тэрыторыі Беларусі ў бункеры да 2003 года размяшчаўся вузел сувязі ВПС. У 2004 годзе ён быў закансерваваны, ніжнія паверхі затоплены вадой, а ўваход у яго – закапаны. Аднак мясцовыя энтузіясты яго перыядычна адкопваюць, каб пагуляць там у пейнтбол.

Адно з найпрыгажэйшых месцаў Бабруйска – Лукава гара. Праўда, ніякай гары ў звыклым разуменні слова ты тут не знойдзеш. Лукава гара – гэта частка правага берага Бярэзіны на паўночнай ускраіне горада, працягласцю каля 1 км. Ля вёскі Лукі рэчышча амаль ушчыльную падыходзіць да правага схілу рачной даліны, вышыня якога над поймай складае каля 30 метраў. Зверху адкрываецца маляўнічы від на луг і рачную даліну. У 1994 годзе тут быў заснаваны ландшафтны заказнік мясцовага значэння. На Лукавай гары таксама стаiць Храм Прарока Іллі – помнік драўлянага дойлідства з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Царква гэтая ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Пабудавана яна была ў 1893 годзе ў вёсцы Куляшоўка Клімавіцкага раёна і перанесена ў Бабруйск у 2004-м. Дабрацца да Лукавай гары можна на тралейбусе №2.

А вось яшчэ знакамітыя руіны Бабруйска – былыя гасцініцы «Бярэзіна» і «Еўрапейская», якія да рэвалюцыі размяшчаліся ў двух крылах аднаго будынка каля цэнтральнага рынка. Гэта было адно з самых раскошных месцаў у горадзе. На першым паверсе да трох гадзін ночы прымаў гасцей гранд-рэстаран «Еўропа». Прасторная зала з летнім садам, ложы, асобныя кабіны, вінны скляпок, більярд, узорная кухня ды аркестр былі закладам папулярнасці гэтых гасцініц. Тут таксама знаходзілася адно з першых турыстычных агенцтваў горада. Пасля Кастрычнікa гасцініцы перасталі існаваць. У 1930-я будынак заняў НКВД, і ў падвалах былых гасцініц катавалі і расстрэльвалі вязняў.

Ну, а паставіць кропку ў сваім падарожжы можаш не на зямлі, а ў небе. Калісьці Бабруйск меў свой аэрапорт, і пасажырскія самалёты лёталі адсюль не толькі ў Менск, але і ў Маскву. Сёння на яго месцы размешчаны аэраклуб (в. Сычкава), дзе можна здзейсніць займальны палёт над Бабруйскам. На планёры (€ 95) ці на самалётах Вільга-35-А (€ 78) і Ан-2 (€ 125).

 

Клубна-кавярная сфера – не самы моцны бок Бабруйска. Па-сапраўднаму цікавых устаноў – з арыгінальным канцэптам і вытанчанай кухняй – тут няшмат. Таму будзем зыходзіць з таго, што есці ўсё роўна нешта трэба, і пажадана рабіць гэта танна і па-добраму.

Саскочыўшы з цягніка ці буса (вакзалы знаходзяцца побач), першы фаст-перакус можаш ажыццявіць у кафэ «Аазіс» (вул. Станцыйная, 5), якое месціцца ў будынку аўтавакзала. Выбар страў тут не самы багаты, але ж яны параўнальна недарагія, і чакаць замовы не давядзецца доўга.

Калі на двары добрае надвор’е і парыцца ў чатырох сценах не хочацца, той жа хуткі перакус можна зрабіць на другім канцы прывакзальнай плошчы, у кафэ «Дольчэ віта» (вул. Інтэрнацыянальная, 78), дзе ёсць адкрытая летняя тэраса. Тут жа можна выпіць куфлік халоднага разліўнога піва.

Па дарозе ў фартэцыю сустрэнеш кафэ «Фанат», дзе заўсёды вялікі выбар піцы, ад «Неапалітанскай» да «Мексіканскай». Кошты тут пад’ёмныя – ад € 2-3.

Прыхільнікі азіяцкага напрамку не пашкадуюць, калі зазірнуць у страўню «Чайна Панда» (вул. Пушкіна, 202) – першае месца ў Бабруйску, дзе можна пакаштаваць сапраўдную кітайскую кухню. Тут табе прапануюць курыцу кун-пао, кісла-востры суп том-ям, «п’яную рыбу», смажаныя пельмені, салодкую выпечку з вішняй, паравыя піражкі і іншыя кітайскія стравы. У € 2-3 за замову ўкладзешся з лёгкасцю.

