Як пратэстуе Магілёў?

Сёлета Магілёў цалкам абверг стэрэатып, што ён «магіла». Пачынаючы са збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты і да сёння людзі актыўна выходзяць на вуліцы, каб паказаць, што яны ёсць і што размаўляць з імі трэба. Каб ты адчуў(-ла), як горад адраджае сваё пасіянарнае мінулае, мы пагутарылі з Воляй Семчанка з драмтэатра, дзе ўпэўнена выказваюцца супраць несправядлівасці, з Аляксандрам Балберавым, які праз сваю грамадзянскую пазіцыю страціў пасаду ў музеі імя Масленікава, і з Сяргеем Пехцеравым, які арганізаваў дзейнасць валанцёраў пад ІЧУ на Крупскай.

 

Воля Семчанка

кіраўніца літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра

«Калі адбыліся выбары, я і мае сябры – актывісты суполкі Беларускія народныя танцы ў Магілёве, некаторыя ўдзельнікі Таварыства беларускай мовы – сабраліся разам у горадзе проста паразмаўляць пра тое, што адбываецца. Сярод нас быў прафесійны экскурсавод Алег Дзячкоў, старшыня філіі Таварыства беларускай мовы ў Магілёве, і мы вырашылі зрабіць гэта ў форме экскурсіі. Алег мае ліцэнзію, дазвол на такую дзейнасць.
 
Ленінская вуліца – пешаходная, папулярнае гарадское месца адпачынку. І да экскурсіі далучаліся тыя, хто адпачываў там у гэты час. У канцы вуліцы нас сустрэлі людзі ў чорным – я не ведаю, як іх правільна назваць: міліцыянты або амонаўцы, бо яны не мелі апазнавальных знакаў. Яны перагарадзілі нам шлях каля “Зорнай плошчы” і сказалі: “Ідзіце назад”. Мы развярнуліся – і ўбачылі такі самы шэраг людзей у чорным.

Усіх мужчын з гэтай экскурсіі затрымалі і павезлі ў розныя РАУС. Праз дзень былі суды – і ўсім затрыманым далі па некалькі сутак. Камусьці – трое, камусьці – болей.

Паўночы мы шукалі зняволеных сяброў, калег. Тое, што не было інтэрнэту, сыграла для мяне нават нейкую пазітыўную ролю: калі ты тэлефануеш сябрам, родным, то яны даюць табе інфармацыю, якой ты дакладна верыш. Інфармацыйнай блакады не атрымалася – атрымаўся інфармацыйны дэфіцыт, а ён яшчэ больш распаліў інфармацыйны голад. За гэты час мы болей навучыліся будаваць гарызантальныя сацыяльныя сувязі, нават не маючы сацсетак. І болей людзей зразумела, што трэба выходзіць на вуліцы.

Мы падтрымлівалі сваіх зняволеных – пісалі лісты, збіралі перадачы, дзяжурылі пад мурамі ІЧУ на вуліцы Крупскай, падымалі рэзананс у прэсе. Я зрабіла ўсё магчымае, каб апавясціць калег – праз СМІ, праз сацыяльныя сеткі. Была падтрымка з боку нашых замежных калег. Лісты дасылалі з Грузіі, Украіны, Арменіі, Расіі.

Сярод іншых арыштавалі актора і рэжысёра нашага тэатра – Уладзіміра Пятровіча, які, дарэчы, на той момант займаўся выпускам прэм’еры – спектакля “Гэта ўсё яна” паводле п’есы Андрэя Іванова, беларуска-расійскага драматурга. Калі б яго затрымалі надоўга – мы б, магчыма, не выпусцілі спектакль.

11 жніўня мы, супрацоўнікі Магілёўскага драмтэатра, з дапамогай актывістаў праваабарончага цэнтра “Вясна”, прафсаюза і юрыста нашага тэатра напісалі зварот да пракурора Магілёва, дзе выклалі ўсе абставіны і растлумачылі, што наш рэжысёр затрыманы неабгрунтавана і што мы за яго можам паручыцца. Пад ім падпісалася большая частка калектыву – 80 чалавек. 12 жніўня я адвезла гэты ліст у пракуратуру.

Уладзіміра Пятровіча выпусцілі праз трое сутак знаходжання пад арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд быў канвеерны. А як можна абараніць сябе, калі ўвесь працэс ідзе тры хвіліны? Дарэчы, толькі 1 верасня Пятровіч паказаў мне пастанову суда, якую яму далі. Прайшло два ці больш тыдні пасля таго, як яго выпусцілі, а чалавек толькі цяпер атрымаў рашэнне суда!

