24694 0

Арцём Крукаў і Жэня Чарняўскі

Мы пагутарылі з агентамі першай гомельскай кавярні на колах Cup of peace, Арцёмам Крукавым і Жэняй Чарняўскім, пра бізнэс на паркоўцы буйной крамы, музычнае начное шоу «Аэрастат» і культурны рух ля іх вагончыка.

 

Чым займаюцца: Заснавалі першую ў Гомелі кавярню на колах Cup of peace і рэгулярна ладзяць побач з прычэпам культурніцкія падзеі. Звычайная паркоўка ля супермаркета цягам года сталася галоўным месцам тусоўкі тутэйшай моладзі.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: Прыблізна 8 чалавек.

Факты: За год існавання зладзілі некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў – чытанні вершаў, кінапаказы, конкурс вулічных музыкаў, сальса-вечарыны і нават выступ аматарскага тэатра – усё дзеля развіцця вулічнай культуры ў Гомелі. У траўні правялі таксама першы начны канцэрт «Аэрастат», упрыгожыўшы савецкі дом культуры ўласнымі арт-інсталяцыямі.

Кантакты:

Insta
   |  VK

 

З кім гутарым: З кім гутарым: Арцём Крукаў, 27 гадоў. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі, заснавальнік кафелаторыя Сup of peace.
Жэня Чарняўскі, 27 гадоў. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Відэааператар і барыста Cup of peace.


Гісторыя Арцёма і Жэні

– Арцём: Па спецыяльнасці я – механік-вагоннік. Скочыў вучобу ў дзяржаўным універсітэце траспарту і паехаў працаваць на будоўлях у Сібір, а калі вярнуўся ў Гомель, вырашыў адкрыць маленькую кавярю на колах – Cup of peace. Грошы зарабіў у Расіі, бацькі, вядома, таксама крыху дапамаглі. Рашэнне заняцца гэтай справай невыпадковае: у мяне на той момант быў вопыт працы ў галіне грамадскага харчавання – я браў удзел у адкрыцці гомельскага кафэ «Узлесак». Але калі праект кафэ пачаў пашырацца, я з яго выйшаў, бо не меў больш грошай. Выдаткі на прычэп, рамонт і кававарку былі значна меншымі, да таго ж разуменне, што гэта «сваё», вельмі добра мабілізоўвала. З Жэнем мы знаёмыя даўно, але больш шчыльны кантакт усталявалі недзе паўтара гады таму.

Жэня: Я скончыў фізічны факультэт у «скарыне» і вось ужо чатыры з паловай гады працую інжынерам у лабараторыі айчыннага прадпрыемства «Гомсельмаш», правяраю спраўнасць дэталяў ды іх згоднасць з чарцяжамі. Акрамя таго, разам з Харытонам мы здымаем youtube-шоу «Воскресное воскресенье», я выступаю аператарам. Вось бліжэйшым часам хачу звольніцца з «Гомсельмашу» і больш актыўна заняцца відэа ды працай у кафелаторыі – я там барыста і чалавек «на падхопе», у прынцыпе, як і ўсе астатнія.

 

 


Што такое «кафелаторый»?

– Cup of peace уяўляе з сябе прычэп «Купава», які мы купілі і самі перарабілі пад кавярню на колах. Мы не выкарыстоўваем акрэсленне foodtrack, бо рабіць ежу нам не дазваляюць па санітарных нормах, і ўсе ўжо прызвычаіліся казаць «вагончык Cup of peace». Тым не менш у нас можна набыць слодычы – пірагі, пірожныя, зараз працуем над тым, каб у хуткім часе ў меню з’явіліся фалафель і хумус. Знайсці нас дастаткова лёгка – мы стаім на паркоўцы ля супермаркета MartInn, што на вуліцы Гагарына, непадалёк ад цэнтра горада. Сярод усіх варыянтаў лакацый, якія мы знайшлі, нам спадабалася гэтая, бо мы нібыта ў цэнтры, але пры тым схаваныя. Шуму ад нас не чуць, бо вагончык у такім закутку паміж трыма сценамі вялізнай крамы стаіць.

