28805 1

34 славутасці Беларусі

З надыходам вясны шмат у каго аднекуль з’яўляюцца сілы і шырыцца любоў да радзімы. Спецыяльна для такіх людзей мы падрыхтавалі суб’ектыўны гайд з працоўнай назвай «34 славутасці Беларусі» – гэта лаканічны даведнік па тых мясцінах, якія мы лічым абавязковымі да прагляду не толькі суайчыннікамі, але і шчырымі дапытлівымі замежнікамі. Любіць і ведаць Беларусь – гэта тое, што ты можаш сабе дазволіць.

Пры складанні гайда мы карысталіся парадамі, назіраннямі і ведамі журналіста і вандроўніка Змітра Навіцкага, рэдактара партала vitebsk4.me і гісторыка Рамана Воранава, гісторыка і экскурсавода Цімоха Акудовіча – за што ім вельмі моцны рэспэкт!

 

Брэсцкая вобласць

 

1. Белавежская пушча, Камянецкі раён

Што гэта?
Самы буйны і старажытны лясны масіў Еўропы. Цяпер мае статус біясфернага запаведніка і лічыцца сусветнай спадчынай ЮНЕСКА. Галоўнае – тут ёсць зубры. На іх нават можна паляваць. На шчасце, нішчыць дазваляецца не ўсіх зуброў, а толькі хворых або старых жывёлін – такіх у спецыяльны рэзервовы фонд трапляе літаральна некалькі на год. Таму і кошты на забойства – штосьці каля € 20 000. Наўрад ці вы пацягнеце.

Што рабіць?
Калі вы захапляецеся паляваннем – пытанняў не ўзнікае. Калі зубра вам больш да спадобы карміць з далоні – дыхайце рэліктавым паветрам, паглядзіце на старажытную Камянецкую вежу і махніце на пасашок у легендарных Віскулях, дзе прыкончылі СССР. Заночыць можна у сядзібе Тышкевічаў, дзе меў намер «кінуць косці» адзін з аўтараў тэорыі грамадскай дамовы Жан-Жак Русо. Прынамсі, тут самая цёплая зіма ў Беларусі.

 

2. Берасцейская крэпасць, горад Брэст

Што гэта?
Легендарная фартэцыя і велізарны музей савецкай гераічнай манументалістыкі пад адкрытым небам. Уласна крэпасць была пабудаваная ў XIX ст., аднак і да таго на гэтых выспах шмат чаго адбывалася. Тут у 1596 г. абвесцілі царкоўную унію, а падчас Першай сусветнай падпісалі Брэст-Літоўскую мірную дамову. Аднак вядомая крэпасць у першую чаргу дзякуючы адчайнаму супраціву сваіх абаронцаў пераўзыходзячым сілам вермахту на пачатку Другой сусветнай вайны.

Што рабіць?
Агляд можна здзяйсняць у храналагічным парадку. На Валынскім узмацненні месціцца музей «Бярэсце» – археалагічны раскоп, дзе можна пабачыць рэшткі гарадзішча і драўляных пабудоваў XI–XIII стст. Назад у будучыню – музей абароны Брэсцкай  крэпасці. Сама тэрыторыя комплексу велізарная, так што пару гадзінаў на шпацыр варта адвесці. Калі сысці ўглыб, трапіце на V форт – напаўзакінутае ўзмацненне, ад якога робіцца неяк няўтульна. Калі мозг насыціцца гісторыяй, паспрабуйце насыціць страўнік у цэнтры на пешаходнай вуліцы Савецкай.

 

3. Косаўскі палац, горад Косава, Івацэвіцкі раён

Што гэта?
Неагатычны палац Пуслоўскіх лёгка можна ўявіць недзе ва Ўэльсе. У часы панавання класіцызму такі палац быў фактычна выклікам. Іншая асаблівасць – будынак размешчаны так, каб даглядаць маёнтак Касцюшкаў, месца нараджэння нацыянальнага героя ЗША, Польшчы і Беларусі, а таксама ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі. Палац быў закладзены на пачатку XIX ст. Казімірам Пуслоўскім, а ўжо ўнук фундатара прагуляў маёмасць у карты, відаць, быў азартным чалавекам. Палац меў 12 вежаў, адну на кожны месяц года, і складаўся з больш як сотні пакояў. Прадказальна, што калі яго падпалілі партызаны ў 1943 г., гарэў ён, паводле легенды, амаль 10 дзён. Заадно чарговы раз згарэў і маёнтак рода Касцюшкаў.

Што рабіць?
Косаўскі палац пабудаваны на тэрасе з выглядам на заліўны луг – уявіце сабе экстэр’еры «Меланхоліі» фон Трыера, але ў нашым клімаце. Аднак варта спяшацца – цяпер тут ідуць рамонтныя працы, абяцаюць гатэльна-турыстычны комплекс. І абавязкова завітайце ў дом-музей Касцюшкі, паслухайце экскурсію аб прафесійным рэвалюцыянеры і вандроўніку, чыім імем апроч іншага названая гара ў Аўстраліі. На зваротным шляху можна заехаць у Ружаны, паглядзець на рэшткі палаца Сапегаў. Брама, што захавалася, уражвае моцна, аднак апошнім часам за аднаўленне палаца бязлітасна ўзяліся маляры-рэстаўратары.

 

4. Палессе

Што гэта?
Найбуйнейшая з еўрапейскіх балотных тэрыторыяў, займае прыблізна 30% мапы Беларусі. Тэра інкогніта ў памерах дробнай краіны, з ізаляванымі вёскамі і дзіўным карэнным насельніцтвам, палешукамі, якія маюць сваю нетыповую гаворку.

