Як паводзіць сябе са сваякамі затрыманых?

Калі ў твайго сябра або калегі затрымалі роднага чалавека, ты, напэўна, хочаш неяк дапамагчы. Гэта цудоўнае імкненне. Цяпер справа за рэальнымі дзеяннямі. І не, напісаць «жах», даслаць чалавеку навіну па справе з тэлеграм-канала, які чытаюць усе, ці пастаяць побач, пакуль ён дастае ўсе цукеркі для перадачы з фанцікаў, – гэта не клопат, а ўсяго толькі фармальная галачка ў справаздачах твайго сумлення.

 

 Камунікацыя 

 

 Don’t:  Не завальвай родных і блізкіх затрыманага смеццевымі паведамленнямі кшталту «жэсць» і «вось уроды». Павер, негатыву родным і так хапае.

 Do:  Скажы, што табе вельмі шкада, што так адбылося. Выкажы словы падтрымкі, распавядзі, які затрыманы сапраўдны герой і малайчына, і што вы ім або ёй моцна ганарыцеся ўсім калектывам.

 

 Don’t:  Не пішы банальных фраз кшталту «ну вы там трымайцеся» і «ўсё будзе добра», знікаючы назаўсёды. Па-першае, адкуль ты ведаеш, што ўсё будзе добра? Па-другое, у родных хутчэй стаіць пытанне не пра што будзе і калі, а дзе можна набыць крэмавы дэзадарант «Нэа», дазволены для перадач.

 Do:  Пацікаўся, чым можна дапамагчы. Дапамога найбольш карысная ў банальных рэчах. Як мінімум – напісаць ліст затрыманаму са словамі падтрымкі. Таксама варыянты: дапамагчы грашыма, прапанаваць псіхалагічную ці медыцынскую дапамогу, набыць прадукты, дапамагчы машынай – адвезці цяжкія рэчы.

Часта дапамога – гэта проста выцягнуць роднага затрыманага(-ай) на каву і паразмаўляць пра банальныя рэчы. Так чалавек не застаецца сам-насам з сабой пастаянна і больш шанцаў, што ты дапаможаш яму захаваць маральнае здароўе і не сарваць нервы. Будзь проста побач, калі можаш.

 

 Don’t:  Не крыўдуй, калі родны затрыманага раптам адказвае вельмі рэзка на твае неасцярожныя выказванні з папярэдніх пунктаў. Памятай: пацярпелы(-ая) тут не ты і ты сапраўды не ўяўляеш, праз што чалавек праходзіць. Нікому не хочацца разбірацца з чужымі прусакамі і крыўдамі, калі на парозе рэальныя праблемы.

 Do: : Памятай, што камусьці і так несалодка. Калі ты на кагосьці пакрыўдзіўся(-лася) – гэта твая праблема. Уяві, што чалавек перажыў вобшук, а цяпер у яго  няспынныя думкі пра адвакатаў, «хвасты» па дарозе на працу, неабходнасць збіраць і адвозіць перадачы і размаўляць са СМІ. Гэта ўсё вельмі вымотвае.

 

 Don’t:  Не чакай ад родных затрыманага імгненнага адказу ў мэсэнджарах і не трымай на іх крыўды, калі не адказалі табе ў той жа момант.

 Do:  Пацікаўся, дзе і калі зручней размаўляць родным. Магчыма, у людзей проста няма сіл глядзець у тэлефон. Проста дай людзям час адрэагаваць на тваё паведамленне. Калі яно вельмі тэрміновае, паспрабуй яшчэ раз, але крыўды не трымай.

 

 Don’t:  Калі ты прачытаў(-ла) у навінах, што затрымалі сваяка твайго калегі, то, сустрэўшыся на працы, не ігнаруй і не хадзі наўкол у размовах, не «шушукайся» ў чалавека за спінай.

 Do:  Запытайся наўпрост пра сітуацыю, выкажы спачуванне і падтрымку, спытайся, чым дапамагчы. Усім стане прасцей – далей можна пераходзіць да працы.

