Як пратэстуе Гомель?

Гомель у мінулыя месяцы не адставаў ад іншых абласных гарадоў па ўзроўні грамадскай актыўнасці. А каб зірнуць на тое, што адбывалася ў горадзе вачыма саміх гамельчукоў, мы пагутарылі са Святланай Кароль, гомельскай вела-лэдзі, якая правяла 5 сутак у ІЧУ, Наталляй Суславай, якая выйшла пікетаваць на ганак свайго ВНУ, і Яўгенам Малікавым: ён замест выставы, над якой працаваў два гады, трапіў наўпрост у ІЧУ.

 

Святлана Кароль

пенсіянерка, актывістка, вела-лэдзі Гомеля

«У гомельскіх тэлеграм-каналах існуе мноства чатаў, дзе ўсе абменьваюцца думкамі. Пасля таго як у Менску людзей заблакавалі ў Чырвоным касцёле, я вельмі абуралася. І ў адным з такіх чатаў я пакінула паведамленне, што па краіне будуць праходзіць акцыі каля касцёлаў, і напісала, па якім адрасе ў нашым горадзе знаходзіцца касцёл. Я апублікавала гэты пост – і роўна праз гадзіну па мяне ў вёску, дзе я тады знаходзілася, прыехала міліцэйская машына. Сказалі, што для складання пратаколу. Я дарослая жанчына, мне 59 гадоў, у мяне няма шчытападобнай залозы, таму я ўвесь час прымаю лекі. І калі я спытала, ці ўзяць мне нейкія рэчы і лекі з сабой, мне адказалі: «Бярыце». Так я зразумела, што я буду затрыманая.

Я паспела напісаць паведамленне праваабаронцы з “Вясны” і сваім сябрам. Таму атрымалася так, што мы яшчэ не паспелі ад'ехаць і 15 кіламетраў ад вёскі, а “Моцныя навіны” і TUT.BY ужо паведамілі, што затрымана Святлана Кароль. Супрацоўнікі міліцыі вельмі здзівіліся гэтаму. Дарэчы, такая агалоска змяняе стаўленне да цябе: мне нават прапаноўвалі каву, пакуль складалі пратакол.

Са мной абыходзіліся ветліва і спакойна, але ўсё роўна ўсё, што адбываецца, – гэта пэўны стрэс, і я адчула сябе дрэнна. Мне выклікалі хуткую дапамогу і па выніку адвезлі ў інфекцыйную бальніцу. Доктар у бальніцы дала распіску супрацоўнікам міліцыі, што паведаміць ім пра дату маёй выпіскі. Таму на выпіску ў панядзелак па мяне прыехалі не мае сваякі, а супрацоўнікі ў цывільным адзенні. А маю выпіску аддалі ім, а не мне.

Мяне адразу пасадзілі ў машыну без нумароў і павезлі ў суд. Адваката выклікаць доўга не дазвалялі, а калі дазволілі, аказалася, што ён ужо проста не паспее прыехаць. Суд быў вельмі хуткім – мне прысудзілі 20 базавых за заклікі да супрацьпраўных дзеянняў.

«Я апублікавала гэты пост – і роўна праз гадзіну па мяне ў вёску, дзе я тады знаходзілася, прыехала міліцэйская машына»

6 верасня я паехала ў госці да сына ў Мінск. Я ўбачыла, як шмат людзей на вуліцы на нядзельным Маршы – і як шмат спецтэхнікі. Мяне вельмі гэта ўразіла. Як я магла не апынуцца ў калоне гэтых прыгожых і гордых людзей, якія жартуюць, спяваюць песні і выкрыкваюць “Жыве Беларусь!”? Я сфатаграфавалася з плакатамі і сцягам і, вядома ж, выклала гэта ва ўсе свае акаўнты.

