24623 1

Аляксей Коўтун

Сёння ў «Правінцыі» – аповед пра ўнікальны фестываль «ЭХО», які сёлета, спадзяемся, чацвёрты раз пройдзе пад Горадняй. Яго арганізатар Аляксей Коўтун распавядае, як ён з сябрамі зрабіў івэнт без дазволу дзяржавы і чаго ім гэта каштавала. Таксама ў тэксце ты знойдзеш гісторыю пра спаленую немцамі лазню ды трохі натхнення.

 

Чым займаюцца: Арганізацыя і правядзенне музычнага фестывалю «ЭХО» пад Горадняй.

Дата заснавання: 2013 год.

Структура: Каля 10 чалаве
к.

Факты: Фэст праводзіцца на паляне ў лясным гушчары. На першы фестываль прыйшлі прыблізна 250 чалавек, на другі – 150, на трэці – 450. Прыязджалі немцы, украінцы, расейцы, палякі. У розныя гады на фэсце гралі Slowner, «Лемондэй», Mustelide, Сяргей Пукст ды інш. Праводзіліся майстар-класы па ёзе і акторскім майстэрстве.

Кантакты:

VK

З кім гутарым: Аляксей Коўтун, 32 гады. Галоўны арганізатар фестывалю «ЭХО», музыка, былы ўдзельнік гурта Earworm, каваль.

 


Гісторыя Аляксея

– Гадоў з 6-ці я займаўся музыкаю, скончыў музычную вучэльню па класе віяланчэлі. Паўтара года жыў у Польшчы, граў на вуліцы, зарабляў па $ 50 на дзень. Потым вярнуўся дадому. Маці дала зразумець, што мне трэба шукаць нармальную працу, і я ўладкаваўся гукарэжысёрам у ансамбль танцу, музыкі і песні «Белыя Росы». Гэтая ідэя была дурасцю ды і толькі. Хутка сышоў з ансамблю і ўліўся ў гурт Earworm. Мы гралі разам цягам 13 гадоў.

Калі мы толькі пачыналі, я паралельна шукаў працу, бо грошы трэба было зарабляць. Пайшоў у бар, сустрэў там нейкага чувака, і ён кажа: «Заўтра іду ўладкоўвацца кавалём». І мяне як цэглай па галаве стукнулі. Пытаюся: «Што? Кім? Кавалём?». Я нічога ў гэтым не разумеў, але мяне так зацікавілі ягоныя словы, што наступным днём я пайшоў разам з ім. Мяне ўзялі, а яго не. Сем гадоў я адпрацаваў у гэтай сферы.

«Аднойчы ў галаву прыйшла думка: “Задзяўбло. Трэба нейкую ўнутраную рэвалюцыю зрабіць”»

Увесь гэты час я працягваў займацца музыкаю, але ў нейкі момант стала проста мала граць і запісваць гукі, захацелася самому нешта зарганізаваць. Аднойчы стукаў-стукаў па кавадле, і рэзка ў галаву думка прыйшла: «Задзяўбло. Трэба нешта новае прыдумаць. Трэба выйсці з гэтай кузні, з гэтага дому. Трэба нейкую ўнутраную рэвалюцыю зрабіць». Затэлефанаваў свайму сябру з групы «Демонтаж характера»,і мы ўдвох зарганізавалі наш першы фэст «ЭХО». Гэты быў супер-DIY. Раней я ўжо арганізоўваў пару канцэртаў у гаражы і ў замшэлых гарадзенскіх клубах. Але гэта былі імпрэзы, на якія прыходзілі адныя сябры.

 


Вялес і яго гаспадар

– Ёсць у нас такі Косця Немец – чалавек, які не можа існаваць без лесу, гэта любоў ягонага жыцця. Калі я раптам апынуся ў любым лесе, няхай гэта будзе нават у Амерыцы або ў Аўстраліі, я заўсёды буду думаць, што Косця дзесьці побач. Ён даў мне разуменне таго, што гэта не проста нейкі масіў, у якім можна пагуляць і адпачыць, а сапраўды чароўнае месца, і Вялес асабліва – гэтак завецца паляна, дзе праходзіць фестываль. Косця знайшоў яе даўно і назваў у гонар паганскага бога ўдачы. Калі ён там апынуўся ўпершыню, то ўбачыў проста сметнішча, велізарную колькасць смецця, зараснікі. Ён сам-адзін прывёў усё ў парадак: надзеў пальчаткі ды палез разграбаць. Гэта ж якая мусіць быць матывацыя? Мы туды прыехалі і адразу зразумелі, што гэта менавіта тая лакацыя, дзе мы хочам правесці фестываль. Нават не думалі тады, што потым будзе і другі, і трэці фэст. Я заўсёды кажу, што гэта Косця ўвесь фестываль зрабіў, а ён кажа, што я. Гэта не пафас, не ліслівасць, гэта шчыра.