Што рабіць?
Трэба дачакацца, калі ў выпуску навінаў па БТ прагучыць: «А на Палессі разлілася Прыпяць» – браць ляхі пад пахі ды ехаць у Пінск. Там атабарыцца ў гатэльчыку – і два дні рабіць вылазкі на прыроду. А можна ўзяць у арэнду які-небудзь домік ляснічага і назіраць за тым, як рухаецца лёд. Партвейн і БГ па жаданні – але ўбачыць мора Герадота можна толькі ўвесну, на Прыпяці. Таксама няблага ўзяць човен і паплаваць па беларускай Венецыі, паляшуцкіх вёсачках, якія залівае па самае горла. А можна тыдзень плыць па Прыпяці з любой вёскі пад Пінскам да самага Турава.

 

 

Віцебская вобласць

 

5. Балота Мох, Мёрскі раён

Што гэта?
Прыродны заказнік фантастычнага выгляду. Гэта тундра ў Беларусі, як часам кажуць адмыслоўцы, грунтуючыся на незвычайным мясцовым краявідзе. Тэрыторыя пражывання самай рознай жывёлы і птушак, у тым ліку надзвычай рэдкага чорнага бусла, занесенага ў Чырвоную кнігу. Адзінае месца ў Беларусі, дзе расце ягада марошка – «паўночны апельсін», які штолета айчынныя гастарбайтэры масава здабываюць на фінска-шведскіх прасторах.

Што рабіць?
Нацягнуць гумовыя боты ды збіраць марошку. Тут мноства драпежнікаў, аднак паляваць забаронена. А вось лавіць рыбу дазволена – побач ёсць аж чатыры возеры. Бліжэйшы населены пункт – вёска Пераброддзе, дзе можна набрысці на касцёл Святога Георгія, а таксама на рэшткі маёнткаў і не пужаных рускімі турыстамі жыхароў.

 

6. Браслаўскія азёры, Браслаўскі раён

Што гэта?
Вялізны нацыянальны парк, у які ўваходзяць каля 60 азёраў, грандыёзныя балотныя і лясныя масівы, сотні рэдкіх відаў флоры і фаўны.

Што рабіць?
Дачакацца лета і рухацца на Браславы. Запісацца там у экспедыцыю на чоўнах па ўсіх азёрах – і адчуць сябе героем National Geographic. Потым узяць ровар ды праехацца па мясцовых касцёлах, абавязкова зазірнуць у вёсачку Слабодка. На гэтыя два тыдні: адключаны мабільны і ніякага інтэрнэту.

 

7. Вёска Мосар, Глыбоцкі раён

Што гэта?
Адзіная ў Беларусі вёска непітушчых. Маральны цуд зрабіўся магчымым дзякуючы літоўскаму ксяндзу Юзэфу Бульцы. На старасці гадоў ён перабраўся ў звычайную беларускую вёску і пачаў займацца ўдасканаленнем мясцовага побыту. Узяў у рукі рыдлёўку – і цяпер тэрыторыя каля мясцовага касцёла нагадвае джунглі сярэдняй кліматычнай паласы. Паралельна Булька распачаў кампанію барацьбы з п’янствам: ён адмаўляўся адпяваць, хрысціць або вянчаць, калі побач было бухлішка. Новыя правілы дзейнічалі нават на вяселлях. І вуаля – праз колькі гадоў вырасла пакаленне, якое гарэлку бачыла хіба што па ТБ.

Што рабіць?
Паслухаць арган у касцёле Святой Ганны XVIII ст., палюбавацца сельскім ландшафтным дызайнам і патрапаць за вухам страўса з каталіцкай гаспадаркі. Панастальгаваць у антыалкагольным музеі з добраахвотна здадзенымі самагоннымі апаратамі. На развітанне канчаткова ўзмацніць маральны стан сузіраннем мясцовай Галгофы – тут на пагорку стаіць самы вялікі крыж у Беларусі, 27 метраў.

 

8. Вуліца Пакроўская, горад Віцебск

Што гэта?
Месца нараджэння мастака Марка Шагала. Тут месціцца яго дом-музей – вядома, сто тысяч разоў перабудаваны, аднак адданасць экскурсаводаў часам замяняе аўтэнтычнасць цаглінак. Сын беднага грузчыка з рыбнай лаўкі, Шагал з’ехаў адсюль у 20 гадоў – але гэтыя дамы і дахі маляваў яшчэ 77 гадоў свайго жыцця. Нават на плафоне Grand Opéra ў Парыжы ёсць перспектыва вуліцы Пакроўскай.

Што рабіць?
Схадзіць на экскурсію ў музей, крыху пасумаваць з-за наяўнасці толькі аднаго палатна Шагала ў Беларусі і пайсці заядаць сум у кітайскі рэстаран «Залаты дракон», што месціцца непадалёк ратушы. І як кажуць мясцовыя: не сфатаграфаў Успенскага сабора з Кіраўскага маста – не зачэкініўся ў Віцебску.

 

9. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, вёска Камаі, Пастаўскі раён

Што гэта?
Адзіны ў Беларусі храм, які ні разу не зачыняўся за 400 гадоў свайго існавання. Будынак датуецца пачаткам XVII ст. і ўяўляе з сябе адметную беларускую абарончую готыку, з масіўнымі сценамі і байніцамі – і памаліцца можна, і з мушкета свінцом сыпануць. Унутраныя роспісы належаць пэндзлю мастака Альфрэда Ромэра, шляхціча і артыста, які з замілаваннем маляваў сялян ды распісваў цэрквы.

