Як пратэстуюць Баранавічы?

Аўтазакі з Менска ўсё часцей рухаюцца на рэгіёны – цяпер у Баранавіцкім СІЗА ўтрымліваецца шмат беларусаў з самымі рознымі прапіскамі. Аднак Баранавічам не ў навіну: падчас жнівеньскіх пратэстаў тут набівалі «палітычнымі» цэлыя камеры. Мы пацікавіліся, ці захоўваюць баранавічане імпэт і гордасць, якія заўсёды былі ўласцівыя характару горада.

 

Яўген Жураўскі

анархіст

«Мой удзел у пратэсце пачаўся з таго, што мы паставілі апаратуру для першых двух мітынгаў аб’яднанага штабу. Адзінай умовай з нашага боку была магчымасць свабоднага мікрафона, каб усе маглі выказацца. Сама ідэя выбараў як анархісту мне не падабаецца, але я падумаў, што было б нядрэнна дапамагчы людзям. Магчыма, яны жадаюць не тых зменаў, што хачу я, але яны ў любым выпадку пазітыўныя для грамадства.

На мітынг 2-га жніўня мы прыйшлі не проста паглядзець, а прыйшлі са сваёй пазіцыяй, са сваімі плакатамі: “Наш кандыдат – самакіраванне”, “А без прэзідэнта слабо?” і “Наш выбар – прамая дэмакратыя”.

Як вядомы мясцовым спецслужбам актывіст, я разумеў, што, хутчэй за ўсё, пасля таго як мы выйдзем з плакатамі, нас забяруць. На здзіўленне, ніхто не затрымліваў – “Нічога сабе, лібералізацыя ў Беларусі?” Я спакойна з'ехаў у Менск, адкуль даведаўся, што іншая група анархістаў правяла несанкцыянаваны пікет у Баранавічах на наступны дзень.

9-га жніўня. Ужо не працуе інтэрнэт. Мы збіраемся ў горадзе невялікай кампаніяй – не ў самым цэнтры, наводдаль. Нас пяцёра, да нас набягаюць “касманаўты”, і адразу ж пачынаецца: “А што вы тут робіце?” Іх начальнік – па тэлефоне: “Так, пяць хлопцаў коратка стрыжаныя, у цёмных шмотках”. Вяртаецца, просіць назваць прозвішчы, нас забіраюць.

Мы былі першыя ў ГУУС. Была цікавая размова з супрацоўнікам крымінальнага вышуку: “У пікеце анархістаў ўдзельнічаў?” – “Так, удзельнічаў”. – “Ну, зараз пойдзем пратакол афармляць”. – “А за што? Ён быў санкцыянаваным”. – “Як санкцыянаваным?” – “Мы былі анархісцкім блокам з плакатамі на пікеце Ціханоўскай”. – “Дык я табе не пра 2-е жніўня, а пра 3-е”. – “А я трэцяга быў у Менску, можна запрасіць відэа з камер метро”.

 

 

Нас пратрымалі ў ГУУС дзесьці да дванаццаці. Пазней, калі нас падводзілі да ІЧУ, мы зразумелі, што затрымалі не толькі нас. Нас адправілі ў камеру, дзе сядзелі яшчэ два гарадскія актывісты. Адзін гадамі займаўся арганізацыяй роварных пакатушак у горадзе, і ў яго была слоўная дамоўленасць з гарвыканкамам: яны ладзяць пакатушкі, а гарвыканкам потым ставіць сабе “птушачку” – і нічога ўзгадняць не трэба. Калі ж у Менску пачаліся акцыі пратэсту на роварах, то па ім ударыла: ён запосціў інфармацыю пра чарговы выезд, і за гэта яму далі 10 сутак.