Прайшоў тыдзень, я вярнулася дадому. У пятніцу а 19-й выйшла ў пад'езд, каб закаціць ровар, – і ўбачыла супрацоўніка міліцыі пад сваімі дзвярыма. Цяпер мне прад'явілі абвінавачванне за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Мяне затрымалі – я правяла ў ІЧУ пятніцу, суботу, нядзелю і палову панядзелка. Нейкіх спецыяльных зневажанняў там не было, але сама сістэма выбудаваная так, каб зневажаць годнасць чалавека. Бясконцыя ператрусы, камеры, прагулкі ў каменнай кішэні з небам у клетачку, ежа, якую нельга назваць ежай. З гігіенай таксама ўсё дрэнна: рукамыйніца з халоднай вадой і ўнітаз знаходзяцца ўсяго ў метры ад ложка.

Гэтым разам мне прысудзілі 30 базавых. Я паводзіла сябе вельмі спакойна, але пасля ўсіх гэтых падзей у мяне пагоршылася здароўе і з'явіліся дэпрэсіўныя настроі. На наступны Марш справядлівасці я не пайшла, таму што проста не знайшла сіл зноў пайсці. Тым больш горад у нас невялікі і я заўсёды навідавоку. А я не сумнявалася, што мяне зноў могуць забраць: нашы актывісты, якія пару дзён назад выйшлі з ІЧУ, зноў былі затрыманыя.

На маіх блізкіх цяпер таксама аказваюць ціск. Зяць атрымаў позву ў суд, дзе яму прысудзілі 10 базавых толькі за тое, што ён здымаў мітынг работнікаў завода Гомсельмаш. Дачку выклікалі за ўдзел у гэтым жа мітынгу, хоць па факце яе там не было: у гэты час яна была на працы. Праўда, цяпер ужо прыйшла папера, што справа спыненая з-за адсутнасці доказаў. Але я бачу ў гэтым усім ціск асабіста на мяне».

 

 

Наталля Суслава

літаратуразнаўца

«Калі 9 жніўня з'явіліся байцы АМАПу і ўнутраных войск, я была на вуліцы. Яны ўсталі ўпоперак вуліцы, а я адразу пачала азірацца па баках. Там побач са мной былі дужыя маладыя хлопцы, і я была ўпэўненая, што зараз мы станем у счэпку. Але тут усе пабеглі, а я стаю пасярод вуліцы і нікуды не бягу. Гэта быў такі сюр: байцы пачалі мяне аббягаць і гнацца за хлопцамі, як за нейкай дзічынай.

На 10-е, пасля таго як паглядзела стрымы з брутальных разгонаў у Менску, з раніцы я пайшла ў аптэку і сабрала сумку медыкаментаў. Тры наступныя дні я хадзіла з сумкай, дзе ёсць усё для аказання першай дапамогі. Але, на шчасце, не было такога выпадку, каб мне прыйшлося ёю скарыстацца.

Ужо напрыканцы першага тыдня каля цырку людзей сабралася меней, чым звычайна. І яны аніяк не былі абазначнымі. Ну што, стаяць вось так? Я прыходжу, бяру заплечнік – і пачынаю даставаць бчб-сцяг, бо трэба неяк пазначацца: хто мы і з якой нагоды тут. Супрацоўнікі міліцыі мяне сфатагравалі – больш нічога. Але да мяне падышлі з ліку пратэстоўцаў: “Вось вас зараз затрымаюць, а ў нас будзе стрэс”. Я гэтага не зразумела: навошта тады мы прыйшлі сюды?

Я думала пра сваю працу: калі пачнуцца заняткі ў студэнтаў, як я буду іх праводзіць? У мяне зусім іншае ў галаве цяпер, а трэба не страчваць кантроль, трымаць дыялог у аўдыторыі. Першая лекцыя ў мяне была “Эпоха постмадэрну”. Пра што пачынаюць казаць, калі гавораць пра эпоху постмадэрн? Пра студэнцкую рэвалюцыю ў Парыжы 1968 года, канешне. Вельмі надзённа.

«Тры наступныя дні я хадзіла з сумкай, дзе ёсць усё для аказання першай дапамогі. Але, на шчасце, не было такога выпадку, каб мне прыйшлося ёю скарыстацца»

ВНУ запусцілі зварот да сваіх рэктаратаў. Студэнты, выкладчыкі, выпускнікі – усе падпісвайцеся. Гэты зварот такі бясшкодны: спыніць гвалт, асудзіць… Там няма нічога такога рэвалюцыйнага наогул. Я падпісалася недзе праз тыдзень, а была па спіcе толькі 77-й. Што гэта такое? Чаму так мала людзей падпісалася?