Што рабіць?
Разглядаць унутранае ўбранства, роспісы, спусціцца ў склеп. Дзеля больш насычанай культурнай праграмы можна завітаць у суседнія вёскі і, напрыклад, праехацца па маршруце Плябань – Чырвонае – Вілейка – Мядзель – Нарач – Камаі – Лынтупы – Свір – Смаргонь.

 

10. Сафійскі сабор, горад Полацк

Што гэта?
Першы мураваны храм на тэрыторыі Беларусі, пабудаваны ў XI ст. легендарным князем Усяславам Чарадзеем. Паводле архітэктурнай велічы сабор тых часоў не саступаў сваім Наўгародскаму і Кіеўскаму братам. Цяперашні воблік – як мінімум трэці для Полацкай Сафіі. Храм неаднаразова цярпеў ад пажараў ды захопнікаў, пакуль падчас Паўночнай вайны ў XVIII ст. не быў ушчэнт зруйнаваны рускімі войскамі.

Аднаўляў будынак архітэктар Глаўбіц, а з інтэр’ерамі пастараліся швейцарцы з італамоўнага паўднёвага кантона – іх нашчадкі дагэтуль памятаюць, на чые грошы трыста гадоў таму харчавалася ўся акруга. Побач з саборам – Рагвалодаў камень ХІІ ст. з хрысціянскім крыжам, мясцовыя і сёння прыходзяць да яго маліцца. Але беларускае праваслаўе – усё ж такі беларускае праваслаўе: каменю пакідаюць у ахвяру цукерачкі, булачкі. З-пад горкі б’е крынічка, а каля яе ляжыць паганскі камень-ахвярнік. Карацей, толькі ў нас можа быць такое.

Што рабіць?
Паслухаць арган. Потым пагуляць па музеях, выпіць кавы, на развітанне абавязкова заехаць у прыватны музей «Эпоха Леніна» з калекцыяй бюстаў Леніна і Дзяржынскага. На ўваходзе сядзіць уладальнік музея – паводле легенды, з бейсбольнай бітай, каб адбівацца ад нацыяналістаў.

 

11. Троіцкая царква, вёска Белая царква, Чашніцкі раён

Што гэта?
Гэта адзіны ў свеце фрагмент будынка ў стылі ранняга барока, які захаваўся ў некранутым выглядзе. Нават у Італіі, адкуль пайшоў гэты архітэктурны напрамак, нічога на засталося. Пабудаваць храм вырашыў славуты канцлер Леў Сапега, а дойлідам быў італьянец Арыстотэле Ф’ёраванці – той, які ўзводзіў Успенскі сабор у Маскве. Царкву ў 1932 г. зруйнавалі ваяўнічыя атэісты. У савецкія часы тут трэніраваліся альпіністы, захаваўся надпіс «Альпінізм – школа мужнасці». Сёння тут гуляе вецер і быдла – мясцовыя кажуць, што калі жывёліна папасецца дзень ля царквы, надоі вышэйшыя.

Што рабіць?
Ехаць трэба падчас квітнення бэзу, яго тут надзіва шмат. З томікам прозы пісьменніка Чэслава Мілаша – суседняе мястэчка, Чарэя, калісьці належала гэтаму роду. А адзін з беларускіх Мілашаў, Оскар – французскі паэт і літоўскі дыпламат – даводзіўся дзядзькам і настаўнікам будучаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры. У летні час таксама мае сэнс сюды завітаць, бо вакол пагорка – тры возеры, абірай любое.

 

12. Царква Нараджэння Багародзіцы, горад Глыбокае, Глыбоцкі раён

Што гэта?
Два-ў-адным – царква месціцца насупраць Троіцкага касцёла XVIII ст. Сітуацыя, тыповая для любога беларускага горада, – не хапае толькі помніка Леніну для завяршэння гістарычнага гештальту. Бюст палітыка нядаўна знеслі – на яго месцы паставілі помнікі знакамітым землякам: этнографу і грамадскаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму, мастаку Язэпу Драздовічу і заснавальніку беларускага нацыянальнага тэатра Ігнату Буйніцкаму. Гэта ўжо не такая тыповая сітуацыя для беларускага горада.

Што рабіць?
Звычайна сюды заглядваюць, каб ацаніць аздабленне віленскага барока і паблукаць па сцяжынках, дзе шпацыраваў Напалеон Банапарт. Але калі загадзя дамовіцца з прадстаўнікамі царквы, то вам пакажуць цудатворную ікону, прывезеную з гары Афон, дазволяць спусціцца ў здаравенныя падзямеллі храма, пакажуць месца, дзе былі знойдзеныя невядомыя парэшткі людзей (магчыма, расстраляных у 1930-я гг.), і завядуць на самы верх вежы-званіцы, з якой адкрываецца цудоўны від на ўвесь горад.

 

 

Гомельская вобласць

 

13. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, горад Гомель

Што гэта?
Гэта самы вялікі па памерах кавалак даўніны, што захаваўся ў нас цалкам, без парушэння маналітнасці. Гісторыя наступная: расейская імператрыца Кацярына II падарыла Гомель свайму фаварыту графу Румянцаву «для забаўкі», і той пабудаваў сабе тут хатку. Неўзабаве палац перайшоў да палкаводца Паскевіча, які пяшчотна ўзвёў цэлы комплекс неабходных гаспадарчых пабудоваў: Зімні сад, Паляўнічы домік і некалькі цэркваў. Атрымаўся амаль кіламетр прыватнай маёмасці на беразе Сожа.

