Яўген Міхасюк

  • 07.10.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 666 0

Пагутарылі з арганізатарам адукацыйнага фэсту «Рэмара», які дае маладым беларусам магчымасць пабудаваць тую краіну, якую яны хочуць. Хаця б на чатыры дні.

 

 Герой:  Яўген Міхасюк, 24, інтэрнэт-маркетолаг, чалец Рады Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС), арганізатар розных адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў, моладзевы і студэнцкі актывіст.

 Чым займаецца:  нефармальнай адукацыяй студэнтаў.

Арыгінальная дата публікацыі – 07.10.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

Гісторыя Яўгена

– Я нарадзіўся ва Украіне. Калі мне было тры гады, мы пераехалі ў Менск. Мне з дзяцінства хацелася займацца чымсьці актыўным, напрыклад палітыкай. Я разумеў, што ў нашай краіне гэта бесперспектыўна, таму шукаў для сябе нешта іншае, прыкладна ў тым жа кірунку. Чатыры гады таму я трапіў у трэці сектар. Сябра прывёў мяне на праграму арганізацыі «Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў» (ЦРСІ) Акадэміі студэнцкага лідарства. Там я пабачыў перспектыву ў тым, каб займацца рашэннем праблем студэнтаў і рэформамі вышэйшай адукацыі.

У межах гэтай праграмы я зладзіў свой першы праект. Разам з аднадумцамі стварыў на гістарычным факультэце БДУ падпольную арганізацыю «Сенат». Яна праіснавала тры гады, і мы шмат чаго паспелі зрабіць за гэты час. Дзякуючы нашай арганізацыі ва ўніверсітэцкіх прыбіральнях з’явілася туалетная папера, мы ўсталявалі роварную паркоўку, зрабілі буккросінг на гістфаку ды адкрытыя сустрэчы адміністрацыі са студэнтамі. Нас усе-ўсе-ўсе ведалі. Пад «усе-ўсе-ўсе» я маю на ўвазе ў першую чаргу адміністрацыю. Не ўсё было ружова і добра, нас дрэнна ўспрынялі існуючыя студэнцкія арганізацыі, якія бачылі ў нас канкурэнтаў. Але якія ж мы былі канкурэнты, калі займаліся рашэннем праблем, а яны – культурна-масавымі мерапрыемствамі.

«Не ўсё было ружова і добра, нас дрэнна ўспрынялі існуючыя студэнцкія арганізацыі, якія бачылі ў нас канкурэнтаў»

У хуткім часе я далучыўся да ЦРСІ і стаў намеснікам дырэктаркі і трэнерам «Акадэміі». Асноўным кірункам нашай працы была дапамога і кансультацыя студэнтаў па розных пытаннях. Мы ладзілі «Акадэмію студэнцкага лідарства», праводзілі семінары, адукацыйныя візіты ў Літву, Польшчу, Чэхію. На працягу нашай праграмы ўдзельнікі мусілі не толькі пазнаёміцца са студэнцкім рухам у Беларусі, але і рэалізаваць свой уласны праект.

 

 

«Мы шукалі новы і незвычайны фармат, каб зруйнаваць існуючыя страхі і пазнаёміць як мага больш людзей з грамадскім сектарам»

Як стварыць Рэспубліку Мары

– У 2014 годзе я і мая сяброўка-каляжанка Аляксандра Кузьміч (пазней дырэктарка ЦРСІ) вырашылі, што трэба нешта цікавае замуціць на лета. Каб было карысна і файна, і пры гэтым зрабіць нейкі ўнёсак у трансфармацыю грамадства. Патрэбна было адшукаць цікавыя фарматы, бо лекцыі і семінары – гэта цудоўна, але гэтага Менску ўжо і так хапала.