У панядзелак увечары на нас складалі пратаколы. У першыя дні затрымання ніхто не складаў пратаколы, ніякіх апытанняў не было: шмат людзей – яны не спраўляліся. Проста заводзілі ў кабінет, там сядзеў супрацоўнік і паказваў шаблоны, раздрукаваныя на А4. Яны ідэнтычныя, ва ўсіх адзін і той жа адрас затрымання: Леніна, 2. Але затрымалі нас на вуліцы Савецкай.

На наступны дзень быў суд. Судзілі проста ў будынку ІЧУ. Я і мой таварыш адразу ж заявілі хадайніцтва аб пераносе разгляду справы ў сувязі з неабходнасцю наняць адваката і азнаёміцца з матэрыяламі справы. Суддзя пры нас выклікала начальніка ІЧУ і спытала, як зрабіць званок, каб дамовіцца з адвакатам, і гэта нас вельмі здзівіла: я чакаў, што нам адмовяць. Калі дазволілі наняць адваката, было крыху надзеі, што адпусцяць на трэція суткі.

 

«“Давайце зараз не будзем ладзіць гэты цырк”. – “Добра, 15 сутак, да пабачэння”»

 

9-га мы збіраліся каля майстэрні, дзе працуе наш знаёмы, ён здымаў наша затрыманне. Усе сведкі казалі, што затрыманне было на Савецкай, было хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы відэазапісаў з цэнтра горада, відэазапісу, які зняў наш знаёмы, потым я ўжо асобна запытаў відэазапіс з камеры з гэтай майстэрні. Усе хадайніцтвы аб відэазапісах суддзя адхіліла.

У канцы яна з гэтым сваім звычайным: “Суд ідзе…”, а я: “Давайце зараз не будзем ладзіць гэты цырк. Вы ведаеце, колькі сутак я атрымаю, я таксама ведаю, колькі вы мне дасце, давайце скончым”. – “Добра, 15 сутак, да пабачэння”.

Да пятніцы мы сядзелі ў будынку ІЧУ. У пятніцу нас павезлі на СІЗА. Мы сядзелі ў старым корпусе, стайні XVII стагоддзя. Смяяліся яшчэ: сядзім як анархісты ў пачатку стагоддзя ў Расійскай імперыі – умовы тыя ж. 14 месцаў, 24 чалавекі, 8 матрацаў. Гэта быў вельмі цікавы досвед: я прывык сядзець з палітычнымі, калі іх два-тры, а тут – усе.

Саступалі месца адзін аднаму, каб паспаць. Усе разбіліся па інтарэсах: спартсмены качаюцца, у цэнтры пацаны чыфір п'юць, нехта курыць каля вакна. Я веган і сядзеў з двума таварышамі-вегетарыянцамі. Калі пра гэта даведаліся, усю гародніну пачалі аддаваць нам. Пастаянна прыносілі перадачкі, і ў нейкі момант мы ўжо практычна крычалі: “Забярыце туалетную паперу і аддайце каму-небудзь іншаму: яе зашмат”. Для мяне як для анархіста было вельмі важна, што такі ўзровень узаемадапамогі і салідарнасці.

Тых, з кім я сядзеў, затрымлівалі на подступах да плошчы або на адходах. Там было шмат людзей, якія проста жывуць у цэнтры. Хлопец проста выходзіў з аўтобуса – яго падхапілі пад рукі і павялі ў машыну.

У нядзелю пачалі адпускаць тых, у каго было сем сутак. Нам кажуць: “Збірайце рэчы, пераязджаем у іншую камеру”, а потым: “Не раскладвайце рэчы, можа, сёння паедзеце дадому". Нас падводзяць па двое да кабінетаў, і мы з сукамернікам чуем: “Падпішыце, гэта аб вызваленні”. У майго сукамерніка вочы сталі шырэйшыя за акуляры: што здарылася ў краіне, калі нас выпускаюць раней за тэрмін?