Насамрэч мы самі прыдумалі сабе акрэсленне – «кафелаторый». Гэта спалучэнне словаў «кафетэрый» і «санаторый». Нам хацелася стварыць гэткі санаторый для душы, а не проста кавярню, дзе любы гамяльчук мог бы бавіць час за кубкам кавы ці гарбаты. Расслабляцца на паркоўцы сярод бетонавых сценаў не надта крута, таму мы зрабілі чылаўт-зону – з паддонаў зладзілі месцы для сядзення, самаробны таршэр паставілі, гірлянду над прычэпам павесілі. З замілавання да вулічнай культуры мы пачалі ладзіць розныя мерапрыемствы побач з вагончыкам: кінапаказы, канцэрты, выставы і чытанні вершаў, нават мясцовы вулічны тэатр выступаў.

«Нам хацелася стварыць гэткі санаторый для душы, а не проста кавярню, дзе любы гамяльчук мог бы бавіць час за кубкам кавы ці гарбаты»

Зараз гэтая паркоўка сталася адной з асноўных кропак прыцягнення моладзі ў Гомелі. У жніўні мы паставілі гэткую сцэну з канапай і зладзілі конкурс сярод вулічных музыкаў з прызавым фондам у мільён – спаборніцтва выйграла інструментальнае трыа. Вось у верасні рабілі выставу трох дзяўчын-мастачак, прыцягнулі металічныя агароджы, якія на будоўлях выкарыстоўваюць, і развесілі на іх карціны – атрымалася галерэя пад небам. А напрыканцы кастрычніка святкавалі свой першы дзень народзінаў – круцілі пласцінкі і тым, хто прыйшоў са сваім кубкам, бясплатна налівалі бразільскую каву. У нас няма нейкага жорсткага мастацкага адбору, мы лічым, што ўсе ахвотныя павінны мець магчымасць выступіць, паклаўшы перад сабой шапку, – а натоўп няхай вырашае, кінуць манету ці не. І месца ў нас шмат, хоць слана прыводзь.

Канешне, паркоўка – не лепшая лакацыя для чылу, але, акрамя нашага споту, у Гомелі няма месцаў, дзе можна і кавы папіць, і выступ нейкі пад адкрытым небам паглядзець.

Правядзенне культурніцкіх падзей і колькасць наведнікаў кавярні моцна залежаць ад надвор’я. З фінансавага «мінусу», у які мы патрапілі мінулай зімой, атрымалася выбрацца толькі нядаўна. Людзі часта аддаюць перавагу або хатняй канапе, або цёплай кавярні пад дахам, таму мы марым пераехаць у памяшканне. Нават фармат ужо прыдумалі, але ён для Беларусі новы, таму пакуль ідэю распаўсюджваць не будзем.

 

 

 

Аэрастат і слон на паркоўцы

– У траўні мы замуцілі свой дзвіж у мясцовым цэнтры моладзевай культуры «Юнацтва», таксама ў новым для Гомеля фармаце. Гэта быў начны канцэрт пад назвай «Аэрастат» – выступы некалькіх музыкаў і дыджэяў да пятай раніцы. Па сутнасці, на начны «Аэрастат» нас натхніў савецкі вынаходнік Леў Тэрмен, стваральнік электрамузычнага інструмента «тэрменвокс». На гэтым інструменце граюць без непасрэдных дотыкаў, бо ён улоўлівае рух рук – можна сцвердзіць, што з яго і пачалася электронная музыка. Мы запрасілі зайграць у Гомелі ўнука вынаходніка, Пятра Тэрмена, ды яшчэ некалькі маскоўскіх дыджэяў. Атрымалася занадта крутое для Гомеля мерапрыемства – было прыкладна сто пяцьдзясят чалавек, мы засталіся ў «мінусе», але ўсё роўна вельмі задаволеныя.