Я думала: які жах, ніводны ВНУ нікуды не выходзіць. Ну ладна, вырашылі: калі студэнты не выходзяць – давайце выйдзем мы, выпускнікі. Чакала, што нас будзе неяк чалавек 20: “Мы прыяднаемся, мы прыяднаемся!” У панядзелак раніцай да гістарычнага корпуса ўніверсітэта на ганак нас прыйшло чацвёра. Мне вельмі “падабаліся” выкладчыкі, якія змянялі траекторыю свайго руху, каб нас абысці далей – відаць, каб нашыя чорныя цені на іх не падалі. Вось так пастаялі мы да пачатку заняткаў і пайшлі.

Адміністрацыя наконт маіх паводзін размаўляе чамусьці з дэканам факультэта, нібыта я нейкая недзеяздольная. Мне вельмі непрыемна – калі яны хочуць выказаць нешта наконт маёй пазіцыі, хай кажуць уласна мне».

 

 

Яўген Малікаў

гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык

«Тое, што мяне хутка забяруць, я адчуваў ужо даўно – пытанне было толькі калі, як і за што. 11 верасня, у той дзень, калі мяне забралі, у мяне пралася кашуля. Перад выхадам з дома я падумаў, што магу не вярнуцца, калі адыду – і кашуля проста згніе. Прыйшлося дапраць. Я не памыліўся – вярнуўся праз пяць дзён. Цяпер я ўжо не магу дазволіць сабе паставіць варыцца суп і выйсці на 20 хвілін у краму, таму што я зноўку магу не вярнуцца, і тады прыгоды суседзям будуць гарантаваныя як мінімум на паўвечара.

Калі мяне забралі пад домам, я ішоў на адкрыццё фотавыставы, над канцэпцыяй якой мы з калегам працавалі два гады. Я быў адзеты ў гарнітур, гальштук, адпрасаваную кашулю – у той кашулі я спаў усе наступныя пяць дзён.

Гэтае адчуванне сваёй безабароннасці ўносіць карэктывы ў паўсядзённае жыццё. Няма гарантыі, што заўтра мяне не забяруць зноў. Таму зараз, выходзячы з дома, пачынаеш задумвацца, куды ж запіхнуць зубную шчотку, мыла і ручнік, бо хто ведае, ці я вярнуся ў бліжэйшыя дні?

Калі два міліцыянты ў штацкім мяне забралі, я папрасіў патэлефанаваць. Мне сказалі: “Нельга”. – “Слухайце, у мяне кошка сядзіць на балконе. Можна я брату патэлефаную і скажу, каб ён пакарміў кошку?” – “Нельга”. – “Чаму?!” – “Таму што слова “кошка” можа быць кодавым”. Блін… Я еду з вамі ў машыне, я не супраціўляюся – якое кодавае слова, што яно можа азначаць? “Захоплівайце горад”?

Увечары мяне і яшчэ трох такіх жа затрыманых прывезлі на ІЧУ. У камеры на чатыры чалавекі два дні я быў адзін. У суботу ўвечары прывезлі яшчэ двух чалавек, якіх затрымалі за п’янку. Ноччу з нядзелі на панядзелак пачалі засяляць пратэстоўцаў з Марша – дабавіліся яшчэ двое.

Раніцай у панядзелак нас адвезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе першапачаткова афармлялі яшчэ ў пятніцу – цяпер там быў выязны суд. Заводзяць у кабінет, просяць прадставіцца: “Вам такое абвінавачванне за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве, згодны з абвінавачаннем?” – “Не, не згодны”. – “Суд разгледзеў прадстаўленыя доказы і пастанавіў арыштаваць вас на 5 сутак”. Мой суд заняў літаральна 3-4 хвіліны.