Што рабіць?
Палац моцна пацярпеў падчас контррэвалюцыйнага паўстання 1919 г. і ў часы Вялікай Айчыннай вайны – немцы вывезлі ўсе каштоўнасці, а будынак на развітанне падпалілі. У нашы часы інтэр’еры аднавілі, цяпер тут месціцца музей. Добра захаваўся пейзажны парк перад палацам, ён займае плошчу 24 гектары – паблукайце, зацаніце разнастайнасць архітэктурных формаў, якія пакінула пасля сябе царская ўлада. На пасашок закупіцеся шакаладам у фірмовай краме фабрыкі «Спартак».

 

14. Сядзіба Герардаў, вёска Дзям’янкі, Добрушскі раён

Што гэта?
Дзіўны фальварак у псеўдарускім стылі, які цяпер знаходзіцца на натуральнай кансервацыі – у зоне адсялення. Сядзібу з чырвонай цэглы пабудавалі на сродкі рускага чыноўніка, генерал-губернатара Фінляндыі Мікалая Герарда ў другой палове XIX ст. Месціцца на склоне пагорка, перасечанага ярам – вялікую дэкаратаўныя ролю выконвае чатырохаркавы мост. Добра захаваўся вялікі парк з рэдкімі відамі дрэваў. У савецкія часы тут была спецшкола для сірот і беспрытульнікаў.

Што рабіць?
Па-першае, ганарыцца тым, што вы сюды трапілі. Гэта цалкам легальна, аднак турыстаў вы сустрэнеце наўрад ці. З класічных забавак – прывід дачкі Герарда, якая захакалася ў афіцэра, што сышоў на фронт, не вытрымала сардэчнай напругі і застрэлілася. Можна проста атрымліваць асалоду ад цішыні. Яна тут неверагодная.

 

 

Гродзенская вобласць

 

15. Верхні і Ніжні замкі, горад Гродна

Што гэта?
На вуліцы Замкавай у Гродна стаяць ажно два замкі. Ніжні (або Стары) замак быў пабудаваны ў XIV ст. на месцы драўлянага продка. Быў ён моцны і грозны, з 50-метровым ровам і сценамі таўшчынёй тры метры. Пры каралі Рэчы Паспалітай Стэфане Баторыі, які абраў Гродна сваёй рэзідэнцыяй, замак перабудавалі. Аднак падчас Паўночнай вайны ў XVIII ст. яго спалілі шведы. Давялося будаваць новы, Верхні замак. Дакладней, гэта класічны палац. Тут праходзілі сеймы, у тым ліку апошні, на якім кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад пасаду. У царскія часы ў палацы месціліся казармы, падчас Вялікай Айчыннай замак гарэў, а цяпер гэта музей. Насамрэч, замкі – толькі некалькі з пунктаў таго, што варта паглядзець у Гродне.

Што рабіць?

Гродна – напэўна, самы еўрапейскі ў плане архітэктуры горад Беларусі. Каб адчуць дух горада, можна арэндаваць на суботу-нядзелю кватэру на вуліцы Савецкай, замовіць квіткі ў тэатр і паляваць на мясцовых прыгажунь. Увесь ўік-энд чытаць Каліноўскага, гуляць па парках, разглядаць сінагогу і Каложскую царкву XI ст., пакуль яе канчаткова не змыла ў раку, а таксама піць партвейн на ўзбярэжжы Нёмана.

Акрамя таго, варта паглядзець адзіную ў Беларусі Лютэранскую кірху XIX ст. – яна месціцца ў будынку былой карчмы, і тут да гэтых часоў адбываюцца службы. Highmark горада – фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя XVII–XVIII стст. пабудовы. Гэта быў самы багаты касцёл і езуіцкі кляштар у Рэчы Паспалітай, інтэр’еры вартыя вывучэння і цяпер.

 

16. Гродзенскі ўмацаваны раён, вёска Доргунь, Гродзенскі раён

Што гэта?
Адзін з участкаў «Лініі Молатава», узмацняльных пабудоваў 1940–1941 гг. Капаніры, доты, амбразурныя вузлы, раскіданыя па чыстых хвойных лясах. На пабудовах, часткова парослых імхом, – сляды трапляння снарадаў, унутры – іржавыя бронедзверы ды адтуліны для стрэляных гільз. Дзякуючы намаганням гісторыкаў, гэтаму комплексу ваенных пабудоваў наданы статус гістарычнай каштоўнасці. Звычайна такія недагледжаныя фартэцыі намаганнямі мясцовых ператвараюцца ў сметнікі.

Што рабіць?
Шмат хто ведае пра нашу перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, аднак мала хто ўяўляе, як гэтая вайна праходзіла. Штодзённыя баі адбываліся тут – на месцах урослых у зямлю дотаў, з пахіленымі і разбітымі байніцамі, у схаваных лясных капанірах і траншэях. Жудасней за любыя амерыканскія горкі адчуць, што гэтая цішыня прызначаецца табе. У Беларусі захаваліся тысячы такіх аб’ектаў, пра некаторыя з іх можна пачытаць тут.

 

17. Касцёл Святой Троіцы, вёска Гервяты, Астравецкі раён

Што гэта?
Самы высокі касцёл у Беларусі – 61 м, і адзіны, пабудаваны паводле ўсіх канонаў неаготыкі. Ён быў узведзены на месцы драўлянага касцёла XVI ст. архітэктарам Альшалоўскім. Для будоўлі спецыяльна арганізавалі цагляны заводзік і паралельна з усёй акругі збіралі яйкі – іх дадавалі для ўзмацнення ў вапнавы раствор. Шыфер адмыслова прывозілі з Германіі.

