Як уладкаваная «Медыязона»?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 28.06.2019
- 4229
27 чэрвеня ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў здарылася адкрытая сустрэча з Сяргеем Смірновым – галоўным рэдактарам «Медыязоны», круцейшага расійскага СМІ пра суды, праваахоўныя органы і турэмную сістэму. 34mag прабіўся на гэты аншлаг-івэнт, каб выведаць, як уладкаваныя такія вузканішавыя медыя.
Кароткая даведка: «Медыязона» нарадзілася ў 2014 годзе. Заснавалі яе ўдзельніцы гучнага панк-калектыву Pussy Riot Надзея Талаконнікава і Марыя Алёхіна. Тэматыка СМІ першапачаткова пазначалася як «суды, турмы, арышты, прысуды, бунты ў зонах, палітычныя крымінальныя справы, злачынствы ў пагонах, лёсы зняволеных». Такой жа яна засталася і цяпер. На старце рэдакцыю склалі чатыры магутныя журналісты(-кі): Сяргей Смірноў, Алена Шмараева, Ягор Скаварада і Марыя Клімава. Выдаўцом «Медыязоны» з моманту заснавання і па гэты дзень выступае Пётр Вярзілаў. Гэтага чалавека ўсе, у каго ёсць доступ у інтэрнэт без бацькоўскага кантролю, ведаюць па акцыях арт-групы «Вайна».
Як «Медыязона» абрала сваю нішу?
У маленькай камандзе нельга прэтэндаваць на вялікую грамадска-палітычную павестку, таму адразу было вырашана засяродзіцца на вузкай тэме – тэме судоў.
Расійская ўлада выкарыстоўвае крымінальны пераслед як спосаб вырашыць любую праблему. Гэта ўжо ўстояны «стыль». Просты прыклад: Аляксей Навальны набірае папулярнасць – з'яўляюцца дзве крымінальныя справы супраць яго.
Мадэль стала распаўсюджвацца не толькі на апазіцыю, але і на любых «непажаданых». Кожны сёмы мэр у Расіі сёння знаходзіцца пад крымінальным пераследам. Праходзяць суды над сілавікамі, дзеячамі мастацтва, прадпрымальнікамі. З актуальнага – серыя ператрусаў па аўтасалонах «Рольф», уладальнік якіх дапамагаў у арганізацыі мітынгаў на Балотнай яшчэ ў 2011 годзе.
Па факце, працуючы з тэмай судоў, «Медыязона» піша пра рэальнае грамадска-палітычнае жыццё краіны.
Як выбіраліся фарматы?
Класічны судовы рэпартаж ужо не актуальны. Усё самае цікавае з суда журналісты і актывісты тут жа транслююць у твітар, і праз тры гадзіны чытаць рэпартаж ужо нікому не трэба – усе ўсё абмеркавалі. Таму яшчэ да запуску праекта вырашана было весці тэкставыя анлайн-трансляцыі з судоў.
Анлайны дазволілі «Медыязоне» вельмі хутка ўвайсці ў топ-15 цытаваных СМІ Расіі. На яе спасылаюцца самыя аўтарытэтныя выданні краіны.
Праблема анлайнаў толькі ў тым, што не ўсе пасяджэнні па-сапраўднаму цікавыя. Так, на працэсе супраць Аляксея Навальнага па справе «Іў Рашэ» пракурор на працягу некалькіх гадзін аб'яўляў нумары кошт-фактур. І наадварот, на працэсе супраць былога міністра эканамічнага развіцця РФ Аляксея Улюкаева быў зачытаны запіс ягонай гутаркі з кіраўніком «Раснафты» Ігарам Сечыным, якая ўзарвала інтэрнэт.
Першапачаткова было вырашана адмовіцца ад калонак і іншых жанраў, праз якія выражаецца нейкае меркаванне. Чытач «Медыязоны» зробіць высновы з матэрыялаў крымінальных спраў і інфармацыі аб тым, як ідуць судовыя працэсы. «Наша формула: усё прыкладна зразумела».
Каментары ў цэлым залішнія. Напрыклад, калі настаўнікі збіралі школьнікаў і праводзілі з імі гутаркі перад выбарамі, «Медыязона» проста выклала ў сетку 10-15 запісаў з дыктафонаў навучэнцаў без усялякіх каментароў. «Гэта размова 1970 году з 2010-м. Тут і так усё ясна».
Іншы важны жанр – маналог. Нікому не цікавыя рэплікі журналіста, таму ўсё, што можна ператварыць у маналог, у яго ператвараецца. Самыя папулярныя маналогі – пра тое, як уладкаваныя сілавыя ведамствы знутры.
У навінах на «Медыязоне» не бывае клікбэйтных загалоўкаў. Чытач павінен з загалоўка атрымаць усю інфармацыю. «У выбары паміж клікабельнасцю і рэпутацыяй мы выбралі рэпутацыю. Наша пазіцыя – не раздражняць».
Адкуль бярэцца інфармацыя?
Першая крыніца – званкі з месцаў зняволення. «Дзякуючы» карупцыі пра ўсё, што адбываецца ў турмах і СІЗА, можна даведацца са званкоў.
Другая крыніца – адвакаты, у якіх ёсць доступ у турму. Яны могуць даць якія-небудзь дакументы.
Трэцяя крыніца – грамадска-назіральныя камісіі (ГНК), там, дзе яны не «падмянтоўныя» (гэта прыкладна ¼ па краіне). Напрыклад, пра катаванні ў гучнай справе «Сети» стала вядома менавіта дзякуючы ГНК.