«Мы прыехалі на паляну Вялес і адразу зразумелі, што гэта менавіта тая лакацыя, дзе мы хочам правесці фестываль»

Быў цудоўны выпадак на першым фэсце, які даказвае чараўніцтва Вялесу. У самым разгары фэсту нам затэлефанаваў Слава – хлопец, які пазычыў нам усю апаратуру. Сказаў: «Тэрмінова прыбірайце ўсю тэхніку, выключайце ўсе разеткі, накрывайце ўсё поліэтыленам: з Горадні на Вялес ідзе магутны ўраган, ледзьве не смерч». Мы паглядзелі на неба і ўбачылі вялізныя цяжкія хмары. Вядома, нам трэба было б спахапіцца і ўсё схаваць. Але мы з Косцям не сталі нічога рабіць, бо гэта Вялес. Быццам ведалі, што меўся адбыцца цуд. Так і здарылася: ніводнай кроплі не ўпала з неба.

Усё прайшло на адным дыханні, ніхто з каманды ніколі не ныў і не скардзіўся – тое магія менавіта гэтага месца. Вядома, бывала так, што мы не маглі прыйсці да агульнага развязання нейкага пытання падчас падрыхтоўкі, тады я казаў: «Так, стоп. Разыходзімся. А заўтра едзем на Вялес. Там мы проста сядзем у вігвам і ўсё стане на свае месцы». Так і было штораз. Я сур’ёзна кажу: заўсёды, калі мы прыязджалі на Вялес, усё станавілася лепей.

 

 

Падрыхтоўка да фестывалю

– Складанасцяў з арганізацыяй не было, бо мы ўсё рабілі пад «чорным сцягам». Ніякіх афіцыйных дазволаў нам ніхто не выдаваў, усё рабілася на голым энтузіязме і эмоцыях. Мне не было страшна праводзіць фестывалі менавіта так – калі б быў нейкі страх, то нічога б і не атрымалася, бо чым больш баішся, тым менш робіш.

Мы ўсё рабілі на сваю рызыку, спадзеючыся на тое, што Вялес – гэта даволі схаванае месца. Але ўсё ж паўсталі праблемы: лес зусім блізка ад мяжы, і, калі мы сталі праводзіць першы саўндчэк, адразу прыехалі памежнікі са словамі: «Што ў вас тут адбываецца? Закругляйцеся ці далей паедзеце не на сваіх машынах». Мы здолелі патлумачыць, чым мы тут займаемся, і наш Косця з часам нават пасябраваў з імі.

Потым яшчэ ўзніклі праблемы з вясковымі хлопцамі. Яны прыходзілі са словамі: «А што гэта ў вас за дыскатэка? Пусціце нас бясплатна!». З імі мы таксама мірна разышліся.

«Ніякіх афіцыйных дазволаў нам ніколі ніхто не выдаваў»

Быў дзіўны выпадак падчас падрыхтоўкі да першага фестывалю. Заставалася пару гадзінаў да пачатку, мы з напарнікам ехалі па горадзе, збіралі неабходныя дэвайсы. Пагрузілі калонкі ў машыну, а пакет з дратамі забылі каля свайго дому. Калі зразумелі гэта, сталі тэлефанаваць прыбіральнікам, апытвалі дваровых дзяцей, па ўсім раёне бегалі ў пошуках – безвынікова. Канчаткова страцілі надзею і сталі думаць, як выйсці з сітуацыі. У гэты час мы ішлі міма нейкай машыны, і я бакавым зрокам заўважыў, што на сядзенні ляжаў менавіта той самы пакет! І тут я зразумеў, што гэта тачка чалавека, які і пазычыў нам тыя драты. Гэта значыла, што ён нейкім цудам праходзіў каля нашага дому, заўважыў гэты стаф і ўзяў з сабой.

А на «ЭХО» ў 2015 годзе да нас прыязджалі некалькі нашых знаёмых немцаў. Яны з’явіліся тут за пару дзён да пачатку фестывалю і трохі ўзялі ўдзел у афармленні ды падрыхтоўцы. Нехта з іх выпадкова падпаліў лазню, але тут жа матэрыялізаваўся Косця і ўсё выправіў.

 

 

Гукі «ЭХО»

– Ёсць вельмі цікавая гісторыя пра тое, як мы прыдумалі назву фестывалю. Калі ўсё ўжо было гатовае, калі музыкі амаль прыехалі, мы ўсё яшчэ не маглі вызначыцца, як жа назваць наш фэст. Заставалася літаральна пару тыдняў да пачатку, і я стаў пытацца сваіх сяброў, але адказы мне не падабаліся. Прапаноўвалі нешта пра ваўкоў, лес, месяц. І я звярнуўся да свайго сябра Дзяніса. Ён напісаў штук 50 назваў, але ўсё было не тое. А фішка ў тым, што ён жыве ў Польшчы, і ў яго няма рускай раскладкі. І ён пытаецца: «Escho?», маючы на ўвазе: «Еще?». І менавіта гэта «Escho» я прачытаў як «Эхо». У выніку незразумела, хто прыдумаў назву, зноў магія нейкая.