Што рабіць?
Запомніць, як выглядае аркбутан – вонкавая паўарка, якая размяркоўвае нагрузку з асноўнай сцяны на контрфорсы, апоры, што стаяць асобна. У Гервятах можна назіраць адзіны прыклад выкарыстання гэтага элементу ў дойлідстве Беларусі. Таксама варта паслухаць месу – службы тут праходзяць на літоўскай, беларускай і польскай мовах. На развітанне даследуйце парк – у геаметрычным парадку па ім размеркаваныя статуі апосталаў, анёлы і дрэвы.

 

18. Крэйдавыя кар’еры непадалёк Ваўкавыска, Краснасельскі раён

Што гэта?
Карьеры известны необычным лазурным цветом воды. Неподалеку от Волковыска Кар’еры вядомыя незвычайным лазурным колерам вады. Непадалёк Ваўкавыска ёсць буйное радовішча крэйды, і на вырабленых участках утвараюцца вадаёмы. Кар’ераў больш за сотню, аднак знакаміты колер маюць толькі «свежыя» азёры. Паглядзець на беларускія Мальдывы едуць нават з суседніх краінаў: Польшчы, Літвы і Украіны.

Што рабіць?
Плаваць. Крэйда надае вадзе незвычайны колер і не дае завесціся тут ніякай жыўнасці. Прыстасаваных для турыстаў сыходаў у азёры няма, яны дзікія, так што давядзецца скакаць у ваду з берага. Гэта, а таксама намер уладаў забараніць знаходжанне тут, надасць вашаму трыпу авантурны характар.

 

19. Лясны касцёл, вёска Дубок, Смаргонскі раён

Што гэта?
Самы загадкавы касцёл Беларусі, які месціцца ў дуброве. Інфа пра яго практычна адсутнічае. Вядома толькі, што ён быў пабудаваны ў 1929 г. Служба адбываецца раз на год і праходзіць пры свечках. Кажуць, у дзень, калі праходзіць служба, над касцёлам з года ў год ідзе дождж. Дарога да вёскі не простая, з прыроднымі перашкодамі.

Што рабіць?
Схадзіце на службу. Нічога больш сакральнага за малітву ў напаўзакінутым касцёле ў дуброве з вамі здарыцца не можа. На зваротным шляху завітайце ў Жодзішкі, тут да гэтага часу захаваўся ўнікальны вадзяны млын XVIII ст. Ён працуе па прамым прызначэнні і належыць нашчадку таго, хто валодаў млыном да прыходу бальшавікоў.

 

20. Мірскі замак, гарадскі пасёлак Мір, Карэліцкі раён

Што гэта?
Традыцыйная жамчужына Беларусі. Замак меў быць рэзідэнцыяй магнацкага роду Ільінічаў, якія пачалі будаваць яго ў XVI ст. Аднак хутка род скончыўся, і квадратныя метры перайшлі да Радзівілаў, якія і надалі замку класічны выгляд шматслойнага торта. Паводле легенды, яны таксама пабудавалі падземны ход у тры паласы да другой сваёй рэзідэнцыі – Нясвіжскага палаца. Апошнім уладальнікам Мірскага замка быў князь Міхаіл Святаполк-Мірскі, бацька якога пры загадкавых абставінах патануў у замкавым ставе, які сам жа і загадаў выкапаць. У савецкія часы тут месцілася працоўная арцель, а ў часы акупацыі – гета і лагер для ваеннапалонных. У апошнюю дэкаду замак перажыў маштабную рэканструкцыю, і цяпер тут гатэль і бізнес-цэнтр.

Што рабіць?
Час ад часу тут праводзяцца канцэрты, дыяпазон – ад класічнай музыкі да цемрашальскай беларускай папсы. У мірны час раім знайсці сабе сябра-археолага, бо, як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, гэтая папса можа стаць вельмі цікавым аб’ектам, калі выехаць сюды з добрым архітэктарам, а лепш археолагам. Па кожнай дэталі можна выслухаць паўгадзінную лекцыю. Напрыклад, з «машыкуля» – балкончыка наверсе сцяны – на маскалёў або шведаў-супастатаў лілі гарачую смалу. Часам такія балкончыкі выкарыстоўвалі як месца для прыбіральні, тады адтуль лілася не смала.

 

21. Навагрудскі замак, горад Навагрудак, Навагрудскі раён

Чым знакаміты?
Гэтая велічная траціна вежы на высокім пагорку – адзінае, што засталося ад замка, дзе быў каранаваны Міндоўг, першы Вялікі князь ВКЛ. Замак часта руйнавалі – канчаткова ён загінуў у XVIII ст. дзякуючы шведам. Аднак штосьці магічнае засталося ў гэтых пагорках да нашых часоў – варта дачакацца, калі сонечныя прамяні праб’юцца праз аблокі, каб адчуць, быццам стаіш на алтары.

Што рабіць?
Памедытуйце на пагорках, а потым завітайце ў фарны касцёл Праабражэння Гасподняга. Ён мае тры алтары, звернутыя ў розныя часткі свету – рэмінісцэнцыя паганства. Тут ажаніліся Ягайла і Ядвіга, тут хрысцілі Адама Міцкевіча, вялікага польскага паэта беларускага паходжання – непадалёк месціцца яго дом-музей. Увогуле, Навагрудак – нейкае месца сілы. У тутэйшых лясах ваяваў партызанскі атрад Туўі Бельскага, якога сыграў Дэніэл Крэйг, тут жа працаваў вялікі навуковец Барыс Кіт, адзін са стваральнікаў амерыканскай касмічнай праграмы «Апалон».