Мы выпусцілі прэм’еру. На першым паказе Уладзімір Аляксеевіч выступіў перад гледачом, сказаў, што нам усім трэба ўмець весці дыялог.

15 жніўня мы пісалі адкрыты ліст разам з калектывам музея Масленікава. Мы накіравалі яго на даступныя адрасы розных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі. У лісце мы заявілі, што асуджаем гвалт, незаконныя дзеянні праваахоўнікаў, просім вярнуць павагу да нашых правоў і спыніць пераслед актывістаў. Гэта быў даволі мяккі ліст – яго падпісалі 62 чалавекі з нашага калектыву (усіх супрацоўнікаў 120) і 13 чалавек з музея Масленікава (з усіх 35). 16 жніўня апублікавалі відэазварот ад часткі нашага калектыву, дзе патрабуем спыніць гвалт і расследаваць усе выпадкі парушэнняў закону. 21 жніўня мы напісалі яшчэ адзін зварот.

«Мы болей навучыліся будаваць гарызантальныя сацыяльныя сувязі, нават не маючы сацсетак»

Мы бачым, што дыялогу з дзяржаўнымі ўстановамі не атрымліваецца: адрасы міністэрстваў унутраных спраў, аховы здароўя, юстыцыі, працы і сацыяльнай бяспекі, інфармацыі аказаліся недаступныя – лісты вяртаюцца назад, хаця гэтыя адрасы выкладзеныя на іх афіцыйных сайтах.

Трэці ліст падпісалі толькі 26 чалавек з нашага калектыву. Ён быў больш востры: там было сказана не толькі пра гвалт, але і пра сістэматычнае парушэнне нашых правоў, пра несправядлівыя выбары – і мы заклікалі дзяржаўныя структуры спыніць гэтыя гвалтоўныя працэсы. Мабыць, ліст стаў апошняй кропляй, пасля якой да нас прыехаў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Сяргей Сільвановіч і старшыня Упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Стэльмашок.

Стэльмашок расказаў пра тое, як фінансуецца сістэма культуры, і з яго слоў вынікала, што мы як супрацоўнікі бюджэтнай сферы павінны быць лаяльнымі да дзейснай улады. Пракурор сказаў, што дзеянні міліцыі ён лічыць законнымі, і заклікаў не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Узнікла дыскусія: што лічыць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам? Тым болей калі нас затрымліваюць падчас экскурсіі і праваахоўныя органы даводзяць: “Вы пад відам экскурсіі праводзілі мітынг”.

У Магілёве менш колькасканыя акцыі, чым у Менску, але для Магілёва гэта подзвіг, бо ён досыць заціснуты бюракратычны горад. Зараз узгадваецца славутае пасіянарнае мінулае горада. Многія кажуць пра тое, што трэба выходзіць з гербам і сцягам горада – і я іх ужо бачыла».

 

 

Аляксандр Балбераў

былы намеснік дырэктара абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, загадчык аддзела навукова-выдавецкай дзейнасці і маркетынгу

«Калі дырэктар і намеснік дырэктара камунікуюць адно з адным, тут ёсць кулуарныя моманты, дзе абмяркоўваецца тое, што можа быць не вынесенае на ўсеагульную нараду. І мне было расказана, што на закрытай нарадзе Міністэрства культуры было аддадзенае распараджэнне ціснуць у зародку пратэсныя настроі ў калектывах, выяўляць парушальнікаў, сачыць за калектывам, у выпадку чаго выклікаць міліцыю. І мне было сказана: трэба глядзець за калегамі, быць, вобразна кажучы, “стукачом”. Тады я прама сказаў дырэктару, што не хачу ў гэтым удзельнічаць. На гэта мне адказалі, што не трэба спяшацца і трэба падумаць. Дырэктар у гэты момант з'ехала ў камандзіроўку – я сабраў калектыў і распавёў, якая сітуацыя склалася, што я не хачу ў гэтым удзельнічаць і хаваць ад іх тое, што павінна было быць ім агучана. Я лічу, што калі такая размова ў Міністэрстве культуры насамрэч адбылася, то трэба было сабраць калектыў і распавесці ўсё людзям, а не мне аднаму, каб за спінай людзей не вырашаць іх лёс.

