Гераіню фільма «Сёстры пратэсту» затрымалі яшчэ на 15 сутак

  • 05.02.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 3406

У нядзелю Юлю Міхайлаву – адну з гераінь нашага фільма «Сёстры пратэсту» – затрымалі зноў. Сёння ёй прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

 

Юлю затрымалі 31 студзеня ў цэнтры Менска разам з сяброўкай. Дзяўчат даставілі ў РУУС, дзе склалі пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) і арт 23.4 (непадпарадкаванне службовай асобе). Далей яны трапілі ў ізалятар на Акрэсціна. У панядзелак суд Ленінскага раёна пастанавіў адправіць справу на дапрацоўку, у сераду суддзя Марына Клімчук адправіла справу на дапрацоўку паўторна. Увесь гэты час Юля знаходзілася на Акрэсціна, а ўмовы там, мяркуючы па апошніх сведчаннях, не з простых: перадачы па-ранейшаму не прымаюць. Толькі ў пятніцу, 5 лютага, па справе было вынесенае рашэнне: 15 «сутак» па ч. 3 арт. 23.34, вытворчасць па артыкуле 23.4 была спыненая.

Раней Юля адбыла 42 дні адміністрацыйнага арышту: у Жодзіне, Баранавічах і Магілёве. У Баранавічах яна перасеклася з нашай рэдактаркай Машай Пархімчык: «Калі Юля апынулася ў Баранках, то з моманту яе вызвалення з папярэдніх "сутак" мінула ўсяго два дні, то-бок яна нават толкам яшчэ не ўзгадала, як гэта – посціць фотачкі ў інсту, піць каву ў кавярнях, абдымаць любімых людзей кожны дзень. Але і ў такой сітуацыі Юля аказалася чалавекам незламальным і аптымістычным, яна змагалася за свае правы і падтрымлівала любы варушняк, хай то быў "ручаёк" на шпацырным дворыку або флэшмоб "замры, каб наглядчык падумаў, быццам камера глючыць". Усіх людзей сістэмы, якія сустракаліся на Юліным шляху, вельмі злавала, што яна заўсёды ўсміхаецца і смяецца. Але Юля не пераставала ўсміхацца і смяяцца».

На апошніх «сутках» у магілёўскім ізалятары Юля захварэла на ковід і прайшла праз карцэр. Праз агульную эпідсітуацыю ў яе цяпер праблематычна з працай (Юля працуе ў івэнт-сферы), затрыманне сітуацыю ніяк, зразумела, не паляпшае. Юля – дзяўчына загартаваная, але вельмі перажываем за яе здароўе і псіхічны стан на фінішы гэтага цяжкага выпрабавання.

Калі хочацца падтрымаць Юлю, можна пералічыць грошы ёй на картку 5351 0412 9639 2036. Ці кідануць рэспект у дырэкт інсты @julia_belaruska.