Калі сфера тваёй дзейнасці звязана з абаронай асабістых правоў і інтарэсаў ці, напрыклад, правоў чалавека, гэта складана ўспрымаецца наваколлем. Людзі не разумеюць, дзеля чаго ім гэта патрэбна. Звычайна лічаць, што, абараняючы сябе, атрымаюць больш праблемаў, чым карысці. Улічваючы гэта, мы шукалі новы і незвычайны фармат, каб зруйнаваць існуючыя страхі і пазнаёміць як мага больш людзей з грамадскім сектарам. Гэтай новай формай стала «Студэнцкая рэспубліка». Праект нарадзіўся ва Украіне ў 90-х. У Беларусі актывісты спрабавалі зладзіць нешта падобнае ў двухтысячных, але тады не зайшло.

«Рэспубліка Мары» – «Рэмара» – гэта наш адноўлены фэст на прыродзе з адукацыйнай і нефармальнай часткай. Удзельнікі могуць наведаць лекцыі, паслухаць музыку і паралельна памадэляваць розныя сітуацыі. Асноўная фішка ў тым, што на працягу чатырох дзён ты жывеш у «Рэспубліцы», дзе існуе свой парламент і іншыя дзяржаўныя інстытуцыі, на якія ты сапраўды ўплываеш і якія існуюць не асобна ад цябе.

Мы з Сашай узялі ідэю, але шмат чаго перарабілі. Акрамя таго, што змянілі назву на «Рэспубліка Мары», вырашылі больш сфакусавацца на мадэляванні і атрыманні асабістага вопыту і практычных навыкаў. Каб моладзь магла пасля выйсці і сказаць: «Вось я цяпер ведаю, як весці перамовы». Таксама мы бачым фестываль як пляцоўку, дзе можна зразумець, чым цікава займацца: грамадскай дзейнасцю, палітыкай, бізнэсам альбо, можа, лепей працаваць два праз два на заводзе?

 

 

Складанасці, прыемнасці

– У 2014 годзе нам было вельмі складана знайсці месца. Ідэальным варыянтам бачыліся Шаблі, але мы троху баяліся. Гэта клёвая пляцоўка, дзе праводзяцца буйныя фестывалі і канцы – падавалася занадта фантастычным зладзіць наш невялічкі фэст там. Мы тэлілі на кэмпы, у санаторыі, але нічога не пасавала: ці грошай шмат патрабавалі, ці фармат не праходзіў ідэалагічную праверку. Ад безвыходнасці вырашылі патэліць на Шаблі, і высветлілася, што гаспадар хутара – вельмі круты мужчына, адэкватны і сучасны.

Першая «Рэмара» стала нашым дэбютам у арганізацыі падобных мерапрыемстваў. Не ведаю, як усе 75 чалавек выжылі ў тыя чатыры дні, бо было кепскае надвор’е, ішоў дождж. Але, нягледзячы на гэткія перашкоды, пасля нам усе казалі, што было класна. Складана ў гэта паверыць, бо для мяне асабіста тое было моцным выпрабаваннем.

Разынкай у 2014-м быў ЛАРП, які імітаваў краіну ў мініяцюры. Там існуюць законы, якім трэба падпарадкоўвацца, ёсць Канстытуцыя, якая распісвае ўклад жыцця ў краіне, ёсць Парламент, суды, выканаўчая ўлада. Ёсць грошы, за якія можна набыць ежу. Не зарабляеш грошы – не еш.

«Не ведаю, як усе 75 чалавек выжылі ў тыя чатыры дні, бо было кепскае надвор’е, але пасля нам усе казалі, што было класна»

Гэта была мадэль краіны, дзе, каб выжыць, трэба нешта рабіць. У тым ліку можна было стаць дзяржаўным службоўцам і зарабляць шмат без асаблівых высілкаў. Можна здагадацца, адкуль спісаныя правілы і ўстаноўкі.