«Мы лічым, што ўсе ахвотныя павінны мець магчымасць выступіць, паклаўшы перад сабой шапку, – а натоўп няхай вырашае, кінуць манету ці не»

28 лістапада мы плануем правесці яшчэ адзін «Аэрастат», ён будзе прысвечаны цырку. Для гэтай вечарыны, дарэчы, безалкагольнай, мы робім адмысловыя цыркавыя дэкарацыі, усё ўласнымі сіламі, запрашаем клоўнаў. Карацей, ствараем атмасферу. Нават хацелі сапраўднага слана на нашую паркоўку прывесці – у якасці рэкламы падзеі. Але грошай на такі прамоўшан няма, а слон за бясплатна не прыйдзе. Затое будзе граць Mustelide.

Каманда Cup of peace сфармавалася галоўным чынам падчас падрыхтоўкі да першага «Аэрастату», калі мы працавалі некалькі тыдняў, дні і ночы запар. Зараз нас прыкладна восем чалавек, нейкай жорсткай структуры няма. Амаль кожны час ад часу выступае ў ролі барысты ці дапамагае рабіць дэкарацыі, ёсць у нас таксама аўтамеханік, а Харытон – замест тамады, стаіць за мікрафонам.

 

 

 

Быць піянерам

– Мы адчуваем сябе першаадкрывальнікамі – пасля Cup of peace у Гомелі пачалі з’яўляцца новыя кава-лаўкі і кавярні. Да нас нават прыходзілі маладыя прадпрымальнікі, якія таксама хацелі б пачаць невялічкі бізнэс у сферы паслуг. Распытвалі, чакалі парадаў, як перамагчы беларускую бюракратыю. Але я лічу, што яна не такая ўжо страшная – трэба толькі з усімі па-людску размаўляць. Усе дазволы мы атрымалі без вонкавай дапамогі, і цягам гэтага года асаблівых праблемаў нам інстанцыі не стваралі, на шчасце. Мабыць, мы маленькія і таму ім не цікавыя. Ну й дзякуй богу.

MartInn усё яшчэ не разумее, што ад нашага суседства ён толькі выйграе. Канешне, тыя наведнікі, што да нас прыходзяць, завітваюць і ў краму – па чыпсікі, па шакаладку. Раней падчас нашых падзей супрацоўнікі крамы зачынялі прыбіральні, бо ім не падабалася, што шмат народу імі карыстаецца. Я прабаваў дагрукацца да кіраўніцтва, якое знаходзіцца ў Менску, але марна – яны не звяртаюць на нас увагі. З іншага боку, гэта мо і добра, бо ніхто да нас не чапляецца. Аднойчы прыйшоў мясцовы бізнэсмэн, уладальнік сапраўднага аэрастату. Прапанаваў на нашай паркоўцы ўпершыню ў Гомелі паветраны шар запусціць. Але кіраўніцтва крамы адмовілася, не падабаюцца ім чамусьці такія ідэі. Атрымліваецца, што мы гарадскія аніматары з уласнай волі, якія аплачваюць сваё месца на паркоўцы.

«Мы гарадскія аніматары з уласнай волі, якія аплачваюць сваё месца на паркоўцы»

Нягледзячы на тое, што мерапрыемствы калі-нікалі збіраюць па сто пяцьдзясят чалавек, міліцыя праблем нам не стварае, нават дапамагае часам. Напрыклад, у нас улетку быў канцэрт невялічкага сімфанічнага аркестра, і ў першы шэраг зачасаліся двое падвыпілых мужыкоў, якія астатнім гледачам перашкаджалі. Дык міліцыянты іх заўважылі і вывелі прэч. Мы самі таксама сочым за дысцыплінай – ганяем тых, хто з бутэлечкай піва прыходзіць вершы паслухаць ці паліць побач са «сцэнай». Наогул мы выступаем за безалкагольныя мерапрыемствы і самі на штодзень алкаголю ўжо не спажываем.

У сваім «вагончыку» мы марым паехаць у вандроўку і даехаць да Ліверпуля. Чаму туды? Бо, ствараючы Cup of piece, мы натхняліся творчасцю The Beatles, выявы менавіта гэтай легендарнай чацвёркі ўпрыгожваюць наш прычэп. Яны для нас – сімвал яднання, іх музыку ўсе ведаюць і разумеюць. Таксама і наш кафелаторый – аб’ядноўвае ўсіх.

 

 



Фота by  Наташа Ашэка


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.