На той сустрэчы з супрацоўнікамі музея паспела рашэнне напісаць калектыўны ліст на імя начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама на тэму тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў краіне, з нагоды таго, што гэта ненармальна, калі на вуліцах беларускіх гарадоў страляюць у людзей, калі пераследуюцца творчыя калектывы. Таксама ў дадзеным звароце была выказана думка пра салідарнасць з пазіцыяй калектыву Купалаўскага тэатра і Магілёўскага абласнога тэатра драмы, нашых калег па сферы культуры. У гэты ж дзень і сфатаграфаваліся з надпісам “Мы супраць гвалту”. Падкрэслю, што фота мы рабілі не ў працоўны час, але потым мне ставілася ў правіну, што я выкарыстаў будынак музея з палітычнымі мэтамі ды яшчэ і ў працоўны час. Гэта не палітыка. Гэта пазіцыя любога неабыякавага чалавека, які не можа заставацца ўбаку.

Далей мы палічылі важным падтрымаць калег з драмтэатра і затрыманага рэжысёра Уладзіміра Пятровіча. У адказ старшыня ўпраўлення культуры наведаў наш калектыў і сказаў: “Навошта вы за гэтага рэжысёра напісалі ліст? Вы што, знаёмыя з ім?” А якая розніца, знаёмыя мы з гэтым чалавекам ці не, калі ясна, што яго затрымалі абсалютна неправамерна?

Пасля гэтага мне было прапанавана сысці па пагадненні бакоў альбо па артыкуле. Па якім – не ўдакладнялася, аднак пачаўся ціск: мяне абвясцілі завадатаем незадаволенасці ў калектыве, адхілілі ад праектаў да Дня беларускай пісьменнасці ў Бялынічах. Дырэктар адзначыла, што да мяне больш няма даверу ні ў яе, ні ў начальніка ўпраўлення культуры, якога я дыскрэдытаваў сваім дэмаршам падчас сходу працоўнага калектыву: я сапраўды проста сышоў са сходу, калі пачуў вядомыя тэзы пра аплачаныя Захадам акцыі пратэсту, пра мітынгоўцаў, сярод якіх 40% дзеці. Прабачце, я адукаваны чалавек і ў мяне ёсць вочы!

«Я сышоў са сходу, калі пачуў вядомыя тэзы пра аплачаныя Захадам акцыі пратэсту, пра мітынгоўцаў, сярод якіх 40% дзеці»

Я таксама атрымаў своеасаблівы вопыт, таму што затрымалі майго стрыечнага брата. Ужо ўвечары аказалася, што брат знаходзіцца ў Чэрыкаўскім ІЧУ, бо не хапала месца, каб утрымліваць людзей. Да гэтага я быў пад Ленінскім РУУС, пад судом Ленінскага раёна – і быў побач з масай выдатных людзей. Я сустрэў настаўнікаў, айцішнікаў, працоўных з прадпрыемстваў – там збіраецца даволі разнамасная публіка. І пакуль я стаяў пад судом, нават не чуў ніводнага мату.

На маім апошнім працоўным тыдні быў мітынг у падтрымку дзейнай улады ў Магілёве, дзе выступалі першыя асобы вобласці. Было ўказанне з кожнай установы культуры вызначыць супрацоўнікаў, якія туды пойдуць, – і з нашага калектыву туды пайшло толькі чатыры чалавекі разам з дырэктарам.

24 жніўня былі маім апошнім працоўным днём. Я гісторык з адукацыі, і тое, што адзінаполюснае меркаванне азначае застой, не выклікае ніякіх сумневаў. Толькі ў разнастайнасці поглядаў, магчымасцяў можна дамагчыся значнага прагрэсу.

Калі я быў студэнтам, былы дэкан гістарычнага, а цяпер гісторыка-філалагічнага факультэта сказаў мне такую фразу: “Вы вучыцеся ў бюджэтнай установе – вы не маеце права крытыкаваць уладу”. І, на жаль, людзі, якія працуюць у бюджэтнай сферы па змоўчанні пазбаўленыя права выбару. З людзьмі не размаўляюць – іх угаворваюць, на іх ціснуць, прыходзяць на сходы ў калектывы з загадзя нарыхтаванымі тэзісамі пра праплачаных удзельнікаў акцый, пра пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Гэта не дыялог.

Падчас “дыялогу” са старшынёй упраўлення культуры яму паступалі пытанні датычна гвалту сілавых структур, якое адбывалася на вуліцах гарадоў. На гэтыя пытанні нам было сказана, што БелТА пра гэта нічога не пісала. Атрымліваецца, калі БелТА і іншыя афіцыйныя крыніцы пра гэты не пішуць, то ўсяго гэтага няма?»