 

 Don’t:  Не трэба «закідваць» родных затрыманага ўсімі навінамі з усім вядомых тэлеграм-каналаў. Павер, навіны ўсе і так чытаюць, а лішнія дзеянні моцна раздражняюць. Падумай: чаго ты чакаеш у адказ ад родных затрыманага, дасылаючы ім рэпосты?

 Do:  Пацікаўся, якая інфармацыя сапраўды патрэбная людзям. Магчыма, тваёй лепшай дапамогай будзе параіць добры серыял ці прэзентаваць кнігу, каб чалавек мог пераключыць думкі?

 

 Don’t:  Не трэба завальваць родных парадамі не першай неабходнасці. Напрыклад, выпісаць газеты і часопісы для затрыманага(-ай).

 Do:  Падпішы са сваёй ініцыятывы затрыманага на цікавыя выданні, папярэдзіўшы родных. Парай у лістах цікавыя кнігі, якія можна пачытаць у турэмнай бібліятэцы.

 

 

 Перадачы 

 

 Don’t:  Не прынось у перадачы самавольна тое, што табе падаецца «прышпільным». Перадаць неабходныя цёплыя рэчы і сродкі гігіены важней за запісачкі на туалетнай паперы. Усё істотнае можна перадаць і праз адваката альбо пазней.

 Do:  Пацікаўся ў родных спісам рэчаў і набудзь частку з іх, падрыхтуй усе рэчы, дастань з абгортак, выцягні матузкі з вопраткі, запакуй неабходным чынам і адвязі родным у зручнае месца.

 

 Don’t:  Не адмаўляйся ад дапамогі, калі сам(-а) яе прапанаваў(-ла). Ты выклікаўся(-лася) набыць кіпяцільнік – на цябе вельмі разлічваюць. Калі не атрымалася набыць, адразу папярэдзь родных, пакуль у іх ёсць час пераарыентавацца і набыць  патрэбнае самім.

Ты выклікаўся(-лася) набыць рэчы са спісу – падыдзі да выбару рэчаў як для сябе. Ці сапраўды ты б хацеў(-ла) есці самае таннае «драўлянае» печыва і гумовае мяса? Ты сапраўды сам(-а) бы насіў(-ла) худзі страшнага колеру?

 Do:  Набывай якасныя рэчы і смачную ежу. Падумай пра тое, які любімы колер у затрыманага сябра, і перадай яму або ёй частку рэчаў такога колеру. Істотная любая дробязь, якую ты ведаеш пра чалавека. Выкарыстоўвай усю інфармацыю, зрабі рысёрч, пацікаўся ў знаёмых ці нават у самога(-ой) затрыманага(-ай) праз адваката. Затрыманаму(-ай) прыемна адчуваць, што перадачы персаніфікаваныя і адмысловыя.

 

 Don’t:  Калі вы сабраліся групай сяброў/аднагрупнікаў/калег адносіць перадачку, працуйце на гэтую перадачу ўсе. Непрыемная сітуацыя, калі родныя робяць усё: і наразаюць, і складаюць, і пішуць заявы – а астатнія стаяць побач, нібыта дапамагаючы.

 Do:  Падрыхтуйце адну перадачу цалкам разам, паглядзіце, як гэта робяць родныя і дапамажыце ім наразаць, даставаць цукеркі з абгортак і перасыпаць каву ў пакункі.

Фізічная падтрымка, у тым ліку аднесці цяжкія пакункі, вітаецца. Далей можна падзяліць дні і чаргавацца, хто якія перадачы носіць. Так вы вызваліце пэўныя дні для родных і возьмеце на сябе частку істотных спраў.

 

 

 Грошы 

 

 Don’t:  Калі ты незнаёмы чалавек для роднага затрыманага, не настойвай на фінансавай дапамозе (гэта можа быць не вельмі бяспечна) ці прыдумай спосаб.

 Do:  Перавядзі грошы ў любы даступны табе фонд падтрымкі. Калі вы знаёмыя, прапануй дапамогу ў аплаце адвакатаў (яны каштуюць прорву грошай) альбо перадач. Калі вы працоўны калектыў – можаце проста скінуцца і перадаць «капэрту», за што вам будуць вельмі ўдзячныя. Хто ведае, каму з нас, калі і ў якім выпадку спатрэбіцца дапамога?