«Калі ты больш не баішся быць арыштаваным і страціць працу – страчваеш і свой страх. І робіш, і кажаш тое, што думаеш. Гэта і ёсць свабода»

Сярод людзей, якім былі прысуджаныя суткі, выпадкова апынуўся мой знаёмы. На тым тыдні ён быў на Маршы, яму далі колькі сутак, ён іх адсядзеў: “У гэтую нядзелю я ж не збіраўся ўвогуле ісці!” Пайшоў ва ўнівермаг памяняць грошы, і тут яго забралі. У яго пакет з дзіцячымі маляванкамі, у яго самакат… Чалавек з пакетам цацак і самакатам ідзе на мітынг – гэта нонсэнс. Але яму далі 10 сутак. А ў яго маці, якой 80 гадоў, – і яна амаль ходзіць. У яго пачалася паніка, ён ходзіць кругамі і бясконца паўтарае: “Я ж не быў на тым мітынгу! Я ж выпадкова там апынуўся – я грошы ў абменніку мяняў!” Я падышоў да міліцыянткі, патлумачыў сітуацыю: “Гэта можа быць катастрофа, вам трэба гэта нейкім чынам вырашаць”. Яна адразу заварушылася, сказала, што паедуць да маці ўчастковы і яшчэ нехта, і калі што – прызначаць сацработніцу, якая будзе даглядаць. Вельмі спадзяюся, што тут яны выканалі свае абяцанні.

Па выхадзе на працу я ўбачыў столькі падтрымкі ад калег! Ад людзей, якіх я ведаў толькі візуальна, ад абсалютна чужых людзей – столькі добрых слоў, я нават не чакаў! Разоў пяць мне прапанавалі дапамогу ў аплаціце штрафу – але ў мяне там таго штрафу толькі 54 рублі за гасцінічныя паслугі ІЧУ.

Калі я вярнуўся на працу, адразу ж адбылася грунтоўная размова з адміністрацыяй – дастаткова шчырая, абсалютна карэктная, у час якой я меў магчымасць выказаць 90% сваіх думак аб нашай лакальнай агра-феадальнай сітуацыі. Шмат якія рэчы ім былі не вельмі прыемныя, але яны вымушаны былі гэта выслухаць і, прынамсі, у час размовы неяк на гэта рэагаваць. Не думаў раней, што можна будзе абмяркоўваць такія пытанні.

З мяне ўвесь час спрабавалі выцягнуць нейкія абяцанні нешта не рабіць, нават камічнымі спосабамі. Мне кажуць: “Трэба не дапусціць, каб нашы студэнты патрапілі пад раздачу, каб з імі нешта здарылася, мы жа нясём за іх адказнасць, трэба зберагчы іх здароўе. Вы з гэтым згодны?” Я такі: “Так, канешне!” – “О, дык вы зараз нам абяцаеце, што…” – “Э, не! Я вам нічога не абяцаю, а маё “канешне” азначае, што я згодны з тым, што вы сказалі за хвіліну да гэтага”. У першую чаргу дабіваліся ад мяне абяцання не ўцягваць студэнтаў “у палітыку” – не размаўляць з імі на гэтую тэму, не агітаваць іх кудысьці. Але я ўжо 16 год працую са студэнтамі і для сябе яшчэ ў першы год працы аддзяліў мух ад катлет: я іх вучу свайму прадмету, а не агітую на палітычныя тэмы – праца асобна, палітычныя погляды асобна. А свой палітычны выбар яны зробяць самі, які ім будзе бліжэй.

Гэтыя дурацкія абвінавачванні і прэтэнзіі так надакучылі, што я прамым тэкстам сказаў: “Давайце па заканадаўстве: калі гэтая сітуацыя з’яўляецца афіцыйнай прычынай майго звальнення – звальняйце, калі не з’яўляецца – не звальняйце, а я зараз пайду праводзіць свае заняткі”. Бо калі ты больш не баішся быць арыштаваным і страціць працу – страчваеш і свой страх. І робіш, і кажаш тое, што думаеш. Гэта і ёсць свабода, свабода ад страху прыгоннага селяніна. І тады пачынаеш інакш размаўляць з людзьмі. У рэшце рэшт я працягваю працаваць там, дзе і раней».

Фота: onliner.by, kp.by