Якія ініцыятывы фіксуюць новую гісторыю і дапамагаюць салідарызавацца?

  • 19.01.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 4322

На хвалі мірных пратэстаў у Беларусі з'явілася мноства ініцыятыў, якія дакументуюць тое, што адбываецца, і даюць эфектыўныя інструменты салідарызацыі. Ініцыятывы, якія існавалі да лета 2020-га, таксама ўключыліся ў працу па актуальных вектарах. Мы зрабілі сістэматызаваную падборку такіх карысных штук, якую зручна трымаць пад рукой. Многія спасылкі адкрываюцца толькі праз VPN-праграмы – Psiphon і Tachyon табе ў дапамогу.

 

 Інфармацыя пра выбары 2020-га 

 

  Дзе пачытаць пра фальсіфікацыі?

Падрабязную справаздачу апублікавала платформа «Голас». Яе каманда сабрала больш за паўмільёна пратаколаў, якія даказваюць, што выбары ў краіне прайшлі несумленна. Дадзеныя па канкрэтных участках зручна шукаць непасрэдна на карце.

 

  Дзе пачытаць пра злачынствы дзяржаўных службоўцаў?

Факты збірае Адзіная Кніга Рэгістрацыі Злачынстваў. Тут даступная інфа пра катаванні ў ізалятарах на Акрэсціна, гвалт у РУУС, пагром вітрыны менскай кавярні і пра тых канкрэтных людзей, якія да гэтага датычныя.

 

  Дзе знайсці інфармацыю пра суды над «палітычнымі»?

Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы ажыццяўляе праект Zubr. Незалежнае расследаванне парушэнняў з боку сілавікоў і суддзяў вядзе праект 23.34. Апошні таксама публікуе розную цікавую аналітыку: пра тых, хто пратэстуе, пра факты фізічнага гвалту і іншае.

 

  Хто дакументуе новую гісторыю?

Медыяпраект «Кожны дзень» піша штодзённы летапіс барацьбы беларусаў за свае правы: можна ўспомніць падзеі кожнага дня пачынаючы з 9 жніўня і пагрузіцца ў яго атмасферу. Крышталізавана пачытаць пра гвалт сілавікоў можна на сайце спецыялізаванага праекта «Август2020». Дакументы, якія пацвярджаюць факты гвалту ў жніўні-верасні, даследавала каманда «Медыязоны» — вынікі даследавання апублікаваныя ў інфаграфіцы.

 

 

 Пратэсты і бізнэс 

  Якія брэнды падтрымалі мірны пратэст?

Праект «Брэнды з народам» абяцае апублікаваць такую інфармацыю, калі гэта будзе бяспечна. Пазбягаць прадукцыі ад брэндаў, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, дапамагае дадатак «Крама» для iOS і Android.

 

  Хто збірае інфармацыю пра ціск на бізнэс?

Праект «За дело!» дакументуе гісторыі ўласнікаў бізнэсу, топ-менеджараў і радавых супрацоўнікаў кампаній прыватнага бізнэсу, правы якіх парушылі праз іх палітычныя перакананні.

 

 

 Падтрымка палітвязняў 

  Дзе знайсці актуальныя адрасы?

На сайце ПЦ «Вясна». На сайце politzek.me разам з адрасамі можна запазычыць ідэі таго, як падтрымаць вязня сумлення не толькі лістом.

 

  Як адправіць ліст анлайн?

Праз валанцёраў ініцыятывы «Майстэрня паштовак салідарнасці», сэрвісы письмо.бел або «Письма в клеточку» (апошні зручны тым, што не давядзецца пакідаць перснальныя дадзеныя, а адказ адскануюць і дашлюць на электронную пошту).

 

 

 Аб'яднанне аднадумцаў 

  Як пазнаёміцца з суседзямі?

Знайсці раённы чат на карце чатаў.

 

  Дзе шукаць прафесійныя суполкі?

Рабочых для абароны сваіх правоў аб'ядноўвае чат-бот «Завод», студэнтаў – чат-бот «Універ», дзяржаўных служачых – чат-бот «Дыялог з Народам».

 

  Як сабраць каманду?

Калі ў цябе ёсць ідэя ўласнага грамадзянскага праекта і табе патрэбныя светлыя розумы і ачумелыя ручкі, вэлкам на пляцоўку «Перамен».

 

 

 Дапамога і скаргі 

  Куды адпраўляць грошы?

Можна ўсталяваць праграму для ўзаемадапамогі Digital Solidarity на смартфон і данаціць фондам або падтрымліваць пацярпелых адрасна (можна наладзіць пушы, якія будуць паведамляць табе пра чалавека, якому патрэбная дапамога).

 

  Каму прапанаваць працу або навучанне?

«Хуткая ўзаемадапамога» збірае гісторыі людзей, якія пацярпелі за свае палітычныя погляды і пазбавіліся працоўнага месца або перспектывы атрымання дыплома ў ВНУ, якому прысвяцілі нейкі час.

 

  Дзе знайсці юрыста, псіхолага, лекара пацярпеламу(-ай)?

На пляцоўцы Probono.by.

 

  Як паскардзіцца на дзеянні ўладаў?

Калі трэба без адваката абскардзіць умовы ўтрымання ў ІЧУ, адключэнне інтэрнэту і іншыя парушэнні правоў з боку дзяржаўных органаў, зручна выкарыстоўваць сэрвіс Генератар скаргаў. Гатовы дакумент можна падаць асабіста, па пошце або ў электронным выглядзе.

Фота: palasatka