Жадаючыя акунуцца ў атмасферу савецкага мінулага могуць наведаць сталовую «Дуняша» (вул. Чангарскай, 37), размешчаную каля цэнтральнага рынка. Нягледзячы на знешні антураж грамадскага харчавання часоў СССР, у сталоўцы дзейнічае сістэма самаабслугоўвання: сам выбіраеш, сам ставіш на паднос, сам разлічваешся ў касе. Кормяць тут смачна, порцыі прыстойныя і недарагія, абрусы на сталах чыстыя.

Тых, хто гатовы шыкануць, чакае рэстаран «Чырвоная вежа» (вул. Пушкіна, 194/19). Сама рэстарацыя месціцца ў старой вежы. Кухня тут складаецца з больш чым 400 найменняў страў, уключна з фірмовай свіной ножкай у піўным марынадзе і чырвонай рыбай з грыбамі. Рэстаран папулярызуе і стравы беларускай кухні – тут заўсёды можна замовіць дранікі, мачанку з блінамі, бульбяную бабку, каўбасу па-хатняму. З траўня па кастрычнік дзейнічае летняя пляцоўка са зручнымі драўлянымі столікамі пад навесам і альпійскай горкай з фантанам. Акрамя таго, пры рэстаране ёсць більярд, кальян, а таксама зала пад вітражным купалам, зладжаная на самым версе вежы. Кошты на стравы вагаюцца ў межах € 2-15.
Калі ты прывык задавальняць голад у сетцы рэстаранаў хуткага харчавання «Піт-Стоп» (вул. 50 год УЛКСМ, 33), у Бабруйску таксама не адчуеш сябе абдзеленым. Таксама ў мясцовай «Кароне» ёсць кафэ «Амстэрдам».

Па бабруйскія салодкія сувеніры заходзь у фірмовую краму легендарнага прадпрыемства «Красный пищевик» (вул. Сацыялістычная, 94) – тут можна паспрабаваць усю прадукцыю завода, а гэта як мінімум дзясятак відаў зефіру і мармеладу. Вядома, зефір заўсёды свежы.

Атрымаць асалоду ад кубачка духмянай кавы заўсёды можна ў кафэ «Лакамка» (вул. Сацыялістычная, 81) на «бабруйскім Арбаце» – пешаходнай частцы вуліцы Сацыялістычнай, якую ў народзе клічуць Сацыялкай. Але не толькі кавай славіцца гэтае месца. Гісторыя ў кафэ цікавая. Калісьці на гэтай жа вуліцы была кандытарская крама з такой самай назвай, у кафетэрыі яшчэ з часоў СССР рабілі дзівосныя малочныя кактэйлі, горача любімыя бабруйчанамі. За імі часам выстройваліся цэлыя чэргі. Аднак у 2010 годзе крама – а з ёй і кафетэрый – знянацку зачынілася, што выклікала шквал абурэння ў жыхароў горада. У выніку амаль на тым жа месцы было адкрыта новае кафэ «Лакамка», дзе сёння, як і раней, робяць тыя ж малочныя кактэйлі. Раім пакаштаваць усім гасцям горада.

Турыстам, якія прыязджаюць у Бабруйск па менскай трасе, прапаную пад’есці ў кафэ «Тракцiр у Яловіках» (вул. Менская, 172-б), дзе шырока прадстаўлена беларуская кухня. Унутраны інтэр’ер выкананы ў нацыянальным стылі і нагадвае вясковую хату. Тут шмат старажытных рэчаў, ад самавараў да драўляных колаў. Прычым усе яны сапраўдныя, не навароб – збіраліся па навакольных вёсках. Раней такі ж «Тракцiр» на радасць турыстам стаяў у цэнтры горада, але нядаўна ён зачыніўся па незразумелых прычынах – цяпер на яго месцы працуе кафэ з турэцкай кухняй.

Жадаючыя паганяць пад піва шары ў боўлінг, а пасля акунуцца ў рытмы начнога жыцця, могуць зазірнуць у культурна-забаўляльны комплекс «Best Club» (вул. Каменскага, 10).
 
Аматараў праводзіць час душэўна і з карысцю чакае першае і адзінае ў горадзе антыкафе «1387» (вул. Савецкая, 97-2), названае так у гонар даты першай згадкі пра Бабруйск – у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Месца імкнецца трымаць марку, запрашае на сустрэчы цікавых людзей, там праходзяць пасяджэнні мясцовага кінаклуба «Арт-хаус», інтэлектуальныя гульні «Мазгабойка», а таксама заняткі курсаў «Мова нанова».

 

 

 

Тэкст і фота – Зміцер Растаеў.


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.