 

22. Палац Чацвярцінскіх, вёска Жалудок, Шчучынскі раён

Што гэта?
Выбітны будынак у стылі мадэрн і адначасова галоўная кінанатура, калі патрэбны панскі маёнтак. Радавое гняздо было пабудаванае італьянцам Марконі на зломе часу, у 1908 г. Хутка будынак перайшоў да Cаветаў, потым да ваенных – пры іх тут быў клуб, пра што сведчаць пяціканцовыя зоркі ды кінабудка.

Што рабіць?
Паглядзець на комін і лесвіцу, якія няблага захаваліся. Увогуле, палац яшчэ можна выратаваць. І, пажадана, не тынкаваннем усяго фасада, а хаця б як маёнтак у Красках – прадаць алігарху ў прыватнае карыстанне. Іншы прыклад адчужэння спадчыны ад нашчадкаў – палац Рдултоўскіх у Снове. Адзін з самых выбітных і прыгожых класіцыстычных палацаў Беларусі наведаць немагчыма – тут да гэтых часоў месціцца ваенны шпіталь.

 

23. Сінагога, горад Слонім, Слонімскі раён

Што гэта?
Адна з самых старых сінагог у Беларусі. Яна была пабудаваная ў 1642 г. у стылі барока. Што больш цікава – у напаўразбураным будынку захавалася пафаснае ўнутранае аздабленне. Сінагога моцна пацярпела падчас вайны з Напалеонам, аднак хутка была адноўленая – слонімская габрэйская грамада лічылася адной з самых магутных у Беларусі. Напрыканцы XIX ст. тут была 21 сінагога, а больш за 70% жыхароў былі габрэямі. У 2000 г. будынак вярнулі вернікам, аднак ніякіх рэстаўрацыйных работ у ім дагэтуль не праводзіцца.

Што рабіць?
Панапружваць шыю і агледзець аздабленні інтэр’еру, калоны ды ляпніну. Цэнтральны элемент – велічны напаўзруйнаваны арон кадэш, аналаг іудзейскага алтара. Фактычна гэта шафа, у якую кладуць скруткі Торы. З элементаў аздаблення захаваліся экзатычныя блакітна-залатыя львы. Пасля можна завітаць на рынак па экалагічныя прадукты з градкі – гандлёвыя шэрагі, як і тры сотні гадоў таму, месцяцца за сінагогай.

 

24. Сядзіба Агінскага, аграгарадок Залессе, Смаргонскі раён

Што гэта?
Сядзібу Агінскага называлі «Паўночнымі Афінамі» праз колькасць музыкантаў, мастакоў і дыпламатаў, якія прыязджалі сюды з усёй Літвы і Польшчы ў госці да гаспадара. Уладальнік сядзібы, Міхал Клеафас Агінскі, быў асобай выбітнай. Дыпламат, паўстанец, сябра Талейрана, ён пабудаваў гэтую рэзідэнцыю ў 1802 г., пасля вяртання з выгнання, і пражыў тут 20 гадоў. Праз розніцу поглядаў з Аляксандрам I ён быў вымушаны эміграваць і рэшту жыцця правёў у Італіі. Перад самым выгнаннем тут, у Залессі, ён напісаў пранізлівы паланез «Развітанне з Радзімай».

Што рабіць?
Комплекс пабудаваны дастаткова нестандартна для часоў Агінскага – два палацы, дзве аранжарэі, два паркі, звярынец. Захавалася сядзіба, капліца і некалькі гаспадарчых дамкоў. Рэстаўрацыя ў перманентна-памерлым стане, таму закачайце на айпод класічную версію паланезу, праслізніце за плот ды бадзяйцеся па алеях.

 

25. Шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая» непадалёк Смаргоні, Смаргонскі раён

Што гэта?
Аб’ект часоў халоднай вайны, які добра захаваўся. У дзесяцігоддзі напружаных адносінаў паміж СССР і ЗША ў Беларусі як у самым заходнім ускрайку імперыі будавалася мноства ядзерных аб’ектаў. Гэта – ракетны комплекс шахтавага тыпу базавання ракет Р-14У, здольных паразіць цэль на адлегласці да 4500 кіламетраў – іншымі словамі, любую кропку Еўропы. Вядома, марадзёры вывалаклі адсюль усё, што мела каштоўнасць, аднак сам комплекс шахтаў і сутарэнняў застаўся.

Што рабіць?
Пры наведванні гэтага аб’екта абавязкова трэба выкарыстоўваць спецыяльнае адзенне, добрыя ліхтары і быць вельмі ўважлівым, асабліва ў шахтах. Варта ехаць, каб адчуць атмасферу істэрыі мілітарысцкай дзяржавы. Такіх аб’ектаў у нас хапае, аднак яны прызначаныя не для сямейнага адпачынку.

 

 

Менская вобласць

 

26. Вёска Хатынь, Лагойскі раён

Што гэта?
Якасная савецкая манументалістыка. Мемарыяльны комплекс быў утвораны на месцы вёскі, якую знішчылі фашысты падчас Другой сусветнай вайны. Усіх жыхароў сагналі ў амбар ды падпалілі – і так зрабілі з жыхарамі яшчэ 628 вёсак Беларусі. Усім скептыкам адказвае байка ад нашага сябра Рамана Воранава: «Аднойчы вёз аднаго вельмі вядомага расейскага дызайнера з перапою. Той пабачыў надпіс “Хатынь” і кажа: “Нам туды! Такога ўзроўню манументалістыку цяпер нідзе не робяць!”»

Што рабіць?
Паглядзець «Иди и смотри» Элема Клімава, а потым з’ездзіць і параўнаць цяперашнія пачуцці з успамінамі ад школьнай экскурсіі.