Як я падбіраў выканаўцаў для фэсту? У першую чаргу гэта мой густ. Гэта тая музыка, якую я слухаю. Кожнай групе пісаў «УКантакце» асабістае паведамленне, ні разу не паўтарыўся і не выкарыстоўваў шаблонаў. Музыкі прыязджалі за мінімальны ганарар: я іх зацікаўліваў менавіта падзеяй. Задаволенымі засталіся ўсе як адзін гурты, якія выступалі. Казалі, што хацелі б граць у нас яшчэ і яшчэ.

«Людзі на «ЭХО» быццам ззяюць знутры, у іх знікаюць усе комплексы, адвальваюцца ўсе страхі, адкрываюцца ўсе чакры»

Лёгка зразумець, чаму ў нас выступалі Slowner ці расійскія «Лемондэй» : яны ж такія андэграўндныя. А хтосьці можа здзівіцца, як мне ўдалося запрасіць прынцэсу Наташу Куніцкую з Mustelide, якая выступае на буйных еўрапейскіх фестывалях. Я ў захапленні ад таго, як яна сябе паставіла. Мне прызналася, што гэта быў найлепшы фестываль у ейным жыцці. І я адчуў, што Наташа сказала гэта не з пачуцця абавязку, а шчыра.

Зарганізаваць такі душэўны фэст – гэта як нарадзіць дзіця і глядзець яму ў вочы. І, калі да нас прыязджаюць сотні людзей, я не магу не заўважаць таго, як яны ставяцца да нашага стварэння. І кожны раз адлятаю ў космас, калі бачу, што ў нас усё атрымалася. Людзі на «ЭХО» быццам ззяюць знутры, у іх знікаюць усе комплексы, адвальваюцца ўсе страхі, адкрываюцца ўсе чакры. Там можна на любую тэму загаварыць з незнаёмым чалавекам – і размова выдатна пойдзе. Там нават не хочацца нічога негатыўнага прамаўляць.

Вядома, на фэсце былі і людзі, далёкія ад культуры андэграўнду. Яны ж таксама хочуць паслухаць музыку, адпачыць. Наўрад ці іх зацікавіў наш лайнап, але я думаю, што мы за пару гадоў іх перавыхаваем. На шостым-сёмым «ЭХО» выпадковыя госці ўжо не будуць вылучацца сярод астатніх слухачоў, або яны проста перастануць прыязджаць. Ды і няма ў нас прынцыпу «Вам можна, а вам нельга». Усім можна.

 

 

Рэха «ЭХО»

– «ЭХО» ўжо ажыў, і нам бы хацелася, каб ён і далей развіваўся. Але цяпер галоўная перашкода на шляху да чацвёртага фестывалю – гэта наша любімая ўлада. Літаральна праз пару дзён пасля трэцяга «ЭХО» мне затэлефанавалі з міліцыі ды прапанавалі з’явіцца да іх на допыт. Падзецца не было куды, бо мой тэлефон усюды фігураваў. Я прыйшоў, і мне сталі паказваць фотаздымкі з 34mag.net ды іншых сайтаў, раздрукаваныя на А4. Кажуць: «Вось ты, вось твае памочнікі, вось сцэна, вось музыкі». Усё скончылася тым, што мне далі штраф за незаконнае правядзенне масавых мерапрыемстваў памерам 20 базавых велічыняў. Мы былі маральна гатовыя да гэтага, але спадзяваліся, што ўсё пракоціць.

«Зарганізаваць такі душэўны фэст – гэта як нарадзіць дзіця і глядзець яму ў вочы»

Мне паведамілі, што на тэрыторыі Вялесу забаронена праводзіць якія-небудзь імпрэзы, і, куды б я потым ні звярнуўся па дапамогу, мне ўсюды скажуць «Не». Яны прапаноўвалі іншыя месцы, але «ЭХО» без Вялесу і без Косці – гэта не «ЭХО». Таму мы цяпер думаем, што рабіць. Але тое, што гэты фэст яшчэ будзе праводзіцца, не паддаецца сумневам. Не ведаю, пад якім сцягам – чорным ці белым. Хацелася б пад чорным, вядома, бо чым больш аховы, тым больш парушэнняў. Усе, з кім я размаўляў пра «ЭХО», кажуць, што гэты фэст не мусіць быць афіцыйным паводле нашых беларускіх мерак і паняццяў.

 


Фота by Leah Skuridina


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Anastasiya Hlumakova 21-04-2016, 21:32

Леша-спасибо

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.