Памятаю, гульня пайшла не так, як мы планавалі, і ў выніку амаль што ўсталяваўся камуністычны рэжым. Для мяне гэта стала вялікім непаразуменнем. Калі я рабіў «Рэмару», то ніяк не мог падумаць, што моладзь пабудуе менавіта камуністычную краіну, 2014-ы ж! Калі распавядаў сацыёлагам пра вынікі, яны казалі, што гэта вельмі слушна і паказальна: моладзь нічога не патрабуе і не хоча нічога змяняць у сучасным дзяржаўным ладзе.

 

 

«На адукацыйнай частцы закранулі шэсць тэмаў: палітыка, эканоміка, вышэйшая адукацыя, журналістыка і новыя медыя, арт-актывізм і грамадскі сектар»

Марыць – не марна

– У 2016-м годзе мы адышлі ад класічнага канцэпту мадэлявання дзяржавы: удзельнікі будавалі краіну па Орўэле. Гульня была больш сур’ёзнай, бо ўмовы сэтынгу больш жорсткія. Добра, што абышлося без ахвяр.

Яшчэ адна навінка: мы падзялілі мадэляванне (гульню ў ЛАРП) і фестывальную частку. Такі падыход дапамог наведнікам сканцэтравацца на чымсьці адным. Таму тры дні ў нас была толькі гульня, а на чацвёрты – астатняе. Такі падыход спрацаваў: мадэляванне атрымалася больш глыбокім, чым падчас першага этапу. Адна з дзяўчат настолькі ўжылася ў ролю, што нават захапіла ўладу і кінула свайго хлопца за краты.
Мы запрасілі класныя гурты «Один в каное», Akute, El Dorado. І ў гэты раз наш фестываль наведала яшчэ больш людзей. Было больш за 200 чалавек.

На адукацыйнай частцы закранулі шэсць тэмаў: палітыка, эканоміка, вышэйшая адукацыя, журналістыка і новыя медыя, арт-актывізм і грамадскі сектар. Мы вырашылі, каб раскрыць нейкую тэму, трэба некалькі гадзін. Таму імкнуліся падабраць не толькі выдатных экспертаў, але і выдатных асобаў. Атрымаўся гэткі фармат, дзе выступалі цікавыя людзі са сваімі гісторыямі: праваабарончая група з Магілёва «Праўныя дырэктары», стваральніца арт-праекту Vulica Brazil Міла Котка, заснавальнік пабліка «Чай з малінавым варэннем» Ігар Кот і іншыя. Кожны мог абраць тое, што цікава менавіта яму, і пайсці пазнаёміцца з гэтым чалавекам, паслухаць яго і задаць пытанні.

 

 

Пра ўласныя мары

– Калі шчыра, то мы хочам зрабіць так, каб моладзь пасля нашага фестывалю сказала: «Блін, а шмат ж чаго цікавага адбываецца!» – і вырашыла нешта рабіць сама. Пасля «Рэмары» 2014 года шмат хто трапіў у «Акадэмію студэнцкага лідарства», у экаактывізм альбо ў праваабарончую дзейнасць. І мы былі гэтаму вельмі радыя, бо сектар атрымаў свежыя сілы, новы погляд на праблемы і магчымасць развівацца, расці.

Я веру, што калі моладзь навучыцца мадэляваць сваю маленькую краіну мары ў межах аднаго хутара, то ў будучым мы здолеем пабудаваць краіну мары і ў межах усёй Беларусі. Як кажуць, думай глабальна – дзейнічай лакальна!

«Калі шчыра, то мы хочам зрабіць так, каб моладзь пасля нашага фестывалю сказала: “Блін, а шмат ж чаго цікавага адбываецца!” – і вырашыла нешта рабіць сама»

«Рэмара» паспяхова прайшла ў 2014, 2016, 2017 гадах. У 2018 годзе фэст адбыўся 28 кастрычніка пад назвай «Generation Y̆: фестываль новай генерацыі». Арганізатары абяцаюць, што назва «Рэмара» вернецца наступным разам. Праект застаецца некамерцыйным.

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by latishka

КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