«Медыязона» не стварае кантэнт са слоў сваякоў або адвакатаў. «Мы не верым словам, мы верым напісанаму на паперы».
Крыніцы-інсайдары не выкарыстоўваюцца. У Расіі яны скампраметаваныя. З імі могуць якасна працаваць медыя накшталт як Bloomberg і Reuters, якія ідуць па старым правіле дзвюх крыніц і могуць пацвярджаць артыкул па месяцы або больш.
Каментары ведамстваў не запытваюцца. Па сутнасці, тое, што напісана ў дакуменце, – гэта і ёсць пазіцыя ведамства.
Нібыта «інсайдарскія» тэлеграм-каналы «Медыязона» не выкарыстоўвае. Рэдакцыя ўпэўненая, што гэта прапаганда, а рэальных супрацоўнікаў у такіх крыніцах – мінімум. «Гэтыя каналы створаны, каб ствараць бачнасць інсайдаў. Рынак тэлеграм-каналаў кантралюецца адміністрацыяй прэзідэнта і сілавымі структурамі. Няма там інсайдаў, а калі нешта з'яўляецца, то гэта выключэнне, якое пацвярджае правіла».
Як атрымалася дамагчыся поспеху на краўдфандынгу?
Каб «Медыязона» магла выжываць і пашырацца, ёй трэба прыцягваць грошы ад чытачоў. Класіка манетызацыі для медыя – гэта Paywall. Аднак тут пытанне пра Paywall нават не стаяла: гэта было немагчыма з-за тэматыкі. «Наогул людзі, якія гатовыя плаціць за тое, каб пад “замочкам” пачытаць пра “катаваннечкі”, выклікаюць пытанні». Варыянт накраўдфандзіць аднаразовым зборам таксама не падыходзіў: ён добры для крытычнай сітуацыі (напрыклад, калі трэба выплаціць велізарны штраф).
«Медыязона» паставіла перад сабой задачу накраўдфандзіць на пастаянных плацяжах чытачоў 500 тысяч расійскіх рублёў (каля € 7000) у месяц.
Кампанію трэба было старанна прадумаць. «Па факце ты можаш грошы сабраць толькі адзін раз, шанцаў з другога разу практычна няма».
Краўдфандынг запусцілі ў снежні 2017-га. У першы ж дзень кампанія была анансаваная ва аўтарытэтным выданні «Ведамасці». У першы тыдзень каля 25 апініян-мэйкераў штодня выкладвалі ролікі з заклікам падпісацца на «Медыязону». На другім тыдні быў выпушчаны мерч пад лозунгам «Будзе горш». Мерч быў наўмысна дарагім, аднак асноўная яго задача была не зараблянне грошай, а прыцягненне ўвагі да кампаніі.
У выніку: ужо да новага, 2018 года «Медыязона» выйшла на 500 тысяч расійскіх рублёў штомесячных плацяжоў. Цяпер яе падтрымліваюць 3125 падпісчыкаў. Штомесячны збор – больш за 1 200 000 расийскіх рублёў (каля € 16700). Такая сума дазволіць медыя ў крытычнай сітуацыі выжыць на адным толькі краўдфандынгу.
Якія прынцыпы «Медыязоны»?
«Медыязона» не ўступае ў канфлікты ў сацыяльных сетках і не выступае маральным камертонам. Кожны журналіст можа выступаць за нешта сам па сабе, але не ад усёй рэдакцыі. «Медыязона» – гэта медыя. «Табе будзе цяжка напісаць аб'ектыўны матэрыял, калі ты займаешся актывізмам. Гэта адбіваецца на якасці».
«Медыязона» захоўвае нейтральнасць, нават калі травяць яе выдаўца. Толькі адзін выпадак стаў выключэннем: гэта справа Івана Галунова. Сітуацыя была выключнай, паколькі, па-першае, раней так паводзіцца з журналістамі вядучых СМІ было не прынята, а па-другое, Галунову пагражала да 20 гадоў пазбаўлення волі – фактычна гэта як заказ на забойства.
«Медыязона» падтрымала Галунова, але не збіраецца займацца актывізмам далей.
«Медыязона» не цкуе калег. Нават калі «Камерсант» скапіпасціў поўны тэкст паказанняў з суда над Улюкаевым, «медыязонаўцы» не сталі раздзімаць вялікі канфлікт.
Існуе ўнутраны гайд аб тым, як пісаць матэрыялы. Але ў ім няма асаблівых стоп-слоў. Хоць тут не стануць перадрукоўваць прэс-рэліз СК з фармулёўкай «ліквідаваныя», таму што па факце гэта «забітыя».
Галоўны галаўны боль рэдакцыі – перапісванне «ментамовы».
Пісаць «Беларусь» ці «Белоруссия» – кожны журналіст вырашае для сябе сам. Пазіцыя рэдакцыі: абодва напісанні дапушчальныя, а напаўняць выказванні палітычнымі сэнсамі тут не збіраюцца.
Інфармацыя з сайта проста так не выдаляецца. Аб любой недакладнай інфармацыі чытача апавяшчаюць.
Каб пазбегнуць выгарання, журналістам даюць больш часу на адпачынак. Навіноўцы працуюць чатыры дні на тыдзень. Ні з каго не выціскаюць усе сокі. Рэдакцыя працуе не на 100%. І дэдлайн тут не смерць.
Фота: www.yuga.ru