Хто аўтар? Аляксей Стрэльнікаў, 34 гады. Кандыдат навук, тэатральны крытык, арт-менеджар. Кіруе праектамі Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Акадэміі мастацтваў, з 2015-га выкладае белліт у Інстытуце журналістыкі БДУ. Рэжысёр эксперыментальнага тэатра «Галава-Нага».
Сталыя людзі баяцца маладых. Дзіўна пісаць гэта з боку «сталасці», але, сапраўды, ужо з'явілася шмат людзей, маладзейшых за мяне, і я іх пабойваюся.
Я пайшоў выкладаць з карыслівай мэтай. Я не хачу «сплачваць доўг», я скептычна стаўлюся да прынцыпаў вышэйшай адукацыі, мае аднакурснікі былі цікавейшымі за выкладчыкаў, прынамсі калі вучыўся я. «Проста будзь тым, каго табе не хапала ў юнацтве», – прачытаў я нядаўна файную думку, але праўда ў тым, што я хачу выпрабаваць сябе маладосцю. Я вырашыў пайсці насустрач сваім жахам.
Чаго б ты ні дасягнуў, рана ці позна табе прыйдзецца заглянуць у вочы маладзёна, які прыйдзе на тваё месца. Маладосць – гэта адплата.
У коле выкладчыкаў не прынята хваліць студэнтаў. Мне падабаецца тое, што кажа расійскі інтэлектуал Дзмітрый Быкаў, які шмат дзе выкладае і пра сваіх студэнтаў выказваецца заўсёды вельмі кампліментарна. Маўляў, прыйшло цэлае пакаленне, якое нагадвае загадкавых «людэнаў», людзей будучыні. Вядома ж, такой хвалебнай рыторыкай ён павышае і сваю ўласную значнасць. Які гонар быць настаўнікам кепскіх студэнтаў?
Я лічу сучасных студэнтаў разумнымі, цікавымі, але складанымі. Нельга сказаць, каб я прыйшоў да іх вучыцца, але яны лепшы і самы жорсткі спосаб правяраць свае веды і ўменні. І я не быў расчараваны. Студэнты даюць мне спёкі.
Таму зараз на ўсеагульную цікавасць да маладых я гляджу з цынічным скепсісам: «Вас тут не стаяла! Вы спазніліся!» Зрэшты, мяне гэта таксама датычыцца.
«Заўсёды на пачатку з'яўляецца адчуванне, што хвост віхляе сабакам, што свет зляцеў з катушак»
Маладосць заўсёды кіруе трэндамі. Маладыя людзі з лёгкасцю засвойваюць новыя тэхналогіі, яны першыя на караблях пад ветразямі, першыя лятаюць на самалётах, першымі запісваюць кружэлкі, першымі пасяляюцца ў тэлебачанні. Заўсёды на пачатку з'яўляецца адчуванне, што хвост віхляе сабакам, што свет зляцеў з катушак. Вось і цяперашні год пачаўся з істэрыі вакол «сініх кітоў», працягнуўся днём нараджэння Улада Бумагі, вось прашумеў батл Мірона з Гнойным, і гэта, напэўна, яшчэ не канец.
Хайп-хайп-антыхайп...
Інтэрнэт мусіў змяніць шмат. Я прачытаў вядомыя тэзісы пра маладзёнаў: не вераць на слова, гугляць замест вучэння, згладзілі розніцу між сабой, да таго ж – агромністая хуткасць змены гэтых самых трэндаў. Але ў кожнай сіле ёсць свой зваротны бок. Я заўважыў, што маіх скептычных студэнтаў няцяжка заблытаць, да таго ж яны ўнушальныя на эмацыйным узроўні. Яны добра гугляць, але з цяжкасцю арыентуюцца ў масівах дадзеных. Перад імі не так востра стаяць пытанні ідэнтычнасці, але я не бачу нейкіх вялікіх справаў, якія натоўпы фанатаў «Версуса» здзейснілі б разам...
І вось зараз я выклаў гэтыя антытэзісы, уважліва да іх прыглядзеўся і зразумеў, што, па-першае, ганю маладых так, як гэтага не збіраўся рабіць. Па-другое, я ўспомніў, як мяне раздражнялі ў юнацтве стэрэатыпы і клішэ, якія навешвалі на мяне старэйшыя, што транслявалі на нас, маладзейшых, свае ўласныя жахі перад жыццём. Па-трэцяе, у кожным са сваіх антытэзісаў я пазнаў папрокі, якія мог адрасаваць сабе і свайму пакаленню.
Мы баімся жыцця, баімся зменаў, рады абвінаваціць у іх кагосьці канкрэтнага. Маладыя заўсёды крайнія. Ужо час пакінуць моладзь у спакоі і прызнацца сабе ў сваіх страхах.
Вова Жыгачоў – пра тое, як ён займаўся бегам і чаму больш ніколі не будзе гэтага рабіць.
Журналист Onliner Александр Чернухо – про смелость, с которой нужно признать, что ты старпер. Или старперка.
Пісьменнік і мастак Аляксей Талстоў – пра Котаўку як мясцовы дэмакратычны форум і непазбежную яе абарону.
День, после которого жизнь вне Беларуси перестала существовать.
Месца пра сняданкі з раніцы да вечара.
Распавядаюць пра сябе і асаблівасці беларускага кіно.
Усе спосабы падтрымкі палітвязняў – у адным матэрыяле.
Можна глядзець бясплатна ці аформіць падпіску.