 

 

Я выйшаў з пакетамі, без шнуркоў, усе мае рэчы на другім канцы горада. Глядзім з таварышам: заўтра людзі збіраюцца пад гарвыканкам. І я пытаюся: “Што, рэчы забяром і туды?” І ён кажа: “Не, яшчэ зойдзем у суд скаргу напішам, а потым туды”. Вельмі ўразіла, што ў судзе былі валанцёры, якія дапамагалі пісаць скаргі і рыхтаваць дакументы.

Калі паехалі па рэчы, таксіст спытаўся: “Учора адпусцілі?” І пачаў расказваць пра тое, што адбывалася ў горадзе. Прыязджаем да ГУУС, пытаюся: “Колькі з нас?” А кіроўца кажа: “Не трэба”. У Баранавічах я вельмі часта сутыкаўся з гэтым. У нас няма сваёй машыны, і вельмі часта мы вазілі апаратуру для мітынгаў на таксі. І вельмі часта таксісты казалі: “Нічога не трэба”.

Наступнае ўражанне не такое вясёлае: прыязджаем у цэнтр і бачым, што пад гарвыканкамам ўсяго чалавек 200. Калі ведаеш, што за дзень да гэтага тут было 10 тысяч, то бачыць 200 чалавек было вельмі сумна.

На наступны дзень жыхары падрыхтавалі дакумент для мэра. Ініцыятыўнай групе, якая занесла ліст мэру, прапанавалі зайсці ў кабінет і абмеркаваць. Яны адмовіліся: калі мэр хоча абмеркаваць дакумент, то ён можа выйсці на вуліцу да грамадзян. Мэр не выйшаў.

На наступны дзень людзі ехалі на прахадную авіярамонтнага завода, які не працаваў у пятніцу. Потым рамонтнікі завода выходзілі падчас абеду і станавіліся ў ланцугі салідарнасці – да таго моманту, пакуль ім не пачалі прыходзіць позвы. У Баранавічах сярэдні ўзрост пратэстоўцаў – гадоў 45, мо крыху больш. У нас тыповая для беларускай правінцыі сітуацыя, калі працы практычна няма, перспектыў ніякіх няма. Большасць маіх знаёмых альбо звалілі з краіны, альбо з'ехалі ў сталіцу. І лепшы спосаб супакоіць любы бунт – сказаць: “Спадарства, мы вас звольнім”. Улічваючы, што знайсці ў Баранавічах працу з добрым заробкам вельмі складана, гэта вельмі дзейсны метад.

Цяпер частка пратэстоўцаў сышла ў двары – мінімум два раёны збіраюцца стабільна. Мерапрыемствы змогуць зноў стаць больш масавымі, калі дваровыя ініцыятывы дадуць штуршок для аб'яднання і людзі пачнуць больш давяраць адно аднаму, а не высвятляць, хто з іх ціхар, а хто – не».

 

 

Сеня Лукашэня

студэнтка, фатографка

«Калі сябры не з Беларусі пытаюцца пра мае справы, то дзівяцца, як праходзіць мой дзень. Зараз збіраешся, едзеш у СІЗА з передачкай, едзеш у суд на паседжанне, пасля гэтага ідзеш на анлайн-пары, а потым неяк бавіш свой вечар. Калі па выходных ачапляюць плошчу і там ходзяць хлопцы ў шлемах, то гэта ўжо “ну, так, нічога незвычайнага”.

Гэта былі мае першыя выбары, і я ўпэўнена павяла ўсю сям'ю галасаваць 9-га. У абед адключылі інтэрнэт, і мы зразумелі, што нешта адбудзецца. Увечары я ішла па вуліцы, чула воплескі і думала: хтосьці так дзіўна – феерверкамі – святкуе выбары. Потым я даведалася, што гэта былі святлошумавыя гранаты.

У першую ноч, калі мы з сябрамі выйшлі ў краму, там стаяла пажылая жанчына і распавядала, як кідалі гранаты пад ногі маладым людзям, якія ўсталі на плошчы ў счэпку. Узнікла нечаканае пачуццё яднання: быццам ёсць сувязь з усімі ў горадзе, быццам гэта тычыцца сапраўды ўсіх.