 

27. Музей народнай архітэктуры і побыту Строчыцы, пасёлак Азярцо, Менскі раён

Што гэта?
Сялянская Беларусь у мініяцюры. Музей пад адкрытым небам, дзе прадстаўленая тыповая старадаўняя забудова трох рэгіёнаў Беларусі: Цэнтральнай часткі, Паазер’я і Падняпроўя. Этналагічнае даследаванне тут прыйдзецца праводзіць на матэрыяле царквы, прыходскай школы, млына, лазні і розных тыпаў сялянскіх хат. Усе гэтыя пабудовы раскіданыя ў маляўнічых палях, па якіх так сумуе еўрапейская душа са шчыльна заселенага Захаду.

Што рабіць?
Варта ехаць, калі ў замежнага госця-гісторыка мала часу на вывучэнне ўсёй Беларусі. Перш за ўсё – махнуць стопку хрэнавухі ў карчме пры ўваходзе, а потым узяць экскурсію і паслухаць пра побыт продкаў. Падчас традыцыйных святаў, кшталту Калядаў або Масленіцы, тут адбываюцца масавыя гулянні ды буханні, а штогод на пачатку восені – фэст этнамузыкі.

 

28. Налібоцкая пушча, Валожынскі раён

Што гэта?
Самы вялікі лясны масіў Беларусі. Займае плошчу, большую за тры Андоры. Тут багата рознай жывёлы, 35 відаў занесеныя ў Чырвоную кнігу, прычым 29 – рэдкія птушкі. А на астатніх можна паляваць, калі рука падымецца.

Што рабіць?
Зрабіць марш-кідок з сяброўкай праз самыя нетры Налібоцкай пушчы. Абавязкова завітаць на возера Кромань, з фіналам у пойме Нёмана. Падчас вандроўкі ўражваць дзяўчыну цытатамі з Сяргея Пясецкага, які перамераў гэтую пушчу ўдоль і ўпоперак, таксама не забываючыся на Уладзіслава Сыракомлю і «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Падчас марш-кідка можна завітаць да руінаў сядзібы Тышкевічаў у вёсцы Вялае, дзе калісьці арыстакраты адзначалі ўдалыя паляванні і проста купаліся ў Іслачы галышом.

 

29. Нясвіжскі палац, горад Нясвіж, Нясвіжскі раён

Што гэта?
Радавое гняздо надзвычай багатага роду Радзівілаў – нейкі час іх гадавы даход удвая пераўзыходзіў даход польскага караля. Рэзідэнцыя была пабудаваная ў XVI ст. паводле праекта галандскіх інжынераў. Калісьці тут было 12 парадных залаў, кунсткамера, бібліятэка на 20 тыс. тамоў, партрэтная галерэя, тэатр, некалькі паркаў і нават японскі сад. На балях у палацы збіралася ўся Літва, а паводле колькасці бастардаў Нясвіж таго часу пераўзыходзіў насельніцтва тыповага аграгарадка. На жаль, помнік часта і з густам рабавалі, асабліва рускія войскі і савецкая ўлада. Частка скарбаў Радзівілаў цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы, частка раскіданая па гарадах і вёсках былога СССР. У савецкія часы тут наогул быў санаторый КДБ. Апошнім часам палац перажыў рэстаўрацыю, аднак збольшага захаваўся.

Што рабіць?
Уключыць фантазію і не зважаць на еўрарамонт. Паглядзець на лебедзяў, заблукаць у парку, сустрэць польскіх турыстаў і з’есці з імі дранікаў. Паводле легенды, недзе ў сутарэннях дагэтуль засталіся скарбы Радзівілаў, схаваныя падчас адступлення Напалеона. Няхай гэта абуджае вашага ўнутранага Індыяну Джонса. На ўваходзе ў палацавы комплекс – фарны касцёл Божага Цела, першы ў Рэчы Паспалітай і другі ў свеце касцёл у стылі барока. Тут жа стаіць капліца Радзівілаў – адзіны ва Усходняй Еўропе некропаль цэлага роду, кшталту крыпты Габсбургаў. І сюрпрыз увечары – прывід Барбары Радзівіл, адной з самых адукаваных і распусных жанчын свайго часу, за што залоўка ёй атруты і падсыпала. Пры сустрэчы пацалуйце каралеўне ручку.

 

30. Савецкі ампір, горад Менск

Што гэта?
Менск – сведка і ахвяра імперскіх амбіцыяў савецкіх уладаў. Прачуць гэта можна падчас шпацыру па праспекце Незалежнасці, былым праспекце Францыска Скарыны – прамой асфальтаванай страле, якая цягнецца 15 кіламетраў і разразае горад на дзве тлустыя лусты. Таксама трэба сказаць дзякуй галоўнаму злому генію Менска, архітэктару Іосіфу Лангбарду. Да прадуктаў яго творчасці адносяцца будынкі Дома ўрада, Дома афіцэраў, Акадэміі навук і Тэатра оперы і балета. Усю гэтую манументалістыку можна пабачыць, калі рухацца па праспекце ад помніка Леніну ўглыб горада.

Мастак Артур Клінаў прыдумаў тэрмін «Горад СОНца» для апісання гэтай часткі Менска як асноўнай артэрыі Вялікай Камуністычнай Мары.

Што рабіць?
Што рабіць у Менску – глядзі наш гайд.

