Як я стаў акадэмікам

Вова Жыгачоў працягвае аўтарскую серыю «Як я…» і гэтым разам распавядае пра тое, як паспяхова перажыць крызіс самаацэнкі ў берлінскім універы пасля менскага «ін’язу» і не згубіць сябе.

 

Скончыў універсітэт, атрымаў дыплом. Дыплом надрукаваны на звычайным лісце фармату А4. Хаця б дзеля гэтага варта было кідаць менскі «ін’яз» і паступаць у Свабодны ўніверсітэт Берліна: эрганамічны нямецкі дыплом ідэальна падыходзіць, каб павесіць яго ў стандартнай рамцы з «Ікеі». Я не ўяўляю, як мае былыя аднагрупніцы з «ін’язу» злаўчаліся запхнуць свае дыпломы-кніжачкі ў рамкі ці нават падцерціся імі.

Я ж магу спакойна зрабіць з ім і тое, і тое. Але справа не ў тым, што мой дыплом бескарысны і я правёў некалькі гадоў марна, прашароўваючы штаны. Зусім не!

Першы семестр у Freie Universität запомніўся мне вельмі глыбокім крызісам маёй самаацэнкі. Упершыню ў жыцці я адчуў сябе ідыётам. Каб лічыцца інтэлектуалам у школе і «ін’язе», дастаткова было глядзець Бергмана, слухаць панк і чытаць кнігі. На першы погляд, ва ўніверы я мусіў быў быць не горшым за іншых. Толькі аказалася, што я чытаў «Лаўца ў жыце», а яны – Адорна.

Гэтыя малакасосы, учорашнія школьнікі, прыходзілі ва ўнівер не для таго, каб раздаць флаеры на вечарыну ў катэджы, а каб пачытаць «Трыстана» на сярэдневерхненямецкай і прапанаваць свой варыянт перакладу. Яны з самага пачатку семестра рыхтаваліся да іспытаў, хадзілі на неабавязковыя туторыумы і лекцыі.

На курылцы справы ішлі не нашмат лепш. У «ін’язе» я прывык кожны перапынак выслухоўваць захапляльныя гісторыі пра тое, хто з кім пераспаў і каго чым заразіў. А тут кажу камілітону: «Я на выходных ездзіў у Варшаву – клёвы горад!» А ён мне: «Так, там вельмі моцная школа германістыкі». На іспыт ён прыйшоў з дзедаўскім будзільнікам і паставіў яго на стол перад сабой, каб сачыць за часам.

«Каб лічыцца эстэтам у школе і «ін’язе», дастаткова было глядзець Бергмана, слухаць панк і чытаць кнігі»

Семінары фармальна нагадвалі ток-шоу. Роля мадэратара-прафесара заключалася ў тым, каб каардынаваць дыскусію гасцей-студэнтаў і не даваць ёй перарасці ў спрэчку. Большасць гэтых ток-шоу ішлі быццам на нейкай аднаму мне незразумелай мове. Будучыя кіназнаўцы перакідвалі шалікі за плячо і адзін за адным гаварылі бясконцыя прамовы, перапоўненыя філасофскімі тэрмінамі і гучнымі імёнамі, відавочна, аднаму мне невядомымі.

Час ішоў. Нейкім чынам я ўмудраўся здаваць экзамены на адзнакі вышэй сярэдняга і пісаць нядрэнныя курсавыя. Потым у маёй галаве стаў паступова складвацца пазл. З 40 маладых кіназнаўцаў у аўдыторыі толькі двое глядзелі хрэстаматыйны Rear Window Хічкока. Падчас рэфератаў на сцяну аўдыторыі праецыраваліся сцэны з фільма «Аватар» і кліпы Тэйлар Свіфт, а абмеркаванні таго, да якога жанру аднесці той ці іншы фільм Спілберга, ішлі настолькі горача, што некаторыя здымалі свае шалікі.

Тады я падумаў: можа, я і не ідыёт зусім? Можа быць, мэта гуманітарнай універсітэцкай адукацыі ў тым, каб навучыцца пустазвоніць – прыгожа і недаступна гаварыць пра простыя рэчы?

Прыкладна ў той жа час я трапіў на адкрытую лекцыю Ай Вэйвэя. На сцэне сядзелі шэсць прафесараў-мадэратараў з Універсітэта мастацтваў. Па цэнтры паміж імі – сам мастак. Прафесар са швэдрам на плячах замест шаліка спытаў нешта кшталту: «Скажыце, часам больш – гэта менш, а менш – гэта больш, хіба не?» Ай папрасіў перакладчыка паўтарыць пытанне, а затым здзіўлена адказаў: «Не, чаму? Больш – гэта больш, а менш – гэта менш». Мужчына ў швэдры-шаліку пачырванеў і ветліва пахіхікаў. Аўдыторыя смяялася і апладзіравала, а нехта нават устаў.

Калі я зразумеў, у чым сутнасць маёй адукацыі, вучыцца стала лягчэй. Я не адчуваў сябе ідыётам і больш актыўна ўдзельнічаў у дыскусіях, хоць большасць маіх прасцяцкіх рэплік суправаджаліся лагодным смехам. Я нават пачаў атрымліваць задавальненне ад наведвання некаторых семінараў і лекцый.

«Можа быць, мэта гуманітарнай універсітэцкай адукацыі ў тым, каб навучыцца пустазвоніць – прыгожа і недаступна гаварыць пра простыя рэчы?»

А потым я паступіў у магістратуру. Мяне прынялі пры ўмове, што да канца першага семестра скончу бакалаўра. Як заўсёды, я цягнуў да апошняга, а потым напісаў дыпломную працу на каленцы за паўтары тыдня. Фраў прафесар доктар пагадзілася яе праверыць і паабяцала зрабіць гэта за два тыдні. Аднак прайшло два месяцы. Я чакаў, пісаў лісты і не атрымліваў адказ. Некалькі разоў на дзень я правяраў, ці не паставілі мне адзнаку, і ўжо збіраўся нават скардзіцца, толькі не знайшоў каму. У прафесара няма дэдлайнаў, у яго ёсць толькі шмат спраў: даследаванні, сустрэчы, сімпозіумы, лекцыі. І ўсё – пустая балбатня.

Я зненавідзеў акадэмікаў больш, чым у першым семестры, і быў ужо гатовы сказаць у твар: «Ведаеце, фраў прафесар доктар, ішлі б вы лепш на завод працаваць!» Але фраў прафесар доктар выратавала мяне ад такой ганьбы і ў апошні момант паставіла адзнаку. 1,0. Вышэйшы бал!

Вось тут я паглядзеў на акадэмічную супольнасць іншымі вачыма і стаў з гонарам прылічаць сябе да яе! А калі хтосьці скажа мне, што я дармаед і што лепш бы заняўся справай, я пакажу дыплом і адкажу: «Магу сабе дазволіць! Не дзеля гэтага я вучыўся пяць гадоў!»

Мяне паўнавартасна прынялі ў магістратуру. Цяпер у нас канікулы. Я збіраюся з’ездзіць у Вену: там вельмі моцная школа кіназнаўства.

 


КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