Першы ланцуг салідарнасці ў Баранавічах з'явіўся праз пару гадзін пасля таго, як жанчыны ў белым выйшлі ў Менску. Міліцыя паразмаўляла з жанчынамі, дазволіла дайсці да пэўнага месца, пакласці кветкі і разысціся. У першыя дні жанчын не чапалі абсалютна, і я намагалася фатаграфаваць усё, каб можна было адпраўляць фатаграфіі ў СМІ і паказваць, што адбываецца ў Баранавічах.

Пасля гэтага для мяне ўсё падсціхла, бо бацькі не вельмі станоўча глядзяць на мяне побач з пратэстамі. Яны ніколі не былі палітычна актыўнымі людзьмі, але цяпер усе сталі вымушаны быць палітычна актыўнымі. Я ўся такая маладая, зялёная, з палымяным сэрцам, а бацькі казалі, што я не думаю пра іх і пра сваю будучыню, бо мяне не выпусцяць за мяжу на вучобу, калі зловяць на мітынгу. Ёсць моцны ўплыў праўладных СМІ: нейкі час мой бацька быў упэўнены, што на мітынгах 30% – гэта малалеткі і наркаманы. Потым з'явілася больш інфармацыі, але мяне ўсё роўна садзілі перад сабой і казалі, што яно таго не вартае. Бацькі не верылі, што пратэст можа нешта змяніць, і верылі, што так я хутчэй загублю сабе жыццё. Яны супраць гвалту, але паміж “вызваленнем народа” і мной, якая можа патрапіць у СІЗА пасля мітынгу, бацькі выбіраюць маю фізічную бяспеку.

 

«Узнікла нечаканае пачуццё яднання: быццам гэта тычыцца сапраўды ўсіх»

 

Майго знаёмага забралі з працы і пасадзілі на 12 сутак. У яго актыўная пазіцыя, ён знаёмы з актывістамі горада, але ён ні разу не выходзіў на пратэсты. Узялі фота з менскага пратэсту, сказалі, што на фота ён, – і асудзілі. Было вельмі падобнае пачуццё, калі на ўроках гісторыі чыталі пра 30-я гады XX стагоддзя: да цябе могуць прыйсці і забраць з дому, а сваякі нават не будуць ведаць, дзе ты. Я даўно перастала насіць “трывожны заплечнік” з цёплымі рэчамі, таблеткамі і іншым, але ўсё роўна доўгі час намагалася апранацца як мага больш практычна, нават калі проста выходзіла гуляць з сябрамі.

Насіць любыя апазнавальныя знакі – белую стужачку ці нешта з бчб – нават у першыя дні, калі былі затрыманні, было не так страшна, як цяпер. Потым стала страшна. Людзі працягваюць хадзіць з нейкімі адметнымі знакамі, але, напрыклад, калі ў кавярні нешта з бчб, нават проста стужачкі, сілавікі магу проста зайсці і сказаць: “Здыміце”. І раней сілавыя структуры не выклікалі асаблівага захаплення, а цяпер разумееш, што, напэўна, гэты чалавек мог кагосьці збіваць паўтара месяца таму.

У горадзе з'яўляецца шмат стыкераў і графіці, гэта таксама падтрымлівае інфармацыйна. Раней, калі камунальнікі зафарбоўвалі сцены, ты не ведаў, што пад фарбай: лаянка ці дурны малюнак. Цяпер, калі бачыш на сцяне бледна-фіялетавы прастакутнік фарбы, то адразу разумееш, што там было. Як быццам гэта ніхто і не зафарбоўвае. Калі яны марнуюць фарбу, каб зафарбаваць “3%” на сцяне, значыцца, яны ўсё яшчэ пра гэта хвалююцца».

Фота: Юля Мiронава, www.intex-press.by