 

 

Сяргей Пехцераў

дызайнер, вядучы тэлеграм-канала LOSQUE

«У сакавіку з'явілася відэа затрымання Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. Яго затрымалі прама з машыны, без прад'яўленння дакументаў. Калі без прычын у горадзе вось так забіраюць людзей, то гэта званочак, на які трэба рэагаваць, таму я выйшаў пад ІЧУ, каб даведацца, дзе знаходзіцца зніклы чалавек.

Потым пачаліся зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты – і я здзівіўся, што ў Магілёве, каб аддаць свой подпіс, становіцца чарга, а за вечар можа сабрацца і 2000 подпісаў, хоць яшчэ ў сакавіку пад турму выйшла 100 чалавек, прычым 50 з іх прыехалі падтрымаць нас з Менска.

Падчас выбараў я быў назіральнікам. Да дзясятай гадзіны вечара выбаршчыкі разам з намі чакалі пратакол, які ў выніку так і не вывесілі. І мы паехалі ў цэнтр выказваць сваю незадаволенасць. Цэнтр горада быў перакрыты, інтэрнэту не было. У панядзелак я паехаў пад суд дазнавацца, ці ёсць там сярод затрыманых мае знаёмыя. Такога ніколі не было: усе ІЧУ і турмы перапоўненыя, людзей вазілі ў Бялынічы, Шклоў, Дрыбін. Зыходзячы з гэтага, можна казаць, што лічба затрыманых была значна больш, чым 374, што нам агучылі.

Пазагалосна ў нас была абвешчаная “каменданцкая гадзіна” з 18:00, а потым з 21:00. Цэнтр горада па-ранейшаму перакрываўся, стаяла вялікая колькасць сілавікоў. Вуліцы Першамайская і Піянерская, якія ўтвараюць гістарычны цэнтр горада, проста перакрываліся, пускалі толькі грамадскі транспарт. А людзям, якія хацелі прайсці ў горад, не давалі сабрацца ў групы больш за тры чалавекі, адразу грузілі ў аўтобусы.

«Пачала прыязджаць вада, пачалі прыязджаць гарачыя пірагі, нехта прывозіў бутэрброды, нехта – салодкае, нехта прыйшоў і аддаў канверты»

Калі з'явіліся жаночыя калоны з кветкамі, мы валанцёрылі пад ІЧУ. Каб перадаць рэчы, рабілі талончыкі – пісалі ў агульным сшытку і раздавалі нумары. Там прымалі адну-дзве перадачкі ў гадзіну. Людзям патрэбная была дапамога: падмяніць, пастаяць у чарзе, даць вады, гарачы чай, мінімальна накарміць.

Спачатку я паехаў да ІЧУ дзеля таго, каб заняць чаргу да свайго знаёмага, а потым паглядзеў, што там вельмі сумна, і вырашыў падтрымаць людзей. Раніцай паехаў з раздрукаванымі аркушамі паперы: напісаў, што і дзе складваць, каб мінімальна арганізаваўся працэс дапамогі, пакінуў спасылку на канал валанцёраў-правааабаронцаў. Мы завялі тэлеграм-чат, у якім можна было паведамляць нумар чаргі, каб людзі марна не стаялі пад спякотай ці дажджом.

Толькі павесіў паперкі – і панеслася. Пачала прыязджаць вада, пачалі прыязджаць гарачыя пірагі, нехта прывозіў бутэрброды, нехта – салодкае, нехта прыйшоў і аддаў канверты першага класа, каб можна было перадаваць лісты. На паўэрбэнках падпісвалі нумары тэлефонаў, пакідалі і з'язджалі. Я не магу палічыць колькасць валанцёраў і назваць усіх па імёнах. Усё працавала само, я толькі сартаваў і перадаваў.

14 жніўня пачалі масава адпускаць людзей, і раптам з горада прыйшла калона сустракаць затрыманых. Калі людзі выходзілі з ІЧУ і турмы №4, то яны ўздымалі вочы, знаходзілі сваіх родных, а потым падымалі галаву вышэй – і бачылі тысячу чалавек. Гэта было нешта: іх радасць, захапленне, здзіўленне.

У Магілёве няма ніводнага бастуючага прадпрыемства. У завадчан ёсць незадаволенасць, але яны не гатовыя ахвяраваць камфортнымі ўмовамі працы. Штодзённыя пратэсты заціхлі, бо людзей зноў пачалі здымаць на камеру, штодня вылоўліваць. І да гэтага часу адвозяць у РУУС, ладзяць тлумачальныя гутаркі, кагосьці адпускаюць, кагосьці не адпускаюць».

Фота: Vadim Sadovski