 

 

Магілёўская вобласць

 

31. Бабруйская крэпасць, горад Бабруйск

Што гэта?
Гэта буйная крэпасць – планавая будоўля ў рамках падрыхтоўкі да вайны з Напалеонам. Дзеля яе ўзвядзення фактычна знішчылі горад, які існаваў тут да таго. Крэпасць вытрымала працяглую асаду французаў, а па заканчэнні вайны выконвала ролю турмы. Расказваюць, што ў адным з фортаў Бабруйскай крэпасці ёсць камера ў форме яйка, дзе зняволеныя трацілі розум ужо пасля пары тыдняў знаходжання. Недарма Герцэн, узгадваючы пра Бабруйск, пісаў: «Пусть Сибирь, пусть, что угодно, только не эта страшная тюрьма на реке Березине».

Цяпер крэпасць уяўляе з сябе гіганцкую прастору каля 2–3 кіламетраў упоперак, па якой раскіданыя капаніры, равеліны ды іншыя абарончыя ўзмацненні. У цэнтры прызямліўся гіганцкі карабель іншапланецян – Бабруйская лядовая арэна на 7000 гледачоў, гэта параўнальна з колішняй колькасцю гарнізона крэпасці. Непадалёк ёсць закінутая гаўптвахта, перабудаваная з езуіцкага касцёла.

Што рабіць?
Пабадзяцца па горадзе – у Бабруйску жыла вялікая габрэйская камуна, з тых часоў захаваліся дзіўныя і крутыя дамы. Калісьці горад выклікаў хвалю замілавання у рускага дызайнера і ЖЖ-юзэра Арцемія Лебедзевау сваім блогу ён пісаў пра «касцёлы, схаваныя за невыразнымі фасадамі будынкаў 30-х гадоў».

 

32. Вуліца Ленінская, горад Магілёў

Што гэта?
Павятовы горад з неблагім мінулым і сумнеўнай сучаснасцю. На пешаходнай вуліцы, былой Вялікай садовай, цяпер Ленінскай, месцяцца адразу два гарадскія палацы XVII–XVIII ст., шыкоўны тэатр і магутны касцёл Святога Станіслава – галоўны кафедральны касцёл усёй Расійскай імперыі ў XVIII ст. Крыху далей – гімназія, дзе вучыліся славуты матэматык і даследчык поўначы Ота Шміт і першы прэзідэнт Гаваяў Мікалай Судзілоўскі; тут жа – адноўленая ратуша. І гэта толькі адна вуліца.

Што рабіць?
Узяць найлепшы лапсардак, арэндаваць і начапіць значок БРСМ – і зганяць у вёску Александрыя, падзівіцца на беларускую Швейцарыю. На зваротным шляху затрымацца ў Магілёве. Пасядзець пад «Бягучай з Лаўсана» (народная назва савецкай скульптуры жанчыны, якая нібы спрабуе скіпануць з мясцовага прадпрыемства «Лаўсан»), пагуляць па цэнтры і атрымаць у сківіцу ад гопнікаў у клубе «Метро».

 

33. «Блакітная крыніца», горад Слаўгарад, Слаўгарадскі раён

Што гэта?
Самая вялікая крыніца ў Беларусі і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Варта ехаць дзеля ледзяной вады смарагдавага колеру, вядома, лячэбнай. Паводле легенды, племя радзімічаў было ахрышчынае менавіта тут.

Што рабіць?
Тут дзіка халодная вада ў любую пару – тры разы па тры, як трэба акунацца паводле традыцыі, вытрымлівае не кожны. Па дарозе не раз сустрэнуцца каларытныя знакі пра радыяцыйную небяспеку – на Магілёўскую вобласць таксама нямала прыпала. Любому турысту за шчасце каля іх сфатаграфавацца.

 

34. Палац Булгакаў, вёска Жылічы, Кіраўскі раён

Што гэта?
Адзінае ў свеце месца, дзе ампір ужываецца з сацрэалізмам. Палац Булгакаў – найвялікшы шляхецкі двор у Беларусі, які займае тэрыторыю амаль 4000 квадратных метраў. Маёнтак прайшоў праз усе войны і няблага захаваўся, і што зусім дзіўна – захаваліся парадныя памяшканні. Помнік эпохі класіцызму, палац быў пабудаваны ў першай палове XIX ст. на беразе ракі Добасны, фундатарам быў вельмі заможны шляхціц Ігнат Булгак. Тут былі свой касцёл, бібліятэка, пладовыя сады, агароды, крухмальны і цукровы заводы, вялікі млын і нават аранжарэя, якая спецыяльна рыхтавалася на замову ў Варшаве. У ёй вырошчвалі кіпарысы, пальмы, апельсіны, якія ўлетку высаджвалі ў парк.

Што рабіць?
Апельсінавыя дрэвы не захаваліся, застаецца адно што пабрадзіць па залах – іх тут 100, і кожная была аформленая па-рознаму. Экстравагантным унутраным аздабленнем займаўся вучань Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў Клабоўскі. Аднак цяпер глядзець трэба ўверх – захаваліся толькі столі і барэльефы некаторых парадных залаў. Дэкаратыўныя элементы шчодра пакрытыя пазалотай, а самі колеры цыганскія – чаго вартая адна блакітна-зялёная столь. У савецкія часы тут месціліся саўгас-тэхнікум і бухгалтэрыя – побач з анёламі трапляюцца мазаікі з Леніным. Карацей, эстэтычны аргазм вам забяспечаны.

 

Калі ў цябе ёсць што дадаць – пішы і пуляй лінкі ў дыскусію ніжэй. Кожны камент па тэме будзе бласлаўлёны рэдакцыяй.


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Мікалай Янкойць 03-06-2017, 16:41

выпраўце, калі ласка: Дубок і лясны касцёл – гэта не Смаргонскі раён, а Астравецкі. (пруф: https://www.openstreetmap.org/search?query=54.66835%2C26.36766#map=17/54.66836/26.36